Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, жыцьцё у вас стане яшчэ горшае...” ды іншае


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Апошнім часам у нашай пошце ўсё часьцей сустракаюцца лісты ад людзей, якіх апанаваў адчай, якія страцілі спадзяваньне на тое, што ўласнымі сіламі здольныя выйсьці з тупіковай сытуацыі.

Два тыдні таму ў аглядзе пошты прагучаў адзін з такіх лістоў — ад Пятра Лявіцкага зь вёскі Грумбінянты Мядзельскага раёну. Ён пісаў, што, страціўшы працу, вымушаны жыць на пэнсію маці. І, даведзены да адчаю, нідзе не знайшоўшы дапамогі, гатовы нават да самаспальваньня.

Цікавы водгук на гэты ліст прыйшоў з Украіны, з Марыупалю. Вось што піша адтуль былы віцяблянін Андрэй Смаленскі:

"Я разумею, як цяжка Пятру, ня маючы працы. Два гады таму я сам быў дакладна ў такім жа стане, але пра самагубства й ня думаў. Ведаю, што гэтага ніхто не зразумее. Выйсьце ёсьць зь любой сытуацыі. Я прадаў сваю кватэру ў Віцебску і купіў у Марыупалі, ва Ўкраіне.

Жывучы ў Беларусі, я пра Ўкраіну чуў толькі кепскае. Але, нягледзячы на гэта, вырашыў: лепш быць галодным, але свабодным.

Хаця, вядома, радзіма ёсьць радзіма. І калі зьменіцца ўлада, я абавязкова вярнуся. А пакуль няхай ад так званага "рынкавага сацыялізму" атрымліваюць асалоду тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, хто верыў у абяцаны ім заробак 300 даляраў і танную каўбасу па 2 рублі.

Чаму нічога гэтага няма — яны так і не зразумелі. Як у Бібліі напісана — "І вочы ёсьць, а ня бачаць, і вушы ёсьць, а ня чуюць". Можа, на людзей уплывае радыяцыя; можа — інтэграцыя, — піша Андрэй Смаленскі з Марыупалю. — Вось і выкладчык з Горадні вам піша, што жыць цяпер у Беларусі цяжка, але Лукашэнка ў гэтым, маўляў, не вінаваты. А хто вінаваты? Мо, я — былы грамадзянін Беларусі?

На маю думку, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, жыцьцё ў вас стане яшчэ горшае.

Я хацеў бы сказаць Пятру — прыяжджай у Марыупаль. Жыць тут можна. На заводзе "Азоўсталь" рабочыя атрымліваюць па 2 000 грыўняў, прыбіральшчыцы — па 500. Нядаўна быў вялікі набор на другі мэталюргічны завод — заробкі там такія ж.

Можна ўладкавацца ў марскі порт. Шмат замежных фірмаў, дзе таксама добрыя заробкі. Інфляцыі амаль няма. 1 даляр — 5 грыўняў 50 капеек. Кіраўніцтва Ўкраіны выбрала правільны шлях, шлях на Захад, а не вяртаньне ў азіяцкую імпэрыю. Жыцьцё ва Ўкраіне мяняецца да лепшага — не заўважае гэтага толькі сьляпы", — напісаў Андрэй Смаленскі з Марыупалю.

У ягоным лісьце я зьвярнуў увагу на сапраўды слушную заўвагу пра тое, што ўжо працяглы час афіцыйныя мэдыі ў Беларусі апісваюць сытуацыю ва Ўкраіне толькі змрочнымі фарбамі. Украінскі шлях, маўляў, няправільны, а ўкраінцы бядуюць з тае прычыны, што ня хочуць далучацца да беларуска-расейскага саюзу. Хто насамрэч бядуе і чыя дарога няправільная — параўноўваць і вырашаць урэшце самім беларусам і ўкраінцам.

Пятро Касьперык зь вёскі Перакосіны Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці адгукнуўся на праграму "Праскі акцэнт", якая прагучала 15 красавіка — у ёй ішла размова пра рэфармаваньне беларускай вёскі. Сп. Касьперык піша:

"Ня згодны з вашымі ацэнкамі й высновамі. Першае, Беларуская сялянская партыя не зарэгістраваная не таму, што ў нас дыктатарскі рэжым, а таму, што НЕ ЗАХАЦЕЛА быць зарэгістраванай.

А другое, калгасьніка ня можа звольніць з працы ніхто, бо калгас — гэта не завод і нават не Радыё Свабода. З калгасу можна выйсьці з доляй маёмасьці і зямельным паем. У Беларусі гэтага чамусьці не разумеюць нават самыя галоўныя абаронцы сялян — былы лідэр Сялянскай партыі Лугін і прафсаюзны лідэр Ярашэвіч.

А яшчэ крычаць: "Жадаем ісьці ў Эўропу". Спачатку схадзіце ў Сярэднюю Азію ці хаця б у суседнія Расею і Ўкраіну, — і пацікаўцеся, як там пачыналася зямельная рэформа і стварэньне фэрмэрскіх гаспадарак".

Спыню на гэтым цытаваньне ліста Пятра Касьперыка зь вёскі Перакосіны Баранавіцкага раёну. Відавочна, спадар Касьперык, сам вы ні разу не спрабавалі выйсьці з калгасу з доляй маёмасьці й зямельным паем альбо зарэгістраваць у Беларусі палітычную партыю. Калі паспрабуеце гэта зрабіць, то пераканаецеся, якая сапраўдная цана калгаснага статуту і нібыта гарантаванага беларускімі законамі права на палітычныя арганізацыі.

Калгасная сыстэма ад пачатку была пабудаваная на прымусе, гвалце і няпраўдзе. Тое, што зь сёньняшняга беларускага калгасу можна выйсьці зь зямлёй і маёмасьцю — такая ж хлусьня, як тое, што калгасы ствараліся добраахвотна.

Яшчэ адна цытата зь ліста Пятра Касьперыка:

"Вось Сямён Шарэцкі павіншаваў Беларусь з Днём Волі. Але — шаноўная Свабода, запытайся ў спадара Шарэцкага, як ён разумее Волю. А то, ня дай Бог, здарыцца што-небудзь з артадаксальным бальшавіком, які жыве пад аховай у Вільні, і ніхто не даведаецца, чаму гэта ён называе прэзыдэнта Беларусі фашыстам".

Як доказ гэтых сваіх цьверджэньняў, Пятро Касьперык даслаў нумар камуністычнай газэты "Товарищ" ад 6 студзеня 1995 году.

Там зьмешчаны тэкст пагадненьня паміж пракамуністычнымі партыямі і аб’яднаньнямі напярэдадні тагачасных парлямэнцкіх выбараў. Першае ў сьпісе стаіць прозьвішча Шарэцкага.

Тое, што палітычная біяграфія Сямёна Шарэцкага супярэчлівая — агульнавядома, спадар Касьперык. Аднак у вызначальны момант у лістападзе 1996 году старшыня Вярхоўнага Савету застаўся з тымі, хто да канца бараніў Канстытуцыю і супрацьстаяў незаконнаму перадзелу ўлады на карысьць Лукашэнкі. І ня ўлічваць гэтага, ацэньваючы асобу Сямёна Шарэцкага, на маю думку, нельга.

Ліст ад Міхаіла Шапавалава з Даўгаўпілсу, з Латвіі. Ён піша:

"У нас ёсьць магчымасьць чуць беларускае дзяржаўнае радыё, і я вельмі ўражаны адной зь перадач — "Разговор по существу". Дзіўна, як у беларускай дзяржаве за грошы беларусаў дазваляюць рабіць антыбеларускую перадачу. У ёй жа адкрыта распальваецца варожасьць, нянавісьць да беларусаў. Тых, хто змагаецца за адраджэньне нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў і незалежнасьць Беларусі, называюць нацыяналістамі й ворагамі.

Паслухаўшы некалькі такіх перадач, я ўпэўніўся: ідзе бесьперашкодная і ўпэўненая акупацыя Беларусі. Краіна ў небясьпецы. І ня трэба Юр'ю Дракахрусту заспакойваць нешматлікую і слабую апазыцыю. Наадварот, трэба ўвесь час папярэджваць пра небясьпеку.

Беларусы — у сябе на радзіме. І непрыстойна, прыніжальна прасіць у розных прыхадняў дазволу, каб адзначыць Дзень незалежнасьці сваёй Радзімы. Трэба не прасіць і ня кланяцца, а гнаць іх у каршэнь. Усіх ворагаў Беларусі трэба браць на ўлік і, паводле ступені іхных злачынстваў перад беларускай нацыяй, уручаць ім валізкі альбо позвы ў суд.

І ня варта цешыць сябе ілюзіямі й спадзяваньнямі на восеньскія выбары. Лукашэнка ўжо ачмурыў свой цёмны электарат. Хмары над Рэспублікай Беларусь гусьцеюць", — гэта быў ліст ад Міхаіла Шапавалава з Даўгаўпілсу, з Латвіі.

Мы даволі часта атрымліваем з памежных зь Беларусьсю рэгіёнаў суседніх краінаў падобныя лісты ад тых, хто трапляе на хвалю беларускага дзяржаўнага радыё і слухае гэты "Разговор по существу". Людзям, якія жывуць па-за беларускімі рэаліямі, цяжка нават уявіць, як незалежная дзяржава можа ня тое што фінансаваць — нават дазваляць так казаць пра беларускую гісторыю, мову, дзяржаўнасьць.

Адзінае, што выклікае пытаньні ў вашым, спадар Шапавалаў, лісьце — гэта прапанова "браць ворагаў Беларусі на ўлік, уручаць ім валізкі ды гнаць у каршэнь". Вызначыць, дзе сканчаецца свабода меркаваньняў і пачынаецца замах на нацыянальныя сьвятыні ды распальваньне міжнацыянальнай варожасьці можа толькі незалежны суд. На жаль, сёньня ў Беларусі такога суду няма.

На заканчэньне — ліст ад Аляксандра Карачуна зь вёскі Чырвоная Горка Дзяржынскага раёну Менскай вобласьці. Піша спадар Аляксандар таксама пра тое, як ставіцца беларуская дзяржава да нацыянальнай гісторыі ды гістарычных асобаў. Цытую ягоны ліст:

"Натрапіў я ў кнізе расейскага аўтара Серабракова "Дзяніс Давыдаў" на архіўныя зьвесткі пра тое, чым займаўся ў Беларусі напрыканцы XVIII стагодзьдзя вядомы фэльдмаршал Сувораў, памяць пра якога так шануюць цяперашнія беларускія ўлады. Ёсьць там такая цытата пра фінансавыя махінацыі Суворава: "Вось жа і на графа Суворава гэтыя папяровыя каршуны наляцелі… судную справу ўчынілі і па адным толькі польскім паходзе налічылі кару фэльдмаршалу памерам паўмільёна".

"Папяровыя каршуны" — гэта рэвізоры, пасланыя імпэратарам Паўлам І-м.

У нашых падручніках гісторыі пра гэты факт увогуле ня згадваецца. Вось бы цікава ведаць, куды падзеліся тыя грошы? Згубіў іх фэльдмаршал Сувораў, а можа, у карты прагуляў?" — пытаецца Аляксандар Карачун зь вёскі Чырвоная Горка Дзяржынскага раёну.

Роля фэльдмаршала Суворава ў драматычнай гісторыі Беларусі канца XVIII стагодзьдзя вядомая — гэта штыкамі ягонага войска душыліся вызвольныя паўстаньні, праводзіліся падзелы Рэчы Паспалітай і ўсталёўваліся расейскія парадкі на беларускіх землях.

У сёньняшняй Беларусі, як і за савецкім часам, імя Суворава ўшанаванае ў помніках, назвах калгасаў, вуліцаў і плошчаў. І гэта таксама выразна сьведчыць пра стаўленьне ўлады да нацыянальнай гісторыі і да тых, хто змагаўся супраць расейскай акупацыі, за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Васіля Кана і Паўла Абуховіча з Горадні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG