Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-07-01



Дыпціх

1

Калі бягун ручай
Кідаецца ў распасьцертае мора
Ён ня думае ва ўчора вяртацца
І я ў журбе давяраю табе мой сподзеў
Не пакінуўшы для свайго жыцьця нічога ані
Таму калі ласка дзеля мяне зачыні
Вочы гэтага цела пакінутага
Зь верай нявіннаю
Калі агонь скрухі ня спыніць турзаць бяздомнае
Сэрца сьвядомасьці

Маё аблічча існае й шчырае
Ашчаджаецца для галубкі якую шаную
Мая душа блуканьніца
У сузор'і параненай раніцы растае
Дужая мая рука без адхланьня
Служыць апорай і дахам ганку Каханьня
Каб нямела цемра й ня мела
Сьмеласьці наблізіцца да дзіцяці
Да сонца якое нарадзілася з ласкі Бога
Да атожылка маладога
Мая кроў жывая
Уваскрашае вены зямлі
Каб рыс сагнуўся пад цяжарам калосься
Каб дрэву жыцьця давялося
Сагнуць сваю крону
Пад цяжарам плёну цярпімасьці
Муза мая травой зарунее
Калі запалымнее Свабода

2

Перанясі зоры ў мора
Пусьці птушак у небапрастору
Гадуй памаладзь для зямлі
Патры пустыя далоні
Падыйдзі да берага рэчкі
Паглядзі як яна з прадоньня
Рухаецца туды й назварот да зьнямогі
Абвіваючы мосту цыбатыя ногі
Гайдаючы навальнічныя аблачыны
Што спускаюцца зь вечара
Зь нябёсаў расчыненых
Да глыбіні зірні
Дзе вада аблачыстая
Дзе ўрачыста-празрыстая?
З сэрцам што ўсё яшчэ б'ецца
Каханьне доўжыцца вечна
З паэзіі зрабі паходню
Каб годна суправаджаць магчы
Людства ўначы

(пераклаў зь віетнамскай
Рыгор Барадулін)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG