Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-04-23



Незаўважна ўглядаюцца ў нас
Запытальнасьцю вуснаў прымоўклых
З фотаздымкаў у профіль, анфас
На анкетах, ад часу пажоўклых.

Нехта проста – няголены зэк,
А другі – толькі выйшаў з цырульні.
Не на радасьць сябрына, на зьдзек,
Дзе сьмяротныя ладзяцца гульні.

Не змаглі ўратавацца ад куль,
Не чакалі такога зыходу.
Хто мы, што мы, куды і адкуль? –
Распавесьці хацелі народу.

Я гляджу – зразумець не магу:
Сам ці змог бы пайсьці іхным шляхам:
Поўна выпіць адчай і тугу,
Безвыходнасьць нароўна са страхам.

Ім бы жыць ды зрабіць яшчэ шмат,
У дзяды мне трываюць па ўзросьце.
Ці нарэшце пазбавімся звад,
Бо і зараз ўсё так ня проста.

Без адказу пытаньне стаіць:
Быць – ня быць ці Айчыне свабоднай?
А народ, як заўсёды маўчыць
На зямлі сваёй быдта няроднай.

Лёс у кожнага свой, як і час,
Ды адзіна яднае ратая
Беларусь.
Невядома, што нас
Там наперадзе шляху чакае.

Мо таксама скананьне ў баі,
Запавет дарабіць як ня страцім,
Ці мы ўсё ж на бяздоньня краі
Устаім, як за волю заплацім.
XS
SM
MD
LG