Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-06-17



Госпад,
Вось ён я, яшчэ жывы,
Ды па цяжкой дарозе ў нябёсы
Еду вершнікам перад тваёй дзідай боскай
Пад прыжмураным позіркам небакраю,
Перамогі й сьмерці песьню жудасную паўтараю.
Бацька мой блаславіў мяне,
Маці мая аплакала мяне гаротна,
Сёстры мае падвялі каня майго да варотаў,
Браты мае паехалі ў лес са мною.
Я дыханьне сваё аддаю на літасьць тваю
І малю цябе ацаліць яго ў грудзях маіх як мага далей,
Каб дзіда мая люцей целы наўздагон працінаць магла,
І сталь меча майго магла насыціцца ўдосыць.
Юшацца ворагі сурова, як мора,
Заліваючы хаўтуры нашыя сабе ж на гора.
Ведаем, што ніхто з нас ня ўбачыць, як Сонца
Ясны воблік з-за воблакаў даткнецца да вершалінаў дубоў.
Тысяча мужчынаў
Пратнуць варожае войска, як страла вогнекрылая,
Сабраўшы ўсе сілы,
І ўгору, наўпрост у нябёсы паскачуць з усіх падкоў
У суправаджэньні крыжацкіх душ да сьвятла,
Празрыстага сьвятла без акрас,
Дзе нашыя прашчуры чакаюць нас,
Дзе ты, магутны Пяркюнас – бог грымот і вайны,
Паглядзіш з радасьцю,
Як для сьціжмы палонных нябесная замалая аблога,
І пасьмяешся гулка зь іхняга нямоглага бога...
Хоць ня ведаю, дзе ж ты мейсца мне адвядзеш
За доўгім тваім сталом,
І ці буду варты
Баляваць з тваімі людзьмі харобрымі.
Ведаю, ты сваіх любіш вояў.
Якія рады быць пад уладай тваёю.
І, ўтаймаваўшы свой твар, ты прымеш
Наш гарачы й п'янлівы дар крыві.
Душы нашы белатварыя, прынесеныя табе ў ахвяру
Гэтай зямлёй, што спараджае на сьвет варажнечы й пяшчоты,
Людзей і жывыя істоты ў мейсцы,
Асьвечаным годна нашымі жыцьцямі й подзьвігамі...
Госпад,
Мы парвалі ніці жыцьця ў забыцьці і ў нябыце,
Расьсеклі повязі літасьці.
Ператвары нас у свае бліскавіцы, ў дух адплаты.
Дай нам віхурай сьвятарнай лютасьці ўзьвіцца.
І хай кожны ўздых, што будзіць нашыя грудзі,
Чорным парывам стомленай сьмерці будзе.

(Літва)

Пераклад зь літоўскай
Рыгора Барадуліна
XS
SM
MD
LG