Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 лістапада 2000


Валянцiн Жданко

Эфір 23 Лістапада 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Яшчэ нядаўна лічылася, што, хоць заробкі ў Беларусі і нізкія, але і жыцьцё тут у параўнаньні з суседзямі таннае. Доказам таму былі міліцэйскія ды мытныя пасты, якія на ўсіх беларускіх межах вылоўлівалі так званых "кантрабандыстаў" з айчыннымі сырамі, маслам ды хлебам. Але за апошнія некалькі месяцаў сытуацыя зьмянілася на супрацьлеглую. Не з Беларусі, а ў Беларусь вязуць з усходу ды поўдня танныя харчы, а беларускія вытворцы губляюць нават свой унутраны рынак. Гэта становіцца падставаю для важных эканамічных высноваў. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Вікенці Кісель з Гомелю:

"Беларускія ўлады дагэтуль апошнімі словамі лаюць Гайдара ды Чубайса — маўляў, тыя сваімі рынкавымі рэформамі загубілі расейскую эканоміку. Я часта бываю ў Расеі, і раней, сапраўды, верыў Лукашэнку. Але цяпер веры няма. У Расеі рэформы прынесьлі плён. Параўнайце цэны й заробкі ў Беларусі й Расеі. Усе расейскія харчы ўжо таньнейшыя за беларускія, і яны паступова запаланяюць Беларусь. Лукашэнкава сацыялістычная эканоміка паступова губляе ўласны ўнутраны рынак. Так адбываецца з тымі, хто ня ўмее гаспадарыць, хто ня ведае эканамічных законаў. А заробкі ў Расеі паўсюль вышэй за беларускія. І гэта пры тым, што Расея вядзе вельмі дарагую вайну на Каўказе, рэфармуе армію, ажыцьцяўляе шматмільярдныя касьмічныя праграмы. Калі ж мы, беларусы, расплюшчым вочы і ўбачым, што нас ужо сем гадоў падманваюць дэмагогі ды гарлахваты, якія ні на што ня здольныя, апроч прыгожае хлусьні",

— гэта быў ліст Вікенція Кісяля з Гомелю.

Ведаю аднаго калгаснага старшыню з Гарадзенскае вобласьці — яго вельмі раздражняе рэкляма расейскіх мясных вырабаў, якую цяпер штодня паказваюць па ўсіх каналах у Беларусі. У рэклямным тэксьце роліка ёсьць такія словы: "…Нас теперь родной Лужков обеспечит мясушком!". Старшыня лічыць гэта палітычнай і эканамічнай дывэрсіяй супраць калгаснага ладу ў Беларусі. За свае пяцьдзясят гадоў жыцьця ён ня памятае такога выпадку, каб у гарадзенскіх крамах прадаваліся маскоўскія вяндліны, валагодзкае малако або смаленскае масла…

Цікава, што ён усур'ёз лічыць, што гэта Захад пастаўляе танныя расейскія прадукты ў Беларусь, каб разваліць рынкавы сацыялізм. Паверыць у тое, што Расея без калгасаў удосталь вырабляе харчоў таньней ды якасьней за беларускія, ён ня можа. Ці ня хоча.

Ліст ад Людмілы Петрыч зь Менску:

"Пішу вам пасьля моладзевай акцыі "Пераменаў", якую давялося назіраць, — паведамляе Людміла. — Мала ўдзельнікаў, шмат міліцыі! У маім двары на вуліцы Гікалы — ня менш як 500 чалавек. З улікам іншых двароў — некалькі тысячаў. Мае высновы: міліцыі ў нас шмат, на ўсіх хопіць. Іхныя льготы забясьпечаць і іхную перамогу. Зьдзеквацца над дзецьмі лёгка, гэта ж не злачынцаў лавіць.

Няўжо ў апазыцыі так мала разумных, гнуткіх аналітыкаў. Няўжо ім ня бачна, што лёзунгаў "За перамены!", "Жыве Беларусь!" недастаткова дзеля прыцягненьня новых людзей?

Я цярпець не магу электарат Лукашэнкі, таму што яны заўсёды будуць "клёнаваць" і выбіраць лукашэнак. Ім здаецца, што ён усё робіць паводле іхных жаданьняў. І менавіта апазыцыя мусіць паказаць ім, хто на самрэч ёсьць іхны ідал. Электарат гэты сьмешны, але абсьмеяным быць ня хоча.

Апазыцыя, вядома, ведае, што разумных заўсёды мяншыня, але і з электаратам працаваць можна. Там усё проста: вераць балбатні й таму, што ў іншых яшчэ горш. Тут бы эканамістам і параўнаць факты, як жывуць, колькі зарабляюць людзі ў суседніх краінах, якія там цэны ў параўнаньні зь беларускімі. Электарат ня хоча быць быдлам, але не разумее, зь якое прычыны і хто гэтым быдлам яго зрабіў.

Так, апазыцыі недаступныя радыё і тэлевізія. Але ж лёзунгі ды транспаранты ім даступныя. Здолее яна гэта выкарыстаць, пакажа, што многія сталі сьмешнымі і падманутымі — тады й зьменшыцца электарат Лукашэнкі",

— напісала Людміла Петрыч зь Менску.

Уплыў лёзунгаў ды дэвізаў на сьвядомасьць людзей — пытаньне спрэчнае, Людміла. Уласны побыт і ўласны жыцьцёвы досьвед — вось найбольш пераканаўчыя аргумэнты. На пачатку 90-х беларусы езьдзілі на заробкі ў Польшчу, пазьней сталі езьдзіць у Балтыю. Цяпер вось масава выяжджаюць у Расею. На пытаньне "Чаму так адбываецца?" і чаму параўнаньне паўсюль не на карысьць Беларусі — кожны мусіць адказаць сам. Тады, можа, і адбудуцца ў жыцьці краіны істотныя зьмены ў лепшы бок.

Піша праваслаўны сьвятар зь Пінскага раёну Берасьцейскае вобласьці айцец Аляксандар:

"Хачу распавесьці пра нялёгкую долю простага вясковага сьвятара. Прыход у мяне ў сяле. Ходзяць адныя бабулі, ды й тых няшмат. Вялікага заробку няма. Шмат у чым выручае агарод. А за прыход трэба даваць хабар кіраўнікам епархіі, бо йнакш і гэтага ня будзе.

…Вучуся ў сэмінарыі. Там глядзяць на нас, завочнікаў, як на мяхі з грашыма. Не заплаціў пяць даляраў перад экзамэнам — добрай адзнакі ня ўбачыш. Я неяк не заплаціў — не было грошай — атрымаў "двойку", давялося прыяжджаць яшчэ раз. Выдаткі атрымаліся ўтрая большыя.

Ня ведаю, што рабіць далей. Можа, зьявяцца ў нас новыя Гдлян ды Іваноў, якія выведуць гэтую шайку на чыстую ваду?

З усімі сваімі прыхаджанамі я б выйшаў з экзархату мітрапаліта Філарэта, але думаю, што тады адбяруць царкву",

— напісаў айцец Аляксандар зь Пінскага раёну Берасьцейскае вобласьці.

Новыя Гдлян ды Іваноў, відавочна, могуць зьявіцца толькі ў самім асяродзьдзі царквы, між саміх сьвятароў. Мы ўжо ня першы раз атрымліваем такія вось лісты роспачы й бездапаможнасьці ад тых, хто сам закліканы дапамагаць іншым, хто ахоплены роспаччу й безвыходнасьцю. І цяжка паверыць, што ў кіраўніцтве праваслаўнае царквы ня ведаюць пра тое, што творыцца на ніжэйшых паверхах, так бы мовіць, царкоўнай "вэртыкалі ўлады".

Піша Дзьмітры Навум з Магілеву:

"Вашае радыё слухаю кожны вечар. Дзякуй за тое, што ня склалі рукі, як гэта зрабілі многія іншыя. Мне вельмі падабаецца перадача "Неабжытая спадчына". Хоць не лічу, што іншыя праграмы нецікавыя. Таксама цудоўныя перадачы "СС-2000", "Вострая брама", "У сьвет на заробкі".

Пішу вам з тае прычыны, што ў вас амаль няма інфармацыі пра нашыя беларускія арганізацыі патрыётаў-нацыяналістаў — такія, як "Белы Легіён", "Край", БПС ды іншыя. Пра іхныя акцыі, ідэялёгію, мэты й задачы. Некаторыя гэтак званыя апазыцыянэры нават і ня ведаюць пра іхнае існаваньне. А пра звычайных грамадзянаў я й не кажу. Іншыя нават блытаюць іх з фашыстоўскім "РНЕ", хоць, апроч іх, ніхто й не дае адпору нацыстам.

Дарэчы, менавіта дзякуючы хлопцам з арганізацыяў беларускіх патрыётаў многія гэтак званыя "апазыцыянэры" пазьбегнулі арыштаў у часе акцыяў АМАПу. Ды й фашысты з "РНЕ" пачуваюцца сёньня ў беларускіх гарадох ня вельмі ўтульна не намаганьнямі Шарэцкага, Статкевіча ці Фядуты. Хоць менавіта ім, на вялікі жаль, вы надаяце вельмі шмат увагі. І ня толькі вашае радыё, а і ўсе незалежніцкія сродкі масавай інфармацыі",

— гэтак лічыць Дзьмітры Навум з Магілеву.

Мы ня ставім за мэту прапагандаваць адныя і замоўчваць іншыя палітычныя арганізацыі. Ёсьць грамадзка значная падзея, інфармацыя можа быць цікавай для слухача — тады паведамленьне і зьяўляецца ў эфіры. У гэтым сэнсе Вашыя нараканьні, Дзьмітры, не падаюцца мне слушнымі. Пра дзейнасьць і Беларускай партыі Свабоды, і "Белага Легіёну", і "Краю" мы паведамлялі — тады, як для гэтага была апэратыўная падстава.

На заканчэньне — ліст ад Леаніда Матылёнка зь Менску. Леанід піша:

"Я — заснавальнік і галоўны рэдактар незалежнае гуманітарнае газэты "Новая школа". Выйшла ўсяго пяць нумароў, рыхтуецца шосты. Але далейшае выданьне ўяўляецца абсалютна безсэнсоўным. Уражаньне такое, што газэта з усіх бакоў абстаўленая чырвонымі сьцяжкамі, і вядзецца самае сапраўднае "паляваньне на ваўкоў". Пасьля выхаду пятага нумара я папрасіў у дзяржавы фінансавае дапамогі, каб хаця б у мізэрнай ступені кампэнсаваць тую няроўнасьць, якая існуе паміж маёй і афіцыйнай "Настаўніцкай газэтаю". Адказам стала грознае папярэджаньне з адміністрацыі прэзыдэнта пра тое, што "зьмест і тон шэрагу публікацыяў… сьведчаць пра неканструкцыйнасьць пазыцыі выданьня". І гэта пры тым, што "Наша школа" вымушаная была зьмяшчаць, увогуле, вельмі апалітычныя артыкулы, каб у часе свайго нараджэньня не дражніць уладу, і тым самым ня выкінуць на вецер з такой цяжкасьцю заробленыя грошы.

Апафеозам стаў агульнавядомы ліст Дзяржаўнага камітэту друку ад 21 жніўня, у якім паведамляецца, што зь 1 студзеня рэдакцыя мусіць быць зарэгістраваная і ў мясцовым выканкаме — як суб'ект гаспадараньня. Зусім відавочна, што гэтая мера ўладаў накіраваная на адміністрацыйнае задушэньне няўгодных выданьняў. А для мяне асабіста гэта азначае маральна-псыхалягічнае забойства.:Цяпер без замежнае падтрымкі нам ня выжыць",

— напісаў Леанід Матылёнак зь Менску. Ён таксама просіць ад нашага радыё магчымае падтрымкі ў справе выданьня газэты.

У падобнай сытуацыі, Леанід, апынулася не адна Вашая толькі што створаная і, увогуле, далёкая ад палітыкі газэта — усе недзяржаўныя выданьні, у тым ліку вядомыя. Іхныя рэдакцыі просяць ня тое што дзяржаўнае фінансавае дапамогі (пра гэта яны й ня згадваюць) — а хаця б таго, каб іх не чапалі — каб не наладжвалі новых рэгістрацыяў, не душылі падаткамі ды высокімі тарыфамі, каб стварылі аднолькавыя ўмовы гаспадараньня для іх і для дзяржаўных выданьняў. Пра ўсе цяжкасьці незалежнага друку мы часта й падрабязна распавядаем, і лічым гэта галоўнай магчымай з нашага боку падтрымкаю недзяржаўных выданьняў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG