Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕ ЛЕПШ ПРОСТАМУ НАРОДУ – У ЛІТВЕ ЦІ БЕЛАРУСІ ДЫ ІНШАЕ


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Цяжка быць палітычна актыўным у вёсцы. Асабліва калі гэтая актыўнасьць не задавальняе мясцовую ўладу і выклікае насьмешлівую альбо агрэсіўную рэакцыю некаторых аднавяскоўцаў. Вось што нам напісала пра гэта Ірына Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну:

“Мяне не зьдзіўляе, што часам вам пішуць лісты з абразамі. Нічога, перажывяце. Са мной і не такое бывала: вырывалі з рук падпісныя лісты і ўлёткі, скамечыўшы, кідалі іх у твар (ці, у лепшым выпадку, у печ); пасылалі ў Польшчу, у Літву і яшчэ кудысьці далёка. Чаму?

Адным не падабаецца, што Пазьняк зьехаў за мяжу, не павялічыўшы пэнсіяў ды заробкаў. Другім не падабаецца, што Лукашэнку замінаюць “нацыяналісты паганыя”. Адна настаўніца мне так і сказала: “Адчапіцеся ад прэзыдэнта, а то пакрыўдзіцца і сыдзе. Вось тады паплачаце, як літоўцы цяпер плачуць”. Дарэчы, усе гэтыя людзі тутэйшыя”.

Адметна, што мястэчка Парэчча, дзе жыве Ірына Барысевіч, усяго за некалькі кілямэтраў ад літоўскай мяжы, і ў людзей ёсьць магчымасьць параўноўваць жыцьцё там і тут. Аднак высновы ад такога параўнаньня робяць часам вельмі своеасаблівыя. Яшчэ адна цытата зь ліста спадарыні Ірыны:

“Вельмі ўдалая ваша задума — перадача пра Яна і Яніса. Але хацелася б, каб было больш лічбаў для параўнаньня. Вось нядаўна я, спаткаўшыся са сваячкай зь Літвы, разгаварылася на тэму “як у вас?” ды “як вы?”

Яна скардзілася, што ейная дачка-настаўніца атрымлівае 400 даляраў, а за кватэру плоціць 75 даляраў — і таму, маўляў, цяжка пражыць. Але ж у яе застаецца 325 даляраў — гэта па нашых коштах цана каровы.

Я ёй патлумачыла, што мая дачка-настаўніца атрымлівае 38 даляраў, і пасьля аплаты камунальных паслугаў (3 даляры) у яе застаецца 35 даляраў. (Гэта крыху больш за 10 кіляграмаў ялавічыны найлепшага гатунку.) Дык каму цяжэй?

“Але ж вашыя грошы спарнейшыя”, — адказала жанчына і яксьці няўпэўнена паціснула плячыма”.

Тым ня менш, паводле сваіх багатых назіраньняў Ірына Барысевіч прыйшла да высновы, што настроі ў грамадзтве ўсё ж пакрысе мяняюцца. Яна піша:

“Раней, калі размова заходзіла пра прэзыдэнта, толькі й чула: “Хто, калі ня ён?”, “Толькі ён”, “Усе аднолькавыя”. Цяпер зьявіўся яшчэ адзін тыповы адказ: “Абы каго, толькі не яго”. Самі дадумаліся ці хто дапамог — ня ведаю, але зьява такая ёсьць”.

Мне таксама даводзілася сутыкацца з гэтай адметнасьцю чалавечай псыхалёгіі, спадарыня Ірына. Цёткі й дзядзькі зь літоўскіх Друскенікаў ды Салечнікаў вельмі зайздросьцяць сваякам з Горадні й Ліды, што тыя плацяць за кватэру 3-5 даляраў. Але пераяжджаць ні ў якім разе ня хочуць, бо ў Літве маюць пэнсію 150 даляраў. Вось калі б да літоўскай пэнсіі ды беларускія камунальныя тарыфы…

Але нават пры сёньняшнім раскладзе ніхто зь Літвы ў Беларусь не імкнецца. Простыя арыфмэтычныя падлікі, падобныя на тыя, што зрабілі вы, паказваюць, дзе чалавеку лепш.

Ліст ад Людмілы Ліцьвіной зь Менску — на тэму хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў. Людміла сутыкнулася са зьявай, якая выклікала ў яе шмат пытаньняў да некаторых прадстаўнікоў апазыцыі. Цытую ейны ліст:

“Мне вельмі хочацца пабачыць Беларусь нармальнай эўрапейскай краінай, але падаецца, што шлях да гэтага не такі лёгкі.

Днямі знайшла ў сваёй паштовай скрыні ўлётку, падпісаную Беларускім Вызвольным Рухам. Не падабаюцца чамусьці гэтаму Руху аб’яднаныя дэмакратычныя сілы і адзіны кандыдат, якога яны называюць “маскоўскім халуём пад шыльдай “адзінага кандыдата”.

І гэта, калі нават невядома, хто дакладна гэта будзе ды якую праграму ён нам прапануе. Відаць, ім трэба загадзя прычапіць ярлык чужынца да гэтага кандыдата.

Гэткія мэтады нагадваюць працу пэўных службаў, якія ўжо даўно намагаюцца пасварыць тую частку грамадзтва, якой неабыякавы лёс Беларусі, а ў галовы астатніх унесьці блытаніну. Лічу, што гэта вельмі шкодная дзейнасьць, якая не прынясе нічога добрага нашаму грамадзтву і будзе на руку сёньняшняй уладзе.

Упэўненая: вельмі добра, што дэмакратычныя сілы аб’ядналіся пад эгідай Каардынацыйнай рады. Зараз гэта адзіная моцная дэмакратычная структура ў нашай краіне, зь якой вымушаныя лічыцца і тут, у Беларусі, і за яе межамі”, — гэтак лічыць Людміла Ліцьвіна зь Менску.

Ня думаю, спадарыня Людміла, што ў кожнай праяве нязгоды з большасьцю дэмакратычных сілаў трэба шукаць зламысныя пляны спэцслужбаў. Вядома, што значная частка некалі адзінага Народнага фронту скептычна ставіцца да намаганьняў аб’яднанай апазыцыі вылучыць адзінага кандыдата, што яна незадаволеная дзейнасьцю групы АБСЭ, якая намагаецца стварыць у Беларусі ўмовы для справядлівых выбараў.

Выйсьцем з сытуацыі гэтыя людзі бачаць так званы “вызвольны рух”. Але яны ў відавочнай меншасьці, і, выглядае, рэагуюць на гэта гэтак вось хваравіта.

Піша наш сталы слухач і аўтар Віктар Скараход зь Менску:

“Як азіраюся на сямігадовы шлях Беларусі, які яна прайшла пры ўладзе так званага выратавальніка ад карупцыі й эканамічнага развалу, то паўстаюць змрочныя выявы.

Замест вынішчэньня карупцыі — яе далейшы росквіт; замест эканамічнага ўздыму — заняпад прамысловасьці й паміраньне вёскі; замест непарушнасьці грамадзянскіх правоў і дабрабыту — лес міліцэйскіх дубінак, стандартныя несправядлівыя прысуды ды ўсенароднае жабрацтва.

А да ўсяго гэтага менавіта за часам кіраваньня Лукашэнкі ўзьніклі ў Беларусі такія пачварныя зьявы як выкраданьне дзеячоў апазыцыі, зьбіцьцё й шальмаваньне вядомых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры, якія не захацелі падпяваць уладзе. А за імі — сотні зьбітых да крыві, да калецтва ў часе мітынгаў і Маршаў Свабоды, на вуліцах і плошчах, у паліцэйскіх пастарунках…

Цяперашняе самаўладзьдзе — гэта шум і цьвіль савецкай эпохі. Але немінуча надыдзе час, калі ўлада стане сапраўды народнай, беларускай”, — напісаў Віктар Скараход зь Менску, пэнсіянэр, удзельнік вайны.

Спадар Скараход спадзяецца дачакаць гэтага часу і хоць крыху пажыць у краіне, дзе чалавека, які размаўляе па-беларуску, ня будуць лічыць асобай другога гатунку.

Піша Барыс Цімашэнка з Украіны, зь Львова:

“Вашая праграма — бадай што, адзіная крыніца інфармацыі зь Беларусі, якой хочацца верыць. Найбольш удалыя, на мой погляд, перадачы — “Праскі акцэнт”, круглыя сталы і асабліва праграмы, што тычацца будзённага жыцьця простых людзей.

І тут вам варта было б зьвярнуць увагу на праграму дзяржаўнага радыё “Разговор по существу”, якую можна слухаць ня толькі ў Беларусі, але і ў многіх раёнах Украіны і Расеі. Усё беларускае там паліваецца брудам, прапагандуецца заімшэлы панславізм, услаўляецца палітыка Лукашэнкі. Вам ня варта ўцякаць ад гэтай праграмы, адварочвацца ад яе. Трэба даваць адпор, даваць слова свабодна".

Справа ў тым, спадар Цімашэнка, што на беларускім дзяржаўным радыё і тэлебачаньні ёсьць палітычныя праграмы, узровень дыскусіі ў якіх не падымаецца вышэй за брудную лаянку і набор састарэлых ідэалягічных штампаў. Адна з такіх перадачаў — названы вамі "Разговор по существу". Усур’ёз, разважліва й спакойна дыскутаваць з гэтымі людзьмі проста немагчыма — спатрэбілася б апускацца да іхнага узроўню.

Барыс Цімашэнка таксама прапануе ў сваім лісьце больш увагі надаваць тэме беларускай дыяспары. Ён піша:

“Разам з чыста віртуальным існаваньнем многіх нацыянальна-культурных таварыстваў, а таксама поруч з прайдзісьветамі, якія імкнуцца выкарыстаць статус меншасьцяў ва ўласных карысьлівых мэтах, ёсьць шмат беларусаў, якія не абыякавыя да жыцьця й падзеяў, што зараз адбываюцца на радзіме, і імкнуцца хоць чымсьці дапамагчы ёй у гэты скрушны час. Адным з самых рэальных сродкаў на сёньняшні час ёсьць вашая праграма”, — гэта быў ліст Барыса Цімашэнкі з Заходняй Украіны.

На заканчэньне — ліст ад Леаніда Смоліча з Салігорску:

“У вёсках і мястэчках найпершы памочнік уладаў у часе рознага кшталту прапагандысцкіх і выбарчых кампаніяў — настаўнікі. За дробязную падачку на некалькі тысяч рублёў яны гатовыя і агітаваць за каго скажуць, і выбарчыя бюлетэні, як трэба ўладзе, палічыць.

А пасьля адзін аднаму скардзяцца, што зарплаты мізэрныя, на іх пражыць немагчыма, што ўлада іхную працу ня цэніць. Але лічацца найперш з тымі, хто сам сябе цэніць і паважае, хто мае ўласную палітычную пазыцыю і гатовы яе адстойваць. А нашыя настаўнікі каштуюць роўна столькі, колькі ім плацяць. І ня варта спачуваць і шкадаваць іх. Яны самі выбралі сабе такое жыцьцё. Стануць разумнейшыя — тады й жыць будуць інакш”, — гэтак лічыць Леанід Смоліч з Салігорску.

У нашай пошце, спадар Смоліч, шмат лістоў менавіта ад вясковых настаўнікаў. Вельмі часта гэта — шчырыя думкі разумных, удумлівых людзей, якія выдатна арыентуюцца ў сёньняшняй сытуацыі, якіх не падманеш палітычным папулізмам, якія кожны на сваім месцы робяць тое, што могуць — а найперш выхоўваюць сапраўдных грамадзян, што будуць будаваць незалежную Беларусь празь дзесяць-дваццаць гадоў.

І я не лічу, што гэта маральна — патрабаваць ад вясковага настаўніка, які ня мае іншай працы ды іншых пэрспэктываў у сваёй вёсцы, нейкіх палітычных дэмаршаў у часе кампаніяў, што наладжвае ўлада.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час паслухаць нас і падзяліцца думкамі пра пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў:

паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG