Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-01-15



Пара ўжо схадзіць на рэнтген —
Нутро мне спустошылі будні...
Я — хлюпік, паўінтэлігент,
Пакутнік паскудны...

Я літарай часу жыву,
Як жабрамі, дыхаю словам...
Паэтам нібыта слыву,
На справе ж — ахоунікам схова:

Завешчаных продкамі слоў,
Іх вопыту, дзеяў, тварэньняў
Вытокаў, вызнаньняў, высноў,
Імёнаў, найменьняў...

...I вось, апусьцела нутро...
Якім яно выдзьмута ветрам?!
І ўжо не выводзіць пяро
Клясычны радок гекзаметрам...

Флейтыст флегматычнай тугі,
Матыль меланхольных масовак,
Звыкай да гугнявай чаргі,
Дзе волю даюць прымусова!

І усё ж паспрабуй адшукаць
Той схоў, што завешчаны родам,
Каб Бога і Сына і Маць
Вярнуць тым выродам.

Ды перш на сябе паглядзі —
Ці ёсць ты Гасподні?..
Пасьля ўжо — хадзі і будзі
Народ свой да сходні.

Калі ж ані выйдзе ніхто,
А толькі спэцрота —
Спустошана, значыць, нутро
Дарэшты у народа...

Тады ужо і сам памірай,
Як матчына мова.
Хрыпі, халадзей, праклінай,
А усе ж да канца прамауляй
Айчыннае слова!

Дасць Бог, яно ўглыб працячэ
І ў Космас пральецца...
I ў вечнасьці часу яшчэ
Нашчадку гукнецца...
XS
SM
MD
LG