Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ісламістаў трэба адгарадзіць ад цывілізаванага сьвету новай бэрлінскай сьцяной…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Пасьля 11 верасьня амаль у кожным лісьце ў нашай рэдакцыйнай пошце так ці інакш узгадваецца тэма наступстваў выбухаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне, ахвярамі якіх сталі больш як 5 тысяч чалавек.

Ці здольны сьвет эфэктыўна адказаць на гэты выклік злачынцаў? Якой павінна быць помста за ўчыненае тэрарыстамі, і ці магчыма адолець міжнародны тэрарызм з дапамогай толькі сілы?

Адказы нашых слухачоў на гэтыя пытаньні разнастайныя і часта супярэчлівыя. Вось што піша настаўнік з Валожыну Міхаіл Жарнасек:

"Няўжо амэрыканцы спадзяюцца, што тэрарыстаў можна спыніць бомбамі ды ракетамі? Няхай уважліва вывучаць досьвед расейцаў. Чым з большай жорсткасьцю фэдэральныя войскі бамбавалі чачэнскія паселішчы ды праводзілі "зачысткі", тым больш крывавымі рабіліся тэрарыстычныя акцыі ў мірных расейскіх гарадах. Бамбаваньні толькі справакуюць новую хвалю тэрарызму, абараніцца ад якога надзвычай цяжка.

На маю думку, ісламістаў трэба проста адгарадзіць ад цывілізаванага сьвету. Калі хочаце, пабудаваць новую "бэрлінскую сьцяну", толькі на поўдні. Няхай яна называецца "арабская" ці "ісламская". Навошта такая дэмакратыя, калі яна ня можа абараніць тысячы ні ў чым не вінаватых людзей ад фанатыка-ісламіста?

Куды больш разумна было б проста ізаляваць ісламскія дзяржавы ад Эўропы і Амэрыкі, увогуле не пускаць іх сюды — няхай сабе жывуць як хочуць і не замінаюць жыць астатнім. Цывілізацыі тысячы гадоў былі адасобленыя натуральнымі межамі — вялікімі адлегласьцямі і геаграфічнымі перашкодамі. І ня трэба іх аб'ядноўваць цяпер — усё роўна яны ніколі ня знойдуць паразуменьня", — лічыць настаўнік з Валожыну Міхаіл Жарнасек.

Ня думаю, спадар Міхаіл, што гэтую ідэю магчыма ажыцьцявіць. Нават у сярэднявечча кітайцы ня здолелі адгарадзіцца ад нападаў сваёй Вялікай сьцяной, што расьцягнулася на тысячы кілямэтраў. Што ўжо казаць пра наш час, калі адлегласьці для чалавецтва шматкроць скараціліся, а краіны сталі такімі залежнымі адна ад адной — і эканамічна, і палітычна.

Для прыкладу, як сёньня можа Захад абысьціся без арабскай нафты і азіяцкіх рынкаў? Гэтак сама Ўсход у шчыльнай залежнасьці ад заходніх тэхналёгіяў, інвэстыцыяў. Да таго ж мільёны арабаў, афганцаў, пэрсаў ужо сёньня жывуць на Захадзе.

Аляксей Малей зь Менску лічыць, што вайна з тэрарызмам, якую зьбіраюцца распачаць Злучаныя Штаты, будзе кардынальна адрозьнівацца ад вайны, якую вядзе ў Чачэніі Расея. Ён піша:

"Бандыты разумеюць толькі сілу і падпарадкоўваюцца толькі сіле. Мяне вельмі ўразіла, як згуртаваўся амэрыканскі народ пасьля тэрарыстычных атак. Добраахвотнікі запісваюцца ў войска, паўсюль нацыянальныя сьцягі, чэргі ахвотных здаць кроў для ахвяраў…

Такую нацыю немагчыма перамагчы. У злачынцаў будзе гарэць зямля пад нагамі. І любы разумны чалавек будзе на іхным баку. Бо яны змагаюцца і за нас. Дай бандытам волю — заўтра яны захопяць цэлыя дзяржавы, як зрабілі ў Афганістане, а потым будуць трымаць у страху цэлы сьвет, шантажуючы, напрыклад, тым, што ўзарвуць якую-небудзь атамную электрастанцыю…

Любы чалавек, які паважае сябе, пасьля таго, як у ягоны дом уварваўся бандыт і зьнішчыў самых блізкіх яму людзей, абавязаны ўзяцца за зброю.

Расея таксама спрабавала адпомсьціць за свае ахвяры чачэнцам. Але на вайну яна паслала бязвусых неабучаных хлопчыкаў, да таго ж кепска ўзброеных, паўапранутых, дэмаралізаваных. Амэрыка пасылае на вайну прафэсійных вайскоўцаў, якія ведаюць за што ваююць, і ведаюць, што дзяржава дасьць ім усё неабходнае. Яны будуць ваяваць на сучасных зьнішчальніках і авіяносцах. Таму гэтая вайна кардынальна адрозьніваецца ад той, якую вядзе ў Чачэніі Расея.

І я веру ў перамогу амэрыканцаў, бо гэта будзе ня толькі іхная перамога, але перамога ўсёй заходняй цывілізацыі над усходнім дэспатызмам, дзікунствам і фанатызмам", — напісаў Аляксей Малей зь Менску.

Думаю, Аляксей, што ваш настрой і вашае стаўленьне да гэтай праблемы падзяляюць мільёны людзей ва ўсім сьвеце, якія былі ў жаху ад убачанага 11 верасьня. Хоць адначасова многія ўсьведамляюць, наколькі важна, караючы вінаватых, не пакараць бязьвінных. Інакш кажучы, не памножыць зло, бо гэта можа прывесьці да зла яшчэ большага.

А небясьпека эскаляцыі тэрору, пра якую пісаў Міхаіл Жарнасек, чый ліст мы цытавалі вышэй, сапраўды, існуе. І пра гэта ведаюць тыя, хто працуе цяпер над плянамі апэрацыі супраць тэрарыстаў.

Крыху нечаканы погляд на трагічныя падзеі ў ЗША — у нашага сталага слухача Ўладзіслава Жыгалкі зь Менску. Ён піша:

"Выбухі ў Амэрыцы найбольш выкарыстаў у сваіх мэтах рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Яны адцягнулі ўвагу міжнароднай супольнасьці ад несумленнай перамогі Лукашэнкі над народам Беларусі. Дый многія прыхільнікі Лукашэнкі між сабой радуюцца таму, што адбылося ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, бо гэтак, як яны ненавідзяць Амэрыку, яе ніхто не ненавідзіць".

Па-мойму, спадар Жыгалка, ня надта слушная вашая выснова наконт таго, што Лукашэнку ўдалося нейкім выйгрышным для сябе чынам выкарыстаць гэтую сытуацыю. Так, беларуская праблема на нейкі час адышла на другі план, але гэта зусім не азначае, што Захад зьменіць сваё стаўленьне да выбараў у Беларусі альбо забудзецца пра тое, якім чынам Лукашэнка дамогся сваёй перамогі.

Многія слухачы пішуць на тэму выбараў — распавядаюць пра тое, як адбывалася галасаваньне 9 верасьня, якім чынам выбарчыя камісіі лічылі бюлетэні, як улада дамаглася патрэбнага для сябе выніку. Вось якімі назіраньнямі дзеліцца Іван Антановіч зь Менску. Ён піша:

"Мой знаёмы быў назіральнікам ад Свабоднага прафсаюзу на выбарчым участку ў Партызанскім раёне Менску, у Сьляпянцы. Па ягоным расповедзе асабіста ў мяне не засталося ніякага сумневу ў тым, што вынікі выбараў сфальшаваныя.

Пакуль людзі галасавалі, усё як быццам было ў парадку. Але, як скончылася галасаваньне, пачалося самае галоўнае. Назіральнікаў не дапусьцілі да стала, дзе лічылі бюлетэні, бліжэй чым на 15-20 мэтраў. І ўсё ж ён даведаўся, у які стос складалі бюлетэні за Ганчарыка, і бачыў, што гэты стос самы вялікі. Але тут старшыня камісіі кудысьці патэлефанаваў, пасьля чаго ўся камісія, забраўшы бюлетэні, пайшла ў іншы пакой, куды нікога не пускалі. Пасьля гэтага назіральнікам вынесьлі пратакол, паводле якога за Лукашэнку прагаласавалі 8% выбарцаў, а за Ганчарыка — толькі 9%.

А тым, хто ўваходзіў у камісію, напрыклад, ад электрамэханічнага заводу імя Казлова, выдалі прэміі, аплацілі дні і далі адгулы. Яны і радуюцца — прадаліся за мізэрныя падачкі, падпісалі ліпавыя пратаколы…" — напісаў Іван Антановіч зь Менску.

Адметна, што ніхто з гэтых людзей, што ўваходзілі ў камісіі, не абураўся, што яго ўцягнулі ў злачынства. Адбылося гэта, на маю думку, таму, што пэрсанальны склад камісіяў жорстка адбірала ўлада — пераважна з тых асобаў, якія праводзілі выбары яшчэ пры Брэжневе. Як ні дзіўна, многія з гэтых людзей упэўненыя, што маніпуляцыі зь бюлетэнямі ня ёсьць злачынствам, што гэта проста такая гульня ў выбары, у якую яны пры савецкай уладзе заўсёды гулялі і з таго часу ўспрымаюць як нешта натуральнае.

Ліст ад Алеся Цадко з Маладэчна — таксама пра выбары. Ён піша:

"Гэтыя выбары нагадалі мне рэфэрэндум 1996-га году. Такія ж цынічныя, нахабныя фальсыфікацыі. Тое, што так здарыцца, было заўважна яшчэ некалькі месяцаў таму, калі пачалі фармавацца выбарчыя камісіі. Маё прозьвішча ня трапіла ў склад ніводнай зь іх, хаця дакумэнты мы аформілі бездакорна і падалі іх першымі. Такі ж лёс напаткаў і большасьць маіх паплечнікаў па дэмруху.

А хлусьлівыя дзяржаўныя СМІ, якія вылепілі з Лукашэнкі на руінах разваленай беларускай эканомікі гэткага дбайнага гаспадарніка і апекуна абяздоленых? Ілюзорнымі аказаліся спадзяваньні на падтрымку Расеі, на яе мэдыі, на ўласную намэнклятуру…Ды і кандыдатура Ганчарыка выглядала, мякка кажучы, ня надта… Не зусім натуральна, што яго падтрымлівала, напрыклад, Партыя БНФ".

Алесь Цадко таксама лічыць, што апазыцыя павінна ўлічыць досьвед гэтай кампаніі. Зноў цытую ягоны ліст:

"Будзе недаравальна, калі цяпер, пасьля такога цяжкога і зацяжнога аб’яднаньня дэмсілаў яны зноў перасварацца і разьбягуцца па кутках. Гэта выгадна толькі ўладзе. Наадварот, на гэтай бядзе трэба стварыць шырокі антылукашэнкаўскі, незалежніцкі рух.

Мясцовыя дэмакратычныя структуры (ці, прынамсі, іх кіраўніцтва) у гэтых умовах павінны перайсьці на прафэсійную аснову. Хопіць аматарства. Інакш гэты хамскі рэжым будзе ўладарыць на нашай зямлі яшчэ не адзін прэзыдэнцкі тэрмін".

Свае высновы на падставе назіраньня за выбарчай кампаніяй зрабіў і наш слухач М., які піша:

"На маю думку, Лукашэнка не дамогся галоўнага для сябе — ягоную перамогу Захад не прызнаў, і ён толькі яшчэ больш запляміў сябе ў вачох цывілізаваных лідэраў. Вядома, мы расчараваныя, што не ўдалося пазбавіцца ад дыктатуры. Але ж і так амаль усе ўсьведамлялі, што вынікі выбараў Лукашэнка, маючы неабмежаваную ўладу, сфальшуе.

А досьвед выбарчай кампаніі для дэмакратычных сілаў вельмі каштоўны. Па-першае, удалося аб’яднаць праціўнікаў дыктатуры; па-другое, значная частка насельніцтва пераканалася ў неабходнасьці і магчымасьці барацьбы супраць самаўладзтва; па-трэцяе, апазыцыя выкарыстала гэты момант дзеля шырокага інфармаваньня сьвету пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі.

А вось Уладзімер Пуцін сваім прызнаньнем перамогі Лукашэнкі паказаў свой сапраўдны твар. Гэтым ён здрадзіў ня толькі Беларусі, але і Расеі", — лічыць наш слухач М. зь Менску.

Увогуле, расчараваньне, якое выразна гучыць амаль ва ўсіх лістах на тэму выбараў, згладжанае ўсьведамленьнем таго, што барацьба за дэмакратычныя каштоўнасьці працягваецца і што спадзяваньне на перамогу ў сёньняшніх беларускіх умовах было ўсё ж заўчасным і неабгрунтаваным. І галоўнае, што можа зрабіць сёньня апазыцыя — не паўтараць ранейшых памылак.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Топаль зь Берасьця, Андрэй Валошка са Смаргоні, Юры Азьвяронак і Вячаслаў Куніцкі зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG