Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 Лістапада 1999


Валянцін Жданко

25 Лістапада 1999.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Пачну зь ліста слухача, які незадаволены нашымі перадачамі.

"Як вы любіце Лукашэнку, – папракае нас Ян Эмоцын з гораду Глуску Магілеўскае вобласьці. – Ніводнага кепскага слова на ягоны адрас. Не, каб сказаць проста і даходліва: узурпатар, цыган, злодзей, зьбіраецца прадаць Беларусь Расеі толькі за тое, каб потым там атрымаць пасаду. Вось цяпер у Беларусі йдзе масавы крадзеж. Калі капалі бульбу, людзі начавалі ў полі, каб яе ўначы зладзеі ня выкапалі. Усё больш кватэрных злодзеяў. А чаму так? Узурпатар уводзіць свае звычаі ў жыццё беларусаў. Раней цыганы кралі коней, а пры Лукашэнку ўведзены звычай красьці людзей (узгадайце Ганчара, Захаранку, Віньнікаву ды іншых). А вы не гаворыце пра гэта", – лічыць наш слухач з Глуску Ян Эмоцын.

Гаворым, шаноўны Ян, ды імкнемся распавядаць пра ўсе гэтыя падзеі і тэндэнцыі аб'ектыўна і поўна. Іншая рэч, што пры гэтым намагаемся пазьбягаць тых катэгарычных вызначэньняў і характарыстык, якія вы прыводзіце ў сваім лісьце.

Экзальтацыя ўвогуле шкодзіць успрыманьню інфармацыі ды не спрыяе даверу. Тым больш, калі яна падобная на лаянку й зьнявагу. Слухачы самі здольныя зрабіць высновы пра цяперашнюю ўладу і ейных кіраўнікоў. Для гэтага трэба, каб яны ведалі праўду пра тое, што адбываецца вакол іх. Тую праўду, якую гэтая ўлада імкнецца схаваць.

Раман Патапчук з гораду Пружаны Берасьцейскае вобласьці, некалькі месяцаў таму пачуўшы ў "Слоўніку Свабоды" слова "дакопкі", напісаў нам, што ў сёньняшняй Беларусі куды больш актуальнае іншае слова – "перакопы".

Ён распавядае: "Зьбяруць у калгасе бульбу, а на полі яе застаецца насамрэч столькі, што хопіць яшчэ не аднаму дзясятку беларусаў. Вось яны й дапамагаюць ачысьціць поле ад бульбінаў, каб ня гінула дарма ежа, якая сталася ці не адзіным выратаваньнем дзеля найменей сацыяльна абароненых грамадзянаў. Але дзіва: ня дай Божа ўбачыць гэткіх зьбіральнікаў брыгадзір ці старшыня калгасу! Мяхі з бульбаю неадкладна сканфіскоўваюцца, і вам яшчэ пашчасьціць, калі гэтым усё й скончыцца. Вось такі на мейсцах рэжым паўсюднае зьнявагі й зьдзеку над асобаю".

Гэта была цытата зь ліста Рамана Патапчука з Пружанаў. Вельмі паказальная дэталь з жыцьця сёньняшняе беларускае вёскі, у якой калгас ужо ня здольны даць людзям хоць бы мінімальны заробак, на які можна пражыць, затое здольны, як і раней, прыніжаць асобу й душыць ініцыятыву. Бо бульба гэтая, што застанецца на полі, так там і пагніе. Гэта закон калгаснага жыцця, закон нічыйнай уласнасьці, пры якой і ня можа быць па-іншаму.

"У Берасьці нарадзілася прыказка: хочаш спаткаць знаёмага – едзь у Тэрэспаль, – піша нам берасьцеец Юры Давідзюк. Што ж так цягне туды, на польскі бок, нашых суайчыннікаў?

"Не іх цягне, а яны цягнуць, – адказвае слухач. – Цягнуць сьпірт, гарэлку, цыгарэты, малако, кефір і піва, але найперш, зразумела, гарэлку й цыгарэты. У адваротным напрамку перамяшчаюцца каўбасы, вяндліны і, як ні дзіўна – бананы. Мяне гэта найбольш зьдзіўляе і цешыць. Можна зразумець, што беларусы лепей навучыліся рабіць гарэлку, а палякі каўбасы, але ж ураджайнасьць бананаў у нашых краінах аднолькавая… Вось такі сімбіёз: Берасьце Тэрэспаль поіць, а Тэрэспаль Берасьце корміць" – напісаў нам берасьцеец Юры Давідзюк.

Зь ягонымі займальнымі высновамі хочацца паспрачацца. Выглядае, справа зусім ня ў тым, што ў Беларусі лепшая гарэлка, а ў Польшчы каўбасы.

Чаму за Бугам, дзе няма калгасаў і дзе прэзыдэнт Квасьнеўскі не дыктуе фэрмэрам цэны на іхную прадукцыю, вяндліна таньнейшая і смачнейшая, чым у нас, дзе калгасы атрымліваюць шматмільярдавыя датацыі, а Лукашэнка асабіста сочыць за цэнамі на харчаваньне?

І чаму гарэлка ў Беларусі, дзе колькасьць алькаголікаў пры Лукашэнку павялічылася ўдвая, у тры разы таньнейшая, чым у Польшчы?

Юры Давідзюк на гэтыя пытаньні адказаў, відавочна, не знайшоў. Ён піша: "Вакзал у Берасьці мае два бакі – "варшаўскі" й "маскоўскі", і я там заўсёды адчуваю нейкую падвоенасьць. Стаіш і ня ведаеш, куды рушыць – да Масквы ці да Варшавы. Хоць да Масквы, здаецца, каляіна й шырэйшая", – так лічыць Юры Давідзюк зь Берасьця.

Многія іншыя берасьцейцы выбар, здаецца, зрабілі – ліст самога Давідзюка тое падцьвярджае.

Наконт таго, у які бок – на Усход ці на Захад – рушыць Беларусь, разважаюць і іншыя нашыя слухачы. Спадар Сянкевіч зь Менску піша: "Цяпер, калі вядуцца палітычныя гульні ў вярхох Беларусі й Расеі, я кожны дзень зь вялікай увагаю слухаю вашыя перадачы. Вы мусіце кожны дзень (а не раз на тыдзень у "Праскім Акцэнце") перадаваць, крычаць пра анэксію Расеяй нашае незалежнае дзяржавы. Вы мусіце ведаць, што, калі мы зьнікнем як самастойная дзяржава, то й радыёстанцыя "Свабода" нам ўжо будзе не патрэбная. Як не патрэбныя будуць і апазыцыйныя партыі", – гэта было меркаваньне спадара Сянкевіча зь Менску.

Я ведаю, што падобныя адчуваньні разгубленасьці, адчаю, абурэньня й бездапаможнасьці перажываюць сёньня многія з тых, хто не жадае заўтра прачнуцца ў іншай краіне, хто ня хоча, каб ягоныя дзеці ваявалі й паміралі за інтарэсы чужой імпэрыі.

Пераадолець гэтае пачуцьцё трывогі дапамагаюць такія лісты, як ліст Міхала Жарнасека зь Менску. Ён піша: "Мне толькі 17 год, але я гатоў уступіць у барацьбу за будучыню нашае краіны. Калі мы нічога ня будзем рабіць, то Лукашэнка нас зьнішчыць як нацыю".

Міхал штодня слухае нашае радыё, і вельмі шкадуе, калі ў эфіры шмат перашкодаў. У ягоным лісьце ёсьць такая фраза: "Тады, калі вас удаецца пачуць без усялякіх перашкодаў, я кажу сабе, што дзень удаўся". Мы кажам сабе, што нашая праца ўдалася, калі атрымліваем такія лісты.

Гэта была перадача "Паштовая Скрынка 111".

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG