Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 Лістапада 1999


Аляксандар Лукашук

18 Лістапада 1999.

Аўтар і вядучы Аляксандар Лукашук.

"Вы на Радыё Свабода зашмат змрочна пра ўсё перадаеце, – піша нам слухач зь Менску Віктар Пяцерыч. –Усё ў вас Ганчар ды Захаранка, суды ды перасьледы, плюс непераможныя дэкрэты Лукашэнкі ды стогны з гэтай нагоды замежных праваабаронцаў. Так, цяжка, але ж мы змагаемся, а ў вас занадта чорна ўсё выглядае, быццам нічога добрага не адбываецца, вашы перадачы ствараюць уражаньне, што ўлада такая непераможна моцная, а дэмакратычная апазыцыя заслабая. Радыё Свабода мусіць больш моцна падтрымліваць апазыцыю, асабліва яе новую хвалю, яе намаганьні, бо зь ёю зьвязаная надзея".

Мы зь вялікай павагай ставімся да ўсіх, хто, часта рызыкуючы сабою, не зважаючы на перасьлед у гэтыя цяжкія часы адстойвае прынцыпы дэмакратыі, правоў чалавека, беларускай незалежнасьці. Разам з тым мы ня ёсьць партыйнае радыё, мы ня ёсьць радыё апазыцыі. Як сродак масавай інфармацыі, мы маем адну задачу – сабраць і распаўсюдзіць праўдзівыя зьвесткі пра тое што адбываецца. Цалкам магчыма, што некаторым удзельнікам палітычнага жыцьця на Беларусі здаецца, што іхная роля недастаткова паказаная, іншыя лічаць, што ня ўсе дэталі, падрабязнасьці, напрыклад, гвалту над удзельнікамі акцыяў пратэсту ці судовых разьбіральніцтваў вартыя ўвагі.

Што тут сказаць? У Васіля Быкава ёсьць апавяданьне "Ружовы туман". Ягоны герой – глуханямы, які пад час вайны на просьбу савецкіх партызнаў атаварыў у нямецкай краме прадуктовыя карткі. Тыя карткі былі падробленыя ў лясной друкарні і партызаны хацелі праверыць, ці пройдуць такія падробкі ці будуць заўважаныя. Немцы не заўважылі, глуханямы атрымаў прадукты, і быў вельмі шчасьлівы. Усё далейшае жыцьцё ён пражыў як у ружовым тумане – дзякваў народным мсьціўцам, якія так добра да яго паставіліся.

Ружовы туман – гэта розьніца паміж свабодным чалавекам і несвабодным. Свабодны толькі той, хто мае поўную інфармацыю для прыняцьця рашэньня. Такім чалавекам цяжка маніпуляваць. А калі вамі маніпулююць, калі вас выкарыстоўваюць дзеля любых мэтаў, нават высакародных – гэта подзьвіг глуханямога. Дарэчы, таму, напрыклад, міжнародны стандарт выбараў напрыканцы стагоддзя абавязкова ўключае паняцьце "выбары справядлівыя і свабодныя" – і пад апошнім маецца на ўвазе ня танкі на вуліцах ці паліцыя ля ўрнаў, а якраз роўны доступ кандыдатаў і выбаршчыкаў да інфармацыі. Нядаўнія прэзыдэнцкія выбары на Украіне крытыкуюцца якраз за гэта – за парушэньне інфармацыйных правоў іншых кандыдатаў і, адпаведна, саміх выбаршчыкаў. Задача сродка масавай інфармацыі ў пэўным сэнсе – зрабіць чалавека свабодным, г. зн. узброіць яго зьвесткамі для прыняцьця рашэньня, для выбару.

Нам цікава, шаноўныя слухачы, што вы думаеце на гэты конт – якога кшталту інфармацыя павінна гучаць на хвалях "Свабоды", на што трэба зьвярнуць большую увагу, чаму.

Некаторыя нашыя слухачы прысылаюць свае прапановы, і, нават, гатовыя нататкі для перадачы "Слоўнік "Свабоды". У эфіры ўжо прагучалі 322 словы. Да канца году засталося ўсяго 43 дні – гэта значыць 43 словы. Не адкладайце допісы на пасьля, калі хочаце пасьпець. І яшчэ – многія слухачы, каму спадабалася перадача "Слоўнік "Свабоды", раяць працягнуць яе ў наступным, 2000-м годзе. Маўляў, насамрэч толькі наступны год ёсьць апошнім у стагодзьдзі і гэта будзе дарэчы. Мушу паведаміць, што мы ня маем намеру працягваць "Слоўнік "Свабоды" ў такім выглядзе як цяпер. Але слухачам, відавочна, прыйшлася даспадобы ідэя мець у канцы інфармацыйна-аналітычнай праграмы вакенца, праз якое у справы палітыкі і эканомікі, улады і апазыцыі ўрываецца зусім іншае паветра – філязофіі ды культуры, нечага дасьціпнага і асабістага.

Што гэта магло б быць? – з такім пытаньнем мы зьвяртаемся да вас. Некаторыя ідэі ўжо ёсьць – прапануецца, напрыклад, штодня чытаць чатырохрадкоўе белрускай паэзіі ХХ стагодзьдзя – стварыць паэтычную анталёгію "Свабоды". Іншая прапанова – нагадваць раз на дзень беларускія сакавітыя выразы, якія выцясьняюцца з ужытку сёньняшняй зьбедненай моўнай практыкай – прымазкі, выслоўі. Ёсьць таксма прапанова рабіць кароткі экскурс у адзін зь дзён ХХ стагодзьдзя, і такім чынам на працягу году ажывіць гукі і падзеі гісторыі, што паволі адплывае за небакрай.

Разам зь пераходам на зімовы час мы перайшлі на новыя хвалі і частоты. Абвесткі друкуюцца ў незалежных менскіх і рэгіянальных газэтах, а таксама ў кожным нумары тыднёвіка "Наша Ніва". Просім паведаміць нам пра чутнасьць нашых перадачаў. Пазначце, калі ласка, дату і час слуханьня, хвалю і частату, а таксама напішыце пару словаў пра свой прыймач – мадэль, узрост. Усе, хто нам напіша, атрымаюць адмысловую паштоўку Беларускай службы Радыё Свабода і самалепную эмблему Радыё Свабода/Свабодная Эўропа.

Калі прынагодна вы выкажыце свае меркаваньні ў справе зьместу праграмы, асобных перадачаў, мы, безумоўна, будзем вам удзячныя.

XS
SM
MD
LG