Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Не адно пакаленьне беларусаў вымра, перш чым яны зразумеюць, у якім сьметніку жывуць…”


Валянцін Жданко, Менск

Многія нашыя слухачы, самастойна шукаючы адказ на пытаньне наконт вытокаў палітычных няўдач апазыцыі, сыходзяцца на думцы, што віной усяму само грамадзтва, якое ў большасьці сваёй не гатовае да зьменаў.

Апазыцыя ня ўлічвае гэтую ўласьцівасьць мясцовага люду, пазычае чужую тактыку палітычнага змаганьня — таму, маўляў, і ня можа заваяваць уладу. Вось якімі развагамі з гэтай нагоды падзялілася ў сваім лісьце настаўніца Вольга Мезіна зь Менску. Яна піша:

“Кожны народ дастойны свайго жыцьця і сваёй улады. Вы там, на Свабодзе, безумоўна, слушна кажаце, калі меркаваць з гледзішча заходняга чалавека. Свабода слова, свабода сходаў, недатыкальнасьць уласнасьці для немца ці амэрыканца — сьвятое. Але для большасьці беларусаў гэта нешта незразумелае і далёкае.

Нашто беларусу ці расейцу свабода слова, калі ён ня можа на свае заробленыя ў калгасе капейкі купіць новыя чаравікі й выпіць піва? Навошта яму недатыкальнасьць уласнасьці, калі ў яго тае ўласнасьці ад нараджэньня не было?

Лукашэнка для беларусаў — ідэальны прэзыдэнт: гайкі заціскае, жулікаў саджае, багатых ня любіць, бедных суцяшае і плаціць — хоць і мала, але ўсім… Не адно пакаленьне беларусаў вымра, перш чым нешта зьменіцца, і яны зразумеюць, у якім сьметніку жывуць”, — лічыць настаўніца зь Менску Вольга Мезіна.

Ня думаю, Вольга, што беларусы ў сваіх памкненьнях і жаданьнях гэтак ужо радыкальна адрозьніваюцца ад сваіх заходніх суседзяў — палякаў ці літоўцаў. Большасьць гэтак жа хоча для сябе і сваіх дзяцей заможнага і спакойнага жыцьця.

Такога жыцьця без эканамічнай свабоды, без уласьніка, які ўпэўнены, што заўтра на яго хутары ня зьявіцца які-небудзь новы камбедавец і ня вымеце ўвесь ураджай паводле надзвычайнага дэкрэту — не бывае.

У той жа час эканамічныя свабоды — працяг свабодаў палітычных, адны вельмі цесна зьвязаныя з другімі, яны ўзаемазалежныя і ўзаемадапаўняльныя. І каб усьвядоміць гэтую ўзаемазалежнасьць, наўрад ці патрэбныя доўгія дзесяцігодзьдзі. Сёньняшнія эканамічныя рэаліі, параўнаньне свайго жыцьця з жыцьцём суседзяў — найлепшы настаўнік і выхавальнік.

Пазыцыю Вольгі Мезінай збольшага падзяляе наш слухач Павал Ерафееў з латвійскага Даўгаўпілсу. Ён, відавочна, часта бывае ў беларускай вёсцы і дзеліцца такімі высновамі на падставе ўбачанага:

“Заўсёды слухаю беларускую Свабоду. На жаль, вашая цікавая і вельмі важная інфармацыя часта не даходзіць да тых людзей, якім адрасаваная. Асноўная маса насельніцтва, асабліва ў вёсках, радыё амаль ня слухае. За дзень яны стамляюцца ў сваіх калгасах, і а 8-й вечара ўжо кладуцца спаць, каб прачнуцца а 4-й.

Але самая галоўная бяда — што асноўная маса пэнсіянэраў цёмная і непісьменная, з вынішчанай нацыянальнай сьвядомасьцю і гістарычнай памяцьцю. А тыя, што маюць вышэйшую адукацыю, мне падаецца, яшчэ тупейшыя за непісьменных.

Столькі наўкол абмежаваных, недалёкіх, адсталых… Для іх Пазьняк — “фашыст, паляк і злодзей”, Шушкевіч — таксама “злодзей”, які да таго ж “разваліў Савецкі Саюз”. Затое Лукашэнка — абаронца, плаціць пэнсію, хоць і малую, але своечасова…

Такое насельніцтва цалкам гатовае да таго, каб здаць Беларусь у рукі Расеі. І гэта будзе катастрофай для беларусаў. Гэтага нельга дапусьціць — ужо цяпер трэба актыўна весьці асьветніцкую дзейнасьць. Пара б пачаць акцыю ў справе вяртаньня на радзіму нашых палітэмігрантаў — Васіля Быкава, Зянона Пазьняка, Сяргея Навумчыка… Сёньня яны неабходныя тут, на Бацькаўшчыне”, — напісаў Павал Ерафееў з Латвіі, з Даўгаўпілсу.

Лёгка зразумець вашыя, спадар Павал, расчараваньне і пэсымізм, — асабліва пад уражаньнем убачанага і пачутага ў глухіх вёсачках Падзьвіньня. Відавочна, вы слушна пішаце і пра тое, што патрэбная асьветніцкая дзейнасьць, што многія людзі пазбаўленыя хоць якой дакладнай інфармацыі.

А вось наконт таго, што неабходная нейкая кампанія ў справе вяртаньня вядомых палітэмігрантаў — сумняюся. Урэшце, асабістая справа кожнага чалавека — дзе яму жыць, якую палітычную будучыню асабіста для сябе выбіраць.

Цікавымі назіраньнямі наконт зьмены грамадзкіх настрояў падзялілася нашая сталая слухачка Ніна Ярмалінская з Салігорску. Яна піша:

“Што тычыцца простых людзей, то іх настроі пакрысе мяняюцца. Мяркую так хоць бы па такім эпізодзе. У лістападзе мы штогод адзначаем гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Адзначалі і летась — езьдзілі сярод іншага ў вёску Вызна Салігорскага раёну, на месца пахаваньня слуцкіх ваяроў. Мясцовыя жыхары сустрэлі нас прыязна, падыходзілі, віталіся. Некаторыя ўдзельнічалі ў мітынгу. А было ж — усяго два гады таму — крычалі з-за плоту: “Фашысты, фашысты прыехалі!..” Дзякуй Богу, што сьвядомасьць людзей мяняецца ў лепшы бок”.

Ніна Ярмалінская таксама піша, што нядаўна была на прафсаюзным мітынгу (пра яго Свабода паведамляла некалькі тыдняў таму) і была ўражаная тым, што сабралася так шмат людзей. Яшчэ адна цытата зь ліста спадарыні Ніны:

“Падумала: як добра, што прафсаюзы нарэшце аб’ядналіся. Праўда, для гэтага спатрэбілася, каб над імі навісла рэальная небясьпека зьнішчэньня. Дай Бог, каб гэтай салідарнасьці хапіла надоўга.

Што тычыцца нашых палітыкаў, то вельмі хацелася б, каб яны кансалідаваліся, каб працавалі разам і больш актыўна. Шкада, што на першым пляне ў іх уласныя амбіцыі, і, як вынік — непавага адзін да аднаго. Навошта нам гэтыя расколы: Пазьняк — Вячорка, Кароль — Статкевіч… І ўсе хочуць быць першымі, забываючыся пра нацыянальныя інтарэсы, пра тое, што гэта зусім не на карысьць нацыянальна-вызвольнаму руху”, — лічыць Ніна Ярмалінская з Салігорску.

Ня думаю, спадарыня Ніна, што з такім ужо вялікім асуджэньнем трэба ставіцца да палітыкаў за тое, што яны ня хочуць кансалідавацца, а наадварот — ствараюць усё большую колькасьць партыяў і аб’яднаньняў. Без асабістых амбіцыяў і барацьбы гэтых амбіцыяў ні палітыкі, ні палітыкаў не бывае.

Іншая рэч, што галоўная адзнака таленту любога палітыка — заваяваная ўлада. Шлях да яе ляжыць і праз аб’яднаньні, і праз расколы — пытаньне ў тым, хто гэты шлях здолее правільна вылічыць і прайсьці.

Наш слухач Мікалай Невядомскі зь Менску ўжо ў некалькіх сваіх лістах выказвае нараканьні на адрас аглядальніка Свабоды Валера Карбалевіча — наконт ягонай палітычнай пазыцыі. Гэтым разам слухач піша:

“Валер Карбалевіч у “Экспэртызе Свабоды” нападаў на дэмакратычную апазыцыю і ўхваляў Лукашэнку. У гэтым яму дапамагалі Ўладзімір Падгол, Аляксандар Класкоўскі і Аляксандар Старыкевіч. Я не сумняюся, што Карбалевіч — вораг свабоды і апазыцыі. Чаму вы дазваляеце яму тварыць здраду? Куды глядзяць вашы начальнікі?

Спадар Вік і Захад кажуць, што выбары былі сфальшаваныя і апазыцыя ў нас моцная, а Карбалевіч і яго паплечнікі кажуць, што Лукашэнка перамог на выбарах, што народ за яго, што апазыцыя пацярпела паразу, яна слабая і народ ёй ня верыць.

Любы дурань тут зразумее, на каго працуе Карбалевіч. Яму трэба працаваць на БТ у Зімоўскага, а не на Радыё Свабода. Мабыць, вы больш плаціце. А Лукашэнка яму таксама добра плаціць. Няўжо вы гэтага ня бачыце і не разумееце?” — гэтак асуджальна выказаўся пра аналітычныя перадачы Валера Карбалевіча наш сталы слухач зь Менску, які падпісваецца, як Мікалай Невядомскі.

Залічваць каго б то ні было ў ворагі свабоды і здраднікі на той падставе, што ягоныя погляды вам не падабаюцца, а аргумэнты не супадаюць з высновамі кагосьці з аўтарытэтных для вас палітыкаў — па-мойму, спадар Мікалай, і няправільна, і недапушчальна.

Наконт любых важных палітычных праблемаў — у тым ліку вынікаў мінулых выбараў і стану апазыцыі — мы імкнемся падаваць разнастайныя, у тым ліку процілеглыя пункты гледжаньня. Важна, каб дыскусіі гэтыя вяліся карэктна, каб пазыцыі выкладаліся дакладна і ўзважана. Гэта ёсьць адным з галоўных прынцыпаў Радыё Свабода.

На заканчэньне — урывак зь ліста Івана Скуцэні зь вёскі Працавічы Слуцкага раёну. Ён піша:

“Я ўжо 70-гадовы дзядуля, і для мяне Свабода — гэта маленькае акно ў белы сьвет. Асабліва пільна я сачу за тым, як стойкія хлопцы і ўдзень і ўначы абараняюць Курапаты. Глыбокая падзяка ім ад мяне. Гэта і мой боль, бо я — сын так званага “ворага народу”.

Свае Курапаты ёсьць у кожным беларускім горадзе, толькі камуністы іх схавалі і засакрэцілі. Яны паступалі са сваім народам, як бандыты, баючыся адказнасьці за ўчыненыя злачынствы”.

Дзякуй вам, спадар Іван, за ўвагу да нашай працы і за добрыя словы. Мы і надалей будзем пільна сачыць за сытуацыяй вакол Курапатаў і распавядаць пра жыцьцё і клопаты ўдзельнікаў бестэрміновай вахты памяці на месцы масавых катаваньняў бязьвінных ахвяраў бальшавіцкай улады.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў, Ірына Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну, Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну і Андрэй Валошка са Смаргоні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG