Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-02-22



Блакітныя цені ў сутоньнях двароў
Цягнуць чарнілы з горла,
Неонавыя ліхтары
Яшчэ не заплюшчылі сваіх вачэй,
А цяпло ў кватэрах ужо зачынілі пад ключ
У тры абароты.

Я ведаю
пра ўтульнасьць прыступак
і цеплыню сьценаў.

Але ня бойцеся,
Сёньня я
Ня буду стукацца ў вашыя дзьверы.

Вам не даведацца пра мае думкі,
Як мне не працікаваць за вашым
Жыцьцём праз дзьвярное вочка.

Праехала "хуткая дапамога" –
Камусьці ў горадзе гэтым
Горай, чым мне.

Бомж зазірнуў у сірочую вурну –
Часовы прытулак для сьмецьця –
У пошуках шкляное тары
Выпітага ўшчэнт дня.

Бы дзіцёнак пакрыўджаны
Кот заплакаў.
Сэрца сьціскае вецер халодны.
Але ня бойцеся,
Сёньня я
Падумаў аб тым, дзе зімуюць сэрцы
Зьдзічэлых у гэтай краіне паэтаў.

У ярка-бліскуча-асьветлена-сытых
Вітрынах мой позірк
Утопіцца раптам.

А ўсё-ткі мне добра,
Хоць хтосьці
Зь мяне пасьмяецца,
Хоць хтосьці
Мне пазайздросьціць.

А хтосьці спалохана збочыць
На край тратуару,
На самы акрайчык,
На бераг,
Дзе ў рэках асфальту плывуць
Жалезныя рыбы аўтамабіляў.
Чамусьці заўсёды бэнзынавы пах
Мне падаваўся вясёлым.

Але ня бойцеся,
Я не пайду за вамі
У ваш край, на ваш бераг.

Ёсьць у мяне свой Край –
Гэта мае прыдумкі.
Ёсьць у мяне свой Бераг –
Гэта мае ўспаміны.

Я магу вас паклікаць і паказаць,
Як пахне палын,
Як рыжык хрумсьціць на зубах,
Як на кастры можна запекчы
І яблык, і бульбу,
Як бражка п’янкая
Можа кроў весяліць…
Як шмат я магу паказаць,
Макаючы пэндзаль у фарбы
Трызьненьняў начных…

Але ня бойцеся,
Я не паклічу,
Можаце сьмела заставацца
Ў тым, дзе вы ёсьць.

Толькі не праганяйце мяне,
Я пасплю
У гэтым сквэры
На лаўцы
Пад ліпай
І сьвітанак сустрэну вачыма,
І прывітаю першы тралейбус,
І буду
цярпліва, спакойна
чакаць,
Пакуль не пачнуць
Адчыняць павілёны
З халодным разьведзеным півам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG