Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 лістапада 2000


Валянцiн Жданко

Эфір 16 Лістапада 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Ці можна казаць, што ў беларускім грамадзтве сёньня пануюць палітычная апатыя і абыякавасьць? Кожны раз пасьля спробаў апазыцыі наладзіць масавыя акцыі ў нашай пошце зьяўляюцца лісты, у якіх слухачы разважаюць на гэтую тэму, а часам і даюць адказ тым апазыцыйным палітыкам, якія наракаюць на людзкую абыякавасьць да палітычнай будучыні дзяржавы. Вось які ліст на гэтую тэму даслала Вікторыя Ляпішава зь Віцебску. Яна піша:

"Лёгка апазыцыйным палітыкам клікаць нас на забароненыя акцыі ды папракаць за палахлівасьць. Ім няма чаго губляць: з працы іх ня звольняць, яшчэ й Захад матэрыяльна дапаможа. А хто будзе карміць маіх дзяцей, калі згублю працу?
Так, тое, што мне плацяць на заводзе, нармальным заробкам не назавеш. Але каму я патрэбная ў іншым месцы ў свае сорак пяць гадоў, з двума дзецьмі, з мужам-настаўнікам, якому плацяць яшчэ менш, чым мне?
Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі нас адкрыта папярэдзіў: будзеце разводзіць палітычную прапаганду, створыце незалежны прафсаюз або бээнэфаўскую суполку — першымі трапіце пад скарачэньне. А скарачэньні ў нас няспынныя — працы ўсё менш, бо Расея нашыя станкі купляць ня хоча. А і купіць, дык аплаты потым чакаем гадамі.
Так што не папракайце людзей за пасіўнасьць і страх – проста ў іх няма іншага выйсьця",

— напісала Вікторыя Ляпішава зь Віцебску.

Сёньня цяжка ўявіць, што ў Менску (падобна, як у Бялградзе) на вуліцу выйшлі б пяцьсот ці хаця б дзьвесьце тысячаў чалавек. Хоць нэгатыўнае стаўленьне да ўлады ў беларускай сталіцы наўрад ці меншае, чым у югаслаўскай. Асноўная прычына, на маю думку, якраз і выкладзена ў лісьце Вікторыі Ляпішавай. У многім уладзе ўдалося аднавіць у грамадзтве атмасфэру страху. Палітычная нелаяльнасьць вельмі для многіх азначае аўтаматычныя непрыемнасьці на працы, пагрозы звальненьня ці зьніжэньня заробку, цяжкасьці ў вучобе… Аднак тое, што гэты канал для праяўленьня грамадзкага нездавальненьня ўлады шчыльна перакрылі, зусім не азначае, што пратэставыя настроі скасаваныя і што яна не шукаюць іншага выйсьця.

Ліст ад нашага сталага слухача, удзельніка вайны Віктара Скарахода зь Менску. Спадар Скараход так падводзіць вынікі больш як шасьцігадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі:

"Многія памятаюць, як Аляксандар Лукашэнка ў 94-м годзе публічна абяцаў: калі праз год справы ладам ня пойдуць — ён гатовы сысьці ў адстаўку. Што справы не пайшлі — бачыць увесь сьвет. І ня першы год, а ўжо сёмы, бо Лукашэнка ня толькі не пайшоў у адстаўку, але і яшчэ два гады звыш пяцігадовага тэрміну адхапіў. Куды за гэты час прывёў ён нас са сваёй "вэртыкальлю"? Цэны растуць кожны дзень. Нацыянальная валюта набыла такую "цьвёрдасьць", што на купюрах не хапае месца для нулёў. Усе без выключэньня беларусы сталі "мільянэрамі", але бальшыня гэтых "мільянэраў" — за рысаю беднасьці.
… Дык вось я і думаю, што звычайная чалавечая сьціпласьць устрымае Аляксандра Рыгоравіча ад таго, каб, ведаючы пра такі плён свайго панаваньня, зноў прэтэндаваць на галоўнае крэсла ў прэзыдэнцкім палацы",

— спыню на гэтым цытаваньне ліста Віктара Скарахода. Выснова Вашая, спадар Скараход, відавочна, гіранічная, — Вы, верагодна, ведаеце, што Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў ня толькі пра свой удзел у выбарах наступнага году, але й пра тое, што ня мае сумневу ва ўласнай перамозе.

Далей слухач піша пра магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі:

"Сярод апазыцыйных палітыкаў шмат кампэтэнтных і высокаадукаваных асобаў. Але бяда ў тым, што дзяржаўныя СМІ ў Беларусі цалкам падпарадкаваныя "вэртыкальшчыкам", якія няспынна паліваюць брудам апазыцыю. І многія людзі гэтай хлусьні вераць. Так што зь ліку старое гвардыі апазыцыйных лідэраў неаблаянага нікога ня знойдзеш, а з маладых нікога ані ў эфір, ані на газэтныя палосы не пусьцяць.
Лічу, што толькі адзін чалавек у Беларусі па чысьціні душы й велічы духу недасягальны для лаянкі і ўладнага бруду, якім спрабуюць яго запэцкаць. Гэта гонар і годнасьць нашае нацыі — Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Беларусы! Папросім яго балятавацца на пасаду прэзыдэнта!",

— такім заклікам закончыў свой ліст пэнсіянэр Віктар Скараход зь Менску.

Думаю, што да гэтага закліку далучыліся б вельмі й вельмі многія, для каго Васіль Быкаў зь юных гадоў — неаспрэчны маральны аўтарытэт. Хоць у прэзыдэнцкую бойку Васіль Уладзімеравіч наўрад ці захоча ўблытвацца — і на тое ёсьць шэраг прычынаў.

Піша наш слухач з украінскага мястэчку Ракітна Ровенскае вобласьці Аляксандар Багданец. Спадар Багданец пільна сачыў за нядаўняй выбарчай кампаніяй у Беларусі ды параноўвае яе з той, што адбывалася ва Ўкраіне. Ён піша:

"Калі чую, як беларуская апазыцыя плачацца, што вынікі нядаўніх выбараў у Палату прадстаўнікоў у вас былі сфальшаваныя, гэта ў мяне выклікае толькі ўсьмешку. Я шчыра спачуваю беларусам, што ў іх такая апазыцыя. У нас ва Ўкраіне чыняцца ня меншыя, а нават і большыя крымінальныя дзівацтвы. За кандыдатаў ад улады ў часе нядаўніх выбараў у раённую Раду ў нашым Ракітным, аказваецца, галасавалі нават нябожчыкі".

Як доказ, Аляксандар Багданец даслаў публікацыю зь мясцовага часопіса "Ровенскі дыялёг" пра злоўжываньні ўлады ў часе мясцовых выбараў, калі ў сьпісах тых, хто нібыта прагаласаваў, можна было знайсьці нават прозьвішчы памерлых. Далей цытую ліст Аляксандра Багданца:

"Абсурд, скажаце? Не, панове, проста пакуль што ўсе мы жывем у рэальнасьці абсурду. Беларускія выбары 15 кастрычніка — гэта кветачкі; ягадкі ж дасьпелі раней у нас ва Ўкраіне. І вось часам думаю: хто яны і адкуль узяліся, гэтыя так званыя "дзяржаватворцы"; хто іх спарадзіў; хто навучыў хлусьні й крывадушнасьці; да чаго яны давядуць са сваім прэзыдэнтам нас і Ўкраіну, калі мы іх ня спынім? Іхная ж зброя — мастацтва гаварыць усё й нічога. Яны з гэтым маскоўскім прыслужнікам утапілі нас у словаблудзьдзі. Яны ведаюць, што рабы ня здольныя на ўчынкі. І яны лічаць, што мяжа нашых мараў і памкненьняў — гэта ежа й барахло. Прайдзісьветаў ды дзяржаўных злачынцаў яны ставяць на высокія пасады, і гэта іхная зброя і абарона. Асабістая адданасьць значаць больш, чым прафэсіяналізм".

Заканчвае свой ліст Аляксандар Багданец наступнымі словамі:

"Люблю Ўкраіну Бандэры ды Ліны Кастэнка. Люблю Беларусь Геніюш, Хашчавацкага, Шалкевіча. Між намі багата агульнага, агульныя нават ворагі. Але давайце ня плакацца, давайце яднацца ў змаганьні з тымі цёмнымі сіламі зла, якія цягнуць нас назад, у імпэрыю. Мэтаю нашых нацыяў павінна быць адно — Бог і Бацькаўшчына",

— гэта быў ліст Аляксандра Багданца з украінскага мястэчку Ракітна Ровенскае вобласьці.

Палітычная сытуацыя ў Беларусі значна адрозьніваецца ад украінскай. Хоць, відавочна, у паводзінах намэнклятуры на ўсім абшары былога Савецкага Саюзу шмат агульнага. І ў часе выбарчых кампаніяў гэта выяўляецца вельмі дакладна. Досьвед выбараў савецкага ўзору, як і спэцыялісты ў такіх выбарах — запатрабаваныя ня толькі ў Беларусі. Але маштаб гэтае запатрабаванасьці ў Беларусі, выглядае, непараўнальна большы, чым у іншых постсавецкіх краінах.

На заканчэньне — ліст ад Канстанціна Сянкевіча зь Менску. Канстанцін піша:

"Калярытную беларускую мову пачуеш хіба што на вашым радыё. У іншых месцах Менску я яе ня чую, хоць жыву тут ужо амаль дваццаць год, пасьля таго, як мае бацькі-беларусы пераехалі на дзедаву радзіму зь Сібіры. Моўная сытуацыя ў Беларусі для прыежджага чалавека выглядае дзікаватай. Але фактам ёсьць тое, што ўскладваць віну толькі на ўладу, як вы гэта робіце, па-мойму, няслушна. Калі б беларусы самі размаўлялі па-беларуску й шанавалі сваю мову, ніякая ўлада іх не зрусіфікавала б. Шкада, але беларуская мова на працягу бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў, напэўна, загіне. І не варта ўскладваць віну за гэта на школу. Яна — люстэрка грамадзтва. А грамадзтва само вынесла прысуд мове сваіх продкаў. Аляксандар Лукашэнка толькі пасьпешліва гэты прысуд падпісаў і ў сьціслыя тэрміны хоча выканаць. І выканае. Асабіста ў мяне ніякага сумневу ў гэтым няма",

— так лічыць наш слухач Канстанцін Сянкевіч зь Менску.

Беларускую мову на працягу апошняга стагодзьдзя зьбіраліся пахаваць шмат разоў, спадар Сянкевіч. Але кожны раз хаўтуры былі заўчаснымі. Заўчасныя яны й цяпер, хоць многія вашыя аргумэнты адносна моўных схільнасьцяў грамадзтва, відавочна, слушныя. У справе выцісканьня беларускае мовы з афіцыйнага ўжытку Аляксандар Лукашэнка пераўзышоў нават савецкіх правіцеляў. Гэта, натуральна, адбіваецца на сацыяльным прэстыжы мовы. Хоць моўная сытуацыя вельмі хутка можа зьмяніцца адначасова са зьменаю ўлады.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Уладзімера Бакава з Горадні, Іосіфа Ільяшэвіча зь вёскі Лінова Пружанскага раёну Берасьцейскае вобласьці ды Сяргея Сафронава зь мястэчку Рось Ваўкавыскага раёну Гарадзенскае вобласьці. Дзякуй усім. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG