Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чый лідэр Лукашэнка ды іншае пра прэзыдэнцкія выбары.


Лісты слухачоў чытае й камэнтуе Валянцін Жданко.

Сацыяльным апірышчам сёньняшняй беларускай улады лічацца людзі сталага веку, пэнсіянэры. Чым гэта выклікана? Ці толькі своечасовая выплата пэнсіяў таму прычынай? Што ўвогуле ёсьць вызначальным у палітычных схільнасьцях таго пакаленьня?

Вось які адказ на гэтыя пытаньні дае былы інжынэр, а цяпер пэнсіянэр Леанід Шлапак зь Менску. Цытую ягоны ліст:

"Дзесяць гадоў таму я быў спакойны за сваю старасьць: у мяне было на ашчаднай кніжцы 10 000 рублёў, я меў 25 гадоў стажу і мог разьлічваць на пэнсію 180 рублёў. Гэта тады, калі буханка хлеба каштавала 16 капеек, кіляграм мяса — 2 рублі, а за двухпакаёвую кватэру я плаціў 5 рублёў на месяц.

Я слухаю Свабоду, бо слухаць больш няма чаго. Але й вы хлусіце, калі гаворыце пра Савецкі Саюз і пра тагачаснае жыцьцё. Справа не ў камуністах. Я добра разумею, што цяперашнія камуністы нічога вярнуць ня здольныя, і галасаваць за іх няма сэнсу.

Проста тады той дабрабыт канца 1980-х быў зароблены за ўвесь паваенны пэрыяд стабільнасьці, за 40 гадоў. На пачатку 1990-х гадоў яго ў нас адабралі розныя чубайсы–ельцыны–шушкевічы. Нашыя грошы ператварыліся ў бандыцкія “Мэрсэдэсы”, яхты, палацы “новых рускіх”, прэзыдэнцкія самалёты.

Каб зноў узьбіцца на які-небудзь хоць адносны дабрабыт, трэба некалькі дзесяцігодзьдзяў. Ні я, ні маё пакаленьне 60-70-гадовых яго не дачакаецца. І за гэта няма нашага дараваньня палітыкам, якія давялі нас да бандыцкага капіталізму", — напісаў Леанід Шлапак зь Менску.

У лісьце спадара Шлапака, на маю думку, вельмі дакладна вызначаная галоўная крыўда таго пакаленьня, якая і ёсьць для большасьці гэтых людзей вызначальнай у часе любых выбараў.

Яны адышлі ад актыўнага грамадзкага жыцьця якраз на зломе эпох. І зьмены адбіліся на іхным жыцьці найбольш балюча. Лукашэнка са сваімі ўтапічнымі лёзунгамі для іх — сымбаль страчанага дабрабыту й мінулай маладосьці. І ён застаецца сымбалем, нават калі невыканальнасьць, утапічнасьць ягоных пражэктаў робіцца відавочнай.

Зрэшты, ня ўсе пэнсіянэры думаюць гэтак, як Леанід Шлапак. Вось які ліст даслаў нам Віктар Баранаў з Рагачова Гомельскай вобласьці:

"Вырашыў напісаць на вашу радыёстанцыю, бо на дзяржаўным радыё такое пісьмо не зачытаюць. Там ёсьць такая перадача — "Размова па сутнасьці", у якой імкнуцца ўзвысіць Лукашэнку і ачарніць усіх астатніх, хто можа быць ягоным супернікам. Пры гэтым ясна, што журналісты Чайка, Дудзінаў і палітоляг Сяргееў атрымліваюць зарплату ад Лукашэнкі.

Задоўга да выбараў перадача расхвальвае Лукашэнку і хае ягоных апанэнтаў. Сядзіць чалавек перад мікрафонам і тлумачыць дурным людзям, што вось гэты дзядзька добры, а гэты кепскі. А ад гэтых дурных людзей паступае прапанова: “Калі яны такія кепскія, дык давайце пасадзім іх у турму”. Нічога ня скажаш, плённая размова, і “па сутнасьці”.

Я назіраю за Лукашэнкам ужо больш як сем гадоў. Балбоча ён шмат — бясконца нешта абяцае, але нічога з абяцанага не выконваецца. Былі абяцаньні дасягнуць узроўню 1991 году, кампэнсаваць уклады, спыніць інфляцыю. І апошняе — да канца 2001 году падвысіць сярэдні заробак да 100 даляраў. Ніводнага з абяцаньняў ня выканаў, і я ўпэўнены, што ня выканае.

Што мы згубім, калі пазбавімся Лукашэнкі? Ды нічога. Новы прэзыдэнт хоць будзе старацца ды менш будзе скандаліць.

Агідна чуць ад лёкаяў, што замены Лукашэнку нібыта няма. Яны так прысмакталіся да гэтай улады, што ў іх імгненна пачынаецца гістэрыка, як толькі нехта заяўляе правы на палітычную ўладу", — напісаў пэнсіянэр Віктар Баранаў з Рагачова.

Згадка пра 100 даляраў зарплаты — у вельмі многіх лістах апошняга часу. Выглядае, што гэтае вельмі канкрэтнае абяцаньне можа стаць вырашальным для многіх людзей перад выбарамі. І ў Аляксандра Лукашэнкі ня надта шмат магчымасьцяў дзеля таго, каб выкананьне гэтага абяцаньня адкласьці “на потым”.

А веры ў хуткі дабрабыт ня надта шмат. Вось які ліст пра гэта даслаў наш сталы слухач і аўтар, удзельнік вайны Віктар Скараход зь Менску:

"Абяцаньне 100-даляравай зарплаты — чарговая порцыя папулізму. Яна спатрэбілася, бо хутка выбары. Але згадайце, колькі абяцаў Лукашэнка за апошнія сем гадоў, і колькі выканаў. Пра такія пустыя абяцаньні мае вясковыя суседзі даўней казалі: "Абяцанка-цацанка, а дурню радасьць".

І цяпер рэакцыя на гэты папулісцкі фокус дваякая: адны, духоўна спустошаныя некалі бальшавіцкай прапагандай, з радасьцю чакаюць-не дачакаюцца абяцаных грошай; другія — хто бачыць на заводзкіх дварах сотні непрададзеных трактараў, аўтамабіляў, тралейбусаў, толькі ўсьміхаюцца.

Тактыка ў Лукашэнкі такая: "Мая верная апора — люд ад плуга і касы. Я ім тысячку падкіну, а яны мне — галасы".

Цікава атрымліваецца: шэсьць год згуртаванымі сіламі вэртыкаль таптала Беларусь ва ўсіх сфэрах ейнага эканамічнага, палітычнага і духоўнага жыцьця, а на сёмым выявіла, што назапасіла матэрыяльных рэсурсаў столькі, што можа падвысіць зарплату да ўзроўню сярэдніх краінаў — Польшчы й Літвы. Няма ў людзей цара ў галаве…" — лічыць Віктар Скараход зь Менску.

Некалькі лістоў на тэму іншых, апроч Лукашэнкі, магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта. Піша Аляксандар Гагін са Смаргоні Гарадзенскай вобласьці:

"Даўно слухаю вашы перадачы, і мяне зацікавіў выступ на Свабодзе Яўгена Крыжаноўскага, рэжысэра тэатру "Хрыстафор". Ён прапанаваў сваю кандыдатуру на прэзыдэнта Беларусі. Пры гэтым параўноўваў сябе з Рэйганам — маўляў, той таксама быў артыстам, а вось жа стаў прэзыдэнтам Злучаных Штатаў. Але ж Рэйган перш чым стаць прэзыдэнтам, ужо меў велізарны досьвед палітыка.

Крыжаноўскі таксама паабяцаў, што за ім пэнсіянэры атрымаюць магчымасьць зьезьдзіць у Чэхію й паглядзець, як там жывуць людзі. Усё гэта добра, але пра пэнсіянэраў клапоціцца й Лукашэнка. А вось што зьменіцца для нас, каму да пэнсіі яшчэ 25-30 гадоў? Што зробіць прэзыдэнт Крыжаноўскі для настаўнікаў, лекараў, якія не займаюцца бізнэсам, а жывуць на адну сьціплую зарплату?

Крыжаноўскі нядаўна выступаў з канцэртам у нас у Смаргоні й многім спадабаўся. Калі б ён пераканаўча адказаў на пастаўленыя мной пытаньні, то, я ўпэўнены, у яго зьявілася б шмат прыхільнікаў", — напісаў Аляксандар Гагін са Смаргоні.

Палітычную будучыню Яўгена Крыжаноўскага мала хто сёньня абмяркоўвае сур’ёзна. Аднак апазыцыя з адзіным кандыдатам дагэтуль ня вызначылася, а тыя, хто за Лукашэнку галасаваць не зьбіраецца, самастойна шукаюць альтэрнатывы. І гатовыя прыглядацца й прыслухоўвацца да самых нечаканых прапановаў.

А вось наш слухач Алесь Волат з Ганцавічаў — з тых, хто з уласным выбарам вызначыўся даўно й лічыць яго беспамылковым. Алесь піша:

"Адзіны палітык у Беларусі, які да канца й пасьлядоўна адстойвае незалежнасьць Беларусі ад імпэрскіх замахаў Расеі — гэта Зянон Пазьняк. Менавіта за яго прагаласуе кожны шчыры беларус, які жадае шчасьця сваёй Бацькаўшчыне. Пазьняк павінен гучаць на Свабодзе штодня — гэта ваш абавязак.

Пазьняк — адзіны, хто не мяняў сваіх поглядаў. Ён гаварыў адно і тое ж і ў 1991 годзе, і ў 1995-м. Тое ж гаворыць і цяпер. Астатнія ж усяляк прыстасоўваюцца й падладжваюцца. Калі-небудзь нашчадкі гэта ацэняць. А на ўсіх, хто не зразумеў велічы й значнасьці гэтай асобы, будзе ляжаць пляма ганьбы", — лічыць Алесь Волат з Ганцавічаў.

Зянон Пазьняк не гучыць на хвалях Свабоды штодня, але гучыць тады, як для гэтага ёсьць інфармацыйная падстава. Па-мойму, Алесь, такі прынцып пры асьвятленьні палітычных падзеяў слушны.

Што да адметнасьцяў Пазьняка-палітыка, то многія, напэўна, гатовыя паспрачацца з вамі наконт таго, ці ёсьць вартасьцю (вартасьцю менавіта для палітыка) нязьменнасьць пазыцыі ды ігнараваньне грамадзкай думкі. Калі ставіць за мэту заваёву палітычнай улады, гэтыя рэчы, па-мойму, ня ўлічваць немагчыма.

На заканчэньне ліст ад Івана Самахвалава зь Віцебску. Ён піша:

"Ужо вясна, а ў нас на Віцебшчыне ў многіх (калі ня ў большасьці) калгасаў сеяць няма чаго й няма чым. Куды ўсё падзелася? Яшчэ нядаўна калгасныя правадыры на ўсе пытаньні адказвалі, што няма парытэту цэнаў. Маўляў, адпусьціце цэны на малако, мяса і хлеб — і калгасы зажывуць. Цэны адпусьцілі, але грошай у калгасаў ад гэтага болей ня стала. Яны б і далей накручвалі цэны, але няякасную і дарагую прадукцыю і так цяжка прадаць.

Гэтай вясной пасее толькі той, у каго ёсьць свой конь і свае працавітыя рукі — гэта значыць, селянін-аднаасобнік на сваім лапіку зямлі. А калгасныя землі будуць зарастаць быльнягом, у той час як калгаснае начальства будзе складаць прыгожыя справаздачы. І калі гэта скончыцца — падобна, ніхто ня ведае", — напісаў Іван Самахвалаў зь Віцебску.

Чакаць, спадар Іван, засталося, па-мойму, нядоўга. Сем год таму Аляксандар Лукашэнка не дапускаў нават размоваў пра адмову ад калгаснай сыстэмы. Сёньня ён кажа пра тое, што самастойна працаваць нібыта можа палова калгасаў, і ўжо прызнае, што ў другую палову ўкладаць грошы бессэнсоўна.

Калгасы разваляцца імгненна, як толькі ўлада перастане фінансаваць іх зь дзяржбюджэту за кошт іншых галінаў. А магчымасьцяў дзеля маштабнага фінансаваньня няма ўжо сёньня.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Генадзя Паліткі зь Віцебску, Міколы Сьвержаня зь Менску і Аляксандра Олеся з украінскага мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых лістоў.
XS
SM
MD
LG