Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Посахаў паабяцаў за кожным незалежным назіральнікам паставіць міліцыянта…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Большасьць слухачоў, якія пішуць нам у гэтыя апошнія перад выбарамі дні, ужо вызначыліся, за каго аддадуць свае галасы 9 верасьня. Ёсьць, аднак, і тыя, хто ўвогуле не зьбіраецца ісьці на выбарчыя ўчасткі. Чаму? Вось як патлумачыла сваю пазыцыю настаўніца Алена Бацян са Слонімскага раёну. Яна піша:

"Агідна слухаць, як улада пахваляецца сваімі так званымі "посьпехамі". Ды за сем гадоў іншыя дзяржавы ўставалі на ногі пасьля разбуральных войнаў. А мы? Як сем гадоў таму маёй настаўніцкай зарплаты не ставала, каб пракарміць сям'ю, так і цяпер не стае.

Усе гэтыя гады Беларусь тапталася на месцы. Грошы ўбухалі ў лядовыя палацы, разьлічаныя невядома на каго, у гульбішчы, базары ды дажынкі, а вясковыя дзеці круглы год ходзяць на заняткі ў гумавых ботах ды харчуюцца адной бульбай.

Крыўдна, але нічога ня зьменіцца і пасьля 9-га верасьня. Я ўжо сёньня магу сказаць, якія вынікі галасаваньня будуць у нашым калгасе: за Лукашэнку — ня менш як 80 адсоткаў галасоў. Таму на выбары я ўвогуле не пайду: не хачу ўдзельнічаць у гэтым фарсе і псаваць уласныя нэрвы", — напісала нстаўніца Алена Бацян са Слонімскага раёну.

Так, Алена, ігнараваць выбары — гэта таксама пазыцыя, якую падзяляе нейкая частка грамадзтва. Але як тады можна спадзявацца на зьмены ў грамадзтве, на тое, што ў вашай школе ня будзе паўгалодных і паўапранутых дзяцей, што ўрэшце пачнуцца станоўчыя зьмены ў эканоміцы і настаўнікі перастануць быць жабракамі?

Якім іншым законным і цывілізаваным чынам могуць адбыцца гэтыя зьмены, як ня шляхам выбараў? А вынікі выбараў тым цяжэй будзе сфальшаваць тым, хто мае такія злачынныя намеры, чым больш людзей прыйдзе на ўчасткі, каб выказаць сваю волю.

Ніна Пятруліна зь Менску падзялілася сваімі ўражаньнямі ад перадвыбарчай сустрэчы памочніка Лукашэнкі палкоўніка Посахава, які 15 жніўня выступаў перад вэтэранамі ўзброеных сілаў. Спадарыня Пятруліна піша:

"Палкоўнік Посахаў лаяў усіх кандыдатаў, апроч Лукашэнкі. Казаў, што ва Ўкраіне, у Расеі, Грузіі, паўсюль эканамічная сытуацыя вельмі кепская, а вось у Беларусі, паводле ягоных словаў, становіцца ўсё лепш.

Незалежным назіральнікам за выбарамі паабяцаў, што за кожным зь іх будзе стаяць міліцыянт, і на вуліцах людзям не дазволяць зьбірацца, каб не было так, як у Югаславіі. А калі хто заўважыць што-небудзь падазронае — то трэба даносіць уладам.

А потым з залі падняўся нейкі адстаўнік і пачаў абурацца рэдактарам газэты "Советская Белоруссия". Маўляў, гэтага Паўла Ізраілевіча Якубовіча прэзыдэнт аблашчыў, а ён што сабе дазваляе? Гэты адстаўнік прааналізаваў падшыўку газэты за апошнія два гады і прыйшоў да высновы, што Павал Якубовіч — таемны апазыцыянэр і вораг. Посахаў сказаў, што яны з гэтым разьбяруцца", — распавяла ў сваім лісьце Ніна Пятруліна зь Менску.

Вы, спадарыня Ніна, апісалі тыповы эпізод перадвыбарчай агітацыі за Лукашэнку. Сустракацца Лукашэнкавы чыноўнікі стараюцца з той публікай, дзе лішніх і нязручных пытаньняў не задаюць — сельсаветчыкамі, дробнымі чыноўнікамі, актывістамі БПСМ. Адстаўнікі таксама лічацца апірышчам цяперашняй улады.

Але, бачыце, нават сьціплыя праявы лібэралізму, якія дапускае ў сваёй газэце цалкам адданы Лукашэнку Павал Якубовіч, гэтай публікай успрымаюцца вельмі варожа. Хоць і ўсяго лібэралізму — тое, што сп. Якубовіч часам не прымаў да друку прымітыўныя панэгірыкі Лукашэнку ці такія ж прымітыўныя праклёны на адрас апазыцыі.

Былы афіцэр cавецкай арміі, а цяпер вартаўнік Іван Невідомы з украінскага Львова піша:

"Падчас дзяжурстваў я часта слухаю голас вашай Свабоды. І да чаго ж млосна чуць вашую хлусьню пра жыцьцё ў Беларусі, — нібы там усіх замардавалі Лукашэнкавымі законамі. Ды тых брахуноў, якія бунтуюць народ, і трэба лавіць і праводзіць зь імі прымусова-выхаваўчую працу ў пэўным месцы.

Калі ў Беларусі яшчэ застаўся парадак, дык гэта дзякуючы Лукашэнку. Калі з Украіны едуць у Беларусь на заробкі — дык гэта ж пра нешта сьведчыць. Яны ж едуць са свабоднай "самостійной" Украіны, дзе, як вы перадаяце, людзі жывуць свабодна, гандлююць свабодна і зарабляюць добра… А на нашых базарах да таго ж украінцы гандлююць беларускім кефірам, сьмятанай, маслам. Не-не, ды мільгне і яшчэ што-небудзь беларускае — з адзеньня.

Лічу, што пасьля развалу СССР эканоміка ў Беларусі ў параўнаньні з нашай "самостіійной" на сто адсоткаў вышэйшая. Возьмем Львоў. Працуе на 30 адсоткаў адзін аўтобусны завод. Астатнія заводы некалі саюзнага значэньня — тэлевізійны "Электрон", завод "Аўтапагрузчык", два ваенныя заводы — стаяць. Усё наўкол раскрадаецца, абсталяваньне здаюць на мэталалом, а дырэктары сядзяць і нічога ня бачаць".

Спыню на гэтым цытаваньне ліста былога афіцэра Івана Невідомага з украінскага Львова дзеля некалькіх заўвагаў. Гандаль таннымі беларускімі сьмятанай ды маслам — гэта, спадар Іван, назіраньні хоць і зь недалёкай, але гісторыі — з таго часу, калі рэжым Лукашэнкі ўсяляк упарціўся лібэралізацыі цэнаў і калі яшчэ заставаліся параўнальна вялікія грошы на фінансаваньне стратных калгасаў.

Сёньня ўжо не зь Беларусі, а ў Беларусь вязуць расейскія масла, каўбасы, піва, нават малако і хлеб. У Расеі яны таньнейшыя. Усьлед за рынкам харчаваньня Беларусь сёлета імкліва губляе расейскі рынак мэблі, тэлевізараў, халадзільнікаў.

Тая нібыта перавага беларускіх таваравытворцаў, якая дасягалася за кошт таннай працоўнай сілы (а фактычна — жабрацкіх заробкаў беларусаў) скончылася. Беларусь толькі ўваходзіць у хваравіты пэрыяд вымушанай трансфармацыі эканомікі, які суседнія краіны ўжо перажылі.

А наконт таго, што трэба лавіць тых, хто, як вы пішаце, "бунтуе народ", і праводзіць зь імі "выхаваўчую працу ў пэўным месцы" — тут, спадар Іван, вашую пазыцыю беларускія ўлады цалкам падзяляюць. Праўда, гэтая пазыцыя ня мае нічога агульнага ні з дэмакратычнымі прынцыпамі, ні з правам чалавека на свабоду поглядаў і адкрытае іх выказваньне.

Напрыканцы Іван Невідомы піша:

"Лукашэнка для Захаду — костка ў горле. У МВФ не пазычае, трымае сябе зь імі нароўні, што ім вельмі не падабаецца. Захад з Гарбачовым развалілі СССР — вялікую краіну, якую Захад не паважаў, але баяўся. А цяпер нікога не баіцца і не паважае.

…Наконт замежных назіральнікаў. А ці шмат было беларускіх назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША? Дык чаму на выбарах у Беларусі павінны быць заходнія назіральнікі?" — пытаецца Іван Невідомы зь Львова.

Беларускім назіральнікам на выбары ў ЗША дарогу ніхто не закрываў, спадар Іван. Іншая рэч, што дэмакратычнасьць дзяржаўнага ўладкаваньня Злучаных Штатаў, справядлівасьць і роўнасьць выбараў, якія там праводзяцца, мала ў каго ў сьвеце выклікаюць сумнеў.

А беларускай уладзе яшчэ належыць даказаць сьвету, што яна ўмее жыць паводле цывілізаваных правілаў. Бяз доказу гэтага нельга разьлічваць ні на сяброўства ў эўрапейскіх арганізацыях, ні на заходнюю эканамічную дапамогу.

На заканчэньне — ліст ад Івана Бякасава зь Менску. Ён піша:

"Якім павінен быць наш наступны прэзыдэнт? Па-мойму, галоўнае, каб ён гарантаваў усім роўныя правы, і найперш права грамадзянаў на абарону ў судах. Цяпер жа такога права ў беларускіх грамадзянаў няма".

Гэтую сваю выснову Іван Бякасаў зрабіў на падставе ўласнага досьведу. З 1976 году ён праз суд дамагаўся экспэртызы, якая б даказала, што ня ён бацька дзіцяці, на якое яго вымусілі плаціць алімэнты. Урэшце толькі праз дваццаць гадоў такую экспэртызу правялі і выявілі, што ён меў рацыю, але ў вяртаньні грошай суд яму адмовіў.

Дваццацігадовы досьвед змаганьня вымусіў спадара Бякасава прыйсьці да такой высновы:

"Уся дзяржаўная сыстэма ў Беларусі пабудаваная такім чынам, каб шараговы грамадзянін нідзе і ніколі ня змог дамагчыся справядлівасьці. Гэта ўсё адгалоскі сталінізму".

Адметна тое, як Іван Бякасаў шукаў справядлівасьці ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Спачатку напісаў ліст на імя Лукашэнкі. Нехта спадарыня Бондарава з рэзыдэнцыі прэзыдэнта ліст яму вярнула, напісаўшы, што гэта ня ёсьць кампэтэнцыяй Лукашэнкі. Тады Іван Бякасаў пайшоў да Лукашэнкі на прыём. Нейкі чыноўнік з аддзелу зваротаў грамадзян пачаў яго дакараць, — маўляў, сам вінаваты, навошта зьвязаўся з той жанчынай, якая дамаглася ад цябе алімэнтаў на чужое дзіця. Трэці зварот у рэзыдэнцыю — і гэтым разам ліст з пракуратуры — з загадам спыніць далейшую перапіску з рэзыдэнцыяй прэзыдэнта.

"У тым, што я дагэтуль не магу вярнуць свае грошы, вінаватая толькі ўлада, — піша на заканчэньне Іван Бякасаў. — А калі прэзыдэнт ня можа навесьці парадак ва ўладзе, то такога прэзыдэнта трэба пераабіраць".

У ідэале, спадар Бякасаў, усё ж кропку ў вашай справе павінен ставіць толькі суд. Іншая рэч, што ўсе гэтыя больш як дваццаць гадоў вашага бясплённага змаганьня дзяржаўная сыстэма ў Беларусі была пабудаваная такім чынам, што суд ня быў вырашальным і заключным зьвяном у любой спрэчцы.

Раней ён, суд, цалкам залежаў ад абкаму ці ЦК кампартыі, цяпер гэтак жа залежыць ад чыноўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта. Адпаведна і людзі шукаюць справядлівасьці ў таго, хто падпарадкаваў сабе суды. І ці даводзіцца зьдзіўляцца, што справядлівасьці там не знаходзяць.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Сяргей Магонаў з Кобрыну і Іван Бутля зь Віцебску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


XS
SM
MD
LG