Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падпісацца за Пазьняка значыла рызыкаваць…” ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Чым бліжэй дзень 9-га верасьня, тым больш у нашай пошце лістоў ад людзей, якіх непакоіць сытуацыя вакол адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Многія задаюць пытаньне: чаму, нягледзячы на тое, што імя адзінага кандыдата вызначанае, згоды ў камандах Уладзімера Ганчарыка і Сямёна Домаша не адчуваецца.

Своеасаблівым адказам на гэтае пытаньне можа быць ліст Сьвятланы Красікавай з Буда-Кашалёва, якая распавяла, у якой двухсэнсоўнай сытуацыі апынуліся тыя, хто зьбіраў подпісы за Сямёна Домаша. Яна піша:

"З аднаго боку, я згодная зь неабходнасьцю вылучэньня адзінага кандыдата, але з другога — я і такія як я апынуліся ў няёмкім становішчы. Калі я зьбірала подпісы, то ўсім распавядала, які Сямён Домаш цудоўны чалавек, што толькі зь ягонай эканамічнай праграмай Беларусь здольная выйсьці зь цяперашняга становішча. І што мне рабіць цяпер? Казаць тое ж, але ўжо пра Ганчарыка? Ці маральна гэта, ці не крывадушна?

Калі зьбірала подпісы, то для сябе выявіла: большасьць людзей з выбарам ня вызначыліся. Здаецца, і за Лукашэнку галасаваць ня хочуць, а іншых кандыдатаў ня ведаюць (я маю на ўвазе раёны, далёкія ад Менску). І вось кагосьці мы пераканалі галасаваць за Домаша. І што цяпер? Тлумачыць чалавеку, далёкаму ад палітыкі, чаму ён павінен зьмяніць сваё рашэньне? Але большасьць людзей у такім выпадку вырашаць, што іх проста чарговы раз хочуць ашукаць. І ў выніку ня выключана, што яны ці ўвогуле ня пойдуць на выбары, ці прагаласуюць за Лукашэнку. Бо для такіх людзей больш зразумела тое, што гавораць па БТ, чым тактыка апазыцыі зь ейным вылучэньнем "пяцёркай адзінага кандыдата"

У такой сытуацыі Сьвятлана Красікава з Буда-Кашалёва бачыць адзінае выйсьце: палітыкі павінны цяпер выпрацаваць тактыку, як сябры ініцыятыўных групаў павінны паводзіць сябе, каб прыгожа, не губляючы твару, выйсьці з гэтай сытуацыі.

Ня думаю, Сьвятлана, што тут неабходная нейкая адмысловая і ўнівэрсальная тактыка. Сытуацыя даволі відавочная — у тым ліку і для людзей, якія ня дужа цікавяцца палітыкай. Трэба казаць праўду пра тое, што адбылося.

І калі ня будзе непаразуменьняў і супярэчнасьцяў паміж самімі двума гэтымі палітыкамі, большасьць выбарцаў, якія падтрымлівалі Домаша, думаю, лёгка зарыентуюцца пасьля таго, як Домаш сыдзе з дыстанцыі. Што да маральнага дыскамфорту актывістаў з каманды Домаша, то што ж, тут справа маральных прынцыпаў і асабістага выбару кожнага — ці працягваць працу ў камандзе Ганчарыка.

Ліст ад Яна Эмоцына з Глуску Магілёўскай вобласьці — таксама на тэму выбараў. Спадар Ян піша:

"Я са сваім сябрам Курловічам сабралі за Пазьняка 140 подпісаў і здалі іх у камісію, але нам ніякай даведкі не далі. Мо, "вэртыкальшчыкі" запісалі іх Гайдукевічу ці Лукашэнку?

Зянон Пазьняк, як і раней, карыстаецца аўтарытэтам у Беларусі. Тое, што за яго сабралі 76 000 подпісаў — гэта посьпех. Бо падпісацца за Пазьняка значыла рызыкаваць, што цябе могуць звольніць з працы, што ты набудзеш мянушку "нацыяналіст" ці нават "фашыст". А колькі подпісаў за Пазьняка адкінулі "вэртыкальшчыкі". Ды і ня ўсе, хто хацеў, здолелі за яго падпісацца. Вось мае бацькі зь вёскі Забалоцьце ўсёй душой за Пазьняка, але там ніхто не зьбіраў подпісаў”.

Ян Эмоцын таксама лічыць, што вынікі выбараў прадвызначаныя. Яшчэ адна цытата зь ягонага ліста:

"Лукашэнка нядаўна назваў выбарчую кампанію апазыцыі "мітусьнёй вакол кошыка са сьмецьцем". І гэта сапраўды так. У Лукашэнкі даўно гатовы сцэнар гэтых выбараў. На фінішы застануцца двое — ён і гэтак званая "альтэрнатыва" ў асобе Сяргея Гайдукевіча. Пры такім раскладзе Лукашэнка на 100% атрымае перамогу. А Домаша й Ганчарыка дапусьцілі да пачатку, бо на іх ужо даўно гатовы кампрамат.

Сапраўдным нажом у сьпіну для Лукашэнкі была Натальля Машэрава — кампрамата на яе не сабралі загадзя, а людзі за яе падпісваліся ахвотна. Але Лукашэнка знайшоў, чым яе запалохаць і такім чынам скасаваў галоўную для сябе небясьпеку", — лічыць Ян Эмоцын з Глуску Магілёўскай вобласьці.

Ня думаю, спадар Эмоцын, што які б там ні было кампрамат, што распаўсюдзіць улада, будзе мець вырашальнае значэньне на заключным этапе выбараў. Калі памятаеце, сем год таму штаб Кебіча таксама спрабаваў схіліць шалі на карысьць кандыдата ад улады тым, што пачаў укідваць кампрамат на галоўнага суперніка Кебіча — Лукашэнку. І гэта толькі дапамагло Лукашэнку і паскорыла паразу Кебіча.

Язэп Бульба з Жабінкі Берасьцейскай вобласьці адгукнуўся на нядаўнюю гутарку журналіста Свабоды Сяргея Навумчыка з кіраўніком выбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка Васілём Лявонавым. Ён піша:

"Васіль Лявонаў, калі гаварыў пра свой рух "За новую Беларусь", назваў тры асноўныя мэты: даць людзям волю; зрабіць іх жыцьцё эканамічна нармальным; і — пазбавіць Беларусь ад дыктатуры.

І ніводнага слова пра тое, ці будзе Беларусь незалежнай, ці захавае свой сувэрэнітэт. А гэта ж самае галоўнае, што хвалюе цяпер моладзь і ўсіх людзей, якія хочуць зьменаў.

Аб’яднаньне, да якога заклікае Лявонаў, магчымае толькі на гэтым падмурку. Усё астатняе — падман і пустазвонства.

Шкада, што такі чалавек як Лявонаў узначаліў выбарчы штаб Ганчарыка. Усім памятны час, калі камуністы абяцалі райскае жыцьцё. Але — толькі абяцалі, хоць самі намэнклятуршчыкі жылі пры камунізме. Цяпер яны зноў хочуць туды трапіць, толькі ўжо пад іншымі лёзунгамі", — лічыць Язэп Бульба з Жабінкі.

Ня думаю, спадар Язэп, што вашае абвінавачаньне на адрас Васіля Лявонава справядлівае. Пазыцыя Ўладзімера Ганчарыка адносна захаваньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі зусім пэўная — тое, што Лявонаў не паўтарыў яе, ня значыць, што яе няма ці яна зьмянілася.

Адносна намэнклятурнага мінулага Лявонава… Але сакратаром абкаму партыі быў і Ганчарык. Высокія партыйныя пасады займалі і Бразаўскас, і Краўчук, і Ельцын… Ці выпадае толькі на гэтай падставе абвінавачваць іх у такіх злачынных намерах, пра якія вы пішаце?

Ліст, які прыйшоў электроннай поштай ад Алёны Харлеман з Галяндыі. Яна піша:

"Зь вялікім задавальненьнем і хваляваньнем прачытала на вашым сайце паведамленьне пра тое, што Азэрбайджан пераходзіць на лаціну. Я сама ў марах ужо даўно бачу свабодную Беларусь на чале з адукаваным і прыстойным прэзыдэнтам (такім, як Зянон Пазьняк, напрыклад), адкрытую і зразумелую нашым цывілізаваным суседзям у Эўропе, дзякуючы, між іншым, зразумеламу і знаёмаму альфабэту — нашай лацінцы. Шчыра кажучы, думаю, што гэта не такая ўжо невыканальная задача — пераход на лацінку, пры ўмове, канечне, выкананьня першых дзьвюх.

Пры гэтым я абапіраюся на свой уласны досьвед: на пачатку 1990-х гадоў студэнткай-першакурсьніцай Інстытуту замежных моваў я ўпершыню даведалася, што па-беларуску можна пісаць ня толькі на маскоўскі манер, але і па-эўрапейску. Праз колькі тыдняў дзякуючы нашаму настаўніку беларускай мовы спадару Навіцкаму мы ўжо з захапленьнем пісалі сачыненьні на лацінцы.

Яшчэ ніколі я не сустракала ў друку паведамленьняў на гэты конт. Ці вялася такая дыскусія ў Беларусі ў той час (пра канец 1990-х я ўжо й не пытаюся)", — напісала Алёна Харлеман з Галяндыі.

Дыскусія, сапраўды, вялася, у тым ліку і на нашым Радыё. Даўней лацінскі альфабэт быў вельмі распаўсюджаны ў Беларусі. Лацінкаю напісаныя многія творы беларускай літаратуры, асабліва ў ХІХ-м і на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. Аднак чыноўнікі, ды і многія навукоўцы, мовазнаўцы прапанову пра зьмену альфабэту тады, падчас кароткага моўнага адраджэньня на пачатку 1990-х, успрынялі варожа. Гучаў у асноўным адзін аргумэнт — "нам бы мову выратаваць ды адрадзіць, а лацінкай толькі адаб’ем у людзей цікавасьць да мовы, створым штучныя цяжкасьці".

Тым часам многія былыя савецкія рэспублікі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя хутка і бяз значных цяжкасьцяў перайшлі на лацінку. Гэтак адбылося ў Малдове, Туркмэністане, зараз адбываецца ў Азэрбайджане. А нядаўна пра пераход на лацінку абвесьціла першая з рэспублік Расейскай Фэдэрацыі — Татарстан.

На заканчэньне — ліст ад Уладзімера Феакцістава зь Менску. Ён піша:

"Апраўдваючы ўласную бязьдзейнасьць, мы ўвесь час вінавацім Лукашэнку, апазыцыю, Захад, Крэмль, але толькі не сябе. Чакаем свабоды і незалежнасьці, лепшага жыцьця і дэмакратыі, не высоўваючы носа са сваіх кватэраў.

У Беларусі бясьсьледна зьнікаюць вядомыя палітыкі. Апублікаваныя дакумэнты, якія даказваюць дачыненьне ўлады да гэтага. Першыя асобы не абвяргаюць іх, не ствараюць камісіі дзеля расьсьледаваньня гэтых фактаў.

Чаму, калі Лукашэнка топча ўсё нацыянальнае, у тым ліку і мову, мільён ня згодных зь ім беларусаў не размаўляюць дэманстратыўна па-беларуску, ня носяць на грудзёх ля сэрца нацыянальныя сымбалі?

Выбачайце, калі ласка, даражэнькія мае беларусы, — мяне, расейца з-пад Варонежа, але гэта не памяркоўнасьць і не талерантнасьць, а зусім іншае — баязьлівасьць і халуйства перад уладай.

"Не баяцца і рабіць, што трэба", — гэтыя словы Мікалая Гумілёва, паэта срэбнага веку Расеі, як ніколі актуальныя для грамадзянаў Беларусі ў гэтыя дні, што засталіся да прэзыдэнцкіх выбараў", — напісаў Уладзімер Феакцістаў зь Менску, і пад гэтымі ягонымі словамі, бадай, маглі б падпісацца тысячы і тысячы людзей, якім неабыякава, якой будзе Беларусь пасьля 9-га верасьня.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG