Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 верасьня 2000


Валянцiн Жданко

7 Верасьня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

У эфіры праграма "Паштовая Скрынка 111". Гэтым разам слухачы разважаюць, ці будуць беларусы ўдзельнічаць у восеньскіх выбарах і за каго прагаласуюць; чаму ня ўсе дэмакратычныя лідэры ў Беларусі цярпіма ставяцца да іншадумства; як сталася, што багаты сёлетні ўраджай дагэтуль мокне пад верасьнёўскімі дажджамі, і чаму на шклоўскіх "Дажынках" зноў ня будзе чым ганарыцца.

У пошце апошніх тыдняў усё больш лістоў, аўтары якіх заклапочаныя тэмаю маючых адбыцца ў кастрычніку парлямэнцкіх выбараў. Цікава, што пішуць галоўным чынам тыя, хто да ідэі байкоту выбараў ставяцца скэптычна.

Вось які ліст даслаў нам Уладзіслаў Жыгалка зь Менску:

"Не магу зразумець нашых дэмакратаў на чале з Анатолем Лябедзькам. Прабачце, спадары, але трэба тэрмінова ратаваць Беларусь, а не станавіцца ў позу страуса. Вельмі шкада, але нават выказаць сваю нязгоду зь іхнымі меркаваньнямі часам немагчыма, бо многія гэтак званыя незалежныя газэты ня хочуць даваць слова тым, хто не падзяляе іхных поглядаў. А я лічу, што мы павінны патрабаваць ад нашых дэмакратаў перамогі на выбарах. Урэшце, мусіць жа настаць час, калі яны будуць займацца палітыкаю ў парлямэнце, а не на вуліцах, дзе зьбіваюць людзей. Якога-небудзь іншага шляху проста няма. "Праваліўшы" (прабайкатаваўшы) парлямэнцкія выбары, на выбарах прэзыдэнцкіх яны праваляцца ўжо значна больш гучна.

Пашкадуйце, спадарства, народ. Ён жа чакаў хоць нейкіх зьменаў пяць год. Дык няўжо зноў усё застанецца па-ранейшаму, нічога ня зьменіцца? Людзі стаміліся чакаць", — напісаў Уладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Адносна спадзяваньняў многіх людзей на хуткія зьмены й жаданьня галасаваць за гэтыя зьмены вы, Уладзіслаў, па-мойму, цалкам маеце рацыю. Іншая рэч — ці ня будуць падманутыя гэтыя спадзяваньні, калі выбары адбудуцца паводле цяперашняга выбарчага заканадаўства; пры цяперашнім татальным кантролі за імі з боку ўлады; пры немагчымасьці дэмакратычнай апазыцыі давесьці сваю пазыцыю праз дзяржаўныя мэдыі?

Менавіта на гэта спрабуюць зьвярнуць людзкую ўвагу ініцыятары байкоту выбараў. Ці будуць пачутыя іхныя галасы — сказаць сёньня цяжка, бо ўсё ж паглыбляцца ў тонкасьці выбарчага працэсу для бальшыні звычайных выбаршчыкаў — выглядае, клопат празьмерны.

Як будуць галасаваць тыя, хто ўсё ж прыйдзе на выбары? Вось які ліст на гэты конт даслаў нам Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну Гарадзенскае вобласьці. Мікалай піша:

"Ехаў я аднойчы самаходам і ўбачыў узбоч дарогі бабулю. Шкада яе стала. Думаю, хоць гэта й лукашэнкавы электарат, але падвязу. Разгаварыліся зь ёю пра беларускую галечу, пра палітыку. Згадалі й выбары. І тут бабуля мне кажа:

"Ты, сынок, не агітуй, за каго мне галасаваць. За каго сын, дачка, унук, праўнучка скажуць — за таго й прагаласую". І дадае: "Можа, мне засталося жыць год ці два, то нашто, каб пасьля маёй сьмерці мяне кепскім словам за гэта ўспаміналі. Я ўсё жыцьцё працавала ў калгасе за капейкі, нешта назьбірала на сьмерць, але й тое "згарэла" ў 91-м годзе — скралі чыноўнікі нашыя ашчадныя кніжкі. Так што няма чаго ў спадчыну пакінуць, апроч добрае памяці пра сябе".

— узгадвае словы выпадковае спадарожніцы Мікалай Чыбісаў з Казлоўшчыны Дзятлаўскага раёну. Ён жа спрабуе даць уласны адказ на пытаньне, чаму жыцьцё ў Беларусі так адрозьніваецца ад жыцьця ў большасьці эўрапейскіх краінаў і Злучаных Штатах. Вось яшчэ адзін фрагмэнт зь ягонага ліста:

"Часам можна пачуць: "Амэрыканцы жывуць так добра таму, што ў іх 200 гадоў не было вайны. Але з гэтым немагчыма пагадзіцца. Калі скончылася Другая Ўсясьветная вайна, гісторыя дала аднолькавыя шанцы ўсім дзяржавам, якія ваявалі — Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Японіі і СССР.

Але параўнаем, як жывуць у эўрапейскіх краінах і Японіі, а як — у былым Савецкім Саюзе. І прыходзіш да высновы, што ня мірны час галоўнае, а — законы дэмакратыі, рынку ды адсутнасьць камуністычнай ідэялёгіі. У Амэрыцы галоўным эканамічным законам была недатыкальнасьць прыватнае ўласнасьці, а ў СССР — вынішчэньне ўсіх багатых. Вынішчылі так, што давялі да галечы ўвесь народ. І гэтую праўду лукашэнкавы ідэёлягі ніколі не адолеюць.

Чатыры пакаленьні савецкіх людзей нарадзіліся ў галечы. А колькі разоў рабавалі ашчадныя кніжкі! І Лукашэнка, для якога настальгія па камунізму — падмурак палітыкі — ні на кроплю не палепшыў жыцьцё. Дык колькі яшчэ разоў мы будзем галасаваць за галечу?", — пытаецца Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну, які на выбары йсьці зьбіраецца і верыць у тое, што гэтым разам людзі за ўладу, якая за сем гадоў ня выканала сваіх абяцаньняў, не прагаласуюць.

Мечаслаў Сташэўскі з горада Масты Гарадзенскае вобласьці ацэньвае савецкае мінулае зусім ня так, як Мікалай Чыбісаў. Вось што піша Мечаслаў:

"Часта слухаю вас, хоць далёка не з усім згодзен. Не такім ужо кепскім быў той савецкі лад, пры якім мы ўсе жылі, і ня варта вам пэцкаць яго адной толькі цёмнай фарбаю. За савецкім часам я працаваў на камбінаце, атрымліваў штомесяц свае 200 рублёў, меў кавалак хлеба і ведаў, што ніколі не застануся бяз працы.

Ужо ў новы час мой сын працаваў на тым самым камбінаце, але вымушаны быў сысьці, бо цяпер на той заробак не пражывеш. Цяпер ён перабіваецца гандлем. Часам і нядрэнна зарабляе, мае амаль новую машыну — "Аудзі" — пра якую я ў свой час нават ня марыў (стаяў у чарзе на "Жыгулі", але так і не дачакаўся, начальства ўсё сабе забірала). Але хлебу такому, як у сына, я не зайздрошчу: увесь час у разьездах, усё на нэрвах. То падатковая інспэкцыя прыцісьне, то бандыты. А то рызыкне ўласнымі грашыма — і застанецца ні з чым. Я сваю савецкую маладосьць помню іншай — няхай ня дужа шыкоўна й сыта мы жылі, але — усе амаль аднолькава і спакойна. І гэта, па-мойму, значна лепш, чым сёньняшнія бязладзьдзе, крымінал і няспынная няпэўнасьць з пытаньнем: "Што са мной будзе заўтра?"

— гэта быў ліст Мечаслава Сташэўскага з Мастоў.

Спадар Мечаслаў, на маю думку, дакладна апісаў тое, што зьяўляецца глебаю для настальгіі многіх і многіх людзей, якім цяжка зжыцца з новымі рэаліямі і якія галасавалі за Лукашэнку дзеля таго, каб ён вярнуў ім гарантаваныя 200 рублёў, сацыяльную роўнасьць, і — каб пазбавіў патрэбы самім клапаціцца пра заўтрашні дзень і самім штодня рабіць выбар.

Але вяртаньня не адбылося — камбінат нібыта працуе, але сын ваш, спадар Мечаслаў, туды ўжо не імкнецца. Роўнасьць у беднасьці ўжо ня вабіць маладое пакаленьне. Вы згадалі пра чаргу на машыну, у якой прастаялі ўсё жыцьцё. Можна нагадаць сотні іншых атрыбутаў савецкага побыту — як гадзінамі стаялі ў чэргах па вараную каўбасу і чэскія чаравікі, або як прыніжана тыднямі хадзілі па партыйных кабінэтах, упрошваючы дазволу зьезьдзіць у Польшчу ці Баўгарыю.

За такое, так бы мовіць, сьветлае мінулае, якое ідэялізуюць многія людзі сталага веку, маладыя больш не прагаласуюць. Ім не зразумець шчасьце чалавека, які пасьля трох гадзінаў штурханіны й лаянкі ўрачыста, як харугву, выносіць зь сяльпо імпартную кашулю або палітон.

На заканчэньне — ліст ад Леаніда Гапеева з Магілеву, які, назіраючы за прыгатаваньнямі мясцовых чыноўнікаў да фэстывалю "Дажынкі", якія гэтым разам маюць адбыцца ў Шклове, падзяліўся такімі ўражаньнямі адносна сёлетняга жніва, якое дагэтуль ня скончылася:

"Нядаўна быў у сваёй вёсцы на Мсьціслаўшчыне. Хутка сярэдзіна верасьня, на вуліцы непагадзь, а ў калгасе дагэтуль стаіць нязжатае жыта. Урадзіла яно сёлета няблага, але ўраджай той быў бы добры ў ліпені, але ня ў верасьні. Цяпер жыта ў асноўным асыпалася. А і да таго, што не асыпалася, не дабярэшся бяз гусенічнага трактара.

Тым часам у нас у вобласьці поўным ходам рыхтуюцца да багатых "Дажынак", якія маюць адбыцца на радзіме Лукашэнкі ў Шклове. Будзе шмат песьняў, дармовае гарэлкі й падзякаў Лукашэнку за клопат пра сельскую гаспадарку. Але што сьвяткаваць? На якія ўрачыстасьці марнаваць грошы, калі столькі хлеба загублена? А галоўнае: на пытаньне, хто ў гэтым вінаваты, адказаў зноў ня будзе"

— напісаў Леанід Гапееў з Магілеву.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Мікалая Штыка з Кобрыня Берасьцейскае вобласьці, Віктара Кавальчука зь вёскі Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёну Берасьцейскае вобласьці, Роландса Страўтмаліса з латвійскага мястэчка Друвас і Алеся Марціновіча з Баранавічаў.

Вялікі дзякуй усім. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG