Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Будзеце і далей агітаваць толькі за Домаша – я напішу на вас скаргу ў Міністэрства юстыцыі…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Прага

Выбарчая кампанія, якая доўжыцца ў Беларусі ўжо некалькі тыдняў, выклікае ў многіх нашых слухачоў супярэчлівыя ўражаньні. Асноўнае і самае распаўсюджанае пытаньне, якое гучыць амаль у кожным лісьце, – наконт пазнавальнасьці, вядомасьці магчымых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Вось што піша на гэтую тэму настаўніца Cьвятлана Худая з Мазыра:

“Чаму нічога не чуваць пра тых палітыкаў, якія рэальна могуць супрацьстаяць Лукашэнку на выбарах? Няўжо яны не разумеюць, што цяпер трэба выкарыстоўваць любую магчымасьць – іхнымі плякатамі павінны быць абклееныя ўсе платы і сьцены, яны павінны хадзіць па хатах, рвацца на радыё і тэлебачаньне. Інакш за іх не прагаласуюць толькі з тае прычыны, што ня будуць ведаць.
Размаўляю апошнім часам з многімі людзьмі, якія ведаюць імя толькі аднаго палітыка. І хоць яны не ў захапленьні ад таго, як ён кіраваў краінай сем гадоў, галасаваць зьбіраюцца за яго, бо болей, кажуць, няма за каго,” — напісала Сьвятлана Худая з Мазыра Гомельскай вобласьці.

Думаю, Сьвятлана, Вы і сама здагадваецеся, чаму склалася такая сытуацыя, што любы палітык, які здольны займець рэальныя шанцы на посьпех у часе выбараў, ня можа трапіць у эфір дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё. Ды і ўвогуле, атрымаць любую грамадзкую трыбуну – хоць бы залю ў сельскім клюбе – для яго вельмі праблематычна. Гэта ж датычыць і плякатаў на сьценах, на адсутнасьць якіх вы наракаеце. Такія плякаты да моманту рэгістрацыі, ды яшчэ выдадзеныя не на тыя сьціплыя грошы, якія выдаткоўвае кандыдатам выбарчая камісія, у любы момант могуць скончыцца для палітыка тым, што яму ўвогуле адмовяць у рэгістрацыі. Такія ўмовы ўлада і стварыла менавіта дзеля таго, каб у людзей складвалася ўражаньне, што альтэрнатывы няма, што ў Беларусі ёсьць толькі адзін палітык.

Наш даўні слухач зь Менску, які звычайна падпісваецца ініцыялам “М”, незадаволены тымі апанэнтамі Лукашэнкі, якія ў нашым эфіры прадказваюць ягоную лёгкую перамогу. Слухач піша:

“У адной з вашых праграмаў распавядалася пра выснову нямецкіх дасьледчыкаў, якія вызначылі: чаканьне перамогі дапамагае перамагчы таму, у чыю перамогу вераць. Такім чынам, тыя дэмакраты, хто прадказвае перамогу Лукашэнку, дапамагаюць яму і здраджваюць сваім аднадумцам, што змагаюцца з дыктатурай”.
А перамогу Лукашэнкі наш слухач ня лічыць відавочнай і безумоўнай. І вось зь якой прычыны. Зноў цытую ліст:

“І ў часе рэфэрэндуму 96-га году, і ў часе леташніх выбараў у так званую “Палату прадстаўнікоў” Лукашэнка вымушаны быў ісьці на відавочныя фальсыфікацыі. А сацыялягічныя апытаньні ва ўмовах дыктатуры ня могуць аб’ектыўна адлюстроўваць рэальнасьці, бо праводзяцца ва ўмовах запалоханасьці людзей. Таму спасылацца на лічбы, атрыманыя ў часе такіх апытаньняў, для аб’ектыўнага аналітыка недапушчальна. Вы правільна адзначылі ў адной са сваіх перадач: вельмі важна, як падзеі апошняга часу, у тым ліку і паведамленьні пра “эскадроны сьмерці”, якія займаліся палітычнымі забойствамі, паўплываюць на намэнклятуру, на сябраў выбарчых камісіяў. І ня толькі гэта паўплывае, але і ўдзел у выбарах такіх палітыкаў, як Машэрава і Марыніч; нежаданьне Пуціна падтрымліваць Лукашэнку. Усё гэта прымушае наменклятуру сумнявацца ў перамозе Лукашэнкі. Ды й, безумоўна, сярод сябраў выбарчых камісіяў будуць проста сумленныя людзі, якія ня ставяцца да свайго народу грэбліва, якія бачаць, што адбываецца, і разумеюць, на што асуджана Беларусь пры Лукашэнку. Такім чынам, у Лукашэнкі няма шанцаў перамагчы ў першым туры. Нават скажоныя на карысьць Лукашэнкі апытаньні сьведчаць на тое, што ягоных праціўнікаў болей, чым ахвотных галасаваць за яго. Таму ягоная параза, на маю думку, перадвызначаная. А як павядуць сябе “сілавікі” ў выпадку, калі Лукашэнка захоча абвесьціць сябе прэзыдэнтам махлярскім чынам – невядома. Мілошавіч ў Югаславіі таксама быў упэўнены, што яго падтрымаюць,” – напісаў наш слухач зь Менску, які падпісаўся ініцыялам “М”.

Мяне бянтэжыць, шаноўны слухач “М”, вашае сьцьверджаньне пра тое, што ўжо адно прагназаваньне перамогі Лукашэнкі на выбарах варта лічыць здрадай дэмакратычным ідэалам. Гэтак у здраднікі можна залічыць усіх тых, хто ня згодны з вашым пунктам гледжаньня. І хоць абгрунтоўваеце вы ўсё гэта інтарэсамі барацьбы за дэмакратыю, насамрэч такі падыход, на маю думку, нічога агульнага з дэмакратыяй ня мае.

Некалькі лістоў на тэму стаўленьня да асобных палітыкаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі. Вось што піша Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў Гомельскай вобласьці:

“Балюча глядзець, што зрабіў з краінай рэжым Лукашэнкі. З нас сьмяюцца і, вядома, спачуваюць. Спачувае ўвесь сьвет, нават Расея.
Эканоміка ў тупіку, краіна ў міжнароднай ізаляцыі. Колькі такое можна цярпець? Мы ж у Эўропе, а не ў паўночнай Карэі.
Хрыстом Богам прашу беларускі народ прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах за Зянона Пазьняка, які падніме эканоміку, спыніць карупцыю і беззаконьне. Дасьць будучыню нашым дзецям і спакойную старасьць сталым людзям. Бо Зянон Пазьняк жа заўсёды быў супраць лукашэнкавай палітыкі, ён ніколі і побач з Лукашэнкам не стаяў. Больш за тое, Пазьняк папярэджваў, што палітыка гэтага рэжыму спустошыць і прынізіць Беларусь. Ну а калі Пазьняка не дапусьцяць да выбараў, то, лічу, тады трэба галасаваць за Міхаіла Чыгіра. Ён і ягоная сям’я гераічна выстаялі ў той час, калі гэты рэжым хацеў зламаць іх. Калькі гора выпала ім перажыць – і заўсёды яны трымаліся мужна. Міхаіл Чыгір таксама здольны прывесьці Беларусь да свабоды і росквіту. Тым больш, ён разьбіраецца ў эканоміцы і палітыцы, яго ведаюць у цэлым сьвеце,”— напісаў Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў Гомельскай вобласьці.

Таксама на тэму магчымых кандыдатаў разважае ў сваім лісьце Надзея Трушко зь мястэчка Сухое Берасьцейскай вобласьці. Цытую яе ліст:

“Я – інвалід працы 1-й групы, з партызанскай сям’і. Цяпер ужо не працую, прыкутая да ложка. І ўважліва слухаю вашыя перадачы. Я – звычайная вясковая жанчына, малапісьменная. Але хачу вам выказаць некалькі заўваг, якія для мяне вельмі важныя. Чаму вы пра Чыгіра сталі мала распавядаць, адхіляеце яго на другі план? Знайшлі Домаша, і ўсё часьцей на яго ўвагу зьвяртаеце. А я вось па менскім радыё чула, што Домаш гэты – прайдзісьвет, нейкія махінацыі з кватэрамі ў яго былі. А ў вас Домаш – “дом наш”. Божа, як хацелася б, каб прэзыдэнтам стаў Чыгір Міхаіл Мікалаевіч. Якія словы ягоныя мілыя, як яны ў душу заходзяць. Бачна, што чалавек гэты варты, сумленны, і ён даў бы людзям лепшае жыцьцё. Я за Чыгіра абедзьвюма рукамі. А калі вы прымушаеце галасаваць за Домаша, то няхай ужо лепш застаецца Лукашэнка. Будзеце і далей агітаваць толькі за Домаша – я напішу на вас скаргу ў Міністэрства юстыцыі”— напісала Надзея Трушко зь мястэчка Сухое Берасьцейскай вобласьці.

На другі план, спадарыня Надзея, мы нікога не адхіляем і ні за каго не агітуем. Мы хацелі б, каб нашыя слухачы атрымалі максімум аб’ектыўнай інфармацыі пра кожнага з кандыдатаў, каб час, які адводзіцца ў эфіры на расповяд пра дзейнасьць ініцыятыўных групаў кожнага з прэтэндэнтаў, разьмяркоўваўся прыблізна пароўну. Натуральна, часам бывае складана захоўваць гэтыя прапорцыі, але мы да гэтага імкнемся. І не таму, што вы ці нехта яшчэ можа паскардзіцца ў Міністэрства юстыцыі, а таму, што гэта ёсьць прынцыповай пазыцыяй Радыё Свабода.

Што да чутак пра Сямёна Домаша, якія так істотна паўплывалі на вашае да яго стаўленьне, то такіх і падобных да іх сумнеўных неправераных зьвестак распаўсюджваецца цяпер шмат, прычым – пра кожнага, хто здольны стаць сур’ёзным супернікам Аляксандра Лукашэнкі. Наўрад ці выпадае адразу браць усё на веру.

На заканчэньне – ліст ад Леаніда Паскевіча зь Менску. Слухач піша:

“Нічога ў вас, заходнікі, не атрымаецца – быў у Беларусі Лукашэнка, і яшчэ доўга застанецца. А ўсё таму, што мераеце вы беларусаў не тымі меркамі. Гэта там у вас на Захадзе Клінтана за сувязь са стажоркай ледзь з пасады не зьнялі. Можна ўявіць, што зь ім зрабілі б, каб выявілася, што спэцслужбы маюць дачыненьне да зьнікненьня ці забойства ягоных палітычных апанэнтаў. У беларусаў іншая гісторыя, іншае стаўленьне да дэмакратычных і маральных каштоўнасьцяў. Пакуль апазыцыя гэта ня ўлічвае – будзе цярпець паразу адну за другой. Бліжэй трэба быць да народа, гаварыць зь ім на адной мове, ведаць ягоныя настроі. Праўда, калі апазыцыя авалодае ўсім гэтым мастацтвам, то стане падобнай на Лукашэнку. Але нічога ня зробіш – такі ў нас народ,” – лічыць Леанід Паскевіч зь Менску.

Безумоўна, спадар Леанід, вы маеце рацыю, калі пішаце пра спэцыфіку нацыянальнай сьвядомасьці, абумоўленую і гістарычнымі і культурнымі адметнасьцямі. Але, на маю думку, адрозьненьні гэтыя не такія фатальныя. У Беларусі ня менш, чым у астатняй Эўропе, людзі хочуць жыць заможна і спакойна, не залежаць ад самадурства чыноўніка, не баяцца свабодна выказваць свае думкі, быць спакойнымі за будучыню дзяцей. І забойства у Беларусі – такое ж цяжкое злачынства, як і ў любой заходняй краіне.
Іншая рэч – палітычная традыцыя і культура. Ня думаю, аднак, што, падладжваючыся пад вельмі невысокі ўзровень гэтай культуры, палітык мае шанцы на вялікую палітычную будучыню.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Валерыя Бурэніна з Клецку, Домны Лісоўскай з Даўгаўпілсу (Латвія) і Пятра Рэзванава зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG