Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12 кастрычніка 2000


Валянцiн Жданко

Эфір 12 Кастрычніка 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Сярод некалькіх лістоў на тэму выбараў, што маюць адбыцца ў гэту нядзелю, спынюся на допісе настаўніцы Сьвятланы Лемяшэвіч з Наваполацку. Як і многія іншыя, Сьвятлана ісьці галасаваць плянавала, але падзеі апошніх тыдняў прымусілі яе засумнявацца ў тым, што гэта варта рабіць. Сьвятлана Лемяшэвіч піша:

"На выбары я да апошняга часу зьбіралася йсьці. Ну, якім яшчэ шляхам можна дабіцца нейкіх зьменаў — не рэвалюцыю ж наладжваць. Тым больш — з нашымі людзьмі, якія да любое ўлады могуць прыцярпецца, абы не расстрэльвала ды голаду не было. Але сумленных выбараў не атрымаецца — гэта цяпер бачна. Настаўнікаў прымушаюць агітаваць за нейкіх прахадзімцаў, якія выгодныя ўладзе. Студэнтаў шантажуюць, каб ішлі галасаваць датэрмінова. Рабочых застрашваюць, што скароцяць, калі тыя не прагаласуюць. У выбарчыя камісіі запісалі тых, хто там быў і пры камуністах, і каму ня трэба тлумачыць, як лічыць галасы, каб спадабалася начальству. Трэба быць сьляпым, каб усяго гэтага ня бачыць і каб раўнадушна да гэтага ставіцца",

— напісала Сьвятлана Лемяшэвіч з Наваполацку (якая, зрэшты, папярэдзіла, што прозьвішча знарок зьмяніла, бо йнакш у школе ёй не працаваць).

Сёлетнія кастрычніцкія выбары, бадай, упершыню за апошнія адзінаццаць ці дванаццаць гадоў гэтак нагадваюць выбары, што праводзіліся пры камуністах. Мясцовыя чыноўнікі гэтак жа навыперадкі мкнуцца забясьпечыць масавасьць; людзей гэтак жа шантажуюць і палохаюць… Цалкам можа здарыцца, што й канчатковыя вынікі будуць падобнымі — гэтак званая "пераканаўчая перамога блёку камуністаў і беспартыйных" (у нашым выпадку — "партыі ўлады"). Іншая рэч — як паставяцца да вяртаньня такіх выбараў самі людзі.

Парадкі, якія панавалі пры камуністах, нашыя слухачы часта згадваюць. Некаторыя — з настальгіяй, але часьцей — са страхам за тое, што яны могуць вярнуцца. Вось які ліст-успамін атрымалі мы ад Міхала Жукава з Баранавічаў. Спадар Жукаў піша:

"З таго часу мінула сорак тры гады, але я не забыўся пра ўседазволеныя зьдзекі партыйна-савецкіх намэнклятуршчыкаў, якія, ахоўваючы гонар сваіх мундзіраў, маглі ні за што зьнішчыць любога нязручнага ім чалавека.

У 57-м годзе надрукаваў я ў радашковіцкай раённай газэце "Сцяг Ільіча" байку "Мядзьведзь і зайцы" — пра тое, як зайцы пабудавалі сабе дом, але туды ня трапілі, бо мядзьведзь сваёй уладаю першы паверх аддаў лісе, другі ўзяў сабе, а трэці — родзічам. Так супала, што якраз тады у раённым цэнтры засялілі першы цагляны дом. І было шмат скаргаў ад людзей на тое, што кватэры падзялілі несправядліва — аддалі тым, хто бліжэй да начальства.

У той жа дзень мяне і ўсё рэдакцыйнае начальства выклікалі да першага сакратара райкаму партыі Мігдалёва і паўдня пратрымалі ўсіх у ягоным кабінэце, зьдзекліва "прамывалі мазгі". Асабліва люта накідваўся на мяне старшыня раённга выканкаму Лявон Волкаў, які ў вайну служыў у ваеннай контравыведцы "СМЕРШ" і яшчэ не пазбавіўся чэкісцкіх звычак: "Ты б з усімі намі расправіўся, каб мог!", — крычаў ён на мяне.

Прысуд для мяне, тады яшчэ беспартыйнага, быў жорсткі — "звольніць з рэдакцыі з пасады літсупрацоўніка".

Далей Міхал Жукаў апісвае, як уратавала яго заступніцтва журналіста маладэчанскай абласное газэты Аляксандра Харкевіча, які якраз тады быў у службовай выправе ў Радашковічах і зайшоў у рэдакцыю да свайго сябры Адама Мальдзіса, які працаваў там адказным сакратаром.

Партыйны начальнік Мігдалёў у выніку літасьціва пагадзіўся не звальняць маладога журналіста, але папярэдзіў: "Ніколі больш не пішы пасквілі на кіраўнікоў савецкае ўлады".

Ліст ад Віктара Шоця, сябры Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ са Смаргоні… Спадар Віктар апісвае, як яны ў Смаргоні спрабуюць супрацьстаяць самаўладзтву чыноўнікаў і пераканаць гараджанаў ня йсьці на выбары, на якіх ніякага выбару ня будзе. Віктар Шоць паведамляе:

"У цэнтры Смаргоні ў мінулую нядзелю сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Віктар Туравец правёў несанкцыянаваны пікет. Ён трымаў плякат з тэкстам: "Не — выбарчаму фарсу; не — лукашызму; не — беззаконьню". Да яго падыходзілі людзі. Віктар пераконваў іх, што найлепшы варянт — няўдзел у выбарчым фарсе. Пікет працягваўся дзьве гадзіны. Міліцыянты на пікетоўца чамусьці не зьвярталі ўвагі.

У аўторак на тым самым месцы Віктар зноў правёў пікет. Гэтым разам ён трымаў плякат са словамі Лукашэнкі, сказанымі ў 95-м годзе: "Я на выбары не пайду — усё роўна падмануць!". Віктар раздаваў улёткі. Гэтым разам ён пратрымаўся ўсяго 12 хвілінаў. Пад'ехала міліцэйская машына і маёр Падражанец зь сержантам Куцько затрымалі яго й павезьлі ў пастарунак. Там маёр Коўшык склаў пратакол і сказаў, што справа будзе перададзеная ў адміністрацыйную камісію раённага выканкаму. У сваім тлумачэньні Віктар Туравец напісаў: "Для мяне галоўнае — будучыня маіх дзяцей і нашай Беларусі. Таму змагаюся зь нелегітымнай уладаю як магу. Хачу, каб Бацькаўшчына была дэмакратычнай і з законнай уладаю".

Віктар Туравец мае намер праводзіць пікеты супраць выбарчага фарсу да канца тыдня",

— паведаміў у сваім лісьце Віктар Шоць са Смаргоні Гарадзенскае вобласьці.

Часам слухачы наракаюць на тое, што ў невялікіх гарадох і мястэчках акцыі пратэсту нешматлюдныя. Але трэба ведаць жыцьцё ў правінцыі, каб па-сапраўднаму ацаніць учынак нават аднаго чалавека, які адважваецца выйсьці з плякатам на пляц. У мястэчку, дзе згубіць працу значна прасьцей, чым у вялікім горадзе, а знайсьці амаль немагчыма, дзеля гэтага патрэбная вялікая мужнасьць.

Сяргей Тумаш зь Менску напісаў ліст пад уражаньнем падзеяў, што адбываліся на мінулым тыдні ў Югаславіі. Вось урывак зь ліста:

"Усе гэтыя дні я не адыходзіў ад тэлевізара — сачыў за тым, што адбывалася ў Югаславіі. Якія малайцы сэрбы! І якім гнілым, ні на што ня здатным аказаўся рэжым дыктатара Мілошавіча. Няўжо Аляксандар Лукашэнка ня зробіць для сябе з гэтага высноваў? Усе, на каго ён абапіраецца, — ягоная вялізная ахова, міліцыя, армія — імгненна пяройдуць на бок народу, як толькі адчуюць, што людзі яго не падтрымліваюць, што народ гатовы пратэставаць. І ніякія загады не дапамогуць.

Але, баюся, чужы досьвед нічаму ня вучыць. Дзяржаўная тэлевізія пра падзеі ў Югаславіі маўчыць, як вады ў рот набрала. Адно толькі генэрал Чаргінец мармыча нешта пра тое, што выбары ў Сэрбіі былі справядлівыя, і што ён сам гэта назіраў. Сьмех дый годзе! Увесь сьвет ужо ведае, якія там былі выбары, а Чаргінец кагосьці зьбіраецца ўвесьці ў зман.

Рана ці позна, мы паўторым шлях сэрбаў. Вось толькі хацелася б, каб гэта адбылося раней",

— напісаў Сяргей Тумаш зь Менску.

Па сутнасьці, пра гэта ж — пра ступень устойлівасьці цяперашняе беларускае ўлады й пра тое, наколькі надзейным апірышчам карыстаецца Аляксандар Лукашэнка — ліст ад Канстанціна Люцкова зь Менску. Высновы спадар Люцкоў робіць зусім іншыя. Ён піша:

"Як бы вы ні стараліся, Лукашэнку не пераможаце. Ён разумнейшы за вас усіх з усімі вашымі заакіянскімі гаспадарамі. І заставацца пры ўладзе ён будзе столькі, колькі захоча — мо, і ўсё жыцьцё. З аднае простае прычны: ён з простым народам. І ён ня толькі гаворыць тое, што падабаецца людзям — ён і робіць тое ж. І нават калі памыляецца — людзі яму даруюць, бо гэта і іхныя памылкі, гэта ж яны хацелі такое палітыкі. А не пераможаце вы Лукашэнку таму, што з народам ён застанецца заўсёды. Захоча народ капіталізму, зьбліжэньня з Амэрыкаю, уступленьня ў NATO — і прэзыдэнт Лукашэнка будзе першы, хто паставіць калючы дрот на мяжы з Расеяй і разьмесьціць амэрыканскія базы. Такая гнуткасьць і не сьнілася ўсім вашым Вячоркам ды Лябедзькам. Яны народ ня любяць і не разумеюць, хочуць яго вучыць. А вучыцца трэба самім",

— напісаў Канстанцін Люцкоў зь Менску.

Ліст досыць злы, хоць сам спадар Люцкоў, мне здаецца, вялікім аматарам палітыкі Аляксандра Лукашэнкі не зьяўляецца — яго хутчэй раздражняе тое, што апазыцыйныя палітыкі ня ўмеюць ці ня хочуць карыстацца тымі ж мэтодамі, з дапамогаю якіх цяперашні беларускі кіраўнік утрымлівае ўладу й карыстаецца значнай грамадзкай падтрымкаю. Вы, спадар Люцкоў, называеце гэта "гнуткасьцю", а хтосьці назаве беспрынцыпнасьцю, дэмагогіяй і цынізмам — і абгрунтуе з дапамогаю многіх прыкладаў. Нястрымны папулізм у палітыцы ня ёсьць вынаходніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. І ня ёсьць гарантыяй пажыцьцёвага знаходжаньня пры ўладзе. Слабадан Мілошавіч таксама быў заўзятым і здольным папулістам.

Дзякуй усім. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG