Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наіўныя вы людзі — верыце ўсім гэтым пікетоўцам"


Валянцін Жданко, Менск

Гэтымі апошнімі днямі, што засталіся да Калядаў, тэму блізкага і любімага зь дзяцінства сьвята згадваюць многія нашы слухачы. Але набліжэньне сьвята шмат для каго азмрочанае ня дужа радаснымі клопатамі й трывогамі. Вось што напісала на гэтую тэму Ніна Шлапак з Маладэчанскага раёну:

"За вокнамі каляднае надвор'е, мароз, хутка ў хаце будзе пахнуць елкай і каляднымі стравамі, але настрой зусім не сьвяточны. Больш даводзіцца думаць не пра калядныя падарункі, а пра тое, як зьвесьці канцы з канцамі. Сумна, што жыцьцё набліжаецца да канца, а гэтая чорная паласа не канчаецца.

Добра, што хоць твой голас, Свабода, штодня гучыць у маіх сьценах і не дае канчаткова апускаць рукі. Мне падабаюцца ўсе перадачы Свабоды. Са сьвятам вас, паважаныя свабодаўцы! Не забывайце, што вашыя галасы вельмі патрэбныя многім адзінокім і апанаваным адчаем людзям".

Дзякуй вам, спадарыня Ніна, за добрыя словы. У сувязі з сумнымі ноткамі ў вашым лісьце заўважу хіба тое, што Каляды ва ўсе часы былі сьвятам ня толькі тых, у каго ўсё добра і хто ня вымушаны штодня думаць пра тое, як зьвесьці канцы з канцамі.

Нашыя продкі ў гэтыя дні часьцей, чым звычайна, згадвалі якраз пра тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, хто самотны і каму няма з кім разьдзяліць калядную вячэру. Для такіх людзей заўсёды знаходзілася месца за сьвяточным сталом і слова спагады. Думаць, згадваць пра тых, каму цяжэй, чым табе і прапаноўваць сваю дапамогу — гэта, можа, галоўная калядная хрысьціянская традыцыя, на якой і трымаецца чароўная прыцягальнасьць гэтага сьвята.

Аляксандар Немаў зь Менску цікавіцца гісторыяй узброенага супраціву бальшавіцкай уладзе пасьля Другой усясьветнай вайны. Традыцыйна лічылася, што ва Ўсходняй Беларусі такога супраціву не было.

Аднак нядаўна Аляксандар натрапіў на ўспаміны адстаўнога міліцэйскага генэрала Сьвятлана Сазанкова (яны былі зьмешчаныя ў газэце "Рэспубліка" 1-га сьнежня).

У канцы 1950-х гадоў супрацоўніка так званага "асобага" аддзелу Сазанкова накіравалі ў Жыткавічы, дзе невядомыя ўзарвалі будынак раённай міліцыі. Сазанкоў высьветліў, што падобных выпадкаў у той мясцовасьці адбывалася нямала.

То хтосьці кіне ў акно опэрупаўнаважанаму выбуховае прыстасаваньне, то з паляўнічай стрэльбы параняць міліцыянта, то ў мясцовым калгасе парэжуць шыны ў тэхнікі…

Кагэбісты потым высьветлілі, што за ўсім гэтым стаяў атрад Юхневіча. Сазанкоў, спасылаючыся на пратаколы допыту Юхневіча, распавядае, што ў 1920-я гады адступаючы праз Палесьсе, атрад Булак-Балаховіча на некалькі дзён спыніўся ў вёсцы, дзе жылі Юхневічы.

І на 11-гадовага падлетка Юхневіча знаёмства і размовы са славутым ваеначальнікам аказалі вельмі вялікі ўплыў. А потым да гэтага дадаліся і бальшавіцкія рэпрэсіі, якія непасрэдным чынам закранулі сямью Юхневічаў. Так юны Юхневіч стаў мсьціўцам і змагаром супраць бальшавізму.

Аляксандар Немаў з гэтай нагоды піша:

"Першы раз ад 1985 году сустрэў згадку пра збройны супраціў бальшавіцкай уладзе ва ўсходняй частцы Бацькаўшчыны. Гэтая старонка нашай гісторыі маладасьледаваная, калі не сказаць — увогуле невядомая для большасьці людзей. Цікава было б даведацца і пра іншыя падобныя факты".

Дзякуй вам за прапанову, спадар Аляксандар. Сапраўды, у найноўшай гісторыі Беларусі — у тым ліку гісторыі першых пасьляваенных гадоў — шмат недасьледаванага (а яшчэ больш апісанага тэндэнцыйна, непраўдзіва). Датычыць гэта і дзейнасьці тых, хто ці то з уласных перакананьняў, ці з прычыны зьбегу абставінаў у пасьляваенныя гады спрабаваў са зброяй у руках супрацьстаяць бальшавіцкай уладзе.

Наш сталы слухач Алесь Ляскоўскі, настаўнік-пэнсіянэр зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну ў сваім лісьце разважае пра тактыку апазыцыі. Ён піша:

"Як вядома, на шматлікія парушэньні заканадаўства, дапушчаныя ўладай у часе выбараў, ні ЦВК, ні іншыя органы належным чынам не адрэагавалі. Такая сытуацыя, на маю думку, вымагае ад шырокай грамадзянскай кааліцыі больш рашучых дзеяньняў — пошуку яшчэ больш важкіх і аргумэнтаваных доказаў таго, што выбары былі несумленныя.

Па-мойму, адзіным сродкам у такім выпадку можа быць адкрытае пісьмовае апытаньне выбарцаў якой-небудзь адной акругі пад адным з дэвізаў, а менавіта:

"Не праявілі цьвёрдай волі — не здабудзем годнай долі",
ці "Дзе людзкое бязвольле — там уладзе раздольле".

Калі такога неардынарнага мерапрыемства не правесьці, то сёньняшняя ўлада ў далейшым будзе абыходзіцца з намі па-ранейшаму — як з ходнікамі, як з анучай, як з быдлам", — лічыць Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.

Парушэньні выбарчага заканадаўства, спадар Алесь, былі дастаткова поўна і шырока зафіксаваныя ў часе галасаваньня. На падставе іх міжнародныя арганізацыі зрабілі недвухсэнсоўныя высновы наконт усёй выбарчай кампаніі і яе вынікаў. Ня думаю, што яшчэ адно апытаньне здольнае нешта істотна зьмяніць у гэтай справе ці паўплываць на стаўленьне ўладаў да апазыцыі.

Алесь Ляскоўскі ў сваім лісьце выказвае і яшчэ адну прапанову да ўсіх дэмакратычных сілаў, якая, як яму здаецца, здольная згуртаваць усіх нязгодных з рэжымам Лукашэнкі.

"Ганебны гандаль незалежнасьцю Беларусі працягваецца. У сувязі з гэтым, лічу, варта было б усім дэмакратычным партыям і рухам на пэўны час аб'явіць вымушаны мараторый на сваю дзейнасьць (як бы часова замарозіць яе).

І ў той жа час без прамаруджваньня дружна аб'яднацца ў адну-адзіную партыю — "За сапраўдную незалежнасьць, за дэмакратычную Беларусь". Мэта — уратаваць, зьберагчы пакуль што хоць незалежнасьць. Гэта ў будучыні дасьць магчымасьць пасьпяхова працягваць разьвіцьцё і шматпартыйнай сыстэмы", — напісаў Алесь Ляскоўскі, былы настаўнік зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.

Ідэя аб'яднаньня ўсіх дэмакратычных партыяў дзеля выратаваньня незалежнасьці выглядае прывабна, спадар Алесь, але насамрэч ажыцьцявіць яе наўрад ці магчыма. Дужа шмат у асяродзьдзі палітыкаў супярэчнасьцяў, рознагалосьсяў, асабістых амбіцыяў. А ўвогуле, ва ўмовах сёньняшніх беларускіх палітычных рэаліяў нават калі б шматлікія слабыя партыі аб'ядналіся ў адну — зусім не відавочна, што яна стала б магутнай.

Ліст ад студэнткі зь Менску Натальлі Мяжэвіч. Натальля піша:

"Наіўныя вы людзі — верыце ўсім гэтым пікетоўцам, дэманстрантам, так званым "абаронцам правоў чалавека". Ведаю я некалькі такіх абаронцаў з нашага ўнівэрсытэту. Знарок выйшлі два разы на забаронены пікет, каб пасядзець пару гадзін у міліцыі ды здабыць адпаведныя даведкі пра тое, што іх, бачыце, "перасьледуе ўлада". З гэтымі даведкамі празь некалькі тыдняў яны апынуліся ў Бэльгіі ды здабылі там статус палітычных уцекачоў. Чаго, уласна, і дамагаліся.

Па-мойму, такія людзі проста дыскрэдытуюць саму ідэю адстойваньня грамадзянскіх правоў і ганьбуюць памяць пра тых дысыдэнтаў савецкай эпохі, якія гатовыя былі дзеля сваіх перакананьняў найлепшыя гады жыцьця праводзіць у мардоўскіх лягерах.

Чаму вы там, на Захадзе, ня бачыце гэтага? Такіх "змагароў" і на парог нельга пускаць. Лёс Беларусі ім глыбока абыякавы, а адзіная іхная мэта — бесклапотнае існаваньне на Захадзе".

Відавочна, Натальля, што зьява такая існуе. Ня думаю, што пра яе ня ведаюць іміграцыйныя службы заходніх дзяржаў. Іншая справа, што дасканала праверыць кожную чалавечую гісторыю няма магчымасьці, а імідж беларускага рэжыму ў вачах заходняй супольнасьці такі, што ўцекачам зь Беларусі, якія сьцьвярджаюць, што пацярпелі ад палітычнага перасьледу, вераць ахвотней, чым іншым.

У любым выпадку, такі шлях на Захад відавочна амаральны — і вашыя, Натальля, высновы і пра дыскрэдытацыю ідэі абароны правоў чалавека, і пра ганьбаваньне памяці дысыдэнтаў савецкай эпохі, па-мойму, зусім слушныя.

На заканчэньне — ліст ад Аляксея Хароліча з Кіева, з Украіны. Ён піша:

"Я былы жыхар Магілёву. Калісьці, як і многія, лічыў, што беларусы і расейцы — адзін народ. Але, адпрацаваўшы і пражыўшы ў Расеі 12 гадоў у розных мясьцінах, ад Уладзівастоку да Мурманску, пераканаўся, што мы зусім розныя народы, з рознай культурай і сьветапоглядам.

Камуністы за семдзесят гадоў так прыціснулі беларусаў, што самастойна яны, відаць, ужо не паднімуцца. Ім увесь час убівалі ў галаву, што ёсьць "старэйшы брат", што ён разумнейшы, што яго трэба слухацца, інакш безь яго і ягоных карысных выкапняў прападзеш.

Так у свой час падманвалі і Ўсходнюю Эўропу, і былыя саюзныя рэспублікі. Але яны пры першай жа магчымасьці разьбегліся ў розныя бакі, і ўспамінаюць пра мінулае як пра страшны сон. Адны толькі беларусы засталіся ў гэтым бутафорскім саюзе, які ніхто ўсур'ёз не ўспрымае".

Камуністы, спадар Аляксей, за семдзесят год спрабавалі пазбавіць нацыянальнай адметнасьці ды імкненьня да незалежных дзяржаваў ня толькі беларусаў — усе нацыі, якія складалі СССР. Беларусь у гэтым ланцугу, як выявілася, была слабейшым зьвяном, чым іншыя.

Ня думаю, што выключную ролю ў гэтым адыгралі ўяўленьні пра так званага "старэйшага брата", ёсьць шмат іншых і эканамічных, і гістарычных прычынаў таго, што і сёньня, праз 10 гадоў пасьля распаду Савецкага Саюзу, беларускія ўлады ўсё яшчэ спрабуюць зьляпіць нешта бутафорскае на руінах былой імпэрыі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ганна Суднік з Койданава і Людміла Міронава зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG