Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 Красавіка 2000


Валянцiн Жданко

6 Красавіка 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Шматлікія нашыя слухачы былі сьведкамі падзеяў, якія адбываліся ў Менску 25 сакавіка. І дагэтуль усхвалявана апісваюць іх у сваіх лістох. Вось што паведаміў нам Ільля Копыл зь Менску:

"Я – стары чалавек, пэнсіянэр, але вельмі паважаю Дзень Волі. Лічу, што гэта найвялікшае сьвята нашага народа. Вельмі хацелася ўзяць удзел у сьвяткаваньні, ужо абрыдлі надуманыя лукашэнкавыя даты. Калі 25 сакавіка падыйшоў да пляцу Якуба Коласа, то ўбачыў, што ён запоўнены й ачэплены міліцыяй.

Склалася такое ўражаньне, што ўлады, улічваючы досьвед Нямігі, у пераходзе пад пляцам хацелі справакаваць яшчэ большую Нямігу. Выхады ў падземным пераходзе да ЦУМу, да філярмоніі, да тралейбусных і трамвайных прыпынкаў былі заблякаваныя міліцыяй. Чалавечая плынь, выходзячы з мэтро, вымушаная была накіроўвацца да адзінага выйсьця – у бок "Камароўкі". Але ж насустрач ёй рухаўся яшчэ большы натоўп. Людзі апынуліся ў пастцы. Але тыя, хто былі ў гэты час у пераходзе – і сталыя людзі, і моладзь – на шчасьце, ня страцілі развагі, таму трагедыя не адбылася. Але не дзякуючы міліцыі, а насуперак ёй.

Я бачыў, як інвалід на двух мыліцах маліў міліцыянтаў прапусьціць яго да тралейбуснага прыпынку – яму было вельмі цяжка рухацца ў гэтым натоўпе. Міліцыянт даў інваліду параду сядзець дома і – не прапусьціў яго.

Чуў, як сталая жанчына з торбаю і ручным вазком упрошвала міліцыянтаў: "Мілыя мае сыночкі, унучкі, мне трэба на той бок, а не ў мэтро. Мала вам было крыві на Нямізе. Што ж гэта робіцца, як мне дамоў даехаць?" Але міліцыянты яе не захацелі пачуць", – гэтак узгадвае падзеі 25 сакавіка ў Менску пэнсіянэр Ільля Копыл.

Сьведкамі тых падзеяў было вельмі шмат выпадковых мінакоў – людзей, увогуле вельмі далёкіх ад палітыкі, якія ішлі суботнім ранкам на "Камароўку" па танныя прадукты. І, верагодна, менавіта для іх было самым вялікім адкрыцьцём пабачыць сапраўднае аблічча гэтае ўлады, якая так баіцца ўласнага народа, што кідае на безабаронных людзей войскі, бранятэхніку й міліцыянтаў з сабакамі.

Ільля Копыл зьвяртае ў сваім лісьце ўвагу й на іншую тэму, якая, на ягоную думку, мае шмат агульнага зь цяперашнімі падзеямі ў Беларусі. Ён піша:

"Усе расейскія тэлеканалы ўжо шмат дзён лямантуюць, быццам Расеі пагражае фашызм з боку Латвіі. Падставаю стала тое, што па вуліцах Рыгі прайшло некалькі соцень пэнсіянэраў, былых жаўнераў латвійскага легіёну. Яны йшлі па вуліцах Рыгі спакойна, годна, з дзяржаўнымі, а не фашыстоўскімі сьцягамі. У свой час яны змагаліся за незалежнасьць Латвіі. Ім давялося выбіраць, і яны выбралі меншае зло. А меншым злом для іх на той час былі немцы. Латышы ўжо ведалі, што ў СССР безь перапынку працуе ГУЛАГаўская крывавая бойня, што ўвесь час паўзуць на поўнач эшалёны з гэтак званымі "ворагамі народа", што ў 40-м годзе ў Катыні былі расстраляныя на загад Крамля 20 тысячаў палонных палякаў і беларусаў… У самой Латвіі НКВД рэпрэсавала каля 300 тысячаў чалавек. Дык ці мае права Расея асуджаць гэтых людзей, якія для сваёй краіны зьяўляюцца патрыётамі?

Гвалт, які ўчынілі ўлады Беларусі ў Менску 25 сакавіка, – вось дзе адкрыты наступ чырвона-карычневае пачвары на кволыя парасткі дэмакратыі. Але тут расейскія гэтак званыя "барацьбіты з фашызмам" маўчаць, да беларускай амбасады ў Маскве ня йдуць, хоць гэта відэакамэры расейскіх тэлеканалаў трушчыў лукашэнкаў АМАП на вуліцах Менску", – напісаў Ільля Копыл зь Менску.

Лёсы людзей, якім выпала жыць у тую эпоху й выбіраць паміж дзьвюма акупацыямі, двума дыктатарскімі рэжымамі – гэта, увогуле, тэма балючая і далікатная. Бо былі тыя, хто на фронце адстойваў незалежнасьць сваёй краіны, і тыя, хто ўчыняў гвалт і зьдзек над безабароннымі мірнымі людзьмі. Такія былі па абодва бакі лініі фронту. У кожным канкрэтным выпадку тут варта разьбірацца асобна. І ў Беларусі таксама рана ці позна давядзецца вярнуцца да гэтае праблемы.

* * *

Юры Канышка з Воршы піша пра тое, чым скончылася шасьцігадовая інтэграцыйная эпапея, якую вядзе Аляксандар Лукашэнка:

"Няма ўласнага дому – ня можа быць і парадку ў такім жытле. Гэта прахадны двор, дзе ўсе плююць, раскідваюць сьмецьце, зьнішчаюць культуру, падманваюць, крадуць. Вядома, не свая хата…

Над намі нават афрыканцы насьміхаюцца – кажуць, Беларусь магла б жыць толькі за кошт сваіх вучоных, а жыве ў такой нястачы…

Беларусь адкінутая сваім кіраўніцтвам на дзясяткі гадоў назад. Каб купіць набор прадуктаў на месяц у разьліку на дарослага чалавека, у лютым патрэбна было мець 65 даляраў. Гэта звычайныя простыя прадукты, не далікатэсы. Але хто ў нас атрымлівае такія грошы – адзінкі. Іншымі словамі, бальшыня беларусаў харчуецца абы як, няякаснай ежаю, безь вітамінаў, безь якасных бялкоў. Адкуль быць здароўю? І ці трэба зьдзіўляцца, што за тыя гады, што пры ўладзе Лукашэнка, колькасьць жыхароў у Беларусі пачала рэзка скарачацца, а 30 адсоткаў прызыўнікоў штогод прызнаюцца нягоднымі да вайсковае службы", – напісаў Юры Канышка з Воршы.

Сапраўды, гэты паказьнік – сьмяротнасьці насельніцтва й дынамікі нараджальнасьці – вельмі дакладна сьведчыць пра вынікі эканамічнае палітыкі. Колькасьць насельніцтва Беларусі пачала скарачацца якраз у 94-м годзе, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. І за шэсьць гадоў ягонае ўлады зьменшылася больш як на паўмільёны чалавек – гэта насельніцтва такога буйнога гораду як Вільня ці Гомель. Ужо сёлета жыхароў Беларусі стане меней чым 10 мільёнаў.

Ліст Георгія Белаконя з Калінкавічаў Гомельскае вобласьці:

"Кажуць, што беларусы – народ памяркоўны. Але гэта, бадай, і наш недахоп. Адчуваецца ў нас нейкая сьляпая вера ў кіраўніцтва, у тое, што яно самае мудрае і высакароднае. А гэта, на жаль, не заўсёды так. Некаторыя проста ймкнуцца да ўлады, таму і абяцаюць залатыя горы. А як даходзіць да справы – атрымліваецца адзін пшык.

Я заўсёды галасую за тых, хто найменш абяцае. Па-мойму, гэтыя людзі рэальна ацэньваюць абстаноўку, і чакаць ад іх можна болей, чым ад краснабаяў ды гарлапанаў.

Для нашых людзей неабходныя канкрэтныя прыклады жыцьця людзей у заходніх краінах – з прыкладамі кошту тавараў, памераў падаткаў, магчымасьці набыцьця кватэры й машыны – так, каб кожны мог параўнаць сваё жыцьцё з жыцьцём у іншых краінах. Гэта – магутны фактар, які прымушае думаць і рабіць высновы: чаму мы жывем менавіта так і ў чым прычына нашых бедаў. Вашыя перадачы пра дзейнасьць АБСЭ й праваабарончых арганізацыяў у некаторай ступені абстрактныя для абываталя. А з народам трэба гаварыць на ягонае мове, пра тое, што закранае ягоныя штодзённыя патрэбы".

Спадар Белаконь прыводзіць і рыфмаваны прыклад такое простае размовы з народам на ягонай мове: "Грошы, грошы дзе ўзяць,
На харчы бы вас сабраць.

Невялікія заробкі
Давялі ўсіх да кропкі.

Як пачнеш ты гандляваць,
Хочуць скуру зь цябе зьняць.

Дай таму і дай другому.
Не ў казну, а так – блатному". Пра мастацкія вартасьці казаць ня будзем, а вось сутнасьць праблемы Георгі адлюстраваў вельмі дакладна – тут зь ім, відавочна, пагодзіцца кожны, хто страціўшы надзею на заробкі на ўшчэнт "запушчаных" заводах, паспрабаваў знайсьці працу на кірмашы. Слушнымі мне падаюцца й заўвагі слухача адносна зьместу нашых праграмаў. Мы парупімся іх улічыць.

* * *

На заканчэньне – ліст Яўгеніі Казловай з Воршы:

"Нарадзілася я ў Вільні ў 49-м годзе, а вырасла й скончыла школу (на жаль, расейскую) у Сеньненскім раёне, у мястэчку Багушэўск. У 67-м годзе быў са мной такі выпадак. У вёсцы Канстантова адкрываўся мэмарыяльны комплекс ахвярам вайны. Прыехалі скульптары, паэты, пісьменьнікі. Быў Рыгор Барадулін. Зь імі я вярталася ў адным аўтобусе дадому. І са мной загаварыў Барадулін. Яму тады было, мабыць, гады 33. Яскравае аблічча: чорная барада, чорныя пышныя валасы й жывыя цёмныя бліскучыя вочы. Я ведала, хто ён. І зьбянтэжылася. На ягоныя пытаньні пачала адказваць на расейскай мове. Ён хутка страціў да мяне цікавасьць. Які сорам. Чым далей, тым больш мне сорамна. Каб ён мне сустрэўся зараз, мне было б пра што пагаварыць зь ім на роднай мове.

У нас кожную апошнюю суботу месяца ў касьцёле сьв. Язэпа бывае імша за Беларусь, вывешваецца бел-чырвона-белы сьцяг. Мы сьпяваем напрыканцы "Магутны Божа". Ёсьць у касьцёле панарама Аршанскае бітвы. А яшчэ я наведваю культурна-асьветніцкі цэнтар імя Ўладзімера Караткевіча", – напісала Яўгенія Казлова з Воршы.

Вельмі цёплыя словы знайшла спадарыня Яўгенія для нашага радыё. Яна паведаміла, што слухае "Свабоду" кожны дзень, таму што ў гэтым для яе ёсьць патрэба, як есьці, піць і дыхаць сьвежым паветрам.

Вялікі дзякуй, Яўгенія, Вам і ўсім, хто нас слухае і знаходзіць хвіліну, каб падзяліцца ўражаньнямі ад пачутага.

Пішыце нам на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG