Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-06-03



Я вам скажу што свабоду дзесяцікроць лягчэй
згубіць чымся аднойчы набыць
бо свабода тысячу абліччаў і сто тысячаў гаворак мае
паглядзістая і гаманкая
ёсьць свабода ненажэрная як саранчовая зграя
ёсьць як сад багаты на шаты што засеньню ахінае
сівую галаву й немаўлятка
ёсьць і такая хаўрусьніца ціхай зьнямогі
што кладзе ў запазуху камень зь вялікай дарогі
ёсьць і такая што хлеб свой і дом свой
са шчырасьцю іншаму завяшчае
і зноў я вам скажу што свабоду дзесяцікроць лягчэй
згубіць чымся аднойчы набыць
хто згубіць станецца гноем
хто набудзе будзе расьцінкай жывою
свабоду чалавеку можна знайсьці
як мядзяк той на аральлі
і мядзяк пазелянелы гэты будзе ўзносіцца
над усім шчырым золатам сьвету
чалавек можа выкрэсіць свабоду як ясачку з каменя
і лес непрабудны выпаліць да каранёў
і плакаць і жаліцца спасярод недагарэлых пнёў
але дарма галасіць і наракаць на лёс
стары лес выпальваюць каб новы рос
як у п'яніцы з рук недапітую кварту
з тых рук, што карысталіся ёй паўсюдна
дарэмна і брудна
бо свабода тысячу абліччаў і сто тысячаў гаворак мае
паглядзістая і гаманкая
кунежце яе як лазу вінаградную
у руках і галовах сваіх
будзьце гатовыя кожны міг
лавіць кожны помірг і веек замроеных ускалых
бо не нарадзіўся яшчэ той мудрэц ці знавец
які гатовы
спаміж свабодай а несвабодай пакласьці камень мяжовы
і нарэшце свабоду закладваюць як сталіцу грунтоўна
з шырокімі хваласьпевамі й харугвамі поўнымі
і калі вы ўжо адпяялі адгаварылі ды адгулялі
як дзеці не баючыся бяды
я пачну гаварыць тады
каб мяне не забыліся вы
я вам скажу што свабоду дзесяцікроць лягчэй
згубіць чымся аднойчы набыць
і той першы камень кінуты ў мяне мане ў дагоду
будзе першым крокам назад у несвабоду

Кнутс Скуеніекс (Латвія)

(Пераклад Рыгора Барадуліна)
XS
SM
MD
LG