Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 чэрвеня 2000


Валянцiн Жданко

1 Чэрвеня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Некалькі тыдняў таму выкладчык аднае з праваслаўных вучэльняў у сваім лісьце распавядаў пра парадкі, якія пануюць за манастырскімі сьценамі. І вось яшчэ адзін ліст з духоўнай сэмінарыі, гэтым разам – ад студэнтаў, якія наважыліся змагацца за Беларускую аўтакефальную царкву, і дзеля гэтага нават стварылі ўласную арганізацыю.

"Дзякуем за тое, што ў адной зь перадачаў прагучаў расповед пра сэмінарыю, – пішуць яны ў сваім лісьце. – Беларускі народ цярплівы, але і ягонаму цярпеньню можа настаць канец. Некаторыя студэнты зразумелі гэта й стварылі групу "Сябры Беларускай аўтакефаліі". Мы лічым, што на сёньняшні момант Беларускі Экзархат Маскоўскае Патрярхіі дыскрэдытаваў сябе. Сябры СБА – будучыя пастыры Беларускай Аўтакефальнай царквы (Ці, прынамсі, хочуць стаць імі).

Мы лічым, што беларускія аўтакефальныя япіскапы за мяжою павінны дапамагчы свайму народу ня толькі малітваю, але й справаю. Для паўнавартаснага йснаваньня царквы патрэбен япіскап зь незаплямленай рэпутацыяй і адпаведнай адукацыяй. Такога япіскапа й мусяць дапамагчы ўсталяваць герархі БАПЦ – няхай гэта будзе мітрапаліт Мікалай ці архіяпіскап Ізяслаў. Існаваньне ў Беларусі паўнавартаснае эпархіі БАПЦ, на наш погляд, патрэбная і зусім рэальная справа.

Вядома, нашая праца сутыкаецца зь цяжкасьцямі. У сэмінарыі пануе інфармацыйны вакуум. Сюды не даходзяць газэты беларускае апазыцыі, а сумніўныя нумары "НГ-рэлігіі" адбіраюцца. Могуць адабраць радыёпрыёмнік, а таго, хто яго слухаў, пакараць. Нават найменшая крытыка парадкаў, якія існуюць у сэмінарыі, можа прывесьці да выключэньня студэнта.

На жаль, мы ня маем магчымасьці падтрымваць і наладжваць кантакты са сьвятарамі, якія апынуліся па-за юрысдыкцыяй Маскоўскае Патрыярхіі. І вельмі добра, што асобныя зьвесткі пра іх паведамляеце вы. Вельмі просім болей распавядаць пра БАПЦ, пра яе дзейнасьць за мяжою, пра асобы патрыярхаў ды іхную гатоўнасьць да адраджэньня БАПЦ у Беларусі. У незалежнай дзяржаве павінна быць незалежная царква", – напісалі студэнты Жыровіцкае духоўнае сэмінарыі, якія ўтварылі групу "Сябры Беларускай аўтакефаліі".

Разам зь лістом на радыё студэнты даслалі адкрыты ліст да мітрапаліта Філарэта, у якім прад'яўляюць да яго шэраг сур'ёзных прэтэнзіяў. У прыватнасьці, сябры Беларускае аўтакефаліі абвінавачваюць патрыяршага экзарха ў тым, што ён перасьледуе іншадумства й любую крытыку на свой адрас, што яму чужыя ідэі самасьвядомасьці беларускага народа, што ён ня ведае і ніколі не карыстаецца беларускай моваю.

Зразумела, вырашэньне праблемаў унутрыцаркоўнага жыцьця й міжканфэсійных зносінаў – справа найперш саміх вернікаў і кіраўніцтва канфэсіяў. Адметна, аднак, тое, што грамадзтва часта пазбаўленае дакладнай інфармацыі пра сапраўдныя настроі і падзеі ў царкоўным асяродку. А працэсы там адбываюцца ня тыя (ці, прынамсі, ня толькі тыя), пра якія паведамляюць царкоўныя ўлады. Ліст маладых сэмінарыстаў, будучых беларускіх праваслаўных сьвятароў, пра гэта дакладна сьведчыць.

Наш сталы слухач Андрэй Музараў з Магілеву, які вучыцца на другім курсе мясцовага ўнівэрсытэту, ужо ня першы раз пытаецца пра лёс перадачы "У Сьвет на Заробкі". Асабліва яго цікавяць мінулагоднія праграмы гэтага цыклю, якія датычылі працы ў Вялікай Брытаніі ды Нямеччыне – ён хацеў бы знайсьці іх у нашым архіве ў Інтэрнэце. Андрэй піша:

"У мяне, як і ў бальшыні беларускіх студэнтаў, няма магчымасьці стала працаваць у Інтэрнэце з прычыны гаротнага эканамічнага становішча Беларусі. Таму я працую на дзяржаўным тэлефонным перамоўным пункце, дзе кошт за выхад у Інтэрнэт дастаткова высокі. Калі б вы паведамілі даты выхаду ў эфір перадачаў, якія мяне цікавяць, у мяне зьявілася б магчымасьць папрацаваць у Нямеччыне або Вялікай Брытаніі. Ці гэта не было б доказам для мяне ды іншых слухачоў, як мы адсталі ад Захаду ў жыцьцёвым узроўні ды й ва ўсім астатнім, і які грамадзкі лад будуецца ў Беларусі", – напісаў магілеўскі студэнт Андрэй Музараў.

На жаль, Андрэй, летась мы яшчэ ня мелі магчымасьці разьмяшчаць на нашым сайце ў Інтэрнэце ўсе тэматычныя праграмы. Ня трапілі ў архіў і тыя перадачы, якія Вас найбольш цікавяць – наконт працы ў Нямеччыне й Вялікай Брытаніі. Калі Вы зазірнеце на нашую старонку ў разьдзеле "Перадачы" ў архіў праграмы "У Сьвет на Заробкі", дык знойдзеце там тэксты, якія датычаць працы ў Амэрыцы, Фінляндыі і Польшчы.

Спадзяёмся, аднак, што Вы ўсё ж атрымаеце адказы на свае пытаньні, бо ад наступнага тыдня праграма "У Сьвет на Заробкі" пасьля пэўнага перапынку зноў зьявіцца ў нашым эфіры.

І не крыўдуйце, Андрэй, што не на кожны свой ліст, адрасаваны ў бюро, Вы атрымліваеце тэрміновы адказ: у нас няма магчымасьці весьці сталае ліставаньне з усімі, хто нам піша.

Аляксей Сьцепаненка зь Менску піша:

"У адной з вашых праграмаў Станіслаў Шушкевіч падрабязна распавядаў пра тое, якім скандалам скончылася ягоная спроба выступіць у прамым эфіры дзяржаўнае тэлевізіі. Я бачыў тую тэлеперадачу, якую вёў Казіятка. Спачатку было вельмі агідна й брыдка. А потым я супакоіўся і нават павесялеў. Сапраўды, навошта тут абурацца: хіба не памятаеце, якімі камэнтарамі напрыканцы 80-х суправаджала дзяржаўная тэлевізія рэдкія выступы дзеячаў апазыцыі? І чым гэта скончылася для камуністычнае ўлады? Так што ня трэба абурацца – у нас нармальная для таталітарнага рэжыму тэлевізія – прафэсійна ўбогая, якой амаль ніхто ня верыць і не разьмяшчае там рэкламу. Так што ці варта апазыцыі дамагацца тэлеэфіру? Чым больш прымітыўнаю ды грубаю будзе тэлепрапаганда ўлады, тым хутчэй настане канец такім парадкам. Увесь досьвед найноўшае гісторыі пра гэта сьведчыць", – лічыць Аляксей Сьцепаненка зь Менску.

Варта мець на ўвазе, Аляксей, што бальшыня беларускіх выбаршчыкаў жыве ня ў Менску, дзе ёсьць магчымасьць, апроч беларускага, глядзець яшчэ паўтузіна расейскіх тэлеканалаў і дзе лёгка можна купіць недзяржаўныя газэты. У вельмі многіх сельскіх раёнах Беларусі дзяржаўны тэлеканал – адзіны, аніякае іншае трансьляцыі няма. Апазыцыйная прэса туды не даходзіць. Ды й заробкі ў бальшыні калгасьнікаў такія, што падпіска на газэту стала раскошаю, якую можа дазволіць сабе зусім ня кожны. Найперш дзеля таго, каб не пакідаць без інфармацыі іх, вымушаная апазыцыя дамагацца доступу да дзяржаўных мэдыяў, і найперш да тэлевізіі. На гэта ў яе ёсьць усе маральныя і юрыдычныя правы: тэлевізія створаная і працуе на агульнанародныя грошы, і павінна адлюстроўваць у тым ліку й погляды апазыцыі, а ня толькі тое, што хацелася б уладзе.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG