Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Завядуць гэтыя лёкаі з тэлебачаньня і радыё Лукашэнку пад манастыр…” ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Звычайна лічыцца, што вёска ў сваёй большасьці падтрымлівае палітыку сёньняшняй улады. Але многія лісты апошняга часу, якія дасылаюць нам слухачы з глыбінных беларускіх вёсак і мястэчак, сьведчаць пра тое, што стэрэатып гэты не зусім дакладны і што настроі ў вёсцы зьменлівыя і супярэчлівыя.

Залежыць гэта найперш ад зьменаў самога вясковага жыцьця. А зьмяняецца яно апошнія гады імкліва й істотна. Вось якую гісторыю ўласнага жыцьця распавёў Пётар Лявіцкі зь вёскі Грумбінянты Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Ён піша:

“Я ўжо тры гады беспрацоўны. Паўгода атрымліваю аж два мінімальныя заробкі дапамогі. Каб ня маці-пэнсіянэрка, то хоць памірай з голаду, альбо ідзі жабраваць. Бо новыя працоўныя месцы нідзе не ствараюцца. А ў дабіты да ручкі калгас, дзе трэба працаваць амаль задарма, няхай ідуць сыны Лукашэнкі, Мясьніковіча ды Замяталіна.

Некалькі гадоў я працаваў кіроўцам аўтобуса. Страціў працу з прычыны стану здароўя, але групу інваліднасьці мне не далі — бо за гэта трэба даваць хабар дактарам.

І жыві як хочаш. Маўляў, бяры зямлю, якую няма чым абрабляць. Мне няма чаго губляць, бо ня бачу ніякіх пэрспэктываў знайсьці працу, каб жыць больш-менш прыстойна”.

Такое існаваньне паступова схіліла Пятра Лявіцкага да думкі, што без уласнай грамадзкай актыўнасьці жыцьцё да лепшага ня зьменіш. Працягваю цытаваць ягоны ліст:

“Каб у мяне былі сродкі прыехаць у Менск, то з ахвотай удзельнічаў бы ў масавых акцыях — як, напрыклад, 25 Сакавіка, якія праводзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларускі Народны Фронт.

Мне асабіста вельмі імпануе такі лідэр апазыцыі як спадар Лябедзька. Вось бы такога чалавека ў прэзыдэнты. Колькі добрых справаў зрабіў ён сваім землякам, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ад Ашмянаў. Толькі добрыя словы пачуеш пра яго ў Ашмянах.

Але ж ведама — расейскія ды беларускія спэцслужбы, маючы такую прапагандысцкую дубіну як Беларускае тэлебачаньне, са скуры вылезуць — будуць паліваць брудам і хлусьнёй любога, хто адважыцца кінуць выклік Лукашэнку, хто захоча павесьці Беларусь у Эўропу, а не ў галодную азіяцкую Расею.

Апірышча Лукашэнкі — састарэлыя людзі, якія радуюцца дробным падачкам, як малыя. І вельмі цяжка пераканаць іх у відавочным — што жывем мы з году ў год усё горш, што думаць трэба ня толькі пра сябе, але й пра тое, як жыць маладому пакаленьню.

Часам думаю: навошта Лукашэнку яшчэ адны выбары? Дастаткова прадаць Іраку колькі дзясяткаў танкаў, падкінуць пэнсіянэрам капеек да мізэрнай пэнсіі — і зноў можна рэфэрэндумам прыбавіць сабе яшчэ пяць гадоў улады.

Вельмі цяжка ад такіх думак. Ужо сем гадоў — адны абяцаньні, адна дэмагогія, пошук вінаватых, расправа зь іншадумцамі. Хочацца ўдзельнічаць у чым толькі можна, каб хутчэй збавіцца ад ненавіснага рэжыму. Нават зьбіраюся ў Менску ўчыніць акцыю самаспальваньня”, — напісаў Пётар Лявіцкі зь вёскі Грумбінянты Мядзельскага раёну.

Хочацца засьцерагчы вас, Пётар, ад пасьпешлівых і неабдуманых учынкаў. У падобнай да вашай сытуацыі — тысячы людзей. Вы зусім лягічна і цьвяроза разважаеце наконт прычынаў такога стану. І зьмяніць яго здольныя толькі вы й такія, як вы. Дзеля гэтага, відавочна, патрэбныя ня жэсты адчаю, а праца — удумлівая й пасьлядоўная.

Іван Касьцюк са Жлобіну Гомельскай вобласьці стаў сьведкам таго, як улада рыхтуе так званы Ўсебеларускі сход. Слухач дзеліцца такімі сваімі назіраньнямі:

“Бачыў, як у нас вылучаюць “дэлегатаў” на гэты сход. Ніякіх выбараў і блізка няма. З райвыканкаму называюць прозьвішчы — а на заводзе павінны прагаласаваць адкрытым галасаваньнем. І тое — гэта яшчэ не дэлегаты, а толькі “прадстаўнікі”, якія на нейкім абласным сходзе зноў жа будуць адкрыта галасаваць за тых, каго назавуць вэртыкальнікі. Ясна, хто пры такіх “выбарах” паедзе ў Менск на той сход.

Напэўна, Лукашэнка хоча перад выбарамі авацыяў. Што ж, няхай наслухаецца. Відаць, яму вельмі карціць паўтарыць тое, што было ў 1996-м годзе, перад рэфэрэндумам. Але снарад двойчы ў адну варонку не трапляе.

Людзі сёньня іншыя, чым пяць год таму. Мяркую па сваіх калегах і знаёмых. Над гэтым “Усебеларускім сходам” адкрыта насьміхаюцца, усе ўсё выдатна разумеюць. “Сход” гэты працуе не на Лукашэнку, а супраць яго. І рана ці позна ён вымушаны будзе з гэтым сутыкнуцца. Галасаваць-то на выбарах будуць ня толькі прыкормленыя ім “дэлегаты”, а ўвесь народ”, — напісаў Іван Касьцюк са Жлобіну.

Цалкам слушныя развагі, спадар Іван. Але варта мець на ўвазе: справа ня толькі ў тым, што людзі прыйдуць на выбары і прагаласуюць так, як лічаць патрэбным, а ня так, як пастановіць “Усебеларускі сход”. Галоўнае — ці будуць правільна палічаныя гэтыя галасы, увогуле — ці будуць выбары вольныя і справядлівыя.

Ліст ад настаўніцы Ганны Мачульскай з Горадні. Спадарыня Ганна — наша сталая слухачка, хоць часта нязгодная з крытыкай Лукашэнкі, якая гучыць на нашых хвалях. І вось чаму. Яна піша:

“Лукашэнка ня даў розным Пупейкам, Чыгірам ды Віньнікавым раскрасьці ды “прыхватызаваць” Беларусь — за гэта яго цяпер ваша апазыцыя і б’е.

Ня дай нам Бог такога дзікага капіталізму, як у Расеі, дзе з аднаго боку — алігархі ды прадажныя чыноўнікі на ўласных самалётах ды яхтах, а з другога — жабракі-настаўнікі ды ўрачы, у якіх не хапае грошай нават на хлеб з малаком.

Лукашэнку я не ідэалізую — былі памылкі і ў яго. Ня варта было так лезьці ў абдымкі да бандыцкай Расеі ды сварыцца з Захадам. Будавалі б сабе спакойна нармалёвы дзяржаўны капіталізм, ня лезучы напралом ні на Ўсход, ні на Захад — толку было б болей. Бо лепей за ўсё падтакваць і тым, і другім, а рабіць усё па-свойму. Тады б з Захаду мелі інвэстыцыі, а з Усходу — танныя нафту і газ. І жылі б прыпяваючы.

Але ў любым выпадку Лукашэнка зьбярог грамадзтва ад дзікага расслаеньня на багацеяў і беднякоў. Вам на Свабодзе варта было б мець гэта на ўвазе і ня верыць безаглядна кожнаму слову Чыгіра ды Віньнікавай.

Свабоду я слухаю, і апошнім часам усё больш. Яшчэ адна памылка Лукашэнкі — тое, што пасадзіў кіраваць тэлебачаньнем і радыё абмежаваных і непрафэсійных чыноўнікаў. Глядзець такое тэлебачаньне фактычна немагчыма. Гэта нейкі агітпроп, а не навіны. Завядуць гэтыя лёкаі Лукашэнку пад манастыр”, — лічыць Ганна Мачульская з Горадні.

На маю думку, спадарыня Ганна, не зусім карэктна зводзіць усё да таго, ці дазволіў Лукашэнка прыватызацыю і якія асабістыя рахункі маюць да яго былыя ягоныя паплечнікі. Захад не прызнае цяперашняй беларускай улады за легітымную зусім не з прычыны эканамічнай палітыкі Лукашэнкі.

Згадайце гвалт над дэпутатамі Вярхоўнага Савету ў 1995-м годзе, белыя плямы на газэтных старонках, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў на вуліцах, перасьлед апазыцыйных палітыкаў, а потым — таямнічае зьнікненьне Захаранкі, Ганчара, Завадзкага…

Згадайце нарэшце, якім чынам Лукашэнка захапіў усю ўладу ў дзяржаве, бяз выбараў на два з паловай гады падоўжыў сабе паўнамоцтвы, ператварыў у дэкарацыю парлямэнт і суд. Гэта галоўныя прычыны цяперашняга міжнароднага стану Беларусі, а зусім ня тое — падтаквае Лукашэнка Захаду ці не.

На заканчэньне — ліст-назіраньне ад Натальлі Цуркан з Марыупаля, з Украіны. Яна піша:

“У 1991–1993 гадах я часта бывала ў Беларусі. Тады ў вас адчуваліся перамены, была ўпэўненасьць, што Беларусь мае будучыню. І людзі выглядалі неяк іначай, чым цяпер — была ў іх нейкая мэтанакіраванасьць, жыцьцярадаснасьць, надзея. Я глядзела на бел-чырвона-белыя сьцягі над адміністрацыйнымі будынкамі — і ад іх веяла свабодай, чысьцінёй… Было такое адчуваньне, што трапіла ў Эўропу.

Сёлета я зноў прыехала ў Беларусь — як у іншую краіну. Гэта адчуваецца і ў настроі людзей, і ў размовах на вуліцах, і ў выглядзе гарадоў і вёсак. Ва ўсім нейкі цяжар, змушанасьць, безнадзейнасьць. Твары людзей сталі зусім іншыя — гэта людзі бяз будучыні.

Я гасьцявала ў знаёмых, у адной вёсцы Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. І жахнулася — колькі ў Беларусі стала абяздоленых, бедных, хто ня мае чаго есьці, апрануцца. Вось вам і рынкавы сацыялізм, і інтэграцыя з Расеяй. Засталося толькі, каб беларускія маці й жонкі выпраўлялі сваіх сыноў ды мужоў у Чачэнію як гарматнае мяса і ставіліся да гэтага як да належнага і неабходнага.

Я так думаю, што беларусам трэба абраць такога палітыка, якога баіцца Лукашэнка — тады ў вас усё зьменіцца”, — напісала Натальля Цуркан з украінскага гораду Марыупаля.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Алы Петрушкевіч з Горадні, Вангора Вушацкага з Маладэчна Менскай вобласьці, Барыса Крыўцова і Леаніда Міхалені зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG