Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты нашых слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.


Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Найважнейшая палітычная тэма, якая так ці інакш закранаецца амаль у кожным лісьце, атрыманым намі ў першыя тыдні новага году — прэзыдэнцкія выбары, што маюць адбыцца сёлета ўвосень.

Наш сталы слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў напісаў пра магчымыя наступствы, калі Аляксандар Лукашэнка ў выніку гэтай кампаніі захавае ўладу. На думку спадара Марціновіча, наступствы тады могуць быць фатальнымі для беларускай дзяржавы. Слухач піша:

“За дванаццаць гадоў Лукашэнка створыць уласную намэнклятуру на 100 адсоткаў. А потым увядзе новую сыстэму прэзыдэнцтва, пры якой прэзыдэнт абіраецца парлямэнтам (як у Ізраілі, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Італіі). Гэта дазволіць яму заставацца прэзыдэнтам, магчыма, неабмежаваную колькасьць тэрмінаў. І гэтым жа ён забясьпечыць сабе ціхую сытую старасьць і надоўга прывяжа да сябе ўсю намэнклятуру.

За гэты ж час ён пасьпее завершыць фармаваньне мэнталітэту эліты і народу пад сябе. Гэта мэнталітэт, для якога непрымальныя ідэі Эўразьвязу, дэмакратыі, вяршэнства закона. Сам народ за 12 гадоў міжволі набудзе многія рысы Лукашэнкі.

Асабіста я на 90 адсоткаў упэўнены,— піша Алесь Марціновіч, — што цягам другога тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнка дасьць вырашальны штуршок да, так бы мовіць “азіяпізацыі” (ці, калі хочаце, “эўразіязацыі”) беларускага насельніцтва і яго глыбіннага нацыянальнага мэнталітэту. Тады казаць пра далучэньне Беларусі да Эўразьвязу ды пра Эўразьвяз ад Атлантыкі да Воршы ўвогуле будзе бессэнсоўна”, — гэтак лічыць наш сталы слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Тое, што Аляксандар Лукашэнка дзеля захаваньня ўлады можа наважыцца на зьмену палітычнай сыстэмы, а значыць — на новую зьмену Канстытуцыі — адзін з многіх магчымых варыянтаў, спадар Алесь. Пакуль што, на маю думку, ніякіх доказаў таго, што будзе аддадзеная перавага менавіта такому сцэнару — няма.

А што да фатальных зьменаў мэнталітэту беларускай нацыі, якія могуць адбыцца цягам наступных гадоў, то гэта, мне здаецца, перабольшаньне. Кардынальныя зьмены нацыянальнай сьвядомасьці, духоўных каштоўнасьцяў не адбываюцца цягам дзесяцігодзьдзяў, і нават стагодзьдзяў.

І, на маю думку, няма асаблівых падставаў меркаваць, што наступнае пяцігодзьдзе ў гэтым сэнсе можа стаць выключэньнем і Лукашэнку ў выпадку ягонай перамогі нейкім цудам удасца пераканаць цэлую нацыю, што яна не належыць да супольнасьці эўрапейскіх народаў.

Алесь Шустоўскі з Барысаву Менскай вобласьці адгукнуўся на адну зь леташніх перадачаў “Неабжытая спадчына”. Слухач піша:

“У эфіры беларускай Свабоды 27 кастрычніка прагучала цікавая перадача пра беларусаў у Другой усясьветнай вайне, якую я запісаў на магнітафонную стужку. Потым гэты матэрыял–інфармацыю Юр'я Грыбоўскага і Вячаслава Ракіцкага я крыху дапоўніў заўвагамі, у выніку чаго атрымаўся карысны артыкул, які 3-га студзеня надрукавала “Новая Барысаўская газэта”.

Аднак у самы апошні момант я выявіў некалькі памылак у вашым тэксьце. Па-першае, “Беларус на варце” — гэта часопіс, а не газэта, як было сказана ў вашай перадачы. А па-другое, падзеі вакол Тобрука — апорнага пункту брытанскай абароны пад час аблогі нямецка-італьянскага корпусу генэрала Ромеля — адбываліся ў 1941-м, а не ў 1940-м годзе”, — гэтыя свае заўвагі са спасылкай на Энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі і Савецкую энцыкляпэдыю Алесь Шустоўскі суправаджае наступным папярэджаньнем:

“Прашу і патрабую ад усіх асобаў, якім выпадае падаваць зьвесткі праз эфір, быць больш абачлівымі, калі вядзецца пра гістарычныя даты і лічбы”.

Пільнасьць вашая, спадар Шустоўскі, вельмі пахвальная. І нам вельмі прыемна, што асобныя нашыя перадачы вы запісваеце на магнітную стужку. Але ў нас да вас таксама ёсьць адна вельмі катэгарычная просьба, калі хочаце — нават патрабаваньне.

Надрукаваўшы ў мясцовай газэце вялікі артыкул пад назовам “Беларусы ў Другой усясьветнай вайне”, які фактычна цалкам ёсьць пісьмовым варянтам гутаркі Вячаслава Ракіцкага і Юр'я Грыбоўскага, што прагучала па Свабодзе ў перадачы “Неабжытая спадчына”, вы пад артыкулам чамусьці паставілі сваё прозьвішча, не згадаўшы нават імя сапраўднага аўтара і тое, адкуль вы гэтую гутарку перапісалі.

Пад сваім лістом на Свабоду вы падпісаліся як публіцыст, — дык вось, для публіцыста, журналіста такія рэчы недапушчальныя. Па сутнасьці гэта ёсьць плягіятам, прысвойваньнем чужой інтэлектуальнай уласнасьці. Мы зусім ня супраць, каб нашая інфармацыя выкарыстоўвалася ў дэмакратычных рэгіянальных выданьнях, але толькі ў тым выпадку, калі гэта будзе рабіцца карэктна і цывілізавана — са спасылкай на крыніцу інфармацыі.

Ліст ад настаўніка Бярнарда Пакульніцкага зь вёскі Буйкі Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Спадар Пакульніцкі піша:

“Толькі нядаўна я ўпершыню прачытаў у беларускіх недзяржаўных СМІ крыху праўды пра падзеі, зьвязаныя з польскай меншасьцю, якая жыве на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Беларускія газэты (нават недзяржаўныя) звычайна далікатна абыходзяць гэтую тэму. Але ёсьць яшчэ жывыя сьведкі сумных для палякаў падзеяў 1939-га і наступных гадоў.

Хто з палякаў можа забыць трагедыю Катыні? Чаму ў Беларусі неахвотна ўспамінаюць пра чатыры вялікія дэпартацыі палякаў на Ўсход, на верную пагібель? Многія ведаюць габрэйскі Галакост, а ня ведаюць акцыі “Сібір”, ня ведаюць лічбаў ахвяраў польскіх дзяцей, якія загінулі ў Сібіры з голаду і холаду.

Польская меншасьць у Беларусі добра памятае, як 17 верасьня 1939-га году многія беларусы з радасьцю сустракалі бальшавіцкае войска, а пасьля актыўна дапамагалі бальшавікам. Што прынесьлі беларусам так званыя “вызваліцелі” з Усходу — цяпер добра вядома кожнаму.

Не магу зразумець, чаму беларусы крыўдуюць на палякаў больш, чым на расейцаў. Нават сьвядомыя беларусы, якія цяпер не вылазяць з Варшавы, не заўсёды справядліва выказваюцца. Чым так абразілі і пакрыўдзілі палякі беларусаў у гістарычным мінулым? А можа, гэта простая чалавечая зайздрасьць?

Не магу разабрацца, чаму частка сьвядомых беларусаў сьцьвярджае, што ў Беларусі няма палякаў, толькі каталікі, апалячаныя буржуазнай ці панскай Польшчай. На мой погляд, гэтыя выказваньні й тэзысы зыходзяць з расейскай нацыяналістычнай прапаганды, якую яна чэрпала зь вялікадзяржаўнай ідэалёгіі.

Гістарычная праўда пра тыя падзеі патрэбная ня толькі палякам, але і беларусам.

Палякі ня могуць і ня хочуць палянізаваць насельніцтва Беларусі. Найбольшая небясьпека зыходзіць з Усходу, бо галоўны праціўнік беларусаў — палітыка русіфікацыі. Беларусы павінны ведаць, што маюць значную польскую меншасьць, якую трэба эфэктыўна выкарыстаць у эўрапейскай палітыцы сваёй дзяржавы. І памятаць, што сёньня шлях Беларусі ў Эўропу ляжыць цераз Польшчу.

Трэба дапамагчы беларусам пазбавіцца саветызацыі грамадзтва. І роля Радыё Свабода ў гэтым вялікая”, — гэтак лічыць наш слухач, настаўнік Бярнард Пакульніцкі зь вёскі Буйкі Мядзельскага раёну.

Ва ўсіх вашых развагах пра гістарычныя крыўды, спадар Пакульніцкі, мяне бянтэжыць тое, што вы пішаце пра віну беларусаў, расейцаў і палякаў, хоць варта было б пісаць пра заганы нацыянальнай палітыкі гэтых трох суседніх дзяржаваў на розных гістарычных этапах у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў.

Таксама перабольшаньнем выглядае вашае сьцьвярджэньне, што беларусы крыўдуюць на палякаў больш, чым на расейцаў. Рэальную пагрозу і вынікі русіфікацыі бачыць кожны, хто можа і хоча цьвяроза аналізаваць сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць. Пагрозу ж палянізацыі сёньня, па-мойму, ня лічыць актуальнай ніхто.

Наконт астатняга — і неабходнасьці поўнай гістарычнай праўды, і праблемы саветызацыі беларускага грамадзтва, — спрачацца, па-мойму, не выпадае.

Бярнард Пакульніцкі напісаў таксама колькі словаў пра сваё даўняе зацікаўленьне нашымі перадачамі:

“Вельмі прыемна чуць ад вас аб’ектыўную інфармацыю. Хачу заўважыць, што слухаю Радыё Свабода вельмі даўно. Спачатку слухаў цераз шумы савецкіх “глушылак” на расейскай мове, цяпер з задавальненьнем — на беларускай.

На чутнасьць скардзіцца ня трэба, бо ў нашай мясцовасьці вельмі добра чутна на сярэдніх хвалях, калі рэтрансьлюе радыё “Балтыйскія хвалі”, і на кароткіх хвалях”, — напісаў нам настаўнік Бярнард Пакульніцкі зь Мядзельскага раёну.

Юры Гіль зь Вільні ў сваім лісьце паведамляе нам пра дзейнасьць Таварыства беларускай мовы Віленскага краю. Нядаўна актывісты гэтай суполкі даслалі ліст кіраўнікам Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці.

“Чыноўнікі, чаму вы чыніце зьдзек над роднай мовай? — пытаецца Юры Гіль. — Мала таго, што самі ня ведаеце мовы народу, хлеб якога ясьцё, дык забараняеце і іншым карыстацца ёю ў справаводзтве, у грамадзкім ужытку. Гэтым вы парушаеце Канстытуцыю і законы, паводле якіх беларуская мова мае статус дзяржаўнай”.

Юры Гіль і ягоныя аднадумцы прапанавалі докшыцкім чыноўнікам бясплатны курс лекцыяў па беларускай мове, гісторыі і культуры, прычым найперш для работнікаў праваахоўчых органаў. Заняткі актывісты ТБМ прапануюць праводзіць у гісторыка-этнаграфічным музэі “Засьцянковая хатка” ў вёсцы Вашунава Докшыцкага раёну.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час паслухаць нас і падзяліцца думкамі пра пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG