Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-07-20



Дожджык. Люд ідзе з работы.
Раптам бачу, быццам сон,
Пасярод вясновай слоты
Бел-чырвоны парасон.

У гуморы з той прычыны,
Нібы ведаю здавён,
Усміхнуўся да дзяўчыны,
Што трымала парасон.

Ну якія, браце, гульні?
Проста сонейка ўзыйшло,
Сярод шэрасьці агульнай
Разьвіднела, расьсьвіло.

Хто мінае, але хтосьці
Паглядае ёй усьлед -
Не адменіць прыгажосьці
Ні пагроза, ні дэкрэт!

Бо яна прыйшла ня ў госьці -
Працаваць ёй тут і жыць,
І ня ў стане прыгажосьці
Цемрашал забараніць.

Дожджык скончыўся раптоўна,
Паглядзеў я наўздагон:
Не схаваўся над натоўпам
Незалежны парасон!

Не зьнявечаны зьнявагай,
Нібы сонейка ў руках,
Дзеўчына нясе з павагай
Бел-чырвоны-белы сьцяг.

Закахана і з надзеяй
Я гляджу дзяўчыне ўсьлед.
Спакваля я разумею -
Прыгажосьць ратуе сьвет!
XS
SM
MD
LG