Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сварка паміж Пуціным і Лукашэнкам – толькі пыл у вочы…”


Валянцін Жданко, Менск

Значную частку пошты апошніх тыдняў склалі лісты слухачоў, якія палічылі неабходным адклікнуцца на абмен узаемнымі папрокамі ды абвінавачаньнямі паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак супярэчнасьці ды рознагалосьсі, пра якія апошнім часам так шмат гаварылася, ня ўсе нашыя слухачы лічаць сапраўднымі і вартымі ўвагі. Вось што напісаў з гэтай нагоды Мікалай Вязьмін зь Менску:

“Нязгода, супярэчнасьці і ўзаемныя прэтэнзіі расейскага ды беларускага лідэраў – гэта толькі пыл у вочы. Насамрэч паміж цяперашнім беларускім кіраўніком і расейскімі прэзыдэнтамі (спачатку – Ельцыным, а цяпер – Пуціным) няма і ніколі не было прынцыповых рознагалосьсяў. Згадайце, як лёгка пасьля абраньня Лукашэнкі кіраўніцтва Расеі пачало аказваць яму ўсебаковую падтрымку. І пасьлядоўна працягвае гэта рабіць, нягледзячы на ўсе ягоныя экстравагантныя ўчынкі.

Тлумачыцца ўсё проста. Лукашэнка абяцае Расеі аддаць Беларусь – прытым абласьцямі, а гэта так патрэбна цяпер расейскаму кіраўніцтву.

Апошні выпад Пуціна ў бок Лукашэнкі – насамрэч ні што іншае, як спроба сутыкнуць народы Беларусі і Расеі. Сапраўды, што ў гэтым выпадку можа падумаць звычайны расейскі абываталь? Хочаце, беларусы, карыстацца таннымі расейскімі нафтай і газам – дык уступайце ў Расейскую Федэрацыю. А не – дык гэць, купляйце па ўсясьветных коштах.

У канцавым выніку эканоміка Беларусі пры цяперашнім кіраўніцтве будзе паралізаваная, а самаабвешчаны прэзыдэнт як бы “вымушаны” зьвярнуцца да народу з прапановай ухваліць уваходжаньне Беларусі ў Расею і гэтым навекі адмовіцца ад сувэрэнітэту”.

Заканчвае свой ліст Мікалай Вязьмін зь Менску зваротам да кіраўнікоў беларускай апазыцыі:

“Думайце, спадарства, перш чым тасаваць старую намэнклятурную калоду, час ад часу дастаючы зь яе загадзя пройгрышныя карты – то Домаша, то Чыгіра, то Марыніча, то яшчэ невядома каго... Можна было б і далей назіраць за вашай нягеглай гульнёй, ды вось часу засталося вельмі мала”.

Вашыя сьцьвярджэньні, спадар Вязьмін, выклікаюць шмат пытаньняў. Прыніжальную для Беларусі ідэю ўваходжаньня ў склад Расеі шасьцю абласьцямі Аляксандар Лукашэнка заўсёды адвяргаў і працягвае адвяргаць. Нават калі дапусьціць, што падобнае таемнае пагадненьне існуе, то дзеля ягонай рэалізацыі ў Лукашэнкі быў значна больш спрыяльны час, калі існавалі шанцы заняць месца аслабелага Ельцына. А што ён можа атрымаць ад такога гандлю цяпер, калі Расеяй кіруе малады і папулярны Пуцін?

Фэлікс Федаровіч з латвійскага Даўгаўпілсу піша:

“Нядаўна чуў, як нейкая кабета, даючы інтэрвію вашаму журналісту, сказала, што Лукашэнка, маўляў, стараецца зрабіць для беларусаў усё, што можа, вось толькі многія яму замінаюць. Ваш журналіст пакінуў гэтыя словы без камэнтару. А шкада. Гэта вельмі важнае пытаньне: хто замінае “бацьку” павысіць жыцьцёвы ўзровень беларусаў? У ягоных жа руках уся ўлада, а кіруе ён краінай цэлых восем гадоў. А вынікаў няма. Што і было, тое развалілася”.

Далей у лісьце спадар Федаровіч шукае адказ на свае пытаньні ў беларускай гісторыі. Ён, у прыватнасьці, зьвяртае ўвагу на тое, што на працягу многіх стагодзьдзяў беларусы шмат цярпелі ад рознага кшталту заваёўнікаў. І гэта, на ягоную думку, пакінула значны адбітак на характары беларусаў. Слухач піша:

“Абыякавасьць нацыі, ейная пасіўнасьць, бязвольнасьць міжволі прымушаюць параўноўваць яе з асуджаным на сьмерць чалавекам, які моўчкі, паслухмяна ідзе на эшафот. А можа, калі яны ня могуць пастаяць за сябе, то гэтак ім і трэба – яны вартыя такога жыцьця. Але няўжо яны ніколі не апамятаюцца і не ўсьвядомяць сябе людзьмі?”

Няма патрэбы, спадар Федаровіч, камэнтаваць кожную рэпліку суразмоўцы, нават калі мы зь ёй і не пагаджаемся. Тым больш, калі размова ідзе пра зьяву відавочную, пра якую мы часта распавядаем і якую часта аналізуем. Што да вашых агульных абвінавачаньняў на адрас усяе нацыі, то яны выглядаюць і несправядлівымі, і беспадстаўнымі. Гэтак сама можна абвінавачваць немцаў за прыход да ўлады Гітлера, ці гішпанцаў – за тое, што цярпелі Франка.

Ліст ад Аляксандра Караўчанкава зь вёскі Старое Лядна Лепельскага раёну:

“Пісаць вам мяне прымушае тое, што беларуская апазыцыя марнуе і не выкарыстоўвае падарункі лёсу. Чаго вартая адна толькі адмова расейскіх каналаў трансьляваць на Беларусь футбольны чэмпіянат сьвету. Калі б апазыцыя выкарыстала гэты выпадак – прыхільнікаў у яе стала б значна больш. Але шанец упушчаны.

А гэты ўчынак расейцаў паказаў, якая будучыня нас чакае. Некаторыя цяпер кажуць: “Гэта не Расея, гэта Беларускае тэлебачаньне аскандалілася”. Але таму і аскандалілася, што паспадзявалася на саюзьніка, а ён узяў – ды і сёе-тое нам паказаў.

Пара, нарэшце, вызначыцца – ці мы ва ўсім разам, ці асобна. І хопіць дурыць людзям галовы гэтым мітычным саюзам. Як паказалі апошнія падзеі, ніякага саюзу няма, а ёсьць розныя інтарэсы, у тым ліку асабістыя. І з такім саюзьнікам нам не па дарозе”.

Сытуацыя вакол тэлетрансьляцыяў футбольнага чэмпіянату досыць відавочная. У кожнай тэлекампаніі – уласныя фінансавыя інтарэсы, і яна іх адстойвае, ня дужа зважаючы на лёзунгі палітыкаў. Тое, што беларускія заўзятары нейкі час былі пазбаўленыя рэпартажаў зь Японіі і Карэі – найперш вынік некампэтэнтнасьці мэнэджэраў Беларускага тэлебачаньня. Ня думаю, што беларуская апазыцыя на гэтай хвалі магла і павінна была распачынаць нейкую кампанію супраць расейскага кіраўніцтва за, так бы мовіць, “недружалюбны крок у дачыненьні да Беларусі”.

Марэк Рэдзімскі з Гдыні, з Польшчы піша:

“Пішу, пачуўшы ліст Ільлі Копыла, якому не падабаецца пераклад расейскіх тэкстаў на беларускую мову. У мяне зусім іншы погляд на гэтую справу. Як чую расейскую мову, то проста нічога не магу зразумець. І для мяне гэта вялікая праблема, калі гучыць нейкі расейскі тэкст безь перакладу.

Прапанова спадара Копыла мяне трошкі знэрвавала. Спадзяюся, што вы ўсё ж ня надта часта будзеце пераходзіць на расейскую мову. Увогуле, расейскай мовы ў сьвеце, як і ў Беларусі, і так занадта многа.

У сапраўднасьці, беларуская Свабода – беларускамоўная станцыя, і такі ж павінен быць прынцып у яе перадачах. Яе слухаюць многія такія ж, як я, слухачы, якія не размаўляюць па-расейску. У гэтым выпадку пераклад з расейскай – выгода для нас. І вялікі дзякуй вам за гэта”.

Разам зь лістом Марэк Радзімскі даслаў свой фотаздымак – як ён за сталом, прыхіліўшыся да прыймача, слухае Свабоду. У лісьце ён тлумачыць:

“Слухаю Свабоду на дваццацігадовай старэнькай “Lenie” (гэта, відаць, польскі аналяг беларускага “Акіяна”). Калісьці, за камунай, няможна было слухаць Свабоду, але ўсе прыймачы мелі кароткія хвалі, а зараз слухаць можаш, але радыёпрыймачы кароткіх хваляў ня маюць. Вось такая сатыра: як няма старога радыё, то не патрэбная ніякая цэнзура: выбару не маеш ніякага”.

Такі вось погляд на ўзьнятую Ільлём Копылам у мінулай перадачы праблему мовы беларускай Свабоды. І, відавочна, аргумэнты гэтай часткі нашай аўдыторыі мы таксама павінны і будзем улічваць.

На заканчэньне – ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара, настаўніка-пенсіянера Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёна:

“Па-ранейшаму зь неаслабнай увагаю і зацікаўленьнем у абавязковым парадку кожны Божы дзень слухаю вашу заўсёды зьмястоўную і цікавую праграму. Пастаянна аналізую ды асэнсоўваю тыя падзеі, што ўжо адбыліся ды адбываюцца ў найноўшай гісторыі Беларусі. Фатальная, быццам наканаваная лёсам бяда Беларусі – на маю думку, у тым, што пасьля распаду Савецкага Саюзу яна была абраная расейскімі камуністамі стартавай пляцоўкай, зь якой у недалёкай персьпектыве меркавалася рэанімаваць былы СССР”.

Далей спадар Алесь аналізуе апошняе дзесяцігодзьдзе ў беларускай гісторыі, у тым ліку выбары некалькіх апошніх гадоў, якія называе “гвалтам ды зьдзекам над самім паняцьцем выбараў”. А на заканчэньне робіць наступную выснову:

“Як бы ні было, але на парозе той час, калі (раней ці пазьней) крытычная маса незадаволенасьці рэжымам перарасьце ў сацыяльны выбух, які пакладзе канец праўнаму бязьмежжу ды вакханаліі. Тым больш, што гэтаму спрыяюць падзеі вакол Беларусі – збліжэньне Расеі з ЗША і НАТО, раскол у шэрагах расейскіх камуністаў, круты паварот Украіны на Захад...

Каб жа паскорыць прыход лепшых часоў на Беларусь, прагрэсіўным сілам нашага грамадства неабходная тэрміновая кансалідацыя і актыўнае гартаваньне ў сабе сілы духу ды цьвёрдай волі, бо толькі яны здольныя зьнішчыць рабскі страх”.

Да вашых зусім слушных развагаў, спадар Алесь, дадам хіба толькі тое, што напісанае вамі пра гартаваньне духу ды цьвёрдай волі варта дапасаваць найперш ня столькі да палітычных партыяў ды згуртаваньняў, колькі да кожнай канкрэтнай асобы. Бо кансалідацыя партыяў – зьява ненадзейная і зусім неэфэктыўная, калі за гэтымі партыямі няма перакананых і мэтанакіраваных людзей.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Эдуард Пашкевіч і Банель Эльяш зь Менску, Ніна Ярмалінская з Салігорску, Рэгіна Панкевіч з Ротэрдаму (з Галяндыі) і Ігар Жураўлёў з Іанавы (зь Літвы).

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG