Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 лістапада 2000


Валянцiн Жданко

Эфір 9 Лістапада 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Сёлетні год у Беларусі лічыцца ўраджайным, але на дабрабыце калгаснае вёскі гэта, падобна, ніяк не адбілася. Лісты пра вясковае жыцьцё, якія ўсё часьцей сустракаюцца ў нашай пошце — гэта споведзь пра галечу ды пра немагчымасьць працаваць нават тым, хто працаваць можа й хоча. Вось што напісаў нам Леанід Забалоцкі зь Менску:

"У Менску жыву ўжо амаль дваццаць год, але ўвесь гэты час мару вярнуцца ў вёску. Асабліва гэта жаданьне ўмацавалася апошнім часам. Наш навукова-дасьледны інстытут усё роўна амаль не працуе, на тыя грошы, што я ў ім зарабляю, пражыць немагчыма. Так што жыву са сваёй зямлі, што ў вёсцы. Яна ў мяне дагледжаная, у любы год маю неблагі ўраджай бульбы, капусты, іншае гародніны. Але ці многа апрацуеш дзьвюма рукамі з рыдлёўкаю ці пазычаным за бутэльку самагону канём? Мне б трактар, добрае насеньне, угнаеньні. Грошай на гэта, на жаль, ня маю.

А дзяржава між тым закопвае ў зямлю мільярды. Усе тыя грошы, якія выдаткоўваюцца на падтрымку калгасаў, марнуюцца, да селяніна не даходзяць. І дзяржава, хоць і называе іх крэдытамі, на самрэч ніколі ня верне.

Каму гэта выгодна? Напэўна, толькі тым чыноўнікам, якія гэтыя грошы дзеляць і сябе пры дзяльбе не абыходзяць. А вёска між тым дэградуе, сьпіваецца. Працаваць у калгасе па сутнасьці няма сэнсу — гэта праца рабская, бясплатная. А працаваць на сябе не дае ўлада — яна баіцца гаспадара, уласьніка, бо ёй лягчэй кіраваць тымі, хто ня мае ні кала, ні двара і ва ўсім залежыць нават ад самага дробнага начальнічка.

Ня ведаю, ці дажыву калі-небудзь да таго моманту, калі ўлада сама прыйдзе да нас, гаспадароў, і папросіць, каб узялі зямлю й працавалі на ёй",

— сумняецца Леанід Забалоцкі зь Менску.

Прыйдзе, спадар Забалоцкі, і папросіць, і крэдыты прапануе — і на тэхніку, і на ўгнаеньні. Калгасная сыстэма ніколі не была эфэктыўнаю, бо ў аснове яе — прымус, а не асабісты інтарэс чалавека. Яна, сапраўды, зручная для ўлады, але ўтрымліваць яе й далей улада ня ў стане — няма на гэта грошай. Калгасы развальваюцца самі. І адбываецца гэта вельмі хутка. А на іхнае месца няма каму прыйсьці апроч вас — людзей, якія працаваць могуць і хочуць, але працаваць на сябе.

Яўгенія Казлова з Воршы Віцебскае вобласьці адклікнулася на ліст Канстанціна Марозава зь Менску, які прагучаў у нашай праграме 2 лістапада. Канстанцін пісаў пра тое, што ў цяперашніх апазыцыйных палітыкаў, на ягоную думку, няма ніякіх шанцаў на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах наступнага году, а таксама пра палітычную пасыўнасьць беларускага грамадзтва. Спадарыня Казлова з гэтае нагоды піша:

"Часткова я з Канстанцінам Марозавым згодная — і з тым, што людзі нашыя пасыўныя і палахлівыя, што шмат абыякавых. А вось з крытыкай у бок апазыцыі пагадзіцца не магу. Апазыцыя неаднастайная. Ёсьць тыя, што былі пакрыўджаныя сёньняшнім гаспадаром, якія яму ў свой час так ці йнакш служылі й бралі актыўны ўдзел у яго ўзьвядзеньні на трон.

А ёсьць, спадар Марозаў, апазыцыя, якая грунтуецца на нацыянальнай ідэі. За такой апазыцыяй — праўда, высокія маральныя каштоўнасьці, любоў да Бацькаўшчыны і адказнасьць за яе лёс. І лідэр такой апазыцыі — Зянон Станіслававіч Пазьняк, які зараз з аб'ектыўных прычынаў за мяжу. Але й там ён не сядзіць склаўшы рукі і ня ходзіць па рэстарацыях.

А да каго, спадар Марозаў, вы самі сябе далучаеце? Мне не зразумела. Апазыцыю крытыкуеце, рэжымам, як мне здаецца, незадаволеныя. Вы хто — староньні назіральнік? Зручная пазыцыя. Сядзі сабе на канапе, глядзі тэлевізар і крытыкуй. А што вы зрабілі дзеля краіны, у якой жывяце? Хоць чым небудзь дзеля яе выратаваньня ахвяравалі — напрыклад, вольным часам, грашыма ці здароўем? У іншым выпадку ў вас няма маральнага права аднаго ганьбіць, а другога — узносіць.

Я, напрыклад, раблю ўсё магчымае: зь людзьмі размаўляю, бяру ўдзел у пікетах і маршах свабоды, чытаю людзям свае вершы пра набалелае… Таму што хачу ўбачыць Беларусь цывілізаванай эўрапейскай краінаю",

— напісала Яўгенія Казлова з Воршы.

Наўрад ці маеце Вы рацыю, спадарыня Казлова, калі лічыце, што нэгатыўна выказвацца пра дзейнасьць апазыцыі мае маральнае права толькі той, хто сам апазыцыйнай дзейнасьцю займаецца. Калі ты лічыш сябе палітыкам, дык мусіш быць гатовы пачуць пра сябе нават самыя непрыемныя меркаваньні, — і найперш тых, хто проста назірае за табою, седзячы на канапе перад тэлевізарам. Бо найперш такія людзі, а не пікетоўцы і ня ўдзельнікі маніфэстацыяў, складаюць бальшыню электарату, і менавіта ад іх залежыць будучыня палітыка.

Ліст ад Аляксея Паўловіча з Горадні. Аляксей выказаў шэраг прэтэнзіяў і ўвогуле да радыё, і да мяне, як аўтара гэтае праграмы. Слухач піша:

"Мы хочам ад вас больш важную інфармацыю — пра зладзействы КПСС і пра рэпрэсіі, пра зьнішчэньне беларускай інтэлігенцыі — пісьменьнікаў, мастакоў, пра вынішчэньне сялянства. На жаль, гэтыя важныя моманты слаба падаюцца. Афіцыйная прапаганда гэта замоўчвае, замоўчвае і Свабода. Перадачы пра зладзействы КПСС важней за нейкія там успаміны, рэлігію ці ляндшафты Амэрыкі.

Вось і спадар Жданко пра нашыя пісьмы гаворыць усяго некалькі хвілінаў. Мы ведаем, як засылаюцца агэнты спэцслужбаў ва ўсе арганізацыі. Упэўнены, што ёсьць яны й на Свабодзе. Складваецца ўражаньне, што гэта зь іх дапамогаю у эфір падаюцца менш важныя перадачы, а больш важным часу даецца мала",

— лічыць Аляксей Паўловіч з Горадні.

Згодзен з Вамі, Аляксей, у тым, што й злачынствы КПСС, і сталінскія рэпрэсіі, і вынішчэньне сялянства — тэмы надзвычай важныя. Не магу пагадзіцца з Вашай высноваю, што тэмы гэтыя мы замоўчваем або што ім мусіць быць нададзеная перавага за кошт іншых праграмаў — у тым ліку сацыяльных, рэлігійных, палітычных. Мы ня можам арыентавацца толькі на тых слухачоў, якіх цікавіць выключна гістарычная тэматыка. Гэта ж датычыць і вашых заўвагаў адносна працягласьці праграмы, якая ствараецца паводле лістоў слухачоў. Да таго ж ня ўсе лісты вартыя таго, каб агучваць іх у эфіры.

Што ж да вашых здагадак пра тое, што да гэтага нібыта прыклалі руку спэцслужбы, дык гэта зусім бяздоказнае абвінавачваньне проста не вытрымлівае крытыкі. Вы, відаць, і самі пра гэта ведаеце, бо ў канцы ліста зрабілі прыпіску: "Выбачайце за абвінавачваньні, можа, яны й не аб'ектыўныя".

Піша пэнсіянэр Сяргей Протас зь Менску:

"Я — чалавек сталага веку. Прайшоў і вайну, і пасьляваенныя будоўлі, і калектывізацыю ў Заходняй Беларусі. Часам слухаю вашае радыё, і вельмі незадаволены тым, як вы ставіцеся да старэйшага пакаленьня. Выстаўляеце нас гэткімі абмежаванымі камуністамі, якія гатовыя дагаджаць любой уладзе і якія прывялі да ўлады Лукашэнку. Так, я і мае сябры галасавалі за Лукашэнку. Бо верылі, што ён ня дасьць разбурыць тое, што мы будавалі. І ён не разбурыў. Бяда ў тым, што ён не стварае нічога новага. Дрэнна нават ня тое, што кепска нам, старым. Кепска ўсім навокал. Дзяржава топчацца на месцы, тым часам як усе суседзі пайшлі наперад.

Разумею, што ў наступным годзе за Лукашэнку галасаваць нельга. А вы нас, старых, ня мерайце ўсіх на адзін капыл. Мы — розныя, як і маладыя",

— гэта быў ліст пэнсіянэра Сяргея Протаса зь Менску.

На маю думку, цалкам слушная заўвага, якая датычыць, у прыватнасьці, многіх маладых палітыкаў. У Беларусі структура жыхароў у веку такая, што яшчэ шмат гадоў сталыя людзі, пэнсіянэры будуць складаць большую частку электарату. Часам маладыя лёгка асуджаюць іх за іхныя палітычныя схільнасьці, хоць асуджэньне гэтае грунтуецца зусім не на веданьні псыхалёгіі старэйшага пакаленьня і не на ўсьведамленьні таго, што і ў гэтым асяродку адбываюцца значныя зьмены настрояў.

На заканчэньне — ліст ад Міколы Воўчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну Берасьцейскае вобласьці. Мікола піша:

"Вашыя перадачы слухаю здаўна, дзесьці з 60-х гадоў. "Глушылкі" не былі перашкодаю (я дасьведчаны радыёаматар). Упершыню дасылаю ліст і шчыра ўдзячны вам за працу ў эфіры. Каго-небудзь асобна адзначаць ня буду, бо ўсе перадачы цікавыя, і мне заўсёды прыемна чуць вашыя прыемныя галасы. Інфармацыя падаецца коратка, толькі факты, без камэнтару — што мне й падабаецца",

— напісаў Мікола Воўчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну.

Вялікі дзякуй за добрыя словы, Мікола, Вам, і ўсім тым, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых вестак на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

P.S. Мы атрымалі таксама ліст ад Уладзіслава Томіна з Кобрыну на Берасьцейшчыне. Яго зацікавіла адна з апошніх перадачаў сэрыі "У сьвет на заробкі". На ягоную просьбу аўтар перадачы Мікола Іваноў яшчэ раз зьвязаўся з міністэрствам працы Ірляндыі і ўдакладніў іх інтэрнэтаўскі адрас. Яшчэ раз прыгадваем яго ня толькі Ўладзіславу Томіну, але ўсім зацікаўленым працай у Ірляндыі:

www.entemp.ie

Падаем таксама інтэрнэтаўскі адрас адной з пасярэдніцкіх ірляндзкіх фірмаў, якія займаюцца працаўладкаваньнем замежнікаў:

www.mis.nuigalway.ie

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG