Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня веру тым, хто лае Савецкі Саюз…”


Валянцін Жданко, Менск

Стаўленьне да савецкага мінулага, савецкіх мэтадаў гаспадараньня і ладу жыцьця па-ранейшаму падзяляе людзей на абшарах былога Савецкага Саюзу. Сацыёлагі сьведчаць, што колькасьць тых, хто хацеў бы аднаўленьня СССР, з гадамі паступова зьмяншаецца. А вось у пошце Радыё Свабода лісты ад тых, хто настальгічна ўздыхае па савецкім мінулым, сустракаюцца, бадай, часьцей, чым лісты ад тых, хто нэгатыўна ацэньвае савецкі досьвед.

Вось які ліст даслаў нам Мікалай Стукач з Івацэвічаў:

“Раней я верыў таму, як вы лаялі Савецкі Саюз. А цяпер ня веру. У 1970-ыя — 80-ыя гады я працаваў трактарыстам у калгасе. Заробкі былі 150 — 200 рублёў за месяц. А ў жніво даходзіла і да 400, і да 500. Гэта тады, калі хлеб каштаваў 18 капеек за бохан, а малако — 12 капеек за паўлітра.

А што цяпер, калі Савецкага Саюзу, які вы так ненавідзіце, ня стала? Мой сваяк на трактары ў тым жа калгасе за студзень зарабіў 40 тысяч — гэта, паводле маіх прыблізных падлікаў, на тыя савецкія грошы — ня больш як 20 рублёў. Дзе вы бачылі такія заробкі ў Савецкім Саюзе?

Куды ўсё падзелася? Чаму так адбылося, што людзі працуюць — а ня могуць нават пракарміць сябе? Усё зьнікла разам з Савецкім Саюзам”.

Заўважце, спадар Мікалай, што ў Беларусі, як ні ў адной зь іншых постсавецкіх дзяржаваў, улада цягам усіх 1990-х і наступных гадоў у палітыцы дэкляравала прыхільнасьць менавіта да савецкага досьведу. І асабліва ў дачыненьні да вёскі. Калгасы ў Беларусі засталіся недатыкальнымі — зь іхнай адсутнасьцю гаспадара, павальным п’янствам, безадказнасьцю і абыякавасьцю да вынікаў працы.

Такімі ж гэтыя тыповыя рысы калгаснай сыстэмы былі і ў той час, які вы так настальгічна згадваеце. Проста тады ўлада яшчэ мела фінансавыя рэсурсы, каб больш-менш фінансаваць неэфэктыўную калгасную сыстэму — у тым ліку за кошт продажу на захад нафты, лесу, мэталу. У сёньняшняй Беларусі такіх магчымасьцяў мала — і ў выніку калгасы жывуць так, як гаспадараць.

Слухач з расейскай вёскі Астраглядава Старадубскага раёну Бранскай вобласьці, які падпісаўся ініцыялам “С”, выказвае шэраг заўвагаў да дакладнасьці інфармацыі, якую чуе ў праграмах Радыё Свабода:

“Мне непрыемна, што радыёстанцыя, якую стварылі дзеля таго, каб несьці праўду, займаецца дэзінфармацыяй. Я ўважліва сачыў за хадой верасьнёўскіх выбараў у Беларусі. Дык вось, калі Лукашэнка завысіў колькасьць галасоў за сябе на 25%, то вы завысілі колькасьць галасоў за Ганчарыка на 52%. Такім чынам, вы робіце гэта нават у большых памерах, чым лукашэнкаўская прапаганда.

Тое самае — са зьвесткамі пра сярэднюю зарплату ў Беларусі. 28 cьнежня вы кажаце, што сярэдняя зарплата ў Менску каля 100 тысяч рублёў (гэта 61 даляр). Потым нямецкая газэта, артыкул зь якой цытуе Радыё Свабода, піша пра сярэдні заробак 100 марак (гэта 44 даляры). Паважаныя, пагартайце інфармацыйныя бюлетэні Дзяржкамстату альбо газэты, калі ня ведаеце сапраўднага стану рэчаў. Паводле маіх зьвестак, вы памыліліся больш як у два разы”.

І на заканчэньне слухач зь вёскі Астраглядава Старадубскага раёну Бранскай вобласьці заклікае нас не скажаць факты і “не ўпадаць у нацыяналістычную ды рэлігійную эйфарыю”.

Абвінавачаньні вашыя, шаноўны спадар “С”, сур’ёзныя, але давайце паспрабуем разабрацца, на чым яны грунтуюцца.

У Беларусі не было справядлівых дэмакратычных выбараў, а дзейнасьць незалежных назіральнікаў з прычыны супрацьдзеяньня ўладаў была фактычна паралізаваная. Таму не існуе і цалкам аб’ектыўных лічбаў. Вы параўналі лічбы, якія падаў Уладзімер Ганчарык, зь лічбамі, атрыманымі пасля выбараў сацыёлягамі Незалежнага інстытуту прафэсара Манаева.

Але, шаноўны слухач, па-першае, зьвесткі сацыёлагаў ня ёсьць вынікамі выбараў; а па-другое, мы ня лічым цалкам аб’ектыўнымі і лічбы Уладзімера Ганчарыка. Таму, калі вы ўважліва слухалі нашыя перадачы, то маглі пачуць, што мы падавалі і афіцыйныя вынікі выбараў, і вынікі незалежнага назіраньня, і зьвесткі сацыёлягаў.

Падобнае становішча і з інфармацыяй пра сярэднія заробкі. Сума 100 даляраў штомесяц мела і мае выразны палітычны сэнс. Улада патрабуе яе і ад прадпрыемстваў, і ад Дзяржкамстату. І ў зводках дзяржаўнай статыстыкі яна, сапраўды, фігуруе. Але што ў сапраўднасьці?

Нават там, дзе не даходзіць да адкрытых фальсыфікацыяў, кіраўнікі прадпрыемстваў часта прызнаюць, што 100 даляраў дасягнутыя без уліку падаткаў, гэта толькі налічаныя, але ня выплачаныя работнікам сумы, бо ў касе няма грошай.

Іншымі словамі, у кішэнях людзей зусім ня тыя сумы, пра якія кажа дзяржаўная статыстыка. Пра гэта мы распавядаем (часта — галасамі саміх людзей). І менавіта гэта, шаноўны слухач, ёсьць сапраўдным станам рэчаў, а ня тое, што напісана ў афіцыйных бюлетэнях і афіцыйных жа газэтах.

Адна з тэмаў, якую актыўна абмяркоўвалі ўсе на мінулым тыдні — ад’езд Лукашэнкі ў адпачынак у невядомым кірунку. Уладзіслаў Семяжон зь Менску з гэтай нагоды напісаў:

“Амаль тыдзень беларусы ня ведалі, куды падзеўся Лукашэнка. Каб выпадкова ня ўбачылі ў Вене ягоны самалёт, дык улады, напэўна, так і маўчалі б ды аднекваліся. Асабіста я ня бачу нічога кепскага ў тым, што Лукашэнка вырашыў пакатацца ў Альпах на горных лыжах і адпачыць у цывілізаваных эўрапейскіх умовах. Мільён даляраў туды — мільён сюды, якая розьніца.

Усё адно ягоныя міністры ды дырэктары дзяржаўных прамысловых гігантаў больш крадуць. Ды і ўрэшце: хто сказаў, што прэзыдэнт павінен адпачываць гэтак жа, як беларускі калгасьнік ці рабочы — згорбіўшыся над баразной. Але навошта хаваць гэта ды рабіць выгляд, што Лукашэнка толькі і думае, каб зэканоміць дзяржаўную капейку? Ясна: робіцца гэта, каб не дражніць тых жа зачуханых калгасьнікаў. Хлусьня ўсё гэта, і, як і любая хлусьня — агідная”.

Гэтыя пытаньні задавалі многія ў Беларусі. Сапраўды, Уладзіслаў, нічога заганнага ў тым, што Лукашэнка абраў сабе для адпачынку аўстрыйскія Альпы і гатэль, нумар у якім каштуе 700 даляраў за ноч, няма. Але толькі ў тым выпадку, калі ён плаціў за гэтыя ўцехі з уласнай кішэні. Гэта ж была ягоная прыватная паездка. Між тым, паводле дэклярацыі, якую падаваў Лукашэнка перад прэзыдэнцкімі выбарамі, заробак ягоны складаў нешта каля 300 даляраў за месяц. Хто ў такім выпадку аплочваў альпійскі ваяж? Грамадзяне Беларусі, відавочна, маюць права гэта ведаць.

Ліст ад нашага сталага слухача Мікалая Саскевіча з Калінкавічаў:

“Зьдзіўляюся, як людзі могуць абыякава глядзець на тое, што беларускі рэжым наладжвае цесныя кантакты з Іракам. Усе ж памятаюць пра ірацкую агрэсію супраць Кувэйта, усе ведаюць, чаго можна чакаць ад дыктатара Садама Хусейна. Дзе гарантыя, што ён зноў ня ўчыніць напад на якую-небудзь краіну? А калі ён здабудзе і прыменіць зброю масавага зьнішчэньня — гэта будзе катастрофа для ўсяго сьвету.

Таму нельга дапусьціць, каб у ягоныя рукі трапіла такая зброя. Па-мойму, гэта відавочна для любога разумнага чалавека. І зусім зразумелая пазыцыя ўраду Злучаных Штатаў Амэрыкі, які разглядае магчымасьць ваеннага ўдару па Іраку. Гэта робіцца дзеля бясьпекі ня толькі Амэрыкі, але і ўсяго сьвету.

А для беларускай зьнешняй палітыкі арыентацыя на рэжым Хусэйна скончыцца тым жа, чым і сяброўства з рэжымам Слабадана Мілошавіча”.

Зусім слушнае параўнаньне, спадар Мікалай. Яшчэ тры гады таму Аляксандар Лукашэнка абнімаўся зь Мілошавічам і гатовы быў далучыць Югаславію да так званага саюзу Беларусі і Расеі. Сёньня Сэрбія і Чарнагорыя ня бачаць для сябе іншага месца, як у аб’яднанай Эўропе”.

На заканчэньне — ліст ад Алеся Шустоўскага з Барысава:

“Жыў у Барысаве ў канцы 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзя абшарнік Іван Каладзееў, які на працягу ўсяго свайго сьвядомага жыцьця апантана зьбіраў матэрыялы, прысьвечаныя ваенным падзеям 1805 — 1815 гадоў. На думку тагачасных гісторыкаў і бібліёграфаў, гэта быў унікальны збор — каля 15 тысяч кніг, больш за 3 тысячы гравюр і літаграфіяў. Пасьля сьмерці дасьледчыка ўсё гэта было перададзена ў Расейскі гістарычны музэй у Маскве.

Чаму б зараз беларускім уладам не зьвярнуцца да саюзьнікаў, каб тыя вярнулі каладзееўскую бібліятэку на радзіму? Тым больш, што прэцэдэнт ужо ёсьць: у 1920-я гады частку кніг зь ягонай калекцыі перадалі БССР”.

Ня толькі гэтая бібліятэка — тысячы гістарычных і культурных каштоўнасьцяў з абрабаваных маёнткаў беларускіх магнатаў, з беларускіх касьцёлаў і цэркваў, з музэяў Беларусі ў часе войнаў і рэвалюцыяў мінулага стагодзьдзя аселі ў музэях ды архівах Расеі. На жаль, ведучы бясконцыя палітычныя гульні ў інтэграцыю, беларускія ўлады нават словам не адважваюцца нагадаць пра гэта так званым “саюзьнікам”.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аркадзь Кулак з Карэліцкага раёну, Аляксандар Олесь з украінскага мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці, Мікалай Невядомскі і Ільля Копыл зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG