Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-03-04



Ідуць вякі. Міналі і мінулі,
Усе суседзі збудавалі дом,
А наша падчарка бяз бацькі і матулі
Стаіць, укленчыўшы, пад сестрыным вакном.

А там у хаце – вэрхал і згрызота,
Чуваць і зданяў дзікі страшны сьпеў.
Там не жыла ні згода, ні даброта,
Там сад маёвым кветам не квітнеў.

Мільгалі ў небе стрэлы-бліскавіцы,
У сэрца білі громы-перуны,
Там чырванелі рэкі і крыніцы,
Там клалі ў дол бяз крыжа і труны.

Адтуль чума паўзла-плыла па сьвеце,
Зьнішчала сёлы, гоні, мурагі,
Апосталы ж крычалі ўсёй плянэце,
Што там растуць на вербах пірагі.

Дык нашай падчарцы бяз бацькі і матулі
Ці варта стукацца ў сястрын вар'яцкі дом?
Вядома: нашу большая прытуліць,
Толькі за ласку – заплаці жыцьцём.

Няхай ты лепей клікнула б талокі,
Сыноў і дочак запрасіла раць,
Каб дружна выйсьці на свае валокі
Араць і сеяць, ляда плюндраваць.

Падмурак моцны хаце збудавалі б,
Зашклілі б вокны сонечным сьвятлом
І новыя малітвы прамаўлялі б
Сьвяточным Велікодным днём.
XS
SM
MD
LG