Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-05-10



Мне б нарадзіцца шэрым віленскім катом
Такою ж шэрай восеньскай гадзінай,
Каб быць прыродным, паўнапраўным і адзіным
Тых пляцаў, вуліцаў, дамоў гаспадаром.

Майго сусьвету мне хапала бы штодня,
Каб і да сьмерці ім не надзівіцца
Ад Пагулянкі да далёкага Зьвярынца
Дзе кожнае гарышча — нераскрыты скарб.

Мае двуногія нявольныя сябры
Прыгожа й свабодна б жыць не заміналі.
Я б харчаваўся толькі у "Чырвоным Штралі"
А ўлетку лена спаў на Замкавай гары.

У сакавіку б распачынаў такі канцэрт
Што ўсе пародныя, дагледжаныя коткі
Зьбягаліся б ад Добрай Рады да Ліпоўкі
Каб паспытаць мой не абы які імпэт.

Мне невядомы быў бы чалавечы жах
Ад акупанцкіх крокаў патруля начнога
Перабягаў бы ім апошнюю дарогу
Бы цень зьнікаючы ў Антокальскіх дварах.

Свой вольны век пражыўшы нібы лорд
Я б змог аднойчы без стагнаньняў недарэчных
На могілках старых любімага Зарэчча
Залегчы каб сустрэць апошні свой усход.

XS
SM
MD
LG