Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-03-12



Калі абуджаецца вечнасьць
Пад шатамі велічных вежаў,
У замку сярэднявечным,
На стыку бясконцасьці й межаў.
І цені былых пакаленьняў
Па сьценах гвалтоўна расьпяты
Бяз сьлёз і гарачых маленьняў,
Людзкую спасьцігнуўшы плату.
І брудныя чорныя вокны
Удалеч глядзяць безнадзейна,
І сьцены ад дожджу прамоклі,
У зямлю ўрасьлі непадзельна.
І ў небе бязьлітасна-шэрым
Адны груганы ды туманы,
І вецер ў скляпеньнях замшэлых
Бязмэтна блукае, бы п'яны.
Мы дзіўныя постаці бачым
На даху, ля самай званіцы,
І нехта ў роспачы плача,
І стукаюць дзесь аканіцы.
Напэўна, былыя магнаты
Раптоўна да нас завіталі,
Мажліва, для жорсткай адплаты,
Што род іхны не захавалі.
А можа, іх вельмі цікавіць
Кошт волі і вернасьці плата.
Хто сёньня ў нас валадарыць?
Каму б'ем паклоны заўзята?
Прайшлі шлях цяжкі і складаны
І гора ўзахлёб паспыталі,
Былі і князі, і тыраны,
Ды мы сярод іх не прапалі!
І ў цёмнай бясконцасьці неба
Праменьчык гарэзліва скача,
І сонца, нібы бохан хлеба,
І людзі з усьмешкай юначай.
Стаіць Беларусь, быццам замак,
Там варта надзейная служыць,
Шукае спрыяльны напрамак,
Каб шлях да Свабоды адужаць.



XS
SM
MD
LG