Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-07-24




Я не бываў ні ў Рыме, ні ў Парыжы,
І хто б пра веліч іх не гаварыў —
Мне мой узгорак,
Ад прыпёку рыжы,
З маленства вежай Эйфелевай быў.

Гляджу на сьвет
Праз вокны роднай хаты,
І чутна мне,
Чым дыхае зямля.
У воку ўсё:
Вагонь зары крылатай,
І плач старых,
І ўсьмешкі немаўля.

Здаўна мне блізкі
Рык кароў на пашы,
Далёкі Месяц,
Што на ўсіх адзін.
Таксама бачу,
Што уладаў нашых
Рым не цярпеў бы
Болей трох гадзін.

Тут дабрадзеяў плойма зашаптала:
"Ня руш уладаў,
трынькай пра Парыж,
каб іх свая
кашуля не чапала,
іх не чапай,
бо без вагню згарыш".

Сьцяг адмысловы
Вецер злосна хвошча...
Вы зразумейце
Сорам мой і гнеў —
Сягоньня сам
Спалю сябе на плошчы,
Каб заўтра
Мой зямляк паразумнеў.

Ня буду жыць
Сьляпым віхлястым кротам,
Узгорак свой
Нікому я ня здам,
Мне без Айчыны —
Як пчале бяз сотаў,
Ці аднакрылай птушчы —
Без гнязда!
XS
SM
MD
LG