Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты хочуць зьнішчыць беларускія "талібы" ды іншае


Валянцін Жданко, Менск

Пра тое, як актывісты розных грамадзкіх арганізацыяў абараняюць Курапаты і пра стаўленьне да гэтай праблемы ўладаў мы штодня распавядаем у эфіры. Сочаць за сытуацыяй і нашыя слухачы. Вось што піша з гэтай нагоды Ільля Копыл зь Менску:

"Пры дапамозе нейкай так званай "грамадзкай камісіі" рэжым змагаўся з Курапатамі больш як дзесяць гадоў, спрабаваў аспрэчыць праўду пра сталінскія злачынствы — быццам бы гэта пахаваньні ахвяраў нямецкіх фашыстаў. На хвіліну дапусьцім, што гэта так. Тады чаму гэтая так званая "грамадзкая камісія" і яе прыхільнікі — камуністы — ня кідаюцца цяпер пад колы бульдозэра, баронячы "свае" Курапаты?

Гэтыя людзі без маралі лічаць, што ім дазволена зьдзекавацца зь любых пахаваньняў, незалежна ад таго, чые там ахвяры — савецкія ці нямецкія".

Ільля Копыл параноўвае паводзіны беларускіх уладаў зь некаторымі дзеяньнямі талібаў у дачыненьні да помнікаў гісторыі. Яшчэ адна цытата зь ягонага ліста:

"Сёлета ў сакавіку талібы зьнішчылі старажытныя статуі Буды на тэрыторыі Афганістану — усясьветна важны гістарычны помнік. Усе цывілізаваныя краіны выказалі тады абурэньне актам вандалізму.

Нагадваю пра гэта таму, што нешта падобнае адбываецца цяпер і ў Беларусі. Такое ўражаньне, што ўлада ў дзяржаве ў рукох чужынцаў, якія змагаюцца то супраць беларускай мовы, то супраць старажытнай нацыянальнай сымболікі, то супраць НАТО, Сораса і ўсяго цывілізаванага сьвету. А зараз вось, якраз паводле прыкладу талібаў, распачалі разбурэньне Курапатаў — сьвятой для ўсіх сумленных людзей мясьціны, якая ўжо стала помнікам. Беларускі "талібан" дзейнічае".

Наконт гэтай жа праблемы выказваецца і наш сталы слухач з Магілёву Раман Стасэвіч. Ён піша:

"Не хачу заставацца ў баку ад таго, што адбываецца зараз у Курапатах. Ніводнае, нават самае, так бы мовіць, "нэўтральнае" кіраўніцтва не змагло б не заўважыць такой трагедыі на сваёй зямлі, якой ёсьць Курапаты.

Дэманстратыўна не зважаць могуць толькі нашчадкі той нялюдзкай ідэалёгіі, якая спарадзіла гэты генацыд. Бо не прызнаць, як ім хацелася б, пасьля таго, як раскапаная ў Курапатах праўда пракрычала на ўвесь сьвет, ужо немагчыма.

Дарэчы, спыніць Адраджэньне Беларусі можа толькі паўтор трагедыі Курапатаў. Але паўтарыцца яна пасьля таго, як раскапаная памяць аб ёй уваскрэсла, ужо ня зможа — хіба толькі як фарс. Вось і імкнуцца зьнішчыць гэтую памяць. Мы не павінны гэтага дапусьціць", — напісаў Раман Стасэвіч з Магілёва.

Аляксандар Лукашэнка ніколі не хаваў духоўнай, ідэйнай еднасьці зь дзеячамі камуністычнай эпохі. Апанаваная настальгіяй па савецкім мінулым частка грамадзтва — ягонае электаральнае апірышча, рэваншысцкія лёзунгі камуністаў — ягоныя лёзунгі, пад якімі ён прыйшоў да ўлады.

А Курапаты — неад’емная частка тае сыстэмы, пераемнікам якой Лукашэнка сябе адкрыта лічыць і якая без Курапатаў (бяз гвалту над асобай, без партыйнага дыктату і нецярпімасьці да іншадумства) — існаваць не магла. Адсюль і такое стаўленьне сёньняшняй улады да Курапатаў. Яна абараняе найперш сябе, свой ідэйны падмурак.

Але маюць рацыю нашыя слухачы — ні перайначыць, ні зьнішчыць праўду пра сталінскія забойствы ўжо немагчыма. І ў гэтым сэнсе пазыцыя ўлады ў справе Курапатаў выглядае загадзя асуджанай на паразу. Пытаньне толькі ў тым, як хутка гісторыя расставіць усе кропкі над "і".

Раман Стасэвіч у сваім лісьце разважае таксама наконт прычынаў паразы беларускай апазыцыі на мінулых выбарах. Галоўную з гэтых прычынаў слухач бачыць у тым, што апазыцыя адышла ад нацыянальных каштоўнасьцяў. Ён піша:

"Любая палітычная дзейнасьць безь беларускай справы зараз у Беларусі, я лічу, ператвараецца ў безвыніковую мітусьню і марнату. Не дапамогуць нават найдасканалейшыя тэхналёгіі.

Вось апошнія гады ў апазыцыю прыйшло шмат людзей, вельмі далёкіх ад Беларусі. Хоць яны і жывуць тут, але выхаваныя на ўсім расейскім, і ў іхную сьвядомасьць уелася шмат расейскіх мітаў. Ім было лягчэй скапіяваць досьвед і формы сталых дэмакратыяў. Але гэтыя краіны ў мінулым стагодзьдзі таксама прайшлі стадыю нацыянальнага будаўніцтва.

Нашая ж аб’яднаная апазыцыя ахвяравала інтарэсамі ўласнай краіны, вечнымі каштоўнасьцямі й пачала маліцца найноўшым, але зьменлівым інфармацыйным тэхналёгіям, імкнучыся спадабацца ўсім адразу.

Але тэхналёгія тады дзейсная, калі абслугоўвае нейкую ідэю — без ідэі яна мёртвая. Якія ідэі былі ў аб’яднанай апазыцыі, акрамя абстрактнай дэмакратыі? Фактычна ніякіх. Як вынік усё выглядала рафінавана і штучна, несапраўдна, непераканаўча", — напісаў Раман Стасэвіч з Магілеву.

Вашае, спадар Раман, цьверджаньне наконт таго, што апазыцыя ахвяравала інтарэсамі Беларусі, усё ж, па-мойму, не зусім справядлівае. Апазыцыя імкнецца выкарыстоўваць розную тактыку, і гэта зразумела. Іншая рэч, што не заўсёды зьмена тактыкі прыносіць плён, як, для прыкладу, не апраўдала сябе выкарыстаньне некаторых пазычаных палітычных тэхналёгіяў у часе нядаўняй выбарчай кампаніі, што вы слушна заўважаеце.

Трывожнае паведамленьне даслаў нам школьнік Іван Пінчук зь мястэчка Ўзда Менскай вобласьці. Вось урывак зь ягонага ліста:

"Пішу вам пасьля некаторых ваганьняў. Я — вучань дзясятай клясы. Мяне вельмі моцна абурае тое, што робяць з нашай мовай настаўнікі і ўсе, хто зьвязаныя так ці інакш са сфэрай адукацыі. Усе яны — расейцы, называюць беларускую мову калгаснай і лічаць брыдкім весьці свае прадметы па-беларуску. Нягледзячы на тое, што вучні ня хочуць быць маскалямі. Хоць, на вялікі жаль, такіх дзяцей, якія гатовыя сказаць пра гэта праўду, няшмат.

У нашай клясе 22 вучні, зь іх 6 хлопцаў. Дык вось, некаторыя настаўнікі прапанавалі нам весьці свае ўрокі на расейскай мове. Большасьць — усе дзяўчаты і адзін хлопец — пагадзіліся з гэтым. Маю спробу даказаць, што гэта няправільна, яны дружна адхілілі, сказаўшы, што большасьць ня хоча навучацца на нашай мове, абразіўшы мяне ўсімі словамі, якімі толькі магчыма. На маім баку было, на жаль, толькі чатыры чалавекі.

Далай-Лама сказаў: "Пытаньні маральнасьці павінны вырашацца не бальшынёю, а душою". Мне хочацца спадзявацца, што калі-небудзь яны гэта зразумеюць", — напісаў дзесяціклясьнік з Узды Іван Пінчук.

Паводзіны такіх настаўнікаў, відавочна, абуральныя і супярэчаць ня толькі маральным прынцыпам, але і закону, бо справа, як можна зразумець з вашага, Іван, ліста адбываецца ў беларускамоўнай школе.

На жаль, чыноўнікі ад адукацыі глядзяць на гэта скрозь пальцы — беларуская мова ня мае ні дзяржаўнай абароны, ні падтрымкі.

Што рабіць у такой сытуацыі вам, Іван? Я згадваю ўласныя школьныя гады — гэта канец 1970-х – пачатак 1980-х. Школа, у якой я вучыўся, была беларускамоўная, але некаторыя настаўнікі (асабліва маладзейшыя) таксама прапаноўвалі нам, вучням, выкладаць па-расейску. Маўляў, усё роўна ўсе ВНУ расейскамоўныя — вам жа будзе прасьцей.

Адкрыта мы, вучні, не пратэставалі, але на справе працягвалі адказваць на такіх уроках па-беларуску — бо падручнікі ж былі на беларускай мове. І настаўнікі мусілі з гэтым зьмірыцца. А справа адбывалася таксама ў зусім не спрыяльны для Беларушчыны час.

На заканчэньне — ліст ад Ніны Ярмалінскай з Салігорску. Яна піша:

"26-га кастрычніка пачула па Радыё Свабода ліст Казіміра Нарковіча зь Берасьця. Катэгарычна ня згодная са спадаром Казімірам. Я слухаю Свабоду штодня, зь некаторымі журналістамі мела магчымасьць пазнаёміцца асабіста. І ў мяне дагэтуль самыя добрыя ўражаньні.

Каб пераканацца ў тым, што паведамленьні Радыё Свабода праўдзівыя і аб’ектыўныя, дастаткова цьвяроза зірнуць на сёньняшнюю беларускую сытуацыю. Улада цалкам у руках аднаго чалавека — Лукашэнкі, які растаптаў Канстытуцыю, камандуе судзьдзямі, пазбавіў улады парлямэнт, манапалізаваў сродкі масавай інфармацыі. За гады кіраваньня Лукашэнкі вынішчалася нацыянальная культура і адукацыя, пазбаўленая дзяржаўнай падтрымкі беларуская мова.

А ці ведаеце вы, спадар Нарковіч, якія сёньня заробкі ў людзей? Вельмі нізкія, наогул мізэрныя. Большасьць прамысловых прадпрыемстваў — банкруты. Людзі месяцамі не атрымліваюць заробку. А ў кожнага ж сем’і. Крыўдна і балюча чуць тых людзей, якія ўпарта не жадаюць гэта заўважаць.

Вядома, пра ўсё гэта маўчаць дзяржаўныя СМІ. Але, дзякуй Богу, ёсьць Радыё Свабода, якое дае аб’ектыўную і поўную інфармацыю пра жыцьцё ў Беларусі", — напісала Ніна Ярмалінская з Салігорску.

Дзякуй, спадарыня Ніна, за словы падтрымкі. Мы лічым патрэбным даваць слова і тым слухачам, якія не падзяляюць нашых поглядаў і ўвогуле крытычна ставяцца да дзейнасьці Свабоды — дзеля аб’ектыўнасьці, дзеля таго, каб людзі ведалі аргумэнты нашых апанэнтаў і самі маглі зрабіць правільныя высновы.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Васіль Пясецкі і Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну і Ўладзімер Рамановіч з Харкава, з Украіны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Валянцін Жданко, Менск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG