Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нават пры савецкай уладзе я не адчуваў сябе такім безабаронным”


Валянцін Жданко, Менск

Амаль у кожным лісьце ў пошце апошніх тыдняў нашыя слухачы, разважаючы на тэмы палітычныя і эканамічныя, у тым ці іншым выглядзе згадваюць пра ўласны досьвед, пра зьмены ва ўласным жыцьці, якія адбыліся цягам апошніх гадоў.

Генадзь Сувораў з Мазыру аналізуе гэтыя зьмены, параўноўваючы іх з двума іншымі пэрыядамі нядаўняй беларускай гісторыі — савецкім і некалькімі першымі гадамі незалежнасьці, калі кіраўніком краіны быў Станіслаў Шушкевіч:

“Улады любяць параўноўваць жыцьцёвы ўзровень пры савецкай уладзе і пры Шушкевічу. Дык вось, пры савецкай уладзе я зарабляў у пераліку на замежную валюту 450–500 даляраў, а пры Шушкевічу разам з пэнсіяй — 500–550 даляраў. З 1996 па 2001 год я атрымліваў ўсяго 50–60 даляраў, а зь ліпеня 2001 году — няшмат больш за 100 даляраў.

А як абароненыя цяпер мае правы? Пры савецкай уладзе я мог чакаць дапамогі ад сродкаў масавай інфармацыі, ад органаў партыйнай улады, прафсаюзаў, нарэшце — ад суду. Пры Шушкевічу я двойчы зьвяртаўся ў суд і абодва разы цягам двух месяцаў выйграваў пазовы ў справе парушэньня сваіх правоў. Пры цяперашняй уладзе суджуся ўжо з 1997 году — і канца ня бачна.

Бюракратычная цяганіна неймаверная. Кожная інстанцыя стараецца свае абавязкі сьпіхнуць на тых, хто ніжэй, і выкарыстаць іх як пасярэднікаў. У выніку ні ад адной судовай інстанцыі не магу атрымаць да канца аформленага дакумэнта. Дзеля прыкладу высылаю частку дакумэнтаў-адпісак.

Можа, у вас склалася ўражаньне, што я — кепскі работнік. Але за час з 1987 па 1995 гады мной і маімі вучнямі было падрыхтавана ў Цэнтры алімпійскай рэзэрвы па інфарматыцы больш як дзясятак адмыслоўцаў у галіне праграмаваньня і інфармацыйных тэхналёгіяў, якія займалі толькі прызавыя месцы на міжнародных і нацыянальных алімпіядах. На жаль, усе яны сёньня працуюць у Расеі, Ізраілі, ЗША і Англіі. Напэўна, з гэтай прычыны ў 1996 годзе мяне і звольнілі з працы. А цяпер урад шукае адмыслоўцаў у інфармацыйных тэхналёгіях.

У сярэдзіне 1990-х гадоў зь Беларусі натоўпамі зьяжджалі за мяжу мазгі, а цяпер сталі зьяжджаць залатыя рукі.

Якую сфэру ні вазьмі — паўсюль параўнаньне не на карысьць Беларусі. Нават Расея і Ўкраіна, раней пачаўшы рынкавыя пераўтварэньні, абапіраючыся на савецкі эканамічны патэнцыял, выйгралі. А Беларусь тым часам пакрысе праядала старыя запасы і ў выніку ўсё роўна вымушаная будзе прайсьці той жа шлях, што і іншыя, але ўжо з нулявым патэнцыялам.

Калі на пачатку 1990-х нас з задавальненьнем узялі б у Эўразьвяз, то цяпер з такім патэнцыялам мы нават Расеі не патрэбныя, бо яна сама хоча трапіць у эўрапейскую супольнасьць”.

Ня толькі мне, але, думаю, і многім нашым слухачам апісаная вамі, спадар Сувораў, карціна савецкага дабрабыту падасца занадта прыхарошанай. Магчыма, вам вельмі пашанцавала, і вы сапраўды зараблялі пры саветах 500 даляраў на месяц, але большасьць былых савецкіх людзей памятаюць іншы стандартны аклад шараговага інжынэра ці настаўніка — 120 рублёў, якія называлі “драўлянымі”.

Тое ж можна сказаць і пра ступень абароненасьці чалавека за камуністамі. У Савецкім Саюзе не было незалежнага суду — любы судзьдзя ня мог аслухацца загаду першага сакратара райкаму ці абкаму партыі. І, дарэчы, сёньняшняя практыка працы судоў узятая менавіта адтуль, хоць у шэрагу выпадкаў у яшчэ больш вычварнай форме.

Ліст ад Чэслава Хвайніцкага са Смаргоні:

“Я — юрыст, былы будаўнік камунізму, а цяпер пэнсіянэр. Радыё Свабода слухаю пастаянна і даўно, бо лепшага радыёвяшчаньня ў Беларусі проста няма. Мне падабаюцца ўсе перадачы — і “Вольная студыя”, і “Вострая Брама”, і “Сьвет за вакном”, а таксама “Палітычная геаграфія” і “Праскі акцэнт”. Ня вельмі даспадобы “Мэлёдыя дня”: хацелася б чуць лепшыя беларускія творы і лепшых выканаўцаў, якія добра валодаюць беларускай мовай і паважаюць яе.

Вельмі цікавыя “Сучасныя мэмуары”, што гучалі на радыё (Быкаў, Адамовіч, Мудроў, Барткевіч). Злучае мяне з Радыё Свабода мой старэнькі адрамантаваны прыёмнік “Акіян-209”, і чутнасьць вельмі добрая.

Спадзяюся разам з вамі дачакацца адраджэньня беларускасьці й годнасьці нашага народу, абалваненага марксізмам-ленінізмам, скалечанага бальшавізмам, які ўжо ня здольны самастойна ўвайсьці ў цывілізаваную Эўропу”.

Дзякуй вам, спадар Хвайніцкі, за добрыя словы і за заўвагі. А пэсымізм ваш наконт няздольнасьці беларускага народу самастойна далучыцца да цывілізаванага сьвету ўсё ж, мне здаецца, заўчасны. Дзясяткі, сотні тысяч іншых людзей у Беларусі думаюць гэтак жа, як вы, і гэтак жа ацэньваюць нядаўнюю беларускую гісторыю і сёньняшнюю сытуацыю. І колькасьць такіх людзей увесь час павялічваецца.

Адразу некалькі лістоў на тэму нядаўняга выступу Аляксандра Лукашэнкі перад дэпутатамі палаты прадстаўнікоў. Аляксандар Караўчанкаў зь вёскі Старое Лядна Лепельскага раёну піша:

“Пра апошнія падзеі ў Беларусі даведваюся толькі з вашых перадачаў — у правінцыі гэта адзіная крыніца праўды. Пра многае з пачутага хочацца выказаць уласнае меркаваньне. Вельмі зьдзівіла заўвага Аляксандра Лукашэнкі, сказаная ім перад дэпутатамі палаты прадстаўнікоў, пра “Мэрсэдэсы”, купленыя ім для вэртыкальшчыкаў. Нібыта яны не даражэйшыя за расейскія “Волгі”, а грошы на іх Лукашэнка ўзяў не зь бюджэту. А адкуль жа ў такім разе? І чаму менавіта на гэты пэрыяд прыпалі затрымкі з пэнсіямі і зарплатамі бюджэтнікаў?

Адразу ўзьнікаюць пытаньні. Калі Лукашэнка ўзяў грошы з уласнай кішэні, то чаму схаваў гэта, падаючы дэклярацыю аб даходах? Можа, ён бярэ хабар? Кажуць пра нейкія пазабюджэтныя фонды, але ж любыя такія фонды папаўняюцца за кошт дадатковых падаткаў ці за кошт прыбыткаў прадпрыемстваў — гэта значыць, у любым выпадку за наш жа кошт”.

Завяршае свой ліст Аляксандр Караўчанкаў зь вёскі Старое Лядна Лепельскага раёну некалькімі словамі пра сябе. Піша, што ён інвалід, ня можа хадзіць, але ў літасьці патрэбы ня мае. А “Мэрсэдэсы” тыя, на ягоную думку, варта было б аддаць вэтэранам вайны і інвалідам, якія гадамі стаяць у чэргах на атрыманьне аўтамабіля.

Зусім слушныя заўвагі, Аляксандар. У любой краіне з устойлівым дэмакратычным падмуркам падобная адмова кіраўніка дзяржавы назваць парлямэнту крыніцы фінансаваньня, зь якіх узятыя грошы на лімузыны для чыноўнікаў, непазьбежна выклікала б палітычны крызыс. Ня толькі дэпутаты — усе выбаршчыкі павінны ведаць гэта, бо гэта іхныя грошы.

Тэму публічных выступаў Аляксандра Лукашэнкі камэнтуе ў сваім лісьце і наш даўні слухач Віктар Баранаў з Рагачова:

“Аляксандар Лукашэнка час ад часу наладжвае перад беларускім народам спэктаклі — публічна ганьбіць сваіх жа міністраў. У тым, што жыць стала цяжэй і няма ніякага прасьвету ў будучыні, ён вінаваціць урад. Сябе ён ня лічыць вінаватым. А ёсьць што сказаць і пра Лукашэнку. Колькі абяцаньняў даваў ён нам, што падвысіць жыцьцёвы ўзровень. А нічога ж не адбылося. Становіцца ўсё горш: не выплачваецца своечасова зарплата, затрымліваюць пэнсіі... Усе гэтыя так званыя “разносы”, якія ён наладжвае, частцы насельніцтва падабаюцца. “Вось бачыце, — кажуць яны, — Лукашэнка ведае пра ўсё, і цяпер усё будзе па-іншаму...” Але ж усё гэта было і раней, і паўтараецца з году ў год. І нічога пасьля такіх “разносаў” не мяняецца. А ў людзей проста кароткая памяць ды нейкая дзіцячая наіўнасьць...

Лукашэнка пастаянна нагадвае, што апазыцыю фінансуе Захад. Яму, вядома, гэта не падабаецца. Каму спадабаецца, калі гладзяць супраць поўсьці. Але затое якім клапатлівым, дбайным і справядлівым паўстае ён на старонках дзяржаўнай прэсы. Вядома, чаму гэта адбываецца: ён сам камандуе ім, што і як пісаць. Няўжо людзі гэтага ня бачаць і не разумеюць?”

Амаль восем год, што Лукашэнка пры ўладзе — дастаткова вялікі тэрмін дзеля таго, каб тыя людзі, якія здольныя асэнсоўваць падзеі вакол сябе і супастаўляць словы і ўчынкі палітыкаў, змаглі зрабіць высновы так, як зрабілі іх вы, спадар Віктар.

А ў грамадзкіх настроях з часам усё ж адбываюцца істотныя зьмены. Гэта адчувае нават улада — частыя публічныя сцэны з лупцаваньнем міністраў і “вэртыкальшчыкаў” — таму пацьверджаньне.

На заканчэньне — урывак зь ліста Мікалая Ерашэвіча зь Менску. Свой кароткі ліст Мікалай напісаў на тэлеграмным блянку, прыйшоўшы ў 5-е аддзяленьне сувязі, каб ліст адразу трапіў у нашую паштовую скрынку.

“Слухаю я лісты людзей і не перастаю зьдзіўляцца. Пра што яны думаюць, няўжо ня здольныя асэнсаваць тое, што вакол іх адбываецца? Няўжо ёсьць яшчэ нейкі сумнеў адносна таго, на што здольная гэтая ўлада? Але ж не — беларусы ўсё чакаюць. І чаго вы чакаеце?”— задае пытаньне Мікалай Ерашэвіч зь Менску. І пытаньне гэтае наўрад ці патрабуе адказу.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Віктар Скараход і Ільля Копыл зь Менску, Ганна Гром зь Вільні, Міхаіл Леках з Рыгі і Алесь Шустоўскі з Барысава.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG