Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба беларускай эліце рыхтавацца і даць бой на Ўсебеларускім сходзе” ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Як зьмянілася жыцьцё большасьці людзей за тыя сем гадоў, цягам якіх пры ўладзе ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка? Выглядае, што адказ менавіта на гэтае пытаньне будзе вызначальным празь некалькі месяцаў, калі адчыняцца выбарчыя ўчасткі й будзе вырашацца лёс краіны на бліжэйшыя пяць гадоў.

Многія людзі ўвесь гэты час вучыліся выжываць. Досьвед выжываньня нескладаны й падобны ў сотняў тысячаў беларускіх сем'яў. Вось як апісала яго ў сваім лісьце на Свабоду Алена Весялоўская зь Менску:

“Я — настаўніца пачатковых клясаў. Жыву адна, выхоўваю сына-школьніка. Маёй зарплаты (а гэта 45 000 рублёў) зь цяжкасьцю хапае толькі на самыя неабходныя прадукты (мяса, рыба й ласункі для дзіцяці фактычна выключаныя). Купіць што-небудзь з адзеньня таксама не выпадае.

Выжываю я, як і тысячы іншых людзей у Беларусі, фактычна толькі дзякуючы лецішчу, тым шасьці соткам, на якіх вырошчваю бульбу ды іншую гародніну. Але колькі гэта вымагае часу і поту! А які адчай, калі, прыехаўшы за 40 кілямэтраў з гораду, бачыш, што ў тваім буданчыку нехта пабываў, зьнішчыў ці зьнёс здабытае тваім мазалём.

Часам мне здаецца, што іншага жыцьця й не бывае. Казачныя “мыльныя опэры” я па тэлевізары не гляджу, бо ў казкі даўно ня веру.

А напісала вам пасьля таго, як выпадкова пабывала на мітынгу 25 Сакавіка, а потым паслухала адну вашу перадачу. Хочацца вам верыць, бо калі тое, як мы жывём — назаўсёды, тады й жыць ня хочацца… Але калі й вы падманваеце, то няма вам дараваньня”, — напісала настаўніца зь Менску Алена Весялоўская.

Вызначыць, хто кажа праўду, а хто хлусіць, павінны вы самі, Алена. І ваш жыцьцёвы досьвед, штодзённыя назіраньні й супастаўленьні словаў і ўчынкаў палітыкаў — найлепшыя ў гэтым памочнікі.

Яшчэ адзін наш слухач — Павал Лапацік зь Менскага раёну — зьместам перадачаў Свабоды незадаволены. Вось урывак зь ягонага ліста:

“Надакучыла слухаць, як вы на ўсе лады расхвальваеце Захад. Ды навошта рускаму чалавеку тыя правы чалавека? Жыў ён бязь іх тысячу гадоў — і далей будзе жыць. У любога вашага кандыдата, які паспрабуе пад гэтымі лёзунгамі перамагчы на выбарах, няма ніякіх шанцаў.

Нашы людзі любяць, каб было проста і зразумела: палез куды ня трэба — гумавай палкай па лбе, вось і ўсе правы чалавека. Лукашэнка гэта разумее — таму й перамагае. І цяпер пераможа. Каб справіцца з усімі вашымі назіральнікамі, пікетоўцамі ды апазыцыянэрамі, дастаткова роты АМОНу — толькі пер’е паляціць”, — лічыць Павал Лапацік зь Менскага раёну.

З дапамогай АМОНу славалюбны палітык, сапраўды, можа вырашыць многія ўласныя праблемы — запалохаць нязгодных, умацаваць асабістую ўладу, заціснуць ці ўвогуле зьнішчыць апазыцыю. Але АМОН бездапаможны ў іншых сытуацыях — калі людзі даведзеныя да галечы, калі ў школах і дзіцячых садках галодныя дзеці губляюць прытомнасьць, а кваліфікаванаму настаўніку і ўрачу не хапае зрплаты нават на харчаваньне.

Там, дзе канчаюцца правы чалавека, спадар Павал, пачынаюцца галеча, голад і бяспраўе. І людзі гэтую ўзаемазалежнасьць рана ці позна ўсьвядомяць — найперш на ўласным досьведзе.

Міхась Сілівонік зь Берасьця адгукнуўся на нядаўнюю перадачу, якую вёў Сяргей Навумчык з удзелам Вячаслава Сіўчыка ды Івана Пашкевіча, у якой ішла размова пра беларуска-расейскія дачыненьні. Міхась піша:

“Я згодзен зь Вячаславам Сіўчыкам: калі сёньняшні рэжым захаваецца, то беларусаў чакае канчатковая асыміляцыя. Расейскі імпэрыялізм, маючы ў Беларусі вялікую пятую калёну ад КГБ, арміі ды міліцыі, пасьля распаду СССР стварыў фактычна акупацыйную адміністрацыю.

У гэтай сувязі згадваецца адно з апошніх апавяданьняў Васіля Быкава — “На балотнай купіне”. Гераіня ягоная, настаўніца, атрымала кулю ў патыліцу ад сваіх жа, партызанаў. Вялікі майстар гэткім чынам кажа пра лёс усёй беларускай інтэлігенцыі.

Напэўна, трэба нашай беларускай эліце рыхтавацца й даць бой на Ўсебеларускім сходзе, які рэжым зьбіраецца правесьці ў траўні. І не чакаць прэзыдэнцкіх выбараў, бо яны могуць і не адбыцца. Вось унясе Палата прадстаўнікоў зьмены ў Канстытуцыю, адменіць прамыя выбары і сама выбера Лукашэнку яшчэ на пяць гадоў: маўляў, трэба эканоміць грошы. Ад рэжыму можна чакаць і ўвядзеньня надзвычайнага стану", — напісаў Міхась Сілівонік зь Берасьця.

Ня вельмі зразумела, спадар Сілівонік, што вы маеце на ўвазе, калі раіце апазыцыі не чакаць прэзыдэнцкіх выбараў, а “даць бой” падчас так званага Ўсебеларускага сходу. Сход гэты задуманы выключна ў прапагандысцкіх мэтах, дэлегаты на яго адбіраюцца мясцовай уладай, і выпадковых асобаў, якія б адважыліся сказаць нешта насуперак уладзе, туды не дапусьцяць.

Удзельнік вайны, былы вязень канцлягера Іван Іваніцкі зь Менску — адзін з тых людзей, якія, спадзеючыся на высокі прыбытак, даверылі грошы сумнеўным банкам. Спадар Іваніцкі піша:

“Ужо амаль сем месяцаў мы, укладчыкі банку “БелБалтыя” і нашы сем’і, жывем у напрузе і жалобе. Мы сотнямі двойчы на тыдзень зьбіраемся ля будынка адміністрацыі прэзыдэнта з надзеяй знайсьці справядлівасьць.

Зь нядаўняга выступу на дзяржаўным радыё старшыні “Беларусбанку” Ермаковай вынікае, нібыта мы самі вінаватыя, што даверылі свае зьберажэньні “БелБалтыі”, якая працавала пад носам і наглядам Нацбанку і ўсіх праваахоўчых органаў з 1994 году.

І ніхто — ні камісія Дзяржкантролю, ні Гаспадарчы суд, ні Саўмін і Нацбанк не назвалі вінаватых і не сказалі, дзе ўсё ж нашы грошы. Нас папракаюць, што да кастрычніка 2000 году мы верылі шматлікім аб’явам СМІ пра тое, што “БелБалтыя” ёсьць адным з надзейных банкаў. А цяпер нам кажуць, што ліцэнзія, якая вісела на відным месцы ў офісе банку, была фальшывай, і ўкладчык павінен быў несьці яе на экспэртызу — перад тым, як даверыць банку свае зьберажэньні”, — напісаў пацярпелы ўкладчык, удзельнік вайны Іван Іваніцкі зь Менску.

Ён таксама паведамляе, што такія ж, як і ён, пацярпелыя, ладзяць 31 сакавіка мітынг на плошчы Бангалёр і спадзяюцца, што туды прыйдуць прадстаўнікі ўладаў і прафсаюзаў. Спадар Іваніцкі і ягоныя аднадумцы вельмі разьлічваюць вярнуць свае грошы да прэзыдэнцкіх выбараў. Прынамсі, на іхную думку, цяпер вельмі зручны момант, каб гэтага ад улады запатрабаваць.

На маю думку, спадар Іваніцкі, каб пазьбегнуць няспраўджаных спадзяваньняў, варта мець на ўвазе адну важную акалічнасьць. Пацярпелых укладчыкаў камэрцыйнай “БелБалтыі” — некалькі сотняў, і пра тое, што рызыкуюць, яны ведалі, бо ні адзін сур’ёзны банк такіх высокіх адсоткаў, як “БелБалтыя”, не даваў.

А вось тых, хто згубіў свае грошы ў дзяржаўным Ашчадным банку — некалькі мільёнаў, больш як палова насельніцтва Беларусі. І яны бясплённа чакаюць страчанага (прытым страчанага цалкам па віне дзяржавы) ня некалькі месяцаў, а ўжо дзесяць гадоў.

На заканчэньне ліст ад Аляксея Прыбара з Горадні. Ён піша:

“Сам я яшчэ ў далёкім 1954-м скончыў беларускамоўную сярэднюю школу ў вёсцы Сноў. Жонка мая з глыбіннага Палесься, з Петрыкаўскага раёну — адтуль, дзе калісьці дзед Талаш з касою за плячыма і сякерай у руцэ ганяў немцаў вакол стога сена.

Дык вось, дзе я толькі ні быў, каго толькі ні слухаў, але такой мовы, на якой вы ведзяеце свае перадачы, ня чуў. Гавораць, што гэта нейкая “тарашкевіца”. Але ж на ёй ніхто не размаўляе. Мала таго, што “ўсенароднаабраны” зьдзекуецца з нашай мовы, дык яшчэ і вы туды ж.

Гляджу ў руска-беларускі слоўнік: “процент” — так і будзе “працэнт”. Адкуль узяўся гэты “адсотак”? І галоўнае, хто ім карыстаецца? Ніхто. Я вучыў: люты, сакавік, красавік, май… А тут нейкі “траўнік”.

Аж сэрца баліць, калі не да месца чуеш пасьля “л” “я”. Ну, што гэта за “парлямэнт”.

Я разумею — гісторыя. Але няўжо нам трэба вяртацца да часоў "Слова пра паход Ігаравы"? Вярніцеся вы лепш да мовы, якая зразумелая людзям. Можа, абразіў чым рэдакцыю, але слухаць мову гэтую няма больш моцы", — напісаў Аляксей Прыбара з Горадні.

Дыскусія гэтая, спадар Аляксей, старая. Мы спрабуем аднавіць тую клясычную беларускую мову, якой яна была да гвалтоўнай рэформы 1933 году. Ня думаю, што ў вас узьніклі вялікія складанасьці з разуменьнем словаў “адсотак”, “парлямэнт” ці “травень”.

Іншая рэч, што за семдзесят гадоў афіцыйнага карыстаньня так званай “наркомаўкай” некалькі пакаленьняў ужо прызвычаіліся да такіх нормаў. І гэта, безумоўна, ёсьць пэўнай праблемай, якую і мовазнаўцам, і дзяржаве, і ўсяму грамадзтву яшчэ належыць вырашыць.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Алеся Шустоўскага з Барысава Менскай вобласьці, Анатоля Валюка са Сьвіслачы Гарадзенскай вобласьці, Сяргея Лебядзеўскага з Маладэчна Менскай вобласьці, Ільлі Копыла зь Менску і Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG