Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль Лукашэнка бегае на лыжах і каньках – улады ён нікому не аддасьць…” да іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Многія нашыя слухачы, спрабуючы ў сваіх лістах асэнсаваць тое, што адбылося ў Беларусі 9-га верасьня і што вызначыла далейшы шлях дзяржавы на наступныя гады, схіляюцца да пэсымістычных высноваў. Вось што піша на гэтую тэму Іван Гасьціловіч з Валожынскага раёну:

"У Беларусі цяпер доўга нічога ня зьменіцца. Раней было спадзяваньне на Амэрыку, на Захад. Але цяпер у іх іншыя, больш значныя праблемы, і да Беларусі чарга дойдзе няхутка. Наша балота застанецца нязьменным яшчэ доўгія гады. Пакуль Лукашэнка бегае на лыжах і каньках — улады ён нікому не аддасьць.

Адзіная надзея на Расею. Будзе паступова наладжваць нармальнае жыцьцё яна — вымушаны будзе падладжвацца пад яе і Лукашэнка. Больш яму баяцца няма каго. А што да беларусаў, то апошнія больш-менш дэмакратычныя выбары ў іх былі ў 1994-м годзе. І тады яны самі, уласнымі рукамі прагаласавалі за тое, каб свабодных выбараў тут яшчэ доўга не было", — напісаў Іван Гасьціловіч з Валожынскага раёну.

Гэтую думку, спадар Іван, падзяляюць многія. Па-мойму, абумоўленая яна ў значнай ступені тым, што апазыцыя за сем апошніх гадоў ня здолела атрымаць па сутнасьці ніводнай значнай палітычнай перамогі, і ў грамадзкай сьвядомасьці склаўся стэрэатып Аляксандра Лукашэнкі як палітыка, які ўладу сумленным шляхам не аддасьць.

Але заставацца нязьменным рэжым Лукашэнкі ня здольны. Справа ня толькі ў тым, што імклівыя зьмены адбываюцца ў Расеі, якая мае вялікі ўплыў на Беларусь. Імкліва мяняецца сьвет наўкол. Заставацца ў Эўропе геаграфічна, але рухацца ў адваротны ад яе бок цывілізацыйна — наўрад ці магчыма. Самаізаляцыю магла б сабе дазволіць хіба што вялікая і багатая краіна.

Цікавы ліст на гэтую ж тэму даслала нам Лілія Бяльковіч з Горадні. Яна піша:

"Цяпер сярод тых, хто спадзяваўся на зьмены, ледзь не панічны настрой. Маўляў, Лукашэнка застаўся — будзем загніваць і далей. А мне здаецца, Беларусь ня можа больш чапляцца за мінулае, нават пры Лукашэнку. Наша краіна занадта малая, бедная і залежная, каб вынаходзіць уласныя шляхі разьвіцьця і сацыяльна-эканамічныя мадэлі.

У рэжыму Лукашэнкі няма грошай на маштабныя сацыяльныя экспэрымэнты і процістаяньне Захаду. Мне здаецца, неўзабаве мы ўбачым іншага Лукашэнку — апантанага абаронцу незалежнасьці Беларусі і лібэральных каштоўнасьцяў. І чакаць, па-мойму, засталося ня дужа доўга", — лічыць Лілія Бяльковіч з Горадні.

Пагаджуся з вамі, спадарыня Лілія: зьмены зусім магчымыя і верагодныя, хоць ня думаю, што яны будуць вельмі хуткімі й кардынальнымі. Згадаем, што ў 1994-95-м гадах многія таксама чакалі, што неўзабаве ўбачаць іншага Лукашэнку, павернутага тварам да лібэральных каштоўнасьцяў. Нават прыкметы такога павароту тады па першым часе былі. Скончылася ж усё вядома чым.

Домна Лісоўская з латвійскага Даўгаўпілсу піша:

"Паважаныя журналісты Свабоды, вы — мая радасьць. Кожны дзень мой пакой напаўняецца вашымі галасамі, і для мяне гэта стала штодзённай неабходнасьцю.

На жаль, апошнім часам добрых навінаў мала. Слухаю вашы паведамленьні пра тое, як балюча перажывае сьвет трагедыю ў Амэрыцы — і хочацца закрычаць на цэлы сьвет: "Людзі, дзеці Божыя, што ж вы робіце! Ня помсьціце адзін аднаму, не памнажайце зла".

Няхай бы прэзыдэнт Амэрыкі Джордж Буш перш, чым пачынаць вайну, спытаў у папы Яна Паўла ІІ, што рабіць, каб не нарабіць зла яшчэ большага. Бо можа стацца, што з гэтага зачараванага кола мы ня выберамся ніколі", — напісала Домна Лісоўская з Даўгаўпілсу, з Латвіі.

Справа тут, спадарыня Домна, ня толькі ў помсьце, якую вы, як чалавек набожны, хрысьціянка, не прымаеце і асуджаеце. Дараваць бандытам сёньня, захаваць іхныя разгалінаваныя базы, апэляваць толькі да іхнага сумленьня — гэта значыць, асудзіць сьвет на трагедыі яшчэ большыя.

У цывілізаванага сьвету, каб захаваць сябе, спакойнае жыцьцё сваіх грамадзянаў няма іншага выбару, як толькі зьнішчыць злачынцаў, каб засьцерагчыся ад зла яшчэ большага.

Лісты з крыўдамі людзкімі — нязьменная і вялікая частка нашай пошты. Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну згадвае пра тое, як дорага яму каштавала ягоная актыўнасьць у часе выбарчай кампаніі. Ён піша:

"Падчас мінулай выбарчай кампаніі я зьбіраў подпісы за Сяргея Калякіна, якога ведаю асабіста і якому веру. За чатыры дні па вёсках Руда, Лучыцы, Ганевічы, Панач, Забалотнікі, Сіняўка сабраў 140 подпісаў. Сабраў бы і больш, але ў людзей на гэты час пазабіралі пашпарты — мяняць на новыя. А падпісваліся людзі ахвотна.

І вось на шосты дзень пра гэта даведаліся ў райцэнтры. Які тут шум усчаўся. Кінуліся начальнікі ў вёскі, дзе я зьбіраў подпісы, пачалі запалохваць людзей, якія падпісаліся. Маўляў, вы што, ня ведаеце, што Калякін — камуніст, а Кулеш — падманшчык, машэньнік? Калі ня хочаце непрыемнасьцяў, скажыце ў судзе, што хацелі падпісацца за Лукашэнку, а Кулеш вас падмануў.

І вось суды — адзін, другі, трэці... Знайшлі так званых "сьведкаў" — запалоханых, падманутых людзей. Ня мог я на гэта спакойна глядзець. Зрабілася мне кепска, сьціснула сэрца. Увесь пачатак верасьня праваляўся ў шпіталі, перанёс апэрацыю. Потым прымусілі заплаціць штраф.

Дагэтуль не дае мне спакою пакутлівае пытаньне: няўжо людзі гэтага ня бачаць, няўжо яны могуць лічыць такія выбары справядлівымі? А найбольш даймае думка пра тых, так бы мовіць "сьведкаў", якія хлусілі пра мяне на судзе. Хіба можна лічыць іх людзьмі? І няўжо ўласнае сумленьне дасьць ім спакойна жыць пасьля таго, што яны ўчынілі?" — напісаў Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну.

Хлусьлівыя сьведчаньні ў судзе, якія ачарняюць іншага чалавека, зразумела, зьява ганебная і амаральная. Хоць, спадар Кулеш, вы, відаць, і сам ведаеце, як сталі магчымыя такія сьведчаньні — у які стан паставілі мясцовыя начальнікі тых людзей, якія непраўдзіва сьведчылі супраць вас.

Калі не дараваць, то хоць бы часткова зразумець немаладых людзей, штодзённае жыцьцё якіх цалкам залежыць ад калгаснага ды раённага начальства, вы, відаць, можаце.

Ліст ад Міхаіла Калтунова зь вёскі Камень Валожынскага раёну. Ён піша:

"Жыву толькі тады, калі слухаю вашу станцыю. Але я не пра тое. Я — звычайны просты чалавек, бялю фэрмы ў калгасах. І выгляд у мяне — звычайны выгляд беларуса, вечнага раба і працаўніка. Гэта на нашых шыях вісяць сотні й тысячы спэцназаўцаў, міліцыянтаў, чыноўнікаў, якія бароняць гэты рэжым. І паспрабуй знайсьці на іх управу".

Спадар Калтуноў ня першы год спрабуе абскардзіць дзеяньні міліцыянтаў, якія без належнага дазволу ўварваліся ў ягонае жытло і правялі ператрус. Але ўсё безвынікова. Ён паведамляе:

"Учора быў з гэтай нагоды ў рэспубліканскай пракуратуры. Дык чыноўнік у 121-м кабінэце нават адмовіўся прыняць у мяне заяву. Ня ўзяў, і ўсё тут. Для мяне відавочна: і міліцэйскія ўварваньні ў жыльлё, і ператрусы, і гвалт над людзьмі — гэта наша штодзённасьць. А пракуратура заплюшчвае на гэта вочы, бо і яна сама частка гэтай сыстэмы", — напісаў Міхаіл Калтуноў зь вёскі Камень Валожынскага раёну.

Такую выснову, дарэчы, робяць аўтары многіх расповедаў пра сваё шматгадовае змаганьне з чыноўнікамі з нагоды той ці іншай праблемы.

На заканчэньне — ліст ад Алеся Шпакоўскага з бэльгійскага гораду Гіла. Ён піша:

"Як мне бачыцца, дэмакратызацыя Беларусі — гэта ў вялікай ступені барацьба, разьвіцьцё пэрсанальнай свабоды і сьветапогляду. Дапамажыце пэрсоне стаць асобай, пераадолець страх, няўпэўненасьць у сабе, разбурыць культурны бар'ер, каб самому не выяжджаць зь Беларусі. Агучце ідэю вывучэньня, напрыклад, ангельскай мовы настолькі, каб пісаць кнігі, вершы, песьні й прыцягваць такім чынам грошы на Беларусь (а заадно адцягваць людзей ад расейшчыны).

Лукашэнка без Расеі не ўстаяў бы і першага тэрміну…" — напісаў Алесь Шпакоўскі з Бэльгіі.

Дзякуй вам за прапановы, Алесь. Уласна, дзеля гэтай мэты — станаўленьня асобы свабоднай, самастойнай, адказнай за сябе і за грамадзтва — мы працавалі й працуем. Што да ідэі вывучэньня ангельскай мовы, то яна, уласна, і ня мае вялікай патрэбы ў лішнім агучваньні — настолькі яна відавочная.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

XS
SM
MD
LG