Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра прыватную зямлю, расейскія традыцыі, парады Сямёну Домашу ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко





Адказы на гэтыя пытаньні ў той ці іншай форме гучаць амаль ва ўсіх лістах слухачоў — і аднадумцаў нашых, і апанэнтаў.

Вось які ліст даслаў Іван Пісьмянкоў з Магілёву, які незадаволены, што Свабода дае слова многім з тых, хто адстойвае права на прыватную ўласнасьць на зямлю. Іван Пісьмянкоў піша:

“Згодны з вамі, што калгасы доўга не працягнуць. Няма ў іх ані грошай, ані людзей. А дзяржава дапамагае слаба. Але й бясплатна раздаваць зямлю ўсім, хто пажадае — ня выйсьце. Няўжо вы не разумееце, што пасьля гэтага адбудзецца?

Зьявяцца зь мяшкамі грошай заходнія паны і мясцовыя падпанкі, забяруць усё пад сябе ды прымусяць нашых вяскоўцаў быць у іх парабкамі. Вы што, хочаце адрадзіць прыгоннае права?

Калі й дазволіць валодаць зямлёй, то толькі за вялікія грошы. І няхай тыя, хто яе купіў, самі на ёй працуюць. Інакш зноў зьявяцца кулакі й памешчыкі”, — гэтак лічыць Іван Пісьмянкоў з Магілёву.

Ня ведаю, спадар Пісьмянкоў, ці часта бываеце вы ў вёсцы. Я ў сваёй вёсцы ў Шчучынскім раёне ўжо каторы год бачу адно і тое ж — рабочыя саўгасу зайздросьцяць пэнсіянэрам.

Пэнсіі, як і паўсюль, мізэрныя, нармальна жыць на іх немагчыма, але ў саўгасе ня плоцяць і таго. Да таго ж чакаць зарплаты даводзіцца па некалькі месяцаў. І гэта на Гарадзеншчыне, якая паводле беларускіх стандартаў лічыцца ледзь ня ўзорнай. Што казаць пра Магілёўшчыну, дзе вёска заўсёды лічылася адсталай.

Я ня ведаю тых, хто за вялікія грошы пры цяперашнім заканадаўстве захацеў бы купляць зарослыя быльнягом калгасныя палі дзе-небудзь у беларускай глыбінцы. Грошы, на маю думку, дзяржава сама павінна пазычаць тым, хто адважыўся б узяць на сябе гэты цяжар — адбудоўваць зьнішчаную калгаснай сыстэмай вёску.

А наконт парабкаў і прыгону… Большае прыніжэньне й зьдзек з чалавека, чым бясплатная цяжкая праца ў калгасе, па-мойму, і прыдумаць цяжка.

Пра наступствы так званай “беларускай мадэлі” эканамічнага ўладкаваньня напісала нам Сьвятлана Ліпневіч зь Менску. Цытую ейны ліст:

“Беларусь вельмі хутка вымрэ. І ня толькі таму, што нараджальнасьць у нас усе гады, калі прэзыдэнтам быў Лукашэнка, ніжэй за сьмяротнасьць.

Мае знаёмыя, якія дзесяць гадоў таму пераехалі ў Менск зь Ленінграду, сёньня кусаюць локці і шукаюць любых шляхоў, каб вярнуцца назад. Некалі яны пераехалі сюды, бо тут лягчэй было зрабіць кар'еру, атрымаць добрыя аклады. Тут не было чэргаў па мяса й масла, лёгка можна было ўладкаваць дзяцей у ВНУ, не патрабавалася веданьня нацыянальнай мовы.

Цяпер іхныя калегі ў Санкт-Пецярбурзе — такія ж, як яны, навукоўцы — зарабляюць у пяць разоў болей за іх.

Жыць і працаваць у Беларусь цяпер ніхто ня едзе. Наадварот, усе імкнуцца выехаць адсюль — хто на захад, хто на ўсход. І адбылося гэта з тае прычыны, што ўлада захацела вынайсьці нейкі спэцыфічны беларускі шлях. Але куды вядзе такі шлях? У пустэльню?” — пытаецца нашая слухачка Сьвятлана Ліпневіч зь Менску.

Так, Сьвятлана, міграцыйныя патокі з савецкіх часоў значна зьмяніліся. Праўда, афіцыйная статыстыка сьведчыць, што сякая-такая цікавасьць да Беларусі з боку замежных грамадзянаў усё ж захоўваецца.

Але кантынгент гэты спэцыфічны — у асноўным жыхары краінаў Цэнтральнай Азіі, Аўганістану, Пакістану, Індыі ды Шры-Ланкі, якія празь Беларусь спадзяюцца трапіць на Захад. Некаторыя асядаюць тут надоўга — на вуліцах Менску гэта ўжо заўважна.

Наш сталы слухач і аўтар зь Менску, які, як звычайна, падпісаўся ініцыялам “М” і даслаў ліст ня поштай, а прынес яго непасрэдна ў абанэнцкую скрынку, піша пра сваё разуменьне адметнасьці нацыянальнага характару беларуса і пра тое, як гэта ўплывае на сёньняшнюю беларускую сытуацыю. Цытую ягоны ліст:

“Часта сёньняшняе становішча ў Беларусі тлумачаць пэўнымі адметнасьцямі беларусаў — памяркоўнасьцю, рахманасьцю… На маю думку, гэта памылкова. У зьвязку з гэтым — адна цытата з Рамэна Ралана: “Дастаткова чалавеку пачуць, што ён пазбаўлены свабоды волі, як ён перастае валодаць сабой, і жывёльны пачатак бярэ над ім верх”.

Дыктатура стварае ў чалавеку ўсьведамленьне, што ягонае жыцьцё залежыць не ад яго, і жывёльны пачатак — прымітыўны эгаізм, а ня розум і сумленьне — пачынаюць кіраваць ім, ягоным жыцьцём.

Так было ва ўсіх краінах, дзе дыктатура ды гвалт кіравалі жыцьцём краіны — у Савецкім Саюзе, нацысцкай Нямеччыне, краінах Эўропы ў гады акупацыі”, — гэта быў ліст нашага слухача зь Менску, які падпісаўся ініцыялам “М”. Пра сябе ён піша, што слухае беларускую Свабоду штодня, а імя не называе таму, што пакуль дзеля барацьбы за Беларусь ня хоча, каб яго ведалі КГБ і падобныя да яго ўстановы.

Гэтую ж тэму (праўда, іншы ейны аспэкт) аналізуе ў сваім лісьце наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:

“Брэжнеўска-машэраўскі горад прынес у Беларусь векавую расейскую традыцыю кампанейшчыны, зьбіваньня ў кляны, групы (кшталту ўсходняга кляну). Гатовасьць беларускага грамадзтва жыць паводле нормаў Эўразьвязу наўрад ці перавышае адсоткаў 10.

Часам ціхі тэмпэрамэнт беларусаў (адрозна ад буяных расейцаў) выдаецца як падабенства 800-гадовай англасаксонскай традыцыі. Але прыродны тэмпэрамэнт — гэта адно, а грамадзкая векавая норма, традыцыя — зусім іншае.

Зладзеявата-крымінальны “савок” з шайкі цалкам можа быць хітрым і ціхім. А тупы рабочы “савок” — зусім не галяндзкі фэрмэр ці нью-ёрскі працаголік.

Што да нацыянальных каштоўнасьцяў, то пра іхную пэрспэктыву красамоўна сьведчаць рысы адзінага кандыдата на сёлетнія выбары: гэта павінен быць памяркоўны, не празаходні, не прарасейскі, няяркі нацыянал-дэмакрат…

Сёньняшняе беларускае грамадзтва ў прынцыпе ня бачыць нічога заганнага ў самім расейскім стылі й ладзе жыцьця. Беларус максымальна блізкі паводле мэнталітэту наварыначнаму і постсавецкаму расейцу".

На думку Алеся Марціновіча, аптымальнае выйсьце для беларусаў — падтрымаць на выбарах Сямёна Домаша, каб ён атрымаў працэнтаў 35 (калі Лукашэнка — 55%). Алесь Марціновіч лічыць:

“Домаш павінен ісьці ня столькі дзеля перамогі, колькі дзеля легалізацыі іміджу лідэра апазыцыі. Трэба таксама адхіліць нацыянал-дэмакратам літоўскую і чэскую мадэлі, а ўзяць украінскую.

Неабходна ствараць намэнклятуру. І яе павінен аб’яднаць апазыцыйны лідэр Домаш, які адбярэ яе ў Лукашэнкі, паабяцаўшы магчымасьць весьці бізнэс і пэрспэктыву стаць алігархамі. Гэты шлях мінімум на 20 гадоў, максымум — на 50. Але іншага быць ня можа. Са зьнікненьнем харызмы Лукашэнкі народ пачне давяраць новай намэнклятуры”, — гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Развагі пра мадэлі палітычных пераўтварэньняў — занятак займальны, хоць у сапраўднасьці, як сьведчыць досьвед 1990-х гадоў, чужыя рэцэпты рэдка цалкам прымальныя нават для гістарычна й культурна блізкіх краін.

Не зусім зразумела, спадар Марціновіч, чаму вы адводзіце на пераход улады ў Беларусі як найменш 20 гадоў. Якраз досьвед усёй астатняй Усходняй Эўропы сьведчыць, што такі пераход адбываецца вельмі хутка, нават у тых краінах, дзе аўтарытарныя рэжымы зьнешне выглядаюць непарушнымі.

На заканчэньне — некалькі ўрыўкаў яшчэ з двух лістоў.

Піша Міхаіл Юшпа зь Менску:

“Афіцыйная прапаганда палохае беларусаў: вось не выбераце Лукашэнку, стане прэзыдэнтам празаходні палітык — будзеце сядзець безь сьвятла ў халодных кватэрах, як расейцы ў Прымор’і.

Поўная бязглузьдзіца. Нібы гэта дэмакраты, а не Лукашэнка цягнуць Беларусь у халодную й галодную Расею. І нібы гэта супэррынкавы празаходні Чубайс кіруе Прыморскім краем, а не найлепшы сябар Лукашэнкі Наздраценка. Трэба быць ідыётам, каб не разабрацца ў гэтым”, — напісаў Міхаіл Юшпа зь Менску.

І яшчэ — ліст ад Сяржука Лебядзеўскага з Маладэчна Менскай вобласьці:

“Я ніколі не адчуваў сваёй радзімай Маскву, Варонеж, Уладзівасток, а тым больш — Калыму й Магадан. СССР я ўспрымаў як саюз народаў, хаця й ня роўны, ня добраахвотны. Магчыма, таму ён і разваліўся. Сваёй радзімай я заўсёды адчуваў Беларусь, ганарыўся і ганаруся гэтым”.

Вялікі дзякуй, Сяржук, вам і ўсім, хто знайшоў час паслухаць нас і падзяліцца думкамі пра пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG