Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-03-20



Я раскажу табе казку.
Ноч за вакном закалыша
Дрэвы, і птушак, і зоркі –
Я раскажу табе казку,
Слухай, зьдзіўляйся і думай.

Недзе – ня ў нас, а за сьветам –
Цень захінае прастору,
Хмары стаяць над вадою,
Хіляцца хмары над полем,
Лес затуляюць і нівы.

Недзе – ня ў нас, а за сьветам –
Дзень ад маланак чырвоны,
Жоўты ад вогнішча вецер,
Чорны дзірван ад выжарын,
Шэрыя травы ад дыму.

Недзе – ня ў нас, а за сьветам –
Громы зямлю скаланаюць,
Рэхам шпурляюцца горы,
Птушкі вясёлыя – кулі –
Звонкія песьні сьпяваюць.

Недзе – ня ў нас, а за сьветам –
Сьмелыя гордыя людзі
Гінуць за праўду і волю…
Гэта ня страшная казка?
Слухай, зьдзіўляйся і думай.

Недзе – таксама за сьветам –
Сонца ня гасьне ніколі,
Сонца над лесам і полем.
Нават – зірніце у студню –
Сонца са студні сьмяецца.

Сьветла і цёпла жывецца,
Бо між зямлёю і небам
Хмары ня кожны заўважыць;
Бо асьвятляюць абшары
Штучна сьляпучыя промні.

Недзе – ня ў нас, не турбуйся –
Дзень не ад дыму счарнелы,
Сьвет не ад вогнішча жоўты.
Зьзяе-мігціць над зямлёю
Колер адзіны – падману.

Не зварухнецца прастора.
Ціха – аж вушы займае,
Быццам адно засталіся
Здрадцы, віжы і забойцы,
Зладзіўшы ўсе свае справы.

Слухай, зьдзіўляйся і думай.
Гэта ж ня ў нас, а за сьветам
Моўчкі сядзяць у балоце
Злыя стамлёныя людзі…
Гэта ня вечная казка?..

XS
SM
MD
LG