Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не пускайце на Свабоду Паўла Якубовіча…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Год 2001 адлічвае апошнія дні. Як звычайна ў гэты час, у нашай пошце шмат калядных віншаваньняў і добрых пажаданьняў ад тых слухачоў, якія былі з намі ўвесь мінулы год, для каго голас Свабоды стаў неад’емнай часткай жыцьця.

Сталыя слухачы Свабоды з Горадні Іван і Сьвятлана Рыбалкі ў сваім віншаваньні напісалі:

“Зьвесткі, якія перадае Свабода, многім дапамагаюць рабіць высновы і прымаць рашэньні”.

А слухач з Маладэчна Леанід Жамойцін зазначае:

“Грошай, каб выпісаць незалежныя газэты, няма. Толькі дзякуючы Свабодзе я не адчуваю сябе сьляпым і падманутым”.

Для нас гэтыя вашыя сьведчаньні, паважаныя слухачы, вельмі каштоўныя і мы надзвычай удзячныя за іх.

У пошце апошняга тыдня шмат лістоў, аўтары якіх адгукнуліся на пачутае па Свабодзе. Так, Аляксандар Іваноў зь Менску палічыў мэтазгодным даслаць нам яшчэ адзін ліст, каб аспрэчыць Яраслава Маскалевіча зь Вены, з Аўстрыі, ліст якога прагучаў у эфіры 7-га сьнежня.

Нагадаю, Яраслаў Маскалевіч абураўся заўвагай спадара Іванова, які напісаў, што, хоць у яго нізкі заробак, але ў лядоўні, маўляў, усё ёсьць. Спадар Маскалевіч таксама апісваў, як жывецца ягоным сваякам у адным з калгасаў на Меншчыне. Аляксандар Іваноў з гэтай нагоды піша:

“Цяпер настала мая чарга абурацца. Ня думайце, што я ня ведаю вясковага жыцьця — сам часта там бываю. Але ж горад і вёска — гэта два зусім розныя ўзроўні жыцьця. Сапраўды, жыць у вёсцы вельмі цяжка. Адно, што заробак нізкі й плацяць яго не заўсёды своечасова. Але і гэтыя невялікія грошы вясковы чалавек вымушаны траціць на корм жывёле, на ўгнаеньні.

Увесну даводзіцца наймаць тэхніку, каб вывезьці гной, узараць поле, пасадзіць бульбу. Усё гэта каштуе немалых грошай. А настане жніво — аддай камбайнеру ледзь не паўзаробку за тое, што абмалоціць тваю палоску. Вось і атрымліваецца, што селяніну амаль нічога не застаецца.

А калі й застануцца нейкія там капейкі і захоча чалавек пачаставацца якой-небудзь каўбасой — дык у сельскім магазіне не заўсёды тыя каўбасы бываюць. А калі і ёсьць, дык будзь пільны, каб не аказаліся яны пратэрмінаванымі, сапсаванымі…

У горадзе, асабліва такім буйным, як Менск, сытуацыя зусім іншая. Так, у маёй сям’і даходы ніжэй за сярэднія, але ў лядоўні, як я ўжо пісаў, ёсьць і мяса, і каўбаса. І гэта не павінна быць падставай для абурэньня. Зрэшты, як можа слухач, які жыве ў Аўстрыі, аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю, што склалася ў Беларусі”, — напісаў Аляксандар Іваноў зь Менску.

Падставаў для вашага абурэньня, спадар Іваноў, па-мойму, увогуле няма. Вы і Яраслаў Маскалевіч фактычна аднолькава апісваеце рэаліі цяперашняга жыцьця ў беларускай вёсцы. Адзіны спрэчны момант — заўвага наконт ніжэйшага за сярэдні заробку, які, як вы пішаце, дазваляе вам добра харчавацца.

Нават калі вы мелі на ўвазе заробкі не ў сярэднім па Беларусі, а толькі ў Менску, то і ў гэтым выпадку з вамі наўрад ці пагодзяцца нават тыя, хто мае сярэдні заробак (а гэта на сёньня ў Менску каля 100 тысяч беларускіх рублёў). Немагчыма ў цяперашніх беларускіх умовах забясьпечыць на гэтыя грошы дастатак у сям’і.

А вось наш слухач Аляксандар Макарэвіч з Полацку лічыць, што эканамічныя цяжкасьці, зь якімі сёньня ў Беларусі вымушаны сутыкацца кожны, могуць мець ня толькі адмоўныя ўласьцівасьці й наступствы. Ён піша:

“Так, жыцьцё цяпер цяжкае. Для большасьці людзей хлеб надзённы становіцца асноўнай праблемай. Але тым вастрэйшае і мацнейшае жаданьне жыць, выжыць.

Калі няма падтрымкі з боку дзяржавы, творчаму чалавеку няма чым дыхаць. Застаецца альбо пакінуць сваю Радзіму, альбо цалкам сысьці ў свой уласны ўнутраны сьвет, ізаляваўшыся ад усіх. Так што да сёньняшніх умоваў можна паставіцца па-філязофску — у пэўным сэнсе яны спрыяюць творчай дзейнасьці.

Асабіста ў мяне жаданьне творчай дзейнасьці выявілася, калі мне было ўжо за трыццаць. Мне вельмі захацелася самому змайстраваць скрыпку. Напэўна, многія палічаць не зусім нармальным тое, што за гэта раптам захацеў узяцца чалавек, які ніколі не займаўся музыкай. Але скрыпку я зрабіў, і не адну. Другую маю скрыпку высока ацанілі музыканты. Чацьвертую я нават спадзяюся сэртыфікаваць.

Так што жыцьцё працягваецца. Як бы цяжка ні было, але калі да чаго-небудзь вельмі моцна імкнесься, то абавязкова даб’есься свайго”, — лічыць Аляксандар Макарэвіч з Полацку.

Сапраўды, спадар Аляксандар, мэтанакіраванасьць, упартасьць, настойлівасьць — тыя якасьці, безь якіх цяжка спадзявацца на посьпех, незалежна ад таго, якую мэту сабе паставіў — змайстраваць скрыпку ці займець уласную справу, якая б зрабіла цябе незалежным і свабодным.

Мікола Грышан зь Дзятлава ўдзельнічаў у нядаўнім зьезьдзе Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. У сваім лісьце ён падрабязна згадвае зьмест некаторых выступаў, што гучалі на зьезьдзе, а таксама выказвае некалькі ўласных заўвагаў. Мікола Грышан піша:

“Мяне зьдзівіла карціна маўчаньня на зьезьдзе. Толькі адзін з выступоўцаў мімаходзь згадаў пра лёс гарадзенскай газэты “Пагоня”. Больш ніхто не сказаў у абарону газэты ні слова, нібы гэтае дзікунства адбылося ня ў нас, а недзе далёка. Такія паводзіны даспадобы тым, хто душыць нас. Мы самі падсякаем сук, на якім сядзім. Гэта абыякавасьць, якая, як казаў Бруна Ясенскі, нараджае і здраду, і забойства”, — лічыць Мікола Грышан зь мястэчка Дзятлава.

Магчыма, вашая выснова, спадар Мікола, празьмерна катэгарычная. Усё ж на зьезьдзе вы абмяркоўвалі галоўным чынам свае ўнутрыпартыйныя праблемы, асобна зьвяртаць увагу на ўсе шматлікія факты перасьледу ўладамі незалежных мэдыяў і грамадзкіх арганізацыяў дэлегаты наўрад ці мелі магчымасьць і час. Тым больш, што пра “Пагоню” ўсё ж згадвалі. Хоць увогуле — што да ацэнкі сытуацыі вакол газэты — вы, бясспрэчна, маеце рацыю.

Пра становішча мэдыяў разважае ў сваім лісьце і наш сталы слухач зь Менску Ўладзіслаў Жыгалка. Ён піша:

“Учора быў вельмі зьдзіўлены, пачуўшы па вашым радыё палеміку паміж галоўнымі рэдактарамі двух зусім розных, як неба і зямля, газэтаў — “Нашай Свабоды” і “Советской Белоруссии”. Немагчыма нават уявіць сабе, каб у цывілізаваным сьвеце дыскутавалі паміж сабой прадстаўнік нармальнай прэсы (да якой можна аднесьці “Нашу Свабоду”) ды заангажаванай (як “Советская Белоруссия).

Але ў нашым грамадзтве, як вядома, усё перакулена з ног на галаву. Таму ўжо ня дзіва нават пачуць, што “Советская Белоруссия” павінна стаць газэтай эўрапейскага ўзроўню.

І гэта адбываецца ў краіне, дзе працягваюцца бясконцыя “наезды” на незалежны друк, дзе не даюць працаваць нармальным журналістам, дзе ня тое што ня роўныя — абсалютна процілеглыя ўмовы працы ў дзяржаўных і недзяржаўных мэдыях. І на гэтым тле — такая дыскусія на Радыё Свабода. Лічу, што гэта недарэчна”, — напісаў Уладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Не пагаджуся з Вамі, спадар Жыгалка. Публічная палеміка паміж прадстаўнікамі двух процілеглых палітычных лягераў — гэта якраз і ёсьць праява дэмакратыі. Менавіта ў цывілізаваным сьвеце гэта ёсьць звычайнай зьявай для мэдыяў.

І наадварот: цяжка ўявіць, што на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні ці радыё могуць даць эфірны час для свабоднай дыскусіі з удзелам рэдактараў “Нашай Свабоды” ці “Народнай Волі”. Я разумею, як абурае вас стаўленьне ўлады да недзяржаўных мэдыяў, але гэта ня ёсьць падставай дзеля таго, каб Свабода на знак помсты пераймала такія мэтады і давала слова толькі тым, чые погляды ёй блізкія.

На заканчэньне ліст ад Барыса Філіповіча з Камянца. Ён піша:

“Я стараюся быць вашым сталым слухачом. Ніякіх кіраўнічых пасадаў не займаю — як і многія, корпаюся ў зямлі. Сёньня 16-га сьнежня. Толькі што закончылася ваша перадача, і я хачу па сьвежых сьлядах выказаць свае меркаваньні.

Вельмі ўразіў сюжэт пра тое, што ўлады дамагаюцца аб’яднаньня (а фактычна зьнішчэньня) літаратурна-мастацкіх часопісаў. Для сябе я параўноўваю гэта са спальваньнем на плошчах кніг гітлераўскімі нацыстамі. А да чаго прывялі нацысты — агульнавядома.

Слухаў сёньня, пасьля зьезду БНФ, Вячорку — як вы дапытвалі яго ў сябе на Радыё. Гэты допыт для мяне яшчэ раз засьведчыў, што Зянон Пазьняк застаецца першай зоркай на небасхіле нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларусаў”, — напісаў Барыс Філіповіч з Камянца.

Дзякуй за вашыя заўвагі і ўражаньні, спадар Філіповіч. Вашая справа, каму сымпатызаваць — Зянону Пазьняку ці Вінцуку Вячорку: абодвум гэтым палітыкам, калі ёсьць дзеля таго нагода, мы імкнемся даваць слова ў эфіры.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты й калядныя віншаваньні Ян Спасюк зь вёскі Лясная Бераставіцкага раёну, Юзэф Сіняўскі зь Вільні, Ніна Кірычун зь Берасьця і Валянцін Паборцаў з Асіповічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Са сьвятам Вас. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

XS
SM
MD
LG