Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мае рацыю Васіль Быкаў, што беларусы яшчэ не дарасьлі да Зянона Пазьняка…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Многія нашыя слухачы сярод асноўных падзеяў апошніх тыдняў вылучылі факт перадачы міжнароднаму суду ў Гаазе былога югаслаўскага дыктатара Слабадана Мілошавіча. Пэнсіянэр Віктар Баранаў з Рагачова Гомельскай вобласьці ў сваім лісьце разважае пра тое, што аб’ядноўвае Мілошавіча і Лукашэнку. Ён піша:

"Аляксандар Лукашэнка заступаўся за Слабадана Мілошавіча тады, калі той аднаасобна кіраваў Югаславіяй, заступаецца за яго і цяпер, калі той паўстаў перад міжнародным судом і будзе адказваць за свае злачынствы. Памятаеце, як Лукашэнка лётаў у Бялград падтрымліваць свайго сябра, колькі было шуму вакол бязглуздай ідэі далучэньня Югаславіі да беларуска-расейскага саюзу? І ўсё гэта аплочвалася з кішэні беднага беларуса.

Размовы пра славянскую еднасьць — занятак марны й шкодны. Тое, што ўсе мы — славяне, яшчэ нічога ня значыць. Знайшлі чым ганарыцца. Маем вялізную тэрыторыю, а распарадзіцца гэтым як сьлед ня можам. Тэхніку, тэхналёгіі, нават многія харчы вымушаныя купляць за мяжой. Бо не хапае розуму жыць як людзі. Так што ня трэба нават зважаць, калі Лукашэнка ва ўсім абвінавачвае Амэрыку і Захад. Ва ўсялякім выпадку, яны разумнейшыя за нас. Мы ў іх вымушаныя вучыцца, а не яны ў нас.

Жадаю беларускім начальнікам паразумнець і не скандаліць з усім сьветам, а мець з цывілізаванымі краінамі нармальныя адносіны", — напісаў Віктар Баранаў з Калінкавічаў.

Узаемнае прыцягненьне Слабадана Мілошавіча і Аляксандра Лукашэнкі было, спадар Віктар, лягічным і зразумелым. У іх падобны стыль кіраваньня, падобныя мэтады ўтрыманьня ўлады. І становішча ў сьвеце, да якога яны прывялі свае краіны, таксама падобнае.

Лёзунгі панславізму для абодвух былі і ёсьць спробай ідэалягічна апраўдаць сваю палітыку, якая прывяла да міжнароднай ізаляцыі Югаславіі й Беларусі. Тое, што ў Югаславіі такая палітыка пацярпела крах, а Мілошавіч апынуўся на лаве падсудных — для беларускага рэжыму недвухсэнсоўнае папярэджаньне.

На гэтую ж тэму ліст ад Мікалая Саскевіча з Калінкавічаў. Мікалай піша:

"Выдатна, што ўсё ж удалося даставіць Мілошавіча ў Гааскі трыбунал. Гэта перамога! Перадапошні дыктатар Эўропы паўстане перад міжнародным судом за ўсе злачынствы, якія ён учыніў над сваім народам ды іншымі народамі Балканаў.

Гэта ўрок усім дыктатарам сьвету. Яны забываюць, што ўлада — гэта дэмакратыя й свабода. Улада павінна берагчы народ, весьці яго да росквіту і прагрэсу праз дабро і любоў, як вучыў нас Гасподзь наш Ісус Хрыстос", — лічыць Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў.

Ён таксама падзяліўся меркаваньнямі пра нядаўні візыт Папы Рымскага Яна Паўла ІІ ва Ўкраіну. Зноў цытую ліст:

"Я быў вельмі рады і шчасьлівы, што ва Ўкраіну прыехаў Папа Рымскі, які ўсёй душой імкнецца аб’яднаць і прымірыць усіх хрысьціянаў сьвету. Спадзяюся, што калі-небудзь Ян Павал ІІ пабывае і ў Беларусі. Бо ў нас жа, як і ва Ўкраіне, таксама шмат каталікоў.

Мяне вельмі засмуціў выступ расейскага Патрыярха Алексія ІІ, у якім ён адмоўна выказаўся пра візыт Папы. Няўжо ён забыў, што мы ўсе — хрысьціяне, і ў нас адзін Бог Ісус Хрыстос. І мы павінны любіць і дараваць адзін аднаму, як вучыў нас Гасподзь", — напісаў Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў.

Гісторыя ня раз сьведчыла на тое, што недавер, альбо нават і варожасьць паміж хрысьціянамі розных галінаў узьнікалі тады, калі царква замест сваёй непасрэднай функцыі спрабавала актыўна ўмешвацца ў палітыку, падтрымлівала тыя ці іншыя рэжымы, намагалася змагацца за душы вернікаў ня толькі Божым словам.

На маю думку, у сытуацыі зь нядаўнім візытам кіраўніка расейскай праваслаўнай царквы Алексія ІІ у Беларусь мы маем справу якраз з такім выпадкам.

Піша наш даўні слухач і аўтар Зьміцер Панкавец — школьнік зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Гэтым разам Зьміцер напісаў пра сваё стаўленьне да хуткіх выбараў. Цытата зь ягонага ліста:

"У пачатку году я вельмі сур’ёзна агітаваў за Сямёна Домаша. А потым расчараваўся — як выявілася, ён за саюз з Расеяй, а значыць — гатоў здаць незалежнасьць Беларусі. Усё гэта датычыцца і Міхаіла Чыгіра, і Паўла Казлоўскага, і Сяргея Калякіна. Яны ўсе забылі запавет Кастуся Каліноўскага пра тое, што толькі адмовіўшыся ад усялякага супольніцтва з Масквой, можна пазбавіцца ад дэспатызму і здабыць свабоду. Цяпер у мяне няма ніякіх надзеяў на гэтых так званых "дэмакратычных" кандыдатаў, якія езьдзяць на паклон у Маскву, просячы ярлык на княжаньне.

Нядаўна Васіль Быкаў у адной з праграмаў "Выкраданьне Беларусі" сказаў, што беларусы яшчэ не дарасьлі да Зянона Пазьняка. Я згодзен з Васілём Уладзімеравічам. На жаль, я пакуль ня маю права галасаваць, а таму не магу аддаць голас за Зянона Станіслававіча. Але я буду ўсю ноч маліцца за яго, каб ён перамог", — напісаў Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну.

Высновы твае, Зьміцер, выглядаюць надта катэгарычнымі. Любое супрацоўніцтва з Расеяй ты ацэньваеш як здраду і здачу незалежнасьці. Але на сёньняшні момант Беларусь і эканамічна, і палітычна вельмі залежная ад Расеі. Залежнасьць гэтая замацаваная і ў грамадзкай сьвядомасьці. І любы разважлівы палітык, які цьвяроза ацэньвае сытуацыю, вымушаны ўлічваць гэтыя абставіны.

Зрэшты, у Зьмітра дзеля ягонай непрымірымай пазыцыі ёсьць важкае асабістае абгрунтаваньне. Зноў цытую ягоны ліст:

"Нядаўна прачытаў кнігу Францішка Аляхновіча "У кіпцюрах ГПУ", у якой паказаны сапраўдны твар камуністаў, іхныя расправы зь беларускай інтэлігенцыяй, з самымі разумнымі й працавітымі людзьмі.

Дзед расказваў мне, як у вёсках пачыналася калектывізацыя. Прыехалі з раёну, сказалі, што ў калгас будуць уступаць добраахвотна. Татусь дзеда тады сказаў: "Як кот гарчыцу ліжа, так і мы добраахвотна ўступаць будзем". Назаўтра па яго прыехалі. Далейшы ягоны лёс невядомы. Мо, і ён стаў ахвярай Курапатаў", — напісаў школьнік Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну.

Таксама пра настроі сярод моладзі (але настроі іншага кшталту) распавяла нам Алена Кашыцкая зь Менску. Яна піша:

"Большасьць маіх унівэрсытэцкіх сябровак мараць не пра тое, каб зьмяніць уладу ў краіне, і не пра будучую працу ў Беларусі. Бо заставацца тут большасьць ня хоча. Ніхто ня верыць, што ў Беларусі за працу можна атрымліваць прыстойныя грошы і добра жыць. Таму мара адна — трапіць на Захад і выйсьці там замуж. Лепш за ўсё — за амэрыканца альбо за немца.

Часам мне нават здаецца, што празь дзясятак-другі гадоў у Беларусі увогуле не застанецца прыстойных інтэлігентных людзей — усе пазьяжджаюць. Застануцца адны пэнсіянэры, алькаголікі ды хворыя — вось ужо будзе ім асалоды ад гэтага сацыялістычнага "раю", — напісала студэнтка зь Менску Алена Кашыцкая.

Сярод беларускай моладзі, сапраўды, нарастае хваля эміграцыі. Але адначасова заўважна павялічваецца колькасьць тых, хто выяўляе ўласную палітычную актыўнасьць, намагаецца нешта зьмяніць у краіне, а значыць, менавіта зь ёй зьвязвае ўласную будучыню. Вось жа і вы, Алена, паводле вашага ліста, удзельнічалі ў некалькіх вулічных акцыях Маладога Фронту. І такіх хлопцаў і дзяўчат шмат, асабліва сярод студэнцкай моладзі.

На заканчэньне — ліст ад настаўніцы Алы Кажэры зь Менску. Спадарыня Ала дзеліцца ўспамінамі пра тое, як у сямідзясятых гадох выкладала ў чацьвертай Наваполацкай школе, дзе ў той час вучыўся Сяржук Сокалаў-Воюш. Настаўніца піша:

"Ня памятаю, каб хто ў пэдкалектыве рабіў тады акцэнт на выхаваньні нацыянальнай сьвядомасьці ў гэтым шматнацыянальным горадзе. Абудзіліся разам ад бальшавіцкага ачмурэньня — і настаўніца, і вучань. Разам пачалі пісаць вершы.

Стаю на сьвяце і слухаю неўміручы гімн "Фронт", за які адзін ягонага аўтара можна лічыць героем беларускага адраджэньня. Вочы мае поўняцца сьлязьмі, а сэрца — гонарам, радасьцю. Няхай так будзе часьцей — гэтае адчуваньне еднасьці вучня і настаўніка.

Няхай адчуе кожны беларускі настаўнік сваю вялікую адказнасьць за тое, чым напаўняе ён душы маладых, будучыню Радзімы. Хай пакліча голас свайго сумленьня, каб абараніць маладых ад чорнай навалы крыўды і падману, каб кінуць зерне любові да волі, да Радзімы", — заклікае настаўніца зь Менску Ала Кажэра, і зь ёй, відавочна, пагодзіцца кожны сумленны настаўнік.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Георгія Ліхтаровіча зь Менску, Міколы Каралёва з Горадні, Андрэя Валошкі са Смаргоні і Станіслава Андросіка зь мястэчка Доўск Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG