Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Старавойтаў


Марыя Усьціновіч, Кіраўскі раён

Сапраўдная славутасьць Кіраўскага раёну – гэта калгас “Рассвет” імя Кірылы Арлоўскага, калісьці – перадавая і ўзорная гаспадарка савецкай краіны.

Калгас “Рассвет” у Кіраўскім сельскім раёне быў у мінулыя часіны і застаецца зараз, як тут кажуць, “дзяржавай у дзяржаве”, таму што калгас вызначае жыцьцё ў раёне і паказчыкі ягонага разьвіцьця.

Падзеі, якія разгарнуліся вакол “Рассвету” пры канцы 90-х гадоў, паўплывалі ў пэўнай ступені на палітычную геаграфію Кіраўскага раёну. Менавіта тут беларуская дзяржава на чале з Аляксандрам Лукашэнкам прадэманстравала, што нават такія паважаныя, заслужаныя людзі, як былы кіраўнік “Рассвета” Васіль Старавойтаў, ня могуць адчуваць сябе ў поўнай бяспецы.

На вачах тутэйшых жыхароў расьсьледавалася і разьбіралася ў раённым судзе адна з самых вялікіх і скандальных крымінальных справаў новай гісторыі Беларусі.

* * *

Да пачатку падзей, якія напрыканцы 1997 году выціснулі Кіраўскі раён і “Рассвет” у першыя радкі беларускіх навінаў, гэта знакамітая гаспадарка стала аграпрамысловым аб’яднаньнем, дзе ўкаранялася новая сыстэма працы, рынкавыя адносіны.

Раптам было аб’яўлена аб выкрыцьці злоўжываньняў начальнікаў, у тым ліку і кіраўніка “Рассвета” – двойчы Героя сацыялістычнай працы Васіля Старавойтава.

Было арыштавана шмат людзей, у тым ліку сам Старавойтаў і, са скандальнай дэманстрацыяй па БТ, міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў. Усяго ж у межах крымінальнага расьсьледаваньня у дачыненьні “Рассвету” было ўзбуджана каля сотні розных крымінальных спраў, над якімі працавала цэлая армія сьледчых.

Кіраўскі раённы суд стаў на шмат месяцаў цэнтрам самых сэнсацыйных падзей у Беларусі. Там урэшце судзілі і прызналі вінаватым Васіля Старавойтава.

Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў прыязджаў у “Рассвет”, і ніхто з калгасьнікаў публічна не падтрымаў свайго кіраўніка, хаця Васіль Старавойтаў настойваў і цяпер настойвае на сваёй поўнай невінаватасьці.

(Старавойтаў: ) “Я нічога ня ўзяў у гэтых людзей – ні грама не скраў. Што мог, то і рабіў. Ніводны чалавек за 30 гадоў маёй працы ў турму ня сеў. Яны на ўсё гэта пазабыліся і пад аплядысмэнты адправілі мяне ў турму. 14 чалавек толькі прагаласавалі за мяне, адважыліся. Баяліся, усе казалі, што баяліся. Маўляў, вас пасадзілі, і нас любога пасадзяць за краты. Усе маўчалі”.

На гэтым расследваньні людзі зрабілі сабе кар’еру: Леанід Глухоўскі, які узначальваў сьледчую групу па “Рассвету”, цяпер кіруе сльдечым камітэтам міністэства ўнутраных спраў, а Юры Кулакоўскі, дэпутат ад Кіраўскай выбарчай акругі і, паводле неафіцыйных зьвестак, натхняльнік “рассветаўскіх” падзеяў, цяпер ад імя Аляксандра Лукашэнкі вызначае кадравую палітыку на Магілёўшчыне.

* * *

Зараз знакамітая “рассветаўская” справа ў Кіраўскім раёне нібыта забылася. На пытаньні пра падзеі тых часоў людзі адказваюць цьмяна. Нібыта тая “бойка тытанаў” да простых людзей дачыненьня не мела. Тым больш, што тутэйшы народ заўсёды лічыў “Рассвет” “паказушнай” гаспадаркай, куды ідуць грошы і тэхніка дзеля дэманстрацыі посьпехаў.

Разам з тым талент гаспадарніка Васіля Старавойтава па-ранейшаму ні ў каго сумненьняў не выклікае. У гэтым пераконваюць сёньняшнія справы ў “Рассвеце”, пагалоскі пра гэта ў Кіраўску ідуць.

(Спадар: ) “Пасля Старавойтава калгас быў яшчэ з прыбыткамі. Цяпер, праўда – па чутках, вельмі вялікія страты”.

(Спадар: ) “З былым старшынём калгаса “Рассвет” Васілём Канстанцінавічам Старавойтавам паступілі несправядліва. Калі ён быў кіраўніком, калгас не меў запазычанасьцяў, быў самаакупляльным поўнасьцю”.

(Спадарыня: ) “Сапраўды быў калгас, а цяпер ня ведаю, што там ад яго засталося. Як людзі гавораць, там пакралі калгас, разрабавалі…”

Самі калгасьнікі не вельмі задаволеныя цяперашнім сваім кіраўніком Аляксандрам Шаплыкам. Скардзяцца, што абралі яго пад ціскам ўпаўнаважаныя, а не агульны сход калгасьнікаў.

(Спадарыня: ) “Ён не прыслухоўваецца да меркаваньня працавікоў, а робіць так, як лічыць патрэбным сам”.

Людзі ў калгасе “Рассвет” даўно не абмяркоўваюць, а ці сапраўды Васіль Старавойтаў злоўжываў альбо гэта паклёп. Яны найперш узгадваюць пра добрыя заробкі, якія былі у калгасе ў часы яго кіраваньня.

(Спадарыня: ) “Пры Старавойтаве людзі жылі цудоўна, і атрымлівалі зарплату добрую. Тады можна было жыць, а зараз мы існуем”.

Гэтая жанчына пераехала ў “Рассвет” пры канцы 80-х і яшчэ засьпела, як у калгасе гавораць, “добрыя часіны”. Калгасьнікі атрымлівалі ня толькі грашовыя знакі, але і натуральную аплату ў дадатак. У розных жыцьцёвых сытуацыях “рассветаўцы” маглі разьлічваць на саступкі свайго кіраўніка ў выглядзе авансаў, пазыкаў ды матэрыяльнай дапамогі.

(Спадарыня: ) “А цяпер нічога такога няма. Цяпер у калгасе цяжка жыць. Такіх Старавойтавых, напэўна, ня будзе больш у нас”.

Характар у Васіля Старавойтава, гавораць яго былыя падначаленыя, няпросты, але ён ня быў злым кіраўніком.

(Спадарыня: ) “Ён быў запальчывы, але адыходлівы. І вы ведаеце, не было такога, каб перасьледаваў каго-небудзь. Ён дараваў людзям”.

“Гэты чалавек заслугоўвае павагі,” – так сёньня кажуць калгаснікі пра Старавойтава. “Рассветаўскія” жанчыны шкадуюць, што Васіль Канстанцінавіч не сыйшоў на пэнсію раней, чым пачаліся ягоныя непрыемнасьці.

(Спадарыня: ) “Ён заслужыў гэту пэнсію, гэтага “героя” і двойчы “героя”. Ён заслужыў гэта ўсё. Таму што ён усё перавярнуў. Што засталося ад Арлоўскага? Толькі фэрмы. А ўсё практычна адбудаваў Старавойтаў, усё добраўпарадкаваў. Усё гэта зрабіў Старавойтаў!”

* * *

(Старавойтаў: ) “Я жыву і абсалютна свабодны!”

Так зараз гаворыць Васіль Старавойтаў пра сваё жыцьцё.

Яму 78 гадоў, ён выйшаў з турмы і жыве ў Мышкавічах. Ні з кім з “рассветаўцаў” ня мае актыўных зносінаў, каб не паставілі ў віну “развал гаспадаркі”. Былы кіраўнік “Рассвета” існуе на палову сваёй пэнсіі (іншую палову забіраюць у бюджэт). Таксама ў Старавойтава – больш за гектар зямлі.

Васіль Канстацінавіч кажа, што зьехаць адсюль не можа – тут ягоная сям’я. Ды і ня хоча, і наступным чынам тлумачыць прычыны.

(Старавойтаў: ) “Ёсьць ня толькі сёньняшні дзень, але і заўтрашні. І ня трэба, каб мае ўнукі і праўнукі меркавалі, што я апынуўся расьціснутым, разбураным і як пячкур прымудры пад курч залез. Не, не дачакаюцца!”

Васіль Старавойтаў назірае цяпер за справамі “Рассвета” з боку. Уся праблема ў эканоміцы, тлумачыць ён. Паказчык – фінансавае становішча гаспадаркі. 4,5 мільёнаў даляраў – запазычанасьць “Рассвета” за энерганосьбіты. Павялічылася колькасьць працоўных і тэхнікі, але Васіль Старавойтаў скептычна слухае размовы пра надоі ды прывагі новых кіраўнікоў “Рассвета”. Самае галоўнае пытаньне – як жывуць людзі.

(Старавойтаў: ) “Я лічу, што яны жывуць нашмат горш. Яны страцілі ў заробках, шмат”.

Школа перадавога вопыту сельскай гаспадаркі ў “Рассвете” цяпер наўрад ці атрымаецца, лічыць Васіль Канстанцінавіч. Валеры Іваноў, які кіраваў калгасам пасьля Старавойтава, цяпер стаў страшынём Кіраўскага райвыканкаму, што ў раёне лічыцца паніжэньнем у пасадзе.

Новы чалавек, верагодна, атрымаў паўнамоцтвы праводзіць рынкавую лінію, і нават з дапамогай непапулярных мер. У Старавойтава ёсьць свой рэцэпт аздараўленьня сельскай гаспадаркі.

(Старавойтаў: ) “Зямлю трэба раздаць. Ужо і “Рассвет” ня выведзеш – ды і ўсе гаспадаркі Беларусі. Ніхто ня выведзе, калі будуць трымаць калгасы”.

Гэтага чалавека калісьці называлі ў ліку першых сярод “чырвоных памешчыкаў”. Цяпер Васіль Старавойтаў – сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі і прыхільнік рынкавай сыстэмы, якая, на яго погляд, адзіная здольная разьвіваць мозг чалавека, а не прымушаць яго працаваць з дапамогай пугі.

* * *

Васіль Старавойтаў фанатычна верыць, што чалавек можа жыць доўга, як мінімум – да ста гадоў. Таму большасьць часу ў цяперашнім жыцьці ён прысьвячае самому сабе, каб захаваць здароўе і ясны розум.

Заняткі займаюць прыкладна 5 гадзінаў штодзень. Фізычныя практыкаваньні Васіль Канстанцінавіч распрацаваў сам, але заснаваны комплекс на сыстэме ёгі.

(Старавойтаў: ) “Вось гэта і хобі маё – трымаць сябе ў такім стане, каб не казалі людзі, што, маўляў, ідзе, валочыць кірзавыя боты і з палкай. Не, я іду па вуліцы дакладна роўна. На веласіпедзе выяжджаў, дык сьмяюцца зь мяне людзі”.

Таксама Васіль Канстанцінавіч актыўна займаецца хатняй гаспадаркай, сваёй сядзібай. Ён хоча вырасьціць на невялікім кавалку зямлі ўсё, што можна, каб пражыць: бульбу, моркву, цыбулю, карацей – усю гародніну ды садавіну поўнасьцю.

(Старавойтаў: ) “Менавіта поўнасьцю, каб я ні на капейку не набываў. Трэба меркаваць, як карміць сябе ў гэтых умовах”.

Старавойтаў чытае кнігі пра ёгу ды пэрыёдыку, глядзіць тэлевізійныя навіны. Гаворыць, што параўнаньне навін у беларускім і расейскім выкладзе – гэта гімнастыка для розуму.

На прапанову ўзгадаць нам нейкую байку ці цікавую гасторыю з жыцьця, Васіль Канстанцінавіч расхваляваўся. Ад таго, што не разумеюць журналісты жыцьця кіраўніка сельскай гаспадаркі савецкіх часоў.

(Старавойтаў: ) “Самая агідная пасада – гэта старшыня калгасу. Ад яго патрабуюць усяго ды шмат. Толькі дай. Дай малака, мяса. І ва ўсім ты вінаваты. Ты адзін вінаваты, што там крадуць, што не хапае нечага, што нехта пабіў машыну, а нехта напіўся. І ва ўсім гэтым вінаваты ты адзін. Толькі ты. І гэта жах суправаджаў усё маё жыцьцё”.

* * *

Васіль Старавойтаў гаворыць, што ніколі не захапляўся ані рыбалкай, ані паляваньнем, бо ніколі ня меў часу туды патрапіць. Калі сумленна казаць, дык адзіная мэтода расслабіцца, пасьля чаргі непрыемнасьцяў і скандалаў – выпіць чарку ды легчы адпачыць.

Калі раней ад сям’і яго адрывала праца, то цяпер з жонкай Валянцінай у іх поўнае ўзаемаразуменьне.

(Старавойтаў: ) “Я і не чакаў, што так можа быць. Яна вельмі добры чалавек. Яна клапоціцца пра мяне, і ня проста клапоціцца, а кахае мяне”.

Валянціна і Васіль Канстанцінавіч разам 8-мы год, разам перажылі ўсе горасьці. Жанчына сьцьвярджае, што ў тыя цяжкія дні, калі Васіль Канстанцінавіч быў у турме, сілы яна брала менавіта ад яго, ад упэўненасьці Старавойтава, што ён правільна жыў і рабіў.

(Старавойтава: ) “Вось прыходжу ў турму на спатканьне “ніякая”. А ў яго столькі ўпэўненасьці, столькі аптымізму, столькі энэргіі. Разумееце, я сыходзіла ад яго зусім іншай і жыла да наступнага спатканьня. Тым, што ён мне скажа: “Ня вер, усё будзе добра”.

Валянціна Старавойтава кажа, што ніколі ня бачыла ў турме свайго мужа прыгнечаным. Ён ня падаў духам, і яна не зьдзіўлялася гэтаму, бо лічыць Васіля Канстанцінавіча надзвычай разумным чалавекам.

Зараз, пасьля ўсяго, гаворыць Валянціна, Васіль Канстанцінавіч стаў больш ураўнаважаным, спакойным і больш моцным фізычна.

У двары Старавойтава з задавальненьнем гуляюць малыя. Гэта дзеці сына жонкі Валянціны. Усяго цяпер з двух бакоў Старавойтаў налічыў аж дзевяць унукаў. Але ён больш непакоіцца пра сваіх дачок: Натальля ў час вядомых падзеяў вымушаная была зьехаць у Маскву, а Тацяна пасьля суду над мужам перажыла моцны нэрвовы зрыў.

Таму, калі пытаешся ў Валянціны, чаго ёй хацелася б для сваёй сям'і, яна адказвае:

(Старавойтава: ) “Хацелася б, каб усе ўсьміхаліся і былі задаволеныя жыцьцём. А калі аб сваім, то ў нас дома ўсё добра!”

* * *

Васіль Старавойтаў запэўнівае, што не пакутуе ад таго, што знаходзіцца ў вымушанай бязьдзейнасьці, што не працуе.

(Старавойтаў: ) “Не пакутую. Я добра ўсьведамляю, што знайшліся сілы, якія мяне выпіхнулі, і мне трэба з гэтым зьмірыцца”.

Старавойтаў лічыць, што яго непрыемнасьці пачаліся з перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, якому ён сказаў, што ня будзе за яго галасаваць, бо прэзыдэнцкі цяжар яму не па сілах. Цяпер ён спадзяецца, што хутка будуць усталяваныя новыя парадкі.

(Старавойтаў: ) “Лічу, што гэты рэжым рухне. Ён ня можа жыць. Гэта ўсё мёртвае, часовае, вельмі часовае”.

Застойная сыстэма кіраваньня, складаныя зносіны з Эўропай і непаразуменьні з Расеяй – кіраўніку такой дзяржавы не пазайздросьціш, лічыць Васіль Старавойтаў.

(Старавойтаў: ) “Лепш два гады ў турме прасядзець, чым кіраваць такой дзяржавай!”
XS
SM
MD
LG