Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці ў школах трацяць прытомнасьць ад голаду, людзі спрачаюцца пра выбары.


Лісты слухачоў чытае й камэнтуе Валянцін Жданко.

Палітычныя схільнасьці значнай часткі насельніцтва зьвязаныя з успамінамі пра той час, калі лічылася, што ў Савецкім Саюзе не было беспрацоўя і ўсе нібыта мелі аднолькавыя шанцы на бясплатную адукацыю і мэдычнае абслугоўваньне.

Сем гадоў таму Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам у многім дзякуючы таму, што актыўна эксплюатаваў лёзунг рэстаўрацыі савецкіх парадкаў.

Так званы “рынкавы сацыялізм” застаецца дэкляраванай мэтай беларускай улады і сёньня. Але як у сапраўднасьці абароненыя сацыяльныя правы людзей пры гэтым “сацыялізме”?

Вось якую гісторыю распавёў нам у сваім лісьце Міхаіл Шавель зь мястэчка Навінкі Менскага раёну:

“Памятаю, у школьныя ды студэнцкія гады нам пастаянна ўбівалі ў галаву думку, што мы, грамадзяне СССР, самыя шчасьлівыя й багатыя на сьвеце. І мы шчыра верылі гэтай хлусьні. Я нават аптымістычныя вершы пісаў, у якіх услаўляў савецкі лад жыцьця, КПСС і камсамол. Верыў, што дарагі Ільіч заўсёды дапаможа выйсьці зь любога цяжкага стану.

Але, атрымаўшы дыплём выкладчыка беларускай мовы й літаратуры ў Берасьцейскім пэдінстытуце і пачаўшы працаваць у сельскіх школах Івацэвіцкага раёну, а потым у рэдакцыях Ляхавіцкай і Лагойскай райгазэт, пераканаўся, што мяне мясцовыя ўлады душаць і топчуць за тое, што не хачу ім дагаджаць.

Я ня раз у 1960-1970 гады выступаў з крытычнымі артыкуламі ў газэтах і на радыё, дзе называў вінаватых у тых ці іншых недахопах. Вынік маёй барацьбы зь мясцовымі ўладамі вельмі сумны. Былыя кіраўнікі Ляхавіцкага й Лагойскага раёнаў рабілі кар’еру. А мяне ў Лагойскім раёне загадам першага сакратара райкаму партыі Фёдара Рускевіча накіравалі на пэнсію па інваліднасьці ў сьнежні 1983 году. Тады мне было 49 гадоў. Адным словам, дапісаўся…

А потым узяліся за маю сям'ю: жонку, настаўніцу пачатковых клясаў, і дачку, кіяскёршу “Саюздруку”. Жонка яшчэ сяк-так дабыла да пэнсіі, а дачка вось ужо 10 гадоў нідзе ня можа працы знайсьці. Колькі мы зь ёй установаў абышлі, колькі кабінэтаў. Чыноўнікі толькі выслухоўвалі нас, нешта раілі, а вынікаў — ніякіх.

Часам яна атрымлівае мізэрную дапамогу па беспрацоўі — і ўсё. І мы, бацька й маці, былыя настаўнікі, цяпер пэнсіянэры, абое інваліды, кормім і апранаем беспрацоўную дачку, на якую забылася родная дзяржава.

Пра гаротны наш лёс добра ведаюць і ў Менскім райвыканкаме, і ў аблвыканкаме, і ў адміністрацыі Лукашэнкі. Вось ён, сапраўдны клопат пра простых людзей у гаротнай Беларусі", — напісаў Міхаіл Шавель зь мястэчка Навінкі Менскага раёну.

Вельмі магчыма, спадар Шавель, што прычына ўсіх бясплённых хаджэньняў па кабінэтах — не ў зламысных помсьлівых намерах чыноўнікаў, якія памятаюць вашыя публікацыі 10-гадовай даўніны.

Проста лёзунгі ўлады пра агульную сацыяльную абароненасьць — ужо даўно толькі для палітычнага ўжытку. А іхная сапраўдны кошт выяўляецца кожным асабіста — падчас такіх вось спробаў асобнага чалавека вырашыць уласную прыватную праблему.

Зрэшты, ня ўсе на падставе ўласнага досьведу робяць такія высновы, як Міхаіл Шавель. Зусім іншай бачыць прычыну няўдачаў беларускай улады наш слухач Лявон Салавей зь Віцебску. Цытую ягоны ліст:

“Усёй гэтай апазыцыі, якая толькі тым і займаецца, што за грошы Захаду лае Лукашэнку, трэба выдаць у рукі рыдлёўкі і накіраваць у вёску, падымаць калгасы. Яны толькі і ўмеюць што языком працаваць. Няхай пакажуць, як умеюць хлеб вырошчваць.

Яны хочуць прадаць Беларусь Захаду. Захопяць уладу — тады імгненна і зямля, і заводы апынуцца ў руках “новых рускіх”, а нас зробяць сваімі парабкамі.

Лукашэнка даўно падняў бы Беларусь, каб яму не заміналі ўсе гэтыя апазыцыянэры, прадажныя міністры і банкіры”, — гэта быў ліст Лявона Салаўя зь Віцебску.

Па-мойму, спадар Салавей, вам варта мець на ўвазе, што ўжо не адзін год ніводнага апазыцыянэра няма ні ў беларускім ўрадзе, ні ў парлямэнце, ні тым больш ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. А ўсе міністры, якіх вы называеце “прадажнымі”, прызначаюцца толькі асабіста Аляксандрам Лукашэнкам.

Дзіўна таксама, чаму апазыцыянэры, паводле вашых словаў, мкнуцца “прадаць Беларусь Захаду”, а ўсьлед за гэтым тут павінны зьявіцца “новыя рускія”. Арыентацыя на Расею і расейскія парадкі — гэта зноў жа падмурак зьнешняй палітыкі Лукашэнкі.

Ліст ад настаўніка Вячаслава Ляскевіча з Полацкага раёну Віцебскай вобласьці:

“У вясковых школах дзеці часам губляюць прытомнасьць ад недаяданьня. Сам часта бываю сьведкам, як у школьнай сталоўцы некаторыя знарок застаюцца даўжэй за сталом, каб цішком узяць не даедзеную суседам булачку ці катлету. Відовішча не для слабых нэрваў. Хочацца хоць чым дапамагчы гэтым дзецям, але як, калі й сам не заўсёды бываеш сыты.

Хутка выбары, а галасаваць няма за каго. Па тэлебачаньні паказваюць аднаго Лукашэнку, усе астатнія маўчаць, як вады ў рот набралі. І людзям здаецца, што нікога іншага і няма”, — напісаў настаўнік Вячаслаў Ляскевіч з Полацкага раёну.

Астатнія не маўчаць, спадар Вячаслаў. Іншая справа, што ўбачыць на тэлеэкранах іншых кандыдатаў, апроч Лукашэнкі, удасца ня хутка. (А ці ўдасца ўвогуле?) Прычыны гэтага зразумелыя большасьці людзей, якія ня толькі глядзяць дзяржаўнае тэлебачаньне, але й здольныя аналізаваць убачанае.

Пра выбары апошнім часам пішуць шмат. Вось якія ўласныя перадвыбарчыя парады дае ў сваім лісьце Сяргей Крук з Маладэчна Менскай вобласьці. Ён піша:

“Людзі, будзьце пільныя! Я ўпэнены, што гэтыя вядомыя словы, хоць сказаныя яны зь іншай нагоды, актуальныя й сёньня, калі неўзабаве нам належыць зрабіць выбар.

Як паводзіць сябе, каб зноў не застацца падманутымі? Па-мойму, найперш трэба давесьці ўсім, і асабліва простаму рабочаму люду — ня варта баяцца. Усе як адзін павінны пайсьці на выбары. У кабіне для галасаваньня ніхто ня будзе стаяць за сьпіной і падглядваць — дык чаго баяцца, чаму не прагаласаваць за таго, каму можна даверыць кіраўніцтва краінай? Калі ўсе прагаласуюць у адпаведнасьці са сваімі перакананьнямі, Лукашэнка ўлады ня ўбачыць.

Па-мойму, сёньня ўсе разумеюць: калі Лукашэнка з дапамогай маніпуляцыяў захавае ўладу, то зробіць усё, каб не аддаць яе нікому аж да сьмерці — на прыклад Кастра й Хусэйна”, — напісаў Сяргей Крук з Маладэчна.

Уласныя патрабаваньні да кандыдатаў на прэзыдэнта ў нашага сталага слухача Алеся Ляскоўскага, настаўніка-пэнсіянэра зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Ён піша:

“Каб беларускім выбаршчыкам зрабіць сьвядомы, асэнсаваны ды правільны выбар, магчымых прэтэндэнтаў трэба прапусьціць, так бы мовіць, праз “усенародны рэнтген”, прапаноўваючы ім падчас інтэрвію, як мінімум, наступныя пытаньні:

Ці лічыце вы неабходным маштабнае пакаяньне народу за відавочныя грахі ў мінулым?

Як вы ставіцеся да незалежнасьці Беларусі й да ейнага саюзу з Расеяй?

Вашае стаўленьне да цяперашняга ўзаконенага двухмоўя (а фактычна да русіфікацыі)?

Вашае стаўленьне да прыватнай уласнасьці (у тым ліку на зямлю)?"

Далей Алесь Ляскоўскі тлумачыць, чаму, на ягоную думку, беларусам патрэбнае ўсеагульнае пакаяньне. Яшчэ адна цытата зь ягонага ліста:

“За змрочным часам савецкага атэізму адбылося рэзкае духоўна-маральнае падзеньне, дэградацыя нашага грамадзтва. Найважнейшым жа сродкам і першачарговай умовай збаўленьня ад усялякага грэхападзеньня найперш (і зусім натуральна) ёсьць пакаяньне.

Пры будаўніцтве новага, здаровага, прававога, свабоднага грамадзтва нам без маштабнага ўсеагульнага пакаяньня, лічу, не абысьціся. Прыклад такога пакаяньня — Нямеччына пасьля Другой усясьветнай вайны”, — гэта быў ліст Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Ніны Кірычун зь Берасьця, Алеся Завацкага са Смаргоні Гарадзенскай вобласьці, Алеся Сакалоўскага зь Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці, Ганны Сьцепулёнак з Койданава Менскай вобласьці, Віктара Жалезнага зь вёскі Люсін Ганцавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці, Віктара Аляхно з Бабруйску Магілёўскай вобласьці, Барыса Хамайды зь Віцебску, Ларысы Сокалавай і Ільлі Копыла зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG