Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыянэры павінны ўладкавацца на працу ў Лукашэнкаву “вэртыкаль”.


Валянцін Жданко, Менск

Часта, аналізуючы стан нацыянальнай эканомікі, аглядальнікі і экспэрты Радыё Свабода зьвяртаюцца да досьведу суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў, у тым ліку балтыйскіх. Параўнаньні гэтыя зусім абгрунтаваныя: 10 — 12 гадоў таму ў былых савецкіх рэспублік былі прыблізна аднолькавыя ўмовы для пераўтварэньняў, і цяпер можна супаставіць, якая эканамічная мадэль аказалася больш эфэктыўнай. Экспэртныя ацэнкі пры гэтым часьцей за ўсё не на карысьць Беларусі. Але такія высновы часам не задавальняюць асобных слухачоў, у тым ліку тых, што жывуць у Балтыі. Вось які ліст даслаў нам доктар Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі:

“У адной з “Экспэртызаў “Свабоды” пачуў, як хвалілі досьвед рэформаў сельскай гаспадаркі ў Прыбалтыцы, у тым ліку ў Латвіі. Цікава, што гэта з вашага боку — няведаньне ці сьвядомы падман? У сапраўднасьці ж у сучаснай Латвіі сельская гаспадарка разбураная і знаходзіцца ў глыбокім заняпадзе.

Вось некалькі фактаў і лічбаў. У Латвіі ў выніку няўмелых рэформаў выведзена з абароту 43% ворыўных земляў — больш як мільён гектараў. Збор зерня летась быў удвая меншы, чым у 1989 годзе. Пагалоўе сьвіньняў у 1989 годзе складала паўтара мільёна, летась — толькі 390 тысяч. Ці трэба зьдзіўляцца, што ў краіне катастрафічна скарацілася вытворчасьць мяса: у год аднаўленьня незалежнасьці яго выраблялася 111 кілаграмаў на чалавека, летась — толькі 25 кіляграмаў.

Паводле ацэнак незалежных экспэртаў, Латвія сёньня здольная забясьпечыць сябе ўласнымі прадуктамі харчаваньня ня больш як чатыры месяцы ў год. Такая праўда. І няўжо вам патрэбныя такія рэформы?”

Вытворчасьць, у тым ліку вытворчасьць сельскагаспадарчая, калі параўноўваць з 1989 — 1990 гадамі, істотна скарацілася ва ўсіх постсавецкіх краінах. На тое, спадар Леках, ёсьць шмат аб’ектыўных прычынаў. Адкрыліся межы для якасных і танных заходніх прадуктаў, зьнік ізаляваны ад замежнага харчаваньня савецкі рынак, няма ранейшых вялізных дзяржаўных субсыдыяў для калгаснай сыстэмы…

Латвія вярнула зямлю яе ранейшым гаспадарам і імкнецца зрабіць сельскую гаспадарку рынкавай і эфэктыўнай. І гэта галоўнае. Ці цешыла вас у тым жа 1989 годзе неверагодная колькасьць сьвінога пагалоўя, калі ў краме даводзілася стаяць у даўжэзнай чарзе па вараную каўбасу? І наадварот: вы пішаце, што цяпер у латвійскай вёсцы катастрофа, але ці даводзілася вам апошнія гады наракаць на дэфіцыт мяса ці малака, альбо на вузкі выбар гэтых тавараў?

Сёньня беларускія ўлады са значным спазьненьнем, але таксама вымушаныя распачынаць дэмантаж і рэфармаваньне неэфэктыўнай калгаснай сыстэмы, якая на вачах развальваецца.

Ліст ад Леаніда Зяленіна зь Менску:

“Часта слухаю “Свабоду” — у вас шмат цікавага. Але навошта вы крытыкуеце Лукашэнку за тое, што пасадзіў некаторых дырэктараў-зладзеяў? Няўжо нехта можа лічыць, што Лявонаў, Калугін ці Рахманько былі ў апазыцыі, выступалі супраць Лукашэнкі, альбо дамагаліся адраджэньня беларускай мовы і культуры?

На тую афіцыйную зарплату, што атрымліваюць беларускія дырэктары, катэдж не пабудуеш і дзяцей вучыцца ў Англію не выправіш. Усім зразумела, адкуль у намэнклятуры грошы. І большасьць людзей цалкам падтрымліваюць у гэтым Лукашэнку: запусьціў руку ў дзяржаўную кішэнь – адказвай як належыць: пасядзі ў турме, паспытай горкага хлеба.

Людзі абураюцца, што вы намагаецеся запісаць пасаджаных Лукашэнкам прайдзісьветаў у палітычныя вязьні”.

Мы, спадар Зяленін, ня лічым тых асобаў, пра якіх вы згадваеце, палітычнымі вязьнямі, але зьвяртаем на гэтыя падзеі самую пільную ўвагу. Найперш таму, што гэта ўяўляе значную грамадзкую цікавасьць: вядомая асоба, якая яшчэ ўчора кіравала шматтысячным калектывам, якую зацьвярджаў на гэтай пасадзе асабіста Лукашэнка, раптам аб’яўляецца злодзеем і нягоднікам. І гэтая сытуацыя паўтараецца ледзь не штомесяц. А поўнай і праўдзівай інфармацыі наконт абставінаў і прычынаў гэтых арыштаў надзвычай мала. Таму мы стараемся падаваць розныя вэрсіі і зьвесткі. Сярод іншага разглядаюцца і палітычныя прычыны гэтай зьявы.

Ліст ад Язэпа Паўловіча зь нямецкага гораду Зігена:

“Вось ужо некалькі тыдняў, як я вярнуўся зь Менску. Бацькі зусім старыя і хворыя. Падзеі апошніх месяцаў зусім выбілі мяне з каляіны. Да таго ж бачна, што стаўленьне да Беларусі ўрадаў так званых “краінаў уплыву” мяняецца ня ў лепшы бок, і ніякай вонкавай падтрымкі нашай нацыянальнай дзяржаве ня будзе. Усіх, акрамя нас, задаволіць хоць мінімальна дэмакратычная прарасейская дзяржава, у якой у лепшым варыянце будуць пэўныя “рэзэрвацыйныя нішы” для існаваньня мовы “абарыгенаў”.

Ня думаю, спадар Язэп, што ў вас дужа шмат важкіх падставаў для высновы, што стаўленьне Захаду да беларускай праблемы мяняецца ня ў лепшы для дэмакратыі бок. Іншая рэч, што многія ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі спадзяваліся на больш рэзкія рухі Захаду адносна беларускага рэжыму. Аднак спадзяваньні спадзяваньнямі, але самой апазыцыі трэба цьвяроза ацэньваць уласныя магчымасьці. Апошнія выбары паказалі, што патэнцыял яе абмежаваны. І Захад, натуральна, вымушаны ўлічваць гэта ў сваёй палітыцы адносна Беларусі.

Язэп Паўловіч таксама апісвае свае ўражаньні ад наведваньня Курапатаў. Яшчэ адна цытата зь ягонага ліста:

“У апошні прыезд двойчы быў у Курапатах. Зайздрошчу хлопцам і дзяўчатам, што трымаюць там варту. Быў у мяне вялікі непакой з тае нагоды, што каля канцавога прыпынку пачынаюць забіваць сваі і рабіць вэртыкальную планіроўку. Калі пачынаецца нейкая забудова на тым баку кальцавой дарогі, то праз год-два паўстане пытаньне аб добраўпарадкаваньні. І каб не намаганьні ўсіх гэтых людзей, каб урочышча зараз не было афіцыйна (каторы ўжо раз) прызнанае і ягоны контур не “прывязаны” да мясцовасьці, то быў бы там у лепшым выпадку сквэр з дарожкамі. А то і рэстаран збудавалі б пры дарозе — хай людзі весяляцца — у нас жа “ўсё для чалавека”. І дзяржаве прыбытак. Але супакойвацца нельга, бо з такой уладай заўсёды ёсьць варыянты”.

Развагамі наконт патэнцыялу і будучыні беларускай апазыцыі падзяліўся ў сваім лісьце Міхаіл Лабух, які падпісаўся як “шматгадовы ўдзельнік усіх мітынгаў, які пасьля выбараў адмовіўся хадзіць на акцыі пратэстаў”.

“Апазыцыя толькі людзей сьмешыць. На дзень Канстытуцыі Статкевіч наладзіў так званую масавую акцыю — вывеў на вуліцу… аж 200 чалавек. Вось вам і ўплыў апазыцыі, і давер да яе, і яе магчымасьці. Лукашэнку такая апазыцыя і патрэбная: тут табе і бачнасьць дэмакратыі, і поўная бясьпека для ўлады.

Беларусы, відаць, яшчэ не дасьпелі да таго, каб цаніць сваю незалежнасьць, гісторыю, мову. Яны ня выйдуць на вуліцу, каб адстойваць гэтыя каштоўнасьці, проста з тае прычыны, што каштоўнасьцямі гэта для іх ня ёсьць. Так што апазыцыйным палітыкам трэба перастаць займацца марнай справай, не сьмяшыць людзей. Спытаеце, куды ім у такім разе падзець палітычныя амбіцыі? Ды вельмі проста: няхай ідуць працаваць у дзяржаўныя органы, няхай падрываюць рэжым знутры. Можа, калі-небудзь і дамогуцца ўлады — але толькі ня шляхам масавых пратэстаў ды маніфестацыяў”.

Ідэя, спадар Міхаіл, арыгінальная і нечаканая, хоць не ўяўляю, якім цудам, для прыкладу, Зянон Пазьняк ці Вінцук Вячорка могуць стаць чыноўнікамі ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

А ўвогуле тое, што зьмена ўлады можа насьпяваць унутры апарату гэтай самай улады — тэзіс ня новы і зусім слушны. Можа здарыцца, што гэтак адбудзецца і ў Беларусі.

На заканчэньне — урывак зь ліста Фелікса Шкірманкова са Слаўгараду Магілёўскай вобласьці:

“Да сёньняшняга дня па ўсёй Беларусі на цэнтральных пляцах стаяць каменныя ды бронзавыя ідалы. Па ўсёй Беларусі ўздоўж дарог і вуліц — шыльды з назвамі: “Ленінскі шлях”, “Запаветы Ільліча”, “Імя Леніна”… Нямала раённых газэт носяць назвы, зьвязаныя зь ім. Людзі ўсё гэта штодня бачаць, і ў падсьвядомасьці на іх узьдзейнічае гэтая бальшавіцкая зараза”.

Пры ўсёй відавочнасьці вашых высноваў, спадар Фелікс, усё ж заўважу, што з часам стаўленьне да гэтых адзнак мінулай эпохі ў грамадзкай сьвядомасьці мяняецца. Па-мойму, гэта датычыць і тых, хто ў свой час абагаўляў правадыра бальшавіцкай рэвалюцыі, і тых, хто гатоў быў узяць ва ўласныя рукі лом, каб разьбіваць гэтыя манумэнты. На месца моцных пачуцьцяў прыходзіць абыякавасьць і забыцьцё. І гэта, можа, самае страшнае пакараньне для прававерных камуністаў.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ніна Кірычун зь Берасьця і Васіліса Нечапай са Смалявічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Лістуйце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG