Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА КОЛЬКАСЬЦЬ МІЛІЦЫІ, ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ ДЫ ІНШАЕ


Лісты чытае і камэнтуе Валянцін Жданко

Многіх з тых, хто ўпершыню наведвае Беларусь, уражвае колькасьць міліцыянтаў на вуліцах. Дзеля чаго зусім не багатая дзяржава ўтрымлівае 100-тысячную армію міліцыянтаў? І ці адбіваецца гэта на колькасьці злачынстваў і бясьпецы людзей? Вось як адказвае на гэтыя пытаньні наш слухач з Воршы Віцебскай вобласьці Войцех Раманаў. Цытую ягоны ліст:

“У горадзе поўна міліцыі, але не раскрываюць нават самых прымітыўных злачынстваў. Асабліва квітнеюць крадзяжы. Крадуць усё, што трапіць на вока, але найперш, вядома, каштоўныя рэчы — машыны, кампутары, аргтэхніку. Вось нядаўна друкарню абрабавалі, суседнюю зь ёй рэклямную фірму — таксама.

На Новы год у варшанскім раёне Задняпроўе ажно 10 прыватных дамоў абчысьцілі. Бяруць усё — ад бульбы да дзіравай алюмініевай місы. Цяпер, калі беларускае насельніцтва яшчэ больш зьбяднела, бандзюгі з размахам стараюцца перабрацца ў суседні Смаленск. Там ямчэй збываць тое, што ўкрадзена ў нас у Беларусі. Асабліва гэта тычыцца чорных і каляровых мэталаў.

Спытаеце: а што ж міліцыя? Ды яны ўсе адны з другімі даўно знаёмыя, у іх між сабой выдатныя адносіны. Калі хто й трапляецца ў рукі міліцыі, дык па драбязе. Вось нядаўна злавілі некалькі падлеткаў, якія кралі тэлефоны-аўтаматы разам з кабінамі — на мэталалом. Дык міліцыянты іх зьбілі — сінякоў і драпінаў не палічыць. Але нават не спрабавалі высьветліць, хто з дарослых стаіць за гэтымі падлеткамі, каму яны збывалі крадзенае.

А што міліцыянты зьбіваюць і зьневажаюць затрыманых, нават пры сьведках — дык пра гэта ўсе ведаюць. Але паспрабуйце давесьці такую справу да суду — няма ніякіх шанцаў”, — гэтак лічыць Войцех Раманаў з Воршы.

Міліцэйскія сілы ў Беларусі павялічваліся цягам сямі гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Адначасова ў гэты ж час усё большала злачыннасьць, у тым ліку тая, якой раней у Беларусі амаль не было. У вёсцы сёньня трэба пільнаваць і хляўчук з хатняй птушкай, і бульбяное поле.

У горадзе злодзей можа паквапіцца нават на зьмесьціва лядоўні ці кладоўкі з гароднінай. І ніякая стотысячная армія міліцыянтаў ад гэтага не абароніць — бо справа тут у галечы, у немагчымасьці пракарміцца, ад якой пакутуюць дзясяткі й сотні тысяч людзей.

Таксама на тэму дачыненьняў зь міліцыяй напісаў нам Мікалай Тарасюк зь вёскі Камароўка Тамашоўскага сельсавету Берасьцейскага раёну. Слухач так піша пра свае крыўды:

“Мне ўжо 68 гадоў, я адзінокі інвалід. 17 жніўня 1999 году адзін хуліган мяне зьбіў сьмяртэльна, пасьля чаго мне давялося ляжаць у шпіталі. Міліцыя завяла крымінальную справу. 7 сьнежня мяне выклікалі на суд.

Але што адбываецца — судзяць не хулігана, а мяне. І асудзілі — далі штраф на тры з паловай мінімальных заробкі. Куды я потым толькі ні зьвяртаўся — і ў абласны суд, і ў Вярхоўны. Нідзе да мяне не прыслухаліся. Так і застаюся я — з крымінальнай справай і згубіўшы грошай на 124 000 рублёў”.

Мікалай Тарасюк таксама піша, што часта слухае нашыя перадачы і ведае, што мы паўстаем на абарону незаконна пакрыўджаных. У гэтай сувязі ён просіць прыехаць да яго ў вёску і ва ўсім разабрацца.

На жаль, спадар Тарасюк, мы ня маем такой магчымасьці, ды й паўнамоцтваў — весьці ўласныя расьсьледаваньні ці нейкім чынам узьдзейнічаць на судовыя рашэньні. Асабліва ў такіх выпадках, як ваш, дзе, падобна, размова ідзе пра канфлікт на побытавай глебе.

Як звычайна ў апошнія месяцы, шмат у нашай пошце лістоў на тэму хуткіх выбараў на прэзыдэнта. Вось што піша Вячаслаў Шчыткавец, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ і наш сталы слухач і аўтар з Бабруйску:

“Ужо сёньня вядома, якімі будуць гэтыя выбары. Яны адбудуцца пад кантролем прарасейскага акупацыйнага ўраду, які цалкам складаецца з расейцаў, да таго ж паводле маскоўскага сцэнару. Выканаўцамі й падстаўнымі фігурамі выкарыстоўваюць (гэтак жа, як і немца Віка) так званую “аб’яднаную апазыцыю”, якая й была створаная дзеля гэтай чорнай справы.

Аніякіх рэальных прэзыдэнцкіх выбараў у такіх умовах ня будзе. Можа адбыцца толькі фальшывая выбарчая прафанацыя дзеля абгрунтаваньня й умацаваньня акупацыйнай палітыкі рукамі саміх беларусаў. Калі ж гэтага не атрымаецца, Расея паспрабуе арганізаваць пераварот і затым хуткі захоп нацыянальнай маёмасьці і ліквідацыю беларускай дзяржавы, ператварэньне яе ў “Северо-Западный край” з сучасным Мураўёвым-Вешальнікам.

Прэзыдэнт беларускага народу, які будзе прапанаваны Беларускім вызвольным Рухам, ліквідуе гэтую антыбеларускую палітыку і антынародную дзейнасьць, забясьпечыць волю, працу і будучыню беларускім людзям на сваёй зямлі”, — гэтак лічыць прыхільнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Вячаслаў Шчыткавец.

Таксама не сумняецца ў тым, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе, Леанід Сабалеўскі з Магілёву. Аднак тлумачыць ён гэта іншымі матывамі. Слухач піша:

“Як бы вы ні стараліся са сваёй апазыцыяй, Лукашэнку адолець ня зможаце. Вы, відаць, і самі гэта ведаеце. Магчыма, у сапраўднасьці яму й ня ўдасца набраць на выбарах больш за палову галасоў. Але ж 35-40% у яго будзе.

Астатняе, маючы ў руках такую магутную адміністратыўную машыну, кампэнсаваць ня цяжка. І любы нармальны постсавецкі палітык на ягоным месцы зрабіў бы гэтак. Ды і робяць гэтак усе.

А наконт таго, што Лукашэнка нібыта зьбіраецца гандляваць незалежнасьцю — хлусьня ўсё гэта. Беларусь сёньня больш незалежная за любую іншую ўсходнеэўрапейскую краіну. Што, Літва ці Польшча незалежныя? Як ім скамандуюць у Вашынгтоне ці Бэрліне, так яны й робяць.

А Лукашэнкам Вашынгтон не пакамандуе. Ім і Масква не камандуе. Гэта толькі здаецца, што ён выконвае ўсе загады Пуціна. У сапраўднасьці законы ў Беларусі і блізка не адпавядаюць расейскім. Лукашэнка робіць так, як выгадна яму й беларусам. І правільна робіць”, — гэта быў ліст Леаніда Сабалеўскага з Магілёву.

Мушу заўважыць, Леанід, што гэтае ўмацаваньне Лукашэнкам незалежнасьці, у якім вы ўпэўнены, вельмі своеасаблівае. Няўжо вы сапраўды лічыце, што, напрыклад, адмовіўшыся ад уласнай нацыянальнай валюты на карысьць расейскага рубля, Беларусь застанецца незалежнай ад Масквы? Гэта ж датычыць і татальнай русіфікацыі, і адсутнасьці мяжы, і многага іншага.

Што да грубага фальшаваньня вынікаў выбараў — такі шлях, каб застацца пры ўладзе, сапраўды, магчымы. Але гэта ёсьць злачынства, і ніводная дэмакратычная дзяржава з такім правіцелем дружалюбных адносінаў мець ня будзе.

Слухач, які падпісаўся (відавочна, псэўданімам) “Яська, гаспадар з-пад Менску”, вельмі незадаволены тым, як Свабода асьвятляе падрыхтоўку да выбараў і як ставіцца да апазыцыі. Яська ня толькі кліча да радыкальнага нацыянальна-вызвольнага руху, але й выказвае ў гэтай сувязі шматлікія прэтэнзіі. Ёсьць у ягоным лісьце такія, для прыкладу, абвінавачваньні. Цытую:

“Свабода, ты прадалася расейскім спэцслужбам. Замест таго, каб ратаваць незалежнасьць і клікаць беларусаў да барацьбы, ты даеш слова розным статкевічам, посахавым, пашкевічам ды іншым памагатым рэжыму. Мала іх паказвае дзяржаўнае тэлебачаньне, дык яшчэ й вы засьмечваеце імі і падобнымі да іх эфір.

Свабода павінна ачольваць Нацыянальны Вызвольны рух, гуртаваць людзей і натхняць іх на ўзброенае змаганьне з акупацыйным рэжымам. Але яна займаецца зусім іншым. З гэтай прычыны няма вам болей веры”.

Ёсьць у мяне здагадка, спадар Яська, што паслугачамі расейскіх спэцслужбаў вы лічыце, напэўна, усіх, хто ня згодны з вашай пазыцыяй і хто ня хоча натхняцца ідэямі, як вы пішаце, “узброенага змаганьня з акупацыйным рэжымам”.

Ні клікаць да змаганьня (тым больш — узброенага), ні займацца наладжваньнем палітычных рухаў ня ёсьць задачай нашага Радыё. Мы ставім за мэту данесьці беларускаму слухачу поўную і аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне і ў сьвеце. Тую інфармацыю, якую ў Беларусі нельга здабыць зь іншых крыніц і якая здольная дапамагчы людзям мірна і законным чынам, праз выбары, ажыцьцявіць зьмену ўлады.

Часткова адказ на вашыя пытаньні, спадар Яська, утрымліваецца ў лісьце Анжэлікі Сьмірновай з Украіны, з Чарнігаву. Яна піша:

“Слухаючы вашыя перадачы, можна даведацца, што ў сапраўднасьці адбываецца ў Беларусі. Гэта тым больш актуальна, што ў нас на поўначы Ўкраіны ёсьць магчымасьць чуць і дзяржаўнае радыё, якое вяшчае зь Менску. Ёсьць там такая перадача — ”Разговор по существу". Такое ўражаньне, што рыхтуюць яе хворыя людзі для гэткіх жа хворых. Колькі ў іх нянавісьці да ўсіх, хто не падзяляе іхных поглядаў, хто ня хваліць Лукашэнку, хто моліцца не праваслаўнаму Богу.

Гэтыя вядучыя такімі перадачамі распальваюць варожасьць паміж народамі, рознымі сацыяльнымі слаямі, дзеляць беларусаў на "сваіх" і "чужых". Іх за гэта трэба судзіць з высылкай у іхную любую Расею — куды-небудзь у Калмыкію ці Якуцію.

Беларусам трэба раўняцца па незалежнай Украіне, дзе жыцьцё паступова паляпшаецца. А ў Беларусі, чым бліжэй яна становіцца да Расеі, тым цяжэй жыць. Так што рабіце высновы, беларусы”, — заклікае нашая слухачка Анжэліка Сьмірнова з Чарнігаву.

Ня згодны, Анжэліка, толькі з тым, што кагосьці трэба высылаць за ягоныя погляды й перакананьні. Шлях гэты зусім тупіковы — якраз ад яго з такой цяжкасьцю ўдаецца пазбаўляцца многім постсавецкім краінам. І рана ці позна, будзем верыць, пазбавіцца ад гэтай савецкай спадчыны й Беларусь.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых лістоў:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com


XS
SM
MD
LG