Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карлаў мост і ружовы танк: гістарычны й ідэалягічны помнікі ў праскім кантэксьце.


Алена Ціхановіч, Прага

Хаця ў турысцкіх даведніках усяго сьвету Прага называецца залатым местам, праскія барды сьпяваюць ня толькі пра залаты бляск яе вежаў. Вось Яраслаў Гутка прыкмеціў, што пад Карлавым мостам цэлыя гнезьдзішчы пацукоў, а у самой Влтаве наўрад ці налічыш аднаго карпа…

Тое, што Карлаў мост трэскаецца, спэцыялісты таксама ведаюць даўно. Пытаньне – што рабіць? – узьнікае пэрыядычна. Найбольш радыкальныя прапановы – закрыць мост увогуле, закансэрваваць.

Наш сёньняшні суразмоўца, рэктар Чэскага Тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Празе Іржы Вітзаны, які ведае мост і яго дыягназ больш дакладна, ня схільны да такой катэгарычнасьці. Я запытала прафэсара, што ж найбольш пагражае мосту, ці сапраўды яго зьнішчаюць натоўпы турыстаў?

(Вітзаны: ) “Рух, які адбываецца на Карлавым мосьце, практычна ня мае ніякага ўплыву на ўзьнікненьне пашкоджаньняў. Перадусім яны выкліканыя высокай вільготнасьцю, агрэсіўнымі рэчывамі, якія пранікаюць у канструкцыю Карлавага мосту, а таксама такімі зьявамі, як розьніца тэмпэратур, што выклікае ўзьнікненьне трэшчынаў, якія, як мы ўстанавілі, надалей разьвіваюцца”.

Прафэсар Вітзаны згадаў, што, між іншым, яшчэ ў 50-я гады па Карлавым мосьце езьдзіў трамвай. Цяпер гэта выключна пешаходная зона. Але летась з-за памылкі шафёра на мост заехаў двухпавярховы аўтобус з гішпанскімі турыстамі – і нічога, акрамя штрафу, не сталася. Мост, закладзены Карлам Чацьвертым амаль 650 гадоў таму, застаецца статычна трывалым. Да таго ж, акрамя большага людзкога цяжару, ён трывае на сабе і большыя напластаваньні бруку: ходнік з цягам часу падняўся на 60 сантымэтраў. Рэктар Тэхнічнага ўнівэрсытэту Іржы Вітзаны галоўнымі лічыць тры пагрозы: ваду, шкоднае паветра і час. Але наколькі гэтыя чыньнікі наблізілі крытычны ўзрост Карлавага мосту?

(Вітзаны: ) “Гэтыя дыскусіі працягваюцца амаль дваццаць гадоў. З аднаго боку, выказваюцца меркаваньні, што Карлаў Мост, выключны народны помнік, трэба як найхутчэй рэканструяваць. З другога боку, выказваюцца думкі, што яго стан яшчэ не такі сур’ёзны, каб рэканструкцыю пачынаць. Наш погляд – а гэта погляд спэцыялістаў з Чэскага Тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Празе, спэцыялістаў з Масарыкавага ўнівэрсытэту ў Брне ды іншых – такі: адкладаньне з рамонтам мосту прывядзе пазьней ня толькі да патрэбы больш аб’ёмнай рэканструкцыі, большага кошту, але прывядзе і да неабходнасьці большага ўмяшаньня, з-за чаго гістарычная ідэнтычнасьць мосту зьменшыцца, бо неабходна будзе некаторыя яго часткі замяніць на новыя”.

Меркаваньні рэктара Вітзанага, між іншым, аспрэчвае дырэктар Чэскага дзяржаўнага інстытуту захаваньня помнікаў Ёзэф Штульц. Ён лічыць, што мост быў капітальна адрамантаваны ў 70-х гадах, і на бліжэйшыя 100 гадоў не патрабуе ніякага ўмяшаньня.

Міністэрства культуры, са свайго боку, падлічыла, што рэканструкцыя мосту каштавала б прыблізна палову гадавых сродкаў, выдаткаваных на аднаўленьне і захаваньне помнікаў па ўсёй Чэхіі і таму сваёй фінансавай дапамогі Празе не абяцае. Праскі магістрат у гэтыя дні павінен вызначыцца: хто са спэцыялістаў мае рацыю? Мэр Прагі Ян Касал гаворыць, што частку сродкаў ён ўжо мае. Але калі на стол лягуць сур’ёзныя аргумэнты супраць рэканструкцыі Карлавага мосту, то мэр чэскай сталіцы не патраціць на гэта ніводнай кроны.

Такім чынам, мост застаецца Празе, турыстам і будучыні. Прага перапоўненая помнікамі і пераборлівая ў іх. Некалькі гадоў таму, як мы расказвалі, тут зьявіўся і помнік Францішку Скарыну – але, як ні дамагаліся беларусы, каб помнік быў на Градзе, у каралеўскім садзе, дзе садоўнічаў Скарына – скульптура зьявілася ўсё ж па-за яго агароджай, у сквэрыка на памежку Града.

Гэтымі днямі мае смутак і знаны чэскі скульптар Давід Чэрны: яго помнік – ружовы танк – па усёй верагоднасьці на праскую плошчу не патрапіць. Між тым, Прага дагэтуль дазваляла яму рэалізоўваць самыя шалёныя праекты. У канцы Вацлаўскай плошчы неяк зьявіў Святы Вацлаў, які сядзеў на перавернутым кані. Потым Чэрнаму падаліся страшным монстрам вежы праскай тэлестудыі – ён пасадзіў на іх скульптуры немаўлят, што поўзалі па вежах, нібы па бярвеньнях. Давіду Чэрнаму калісьці прыйшло ў галаву перафарбаваць савецкі танк-вызваліцель, што стаяў у Празе ля Палацу юстыцыі, з традыцыйна балотнага на ружовы колер. Да гэтай акцыі мы вяртаемся ў размове з прэсавым сакратаром старасты пятага праскага раёну. Згадвае Віт Дрбал:

(Дрбал: ) “На пачатку 90-х гадоў, адразу пасьля аксамітнай рэвалюцыі, з ініцыятывы некаторых дэпутатаў тады яшчэ Фэдэральнага сходу адбылася такая акцыя, happening, калі танк, што стаяў на пастамэнце на плошчы Кінскіх, пафарбавалі ў ружовы колер. Хацелі такім чынам той танк зрабіць неяк больш прывабным, ды і прыгадаць, што тыя танкі вуліцам гарадоў не падыходзяць”.

Потым танк пад палітычным ціскам ізноў быў пафарбаваны ў зялёны. Потым новыя палітычныя сілы вярнулі ружовую барву. Апошнія некалькі гадоў танк увогуле стаяў прыбраны ў дэпазытарый Вайсковага музэя. Сёлета Давід Чэрны прапанаваў праз дзесяць гадоў вярнуцца да ідэі разьвітаньня з танкам. Ён меркаваў узьвесьці на той жа плошчы манумэнт ружовага танка, які носам зарываецца ў зямлю, гэта значыць, зьнікае ў пластах гісторыі – як павінна там жа зьнікнуць эпоха таталітарызму. І хоць гэта ня меўся быць арыгінальны танк-вызваліцель, а толькі скульптурная інсталяцыя, свой пратэст выказала расейская амбасада ў Празе. У дыскусію уключыўся друк. Нечакана рэзка выступіў у дыскусіі і старшыня чэскага ўраду Мілаш Зэман. Вось як гучыць яго рэцэнзія-прысуд, распаўсюджаная прэс-службай:

“Мастацкая задума Давіда Чэрнага… сам па сабе ня мае ніякай мастацкай каштоўнасьці і будзе безгустоўным чынам парушаць прастор плошчы Кінскіх. Яго нельга ацэньваць як у 1990-м годзе, калі гэта быў палітычны happening, што выклікаў дыскусію пра шырэйшыя абставіны траўня 45-га і жніўня 68-га ў Празе. На гэты раз гаворка ідзе толькі пра жарт, паўтораны другі раз і які перастае быць жартам. Ён ёсьць непрадуманым праяўленьнем менталітэту генэрацыі спрэераў, якой не стае павагі да гістарычных падзеяў і канкрэтных ахвяраў Другой Сусьветнай вайны…”

Рада пятага праскага раёну, на чыёй тэрыторыі помнік павінен быў зьявіцца і якая дала папярэднюю згоду, апынулася як на таку: з аднаго боку – суровы прысуд прэм’ера, незадаволенасьць расейскай амбасады, збор подпісаў пад пэтыцыяй пратэсту… Ну а з другога боку гучаць галасы – няўжо вы паддасьцёся ціску, няўжо вы і цяпер нешта адметнае будзеце забараняць? Зусім як у той песьні – “Чыя ж Прага? Наша, наша”.

Але Рада пятага праскага раёну усё ж сваё рашэньне адмяніла: ружовага танка, які зарываецца носам у зямлю, на яе тэрыторыі ня будзе.

Наколькі гэтае рашэньне было вымушаным? Гаворыць прэсавы прадстаўнік старасты Віт Дрбал:

(Дрбал: ) “На жаль, не ва ўсіх краінах танкі на вуліцах і плошчах успрымаюцца як нешта дрэннае, недарэчнае. І на наш праект былі вострыя рэакцыі. Некаторыя нашыя грамадзяне ўспрынялі гэта як зьнявагу ўкладу расейскіх салдатаў і Савецкай арміі, што дапамаглі вызваліць Чэхаславакію. А з другога боку, ад нас чакалі, што мы не паддамося ціску, што ня будзем нешта забараняць. Нарэшце, камапнія ў мэдыях перайначыла наш намер якраз на зьнявагу загінулых салдатаў ці сумнеў у патрэбе іх місіі. Таму Рада пятага гарадзскога раёну Прагі пры паўторным галасаваньні вырашыла сваё ранейшае рашэньне адмяніць”.

Аўтар скульптурнага праекту Давід Чэрны на просьбу пракамэнтаваць фактычную забарону яго помніка паведаміў, што абвяшчае мараторый на усялякія інтэрвію.
XS
SM
MD
LG