Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-08-16



Вялікія думкі –
як сонца з-за хмар.
Цаню я іх яснасьць і напорнасьць:
"Сон розуму нараджае пачвар",
"Дрымота душы спараджае подласьць"...
Душа ня можа ў спакоі гібець.
Ёй трэба рухацца, плакаць і пець,
палаць агнём, струменіць ракой,
ноччу стагнаць, сьмяяцца ранкам,
птушкай ляцець, біцца падранкам...
Закон існаваньня душы – неспакой,
Трэба яшчэ ёй, душы людзкой,
любіць і верыць, быць дасканалай,
поўніцца музыкай ідэалу...
Закон існаваньня душы – неспакой,
Трэба яшчэ ёй, душы людзкой,
жыць па сумленьні, праўдзе і волі,
балець краіны роднай болем...
Закон існаваньня душы – неспакой.
І ў гэтым яшчэ адна з зарук,
што адбудзецца нашае адраджэньне,
што ў справы нашай няма сканчэньня, –
ёсьць толькі рух, ёсьць толькі рух.
І – мы выходзім. І – мы ідзём.
Сталы і юны, белы і русы,
бацька з сынам, маці зь дзіцём,
адзін з адным... Ідуць беларусы!

XS
SM
MD
LG