Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускіх хлопцаў пачнуць пасылаць на расейскія войны…” ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

У лістах, якія дасылаюць нашыя слухачы зь вёсак і мястэчак, часта ўзьнімаюцца тэмы ўласнасьці на зямлю, лёсу калгаснай сыстэмы, зьменаў у беларускай вёсцы, неабходнасьць якіх становіцца ўсё больш відавочнай. Вось якімі думкамі на гэты конт дзеліцца наш сталы слухач Георгі Белаконь з Калінкавічаў Гомельскай вобласьці:

"У сваіх перадачах вы часта абмяркоўваеце тэму куплі й продажу зямлі. У афіцыйным друку таксама часта пішуць на гэтую тэму, але галоўным чынам не з эканамічнага, а з палітычнага, эмацыйнага пункту гледжаньня. Маўляў, не аддамо, не прадамо родную маці-карміцельку.

І ніхто ня хоча заўважаць, што гэтая карміцелька зарастае пустазельлем, што абыходзяцца зь ёй абы-як. Хіба гаспадар мог такое дапусьціць? Вядома, не.

Зямля каштуе вялікія грошы, але грошы гэтыя ў ёй і закапаныя. Няўжо дзяржава ня можа прадаць землі, якія ляжаць аблогам і нічога ёй не даюць? За гэта ж бюджэт атрымае грошы, якія можна пусьціць на падвышэньне рэнтабэльнасьці той жа зямлі.

А ў чалавека, які зямлю купіць, яна пуставаць ня будзе: ён жа аддаў за яе ўласныя грошы. А таму будзе альбо апрацоўваць яе, і такім чынам напаўняць харчовы рынак, альбо пабудуе прадпрыемства, зь якога дзяржава спагоніць падаткі.

Атрымліваецца двайная выгада. Ды і зямля застанецца ў Беларусі: ніхто яе з сабой у кішэні ня вывезе. Дзіўна, што гэтага не разумеюць беларускія ўлады", — напісаў Георгі Белаконь з Калінкавічаў.

Улада гэта выдатна разумее, спадар Белаконь. Але справа тут, відаць, зусім не ў праблеме эканамічнай эфэктыўнасьці.

Любы ўласьнік (у тым ліку ўласьнік зямлі, прыватнай гаспадаркі) — асоба значна больш незалежная, чым калгасны старшыня ці дырэктар саўгасу. Яму не скамандуеш, па якіх коштах і каму прадаваць збожжа і мяса; ад яго гэтыя збожжа і мяса не забярэш бясплатна (хіба толькі зноў пачаць раскулачваць). І, магчыма, самае галоўнае: над ім губляецца палітычны ды ідэалягічны кантроль: яго не прымусіш галасаваць так, як хочацца ўладзе, ён перастае быць электаратам Лукашэнкі.

Ліст ад старшыні суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зь мястэчка Лунна Мастоўскага раёну Гарадзенскай вобласьці Ўладзімера Брыцько. Уладзімер піша пра цікавую сытуацыю, якая склалася ў Луньне вакол назвы адной зь местачковых вуліц:

"У нашым мястэчку Лунна мясцовыя камуністы і раённыя ўлады прыкладаюць усе намаганьні, каб незаконна адмяніць рашэньне сэсіі дэпутатаў Луньненскага сельсавету, прынятае паводле заявы жыхароў вуліцы Камсамольскай.

Местачкоўцы прасілі перайменаваць вуліцу — надаць ёй імя Элізы Ажэшкі, знакамітай нашай пісьменьніцы і ўдзельніцы вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага супраць расейскай акупацыі. І дэпутаты гэтую просьбу задаволілі. А цяпер вось раённыя начальнікі намагаюцца даказаць, што дэпутаты зрабілі гэта незаконна", — паведаміў Уладзімер Брыцько з Лунны Мастоўскага раёну.

Адметна, што вясковыя дэпутаты адважыліся гэта зрабіць — у сытуацыі, калі ўжо сем гадоў у Беларусі дзее негалосная забарона на зьмену ўсіх камуністычных тапонімаў. І зусім не выпадкова, што ініцыятыва зьнізу выклікала такую нэрвовую рэакцыю раённых начальнікаў. Вельмі магчыма, што Камсамольская вуліца пакуль што застанецца Камсамольскай. Але я ўпэўнены, Уладзімер, што час, калі Беларусь пазбавіцца ад камуністычных сымбаляў, настане. І чакаць гэтага ня дужа доўга.

Нам часта пішуць на тэму беларуска-расейскага аб’яднаньня. Звычайна гэта лісты зь Беларусі, радзей — з Украіны і Балтыі. І вось выпадак выключны — ліст на гэтую тэму з Расеі. Піша Міхаіл Баюк, жыхар расейскага гораду Льгова Курскай вобласьці:

"Сам я беларус, часта бываю ва Ўкраіне і ў Беларусі. Пэрыядычна слухаю вашы перадачы і ў многім вас падтрымліваю. Крыўдна, што некаторыя беларусы, зь якімі размаўляю, думаюць інакш. Яны зь нецярпеньнем чакаюць поўнага аб’яднаньня з Расеяй, хаця многія там нават не бывалі й ведаюць пра расейскае жыцьцё толькі са сродкаў масавай інфармацыі.

Некалі былі беларускімі гарады Смаленск і Бранск. Паглядзеце, што ў іх цяпер. Жывуць там значна горш, чым у Беларусі. І ў Беларусі будзе такі ж бардак, калі яна аб’яднаецца з Расеяй. Ды яшчэ беларускіх хлопцаў пачнуць пасылаць на расейскія войны. Няўжо беларусы не ўсьведамляюць гэтага?

Калі расейцам кажаш, што трэба раўняцца на Захад, у адказ звычайна чуеш: "Куды нам да Захаду, мы не такія". І яны маюць рацыю. А беларусы? Няўжо іх задавальняе такая пэрспэктыва — стаць ускрайкам азіяцкай імпэрыі?" — пытаецца Міхаіл Баюк з гораду Льгова Курскай вобласьці, з Расеі.

Стаўленьне грамадзянаў Беларусі да пэрспэктывы поўнага аб’яднаньня з Расеяй і страты дзяржаўнай незалежнасьці імкліва мяняецца апошнія гады. Тыя, хто жадаюць, каб Беларусь стала часткай Расеі, ужо ў меншасьці — пра гэта сьведчаць нават афіцыйныя сацыёлягі. Гэта ўлічвае і ўлада. Заўважце, выказваньні Лукашэнкі на гэты конт апошнім часам сталі больш асьцярожныя: ад яго ўжо можна пачуць нават пра "сьвятасьць і недатыкальнасьць незалежнасьці".

Піша наш даўні аўтар, удзельнік Другой усясьветнай вайны Віктар Скараход зь Менску:

"Зь першага пасьляваеннага дня дзяржава аб’явіла, што бярэ пад сваю апеку жыцьцё і здароўе інвалідаў і ўдзельнікаў апошняй вайны. Калі ж паглядзець аб’ектыўна на тую апеку, то цяжка ацаніць яе інакш як голую дэклярацыю.

Ня мог абаронца Айчыны пражыць на сродкі, ахвяраваныя яму дзяржавай, ні адзін, ні тым больш зь сям’ёй. У вёсцы ён вымушаны быў займацца падсобнай гаспадаркай, а ў горадзе — шукаць дадатковую працу.

Мінуў час, а дзяржаўная палітыка да выратавальнікаў мала ў чым памянялася да лепшага. Добра хоць, што многія працоўныя калектывы і іхныя кіраўнікі атуляюць клопатам удзельнікаў той страшнай вайны".

Далей спадар Скараход прыводзіць прыклады такога клопату. Называе сярод іншых саўгас-камбінат "Барысаўскі", дзе дырэктарам спадар Акуліч. Там да ўсіх сьвятаў вэтэранам даюць па каробцы цукерак фабрыкі "Камунарка" і па 10 тысяч рублёў грашыма. А васьмі былым воінам, піша спадар Скараход, камбінат прадае па льготных коштах па 3 кіляграмы сьвініны кожны месяц.

Сапраўды, спадар Скараход, для сталых людзей, якія ня могуць нават пракарміцца на сваю пэнсію, і тыя 3 кіляграмы таннага мяса, і 10 тысяч беларускіх рублёў (а гэта кошт яшчэ трох кіляграмаў мяса) — значная дапамога.

Хоць цяжка ўявіць, што ў любой іншай эўрапейскай краіне (і сярод тых, што перамаглі, і сярод тых, што былі пераможаныя ў мінулай вайне) былыя салдаты да сьвята атрымлівалі б у якасьці падарункаў таннае мяса. Іншыя там знакі пашаны для абаронцаў радзімы. І ў ніводнага зь іх не баліць галава за тое, як выжыць і што есьці.

На заканчэньне — ліст ад Уладзіміра Еўтуха зь Менску. Ён піша:

"З 25 верасьня мінулага году ў нашай царкве "Благадаць" сталі праходзіць беларускія службы. Для нас гэта вялікая падзея і вялікая радасьць у нашым царкоўным жыцьці.

Аднойчы, слухаючы Радыё Свабода, я пачуў перадачу на тэму беларускіх гімнаў. Размова ішла пра гімны "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", "Магутны Божа", а таксама пра мэлёдыю палянэзу Агінскага, словы да якой напісаў Сяржук Сокалаў-Воюш.

Словы першых двух гімнаў у нас ёсьць, а вось тэкста Сокалава-Воюша няма. Мы вельмі хочам вывучыць гэты гімн і сьпяваць яго. Калі ёсьць такая магчымасьць, дашлеце нам гэтыя словы. Памятаю, у вас на радыё гэты твор выконвалі пад гітару ў два галасы.

...Ведайце, што мы слухаем вас, любім і молімся!" — напісаў Уладзімер Еўтух зь Менску.

Мы выконваем вашую просьбу, спадар Уладзімер, і дасылаем гэты тэкст. Дзякуй вам за добрыя словы. Прыемна ўсьведамляць, што менавіта такая музыка і такія вершы гучаць у вас у храме.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Міхаіл Навумік з Маладэчна, Генадзь Маісеенка зь вёскі Лашаны Менскага раёну, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Багуслаў Унгур з калёніі асаблівага рэжыму ў Глыбокім, Віктар Менскі зь Менску і сям’я Паповых з Марыупалю, з Украіны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG