Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паплачце з намі, Аляксандар Рыгоравіч…”


Валянцін Жданко, Менск

Апошнім часам у нашай пошце шмат лістоў, аўтары якіх намагаюцца асэнсаваць тыя зьмены, якія адбыліся ў грамадзтве пасьля апошніх выбараў, і месца, якое займае цяпер у палітыцы апазыцыя. Высновы большасьці нашых слухачоў — нават тых, якія заўсёды лічылі сябе прыхільнікамі дэмакратычных каштоўнасьцяў — цяжка назваць суцяшальнымі для апазыцыйных палітыкаў.

Вось якімі развагамі падзяліўся адстаўны вайсковец Вячаслаў Шчыткавец з Бабруйску:

“Людзі становяцца нігілістамі. Нікому ўжо ня вераць, праблемы і цяжкасьці як блізкіх, так і дзяржавы іх не хвалююць. Лідэра нацыі ў Беларусі па сутнасьці няма. Куды падзеліся былыя дэмакратычныя кіраўнікі?

Сямён Шарэцкі, які пасьпяхова праваліў імпічмент Лукашэнку ў 1996 годзе, жыве цяпер у Амэрыцы. Піша, што шчыра спачувае цяжкасьцям суайчыньнікаў і гатовы вярнуцца, калі тут хто-небудзь зьменіць сытуацыю.

Лідэр КХП БНФ Зянон Пазьняк, якога, здаецца, некаторыя лічылі розумам, гонарам і сумленьнем нацыі, ужо шэсьць год як палітычны эмігрант. Часам дасылае на Бацькаўшчыну звароты і рэкамэндацыі, што і як рабіць (якія, зрэшты, у большасьці выпадкаў ігнаруюцца). Напісаў і апублікаваў кнігу вершаў. Рэч патрэбная, але, відаць, не зусім актуальная. Дарэчы, Ленін, які таксама правёў значную частку жыцьця ў эміграцыі, за той час стварыў, узначаліў і ўмацаваў партыю, якая ўрэшце прыйшла да ўлады.

…Калі рэшткі дэмакратычных сілаў ня здолеюць вылучыць са свайго асяродзьдзя сапраўднага лідэра, здольнага стварыць і ўзначаліць новую партыю, рух, які ў далейшым прыйшоў бы да ўлады — значыць, жыцьцёвыя сілы народу скончыліся. І такая нацыя ня можа (ды і не павінна) існаваць.Працэс ператварэньня Беларусі ў расейскую калёнію ідзе поўным ходам”.

Такое меркаваньне, спадар Вячаслаў, вельмі распаўсюджанае. І, дарэчы, менавіта ім кіравалася аб’яднаная апазыцыя, калі напярэдадні выбараў прыклала максымум намаганьняў, каб вылучыць адзінага кандыдата. Задачу гэтую, як быццам, выканала, але ці была такая тактыка плённай (нават калі і мець на ўвазе шматлікія фальшаваньні ўладамі вынікаў галасаваньня)? Іншымі словамі, ці стаў Уладзімер Ганчарык лідэрам нацыі?

У той жа час згадайма 1994 год. За плячыма дэпутата Лукашэнкі — па сутнасьці ніякіх партыяў і рухаў, ягоным палітычным амбіцыям усяляк супраціўляецца ўлада — і тым ня менш ён перамагае на выбарах.

Любыя схемы, узятыя з гісторыі (тым больш гісторыі савецкай) — рэч умоўная. І рабіць выснову пра нежыцьцяздольнасьць нацыі толькі на той падставе, што некалькі дзясяткаў партыйных функцыянэраў аказаліся няўдачнікамі — на маю думку, і пасьпешліва, і ня слушна.

Да катэгарычных высноваў схільны і Мікола Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Ён піша:

“Дэмакратычныя партыі ў Беларусі пажыцьцёва ня здолеюць здабыць перамогі. Так што вы там, на Свабодзе, можаце радавацца: да канца жыцьця будзеце ў замежжы мець працу і цьвёрдую валюту. СССР разваліўся бяз вашых ды іншых мазгоў — разваліцца і Беларусь бяз вас.

Паглядзеце на калгасы, спадары. Яны развальваюцца. А чаму? Бо моладзь зьяжджае ў горад.

Тое самае бачым і ў дэмпартыях. Не ідуць туды людзі — чэргаў у партыі няма. Кіраўнікі дэмпартыяў, напэўна, разьлічваюць на дурняў, але народ у Беларусі, як бачым, ня быдла — стрэлянага вераб’я на мякіне не падманеш. Хто за той партыяй стаіць? Калі большасьць выбаршчыкаў не за цябе — пра перамогу можаш ня марыць. І ўлада правільна робіць: хочаш дарвацца да ўлады — спачатку пухні з голаду; быў у БНФ — вон з працы. “Бээнэфаўца” ведаюць усе ў акрузе, і ўсе ведаюць, што станецца, калі ўступіш у той БНФ”.

Калгасы развальваюцца не таму, спадар Чыбісаў, што моладзь зь вёскі зьяжджае ў горад. Калі селянін не прывязаны да ўласнай зямлі, калі ён не распараджаецца тым, што на гэтай зямлі вырасьціў — іншага выніку і быць ня можа. Уся калгасная сыстэма, пабудаваная на прымусе і гвалце — заганная і нежыцьцяздольная.

А эканамічная свабода ёсьць працягам свабоды палітычнай. Так, людзі (асабліва на вёсцы) запалоханыя ўладай, многія да апазыцыі ставяцца зь недаверам і боязьзю. Але адначасова ці ёсьць сярод вяскоўцаў сёньня давер да ўлады, ці вераць яны, столькі разоў падманутыя, абяцанкам?

Дзеля таго, каб у краіне зьмянілася ўлада, зусім не абавязкова, спадар Чыбісаў, каб людзі станавіліся ў чэргі па партбілеты ці захацелі галасаваць за БНФ. Дастаткова, каб яны асэнсавалі і ўсьвядомілі сапраўдныя прычыны таго, што зь імі адбываецца.

Своеасаблівае тлумачэньне фэномэну Лукашэнкі дае ў сваім лісьце настаўніца зь Менску Сьвятлана Лемяшэўская. Яна піша:

“Хоць вы і лаеце Лукашэнку, а я яго люблю. Надта ж шчыры. Ніколі не забуду, як ён плакаў у 1994-м годзе. “Еду, кажа, па горадзе — бачу на прыпынках натоўпы людзей, якія ня могуць убіцца ў аўтобус — і аж сьлёзы на вачах выступаюць. Гэта да чаго ж Кебіч і Шушкевіч давялі краіну…”

Я часта ўяўляю яго такім: едзе ён пад завываньне сырэн у сваім бранявіку-мэрсэдэсе і плача за цёмным шклом, гледзячы, як мы восем гадоў усё ня можам убіцца ў той пракляты аўтобус.

Я і сама часам плачу. Вось пазаўчора у перапоўненым трамваі мне каўнер у паліто парвалі. А на тое паліто я тры гады адкладвала са сваёй настаўніцкай зарплаты.

Думаю, ён мяне разумее. Шкада толькі, што ўсё радзей ён гэтак шчыра размаўляе з экрана тэлевізара пра нашыя беды. Канешне, нічога ад ягонага плачу ў жыцьці не мяняецца — а ўсё ж лягчэй на душы”.

Сьвятлана Лемяшэўская зь Менску, на маю думку, дасьціпна і дакладна сфармулявала глыбінныя прычыны палітычнага посьпеху Лукашэнкі і ягонай жа драмы як палітыка.

Ліст ад Сямёна Гарабчука зь Берасьця:

“Днямі слухаў вашую перадачу, у якой выступаў прафэсар Леанід Лыч са сваімі прапановамі наконт наданьня беларусам на ўласнай зямлі, у сваёй краіне статуса нацыянальнай меншасьці. Толькі прафэсары могуць дадумацца да такога. Рэжым, які ўсталяваўся цяпер у Беларусі, прызнае толькі сілу. Няўжо яшчэ ў кагосьці застаюцца на гэты конт ілюзіі?

Вось нядаўна Лукашэнка даваў інтэрвію амэрыканскай газэце. Пра што казаў? Што ва ўсім вінаватая апазыцыя, а ў нас з правамі чалавека ўсё ў парадку. Гэта, маўляў, амэрыканцы наіўныя — слухаюць паклёп апазыцыі і потым паднімаюць шум на ўвесь сьвет.

Каб вылечыцца ад хваробы, якую я называю “нацыянальнай дэбільнасьцю”, раю ўсім беларускім прафэсарам зарганізаваць гурток дзеля вывучэньня кніжкі Леніна "Што рабіць?" Бо ім, напэўна, не было калі канспэктаваць яе ва ўнівэрсытэтах марксызму-ленінізму. Інакш бы ведалі, што той сацыялізм, які прыдумаў Ленін і мадыфікаваная мадэль якога дзейнічае цяпер у Беларусі, ёсьць нэакаляніяльнай палітыкай Расеі ў дачыненьні да сваіх былых ускраінаў”.

Прапанова прафэсара Леаніда Лыча, спадар Сямён, гэта, хутчэй, жэст адчаю, спроба хоць гэткім чынам зьвярнуць увагу на драматычны стан беларускай мовы і культуры. Большасьць беларускіх навукоўцаў, відавочна, добра ўсьведамляюць сутнасьць працэсаў, якія адбываюцца ў гэтай сфэры, і іхныя небясьпечныя наступствы для будучыні нацыі.

На заканчэньне – ліст ад нашага сталага слухача Ільлі Копыла зь Менску:

“Пачуў на Радыё Свабода: улада зьбіраецца адмяніць усе льготы. Цікава атрымліваецца: якое пытаньне жыцьцядзейнасьці ні вазьмі — усюды, на думку чыноўнікаў, насельніцтва не даплачвае; нічога ў гэтай краіне не акупаецца; усюды за нас даплачвае дзяржава (чыноўнікі і прэзыдэнт). Але адкуль гэтыя дадатковыя грошы ў дзяржавы? Ці ня з нашай кішэні? Ці ня з нашых жабрацкіх пэнсіяў, на якія немагчыма пракарміцца? Ці не з мізэрных заробкаў, абрэзаных яўнымі і схаванымі падаткамі?

Батарэі ацяпленьня ў кватэрах ледзь цёплыя, але плацім мы за іх як за гарачыя. У чые кішэні пацякла розьніца, грошы за паліва, якое рэальна не спалілі?

Транспартнікі скардзяцца, што пасажыры плацяць толькі чвэрць кошту квітка. Але паглядзеце на аўтобусы і тралейбусы — яны перапоўненыя, старыя, даўно сьпісаныя. Які можа быць сабекошт паездкі ў такіх умовах? Ды мізэрны.

У дзяржавы няма грошай на льготы, на падтрымку транспарту, але ёсьць на здымкі бязглуздай расейскай кінастужкі “Любить по-русски”, на пастаўку харчоў расейскім манахам у дзясятках манастыроў, на пакупку міліцэйскіх шчытоў у Паўднёвай Карэі, на ўтрыманьне непамерна разьдзьмутых сілавых структураў… Тут не да льготнікаў, калі ўладу боязна выпусьціць з рук”.

Вы, спадар Ільля, зусім слушна разважаеце пра сутнасьць гэтай праблемы. Уладзе ўсе мінулыя гады была выгадная (асабліва ў прапагандысцкіх мэтах, перад выбарамі) гэтая сыстэма льготаў, якая стварала ілюзію, што гэта яна — улада — дабрачынна плаціць за пэнсіянэраў, інвалідаў, маламаёмных. Нібыта гэта ня зь іхных жа кішэняў узятыя грошы. Але настаў момант, калі эканоміка ўжо не вытрымлівае гэтых гульняў.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Антон Мелюх зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну і Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Лістуйце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG