Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Тамаш Баця абуў чэхаў і сьвет


Алена Ціхановіч

(эфір 14 лістапада 2000)

Аўтар і вядучая – Алена Ціхановіч. Кажуць, што слова "Баця" – другое сама вядомае ў сьвеце чэскае слова пасьля слова "робат", якое прыдумаў Ёзэф Чапэк. Шырока вядомым яно стала ў 30-я гады нашага стагодзьдзя, калі Тамаш Баця стаў найбуйнейшым экспартэрам абутку ў сьвеце. Баця тады казаў: "Не баюся канкурэнцыі. Палова людзей на сьвеце ходзіць босай, і толькі пяць працэнтаў насельнікаў зямлі добра абута." Урэшце, у некаторых найменш разьвітых краінах слова "баця" стала сінонімам абутку.

Сёньня ў нашай праграме бярэ ўдзел сын Тамаша Баці – Тамаш Баця-малодшы. Пра тое, чаму ён пакінуў радзіму і зараз жыве у Канадзе крыху пазьней, але сьпярша пра тое, чым ёсьць сёньня "Баця" у сьвеце.

(Баця): "Недзе ў сьвеце гавораць "Баця", недзе – "Бата", у некаторай частцы Злучаных Штатаў – "Бэйта". Залежыць ад асаблівасьцяў розных моваў. Але ўсюды ў сьвеце "Баця" – тая самая марка. Цяпер, у параўнаньні з агульным рынкам чэская і славацкая долі "Баці" даволі нязначныя . Нашыя фабрыкі цяпер сталі сваімі ў розных краінах: індыйцы, напрыклад, думаюць, што Баця ў Індыі - індыйская фірма."

Тамаш Баця-малодшы таксама прыгадаў, што буйныя філіялы "Баці" працуюць таксама ў Італіі, Канадзе, Чылі. У Канадзе пад эгідай "Баці" створаны і міжнародны музэй абутку. У Чэхіі працуе фундацыя Тамаша Баці, якая падтрымлівае культурніцкія і адукацыйныя праекты.

Я запыталася ў суразмоўцы з Канады, колькі пар абутку мае Тамаш Баця-малодшы:

(Баця): "На штодзённае нашэньне маю так пар дваццаць. Я люблю выпрабоўваць розныя маркі і розныя тыпы абутку , люблю на сваіх уласных нагах апрабаваць тое, што мы прапануем пакупнікам".

(Ціхановіч: ) "Які у вас памер нагі?"

(Баця: ) "Па-амэрыканску – адзінаццаты, што адпавядае эўрапейскаму сорак шостаму памеру".

(Ціхановіч: ) "Ці добра абуты чэскі народ?"

(Баця: ) "Я мяркую, што лепш быў абуты перад Другой Сусьветнай вайной, калі працавала тая нашая вялікая фабрыка ў Зьліне. Цяпер гэта трошку інакш, цяпер там больш імпартаванага тавару. Але я бачу, што пэўны пласт чэхаў цэніць добры абутак і добра абутыя".

Ягоны бацька, патомны шавец Тамаш Баця залажыў сваю фірму ў згаданым ужо невялікім правінцыйным гарадку Зьліне у 1894-м годзе. Тут пачалі шыць лёгкі і танны парусінавы абутак, які хутка заваяваў рынак Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Гэта быў пачатак унікальнага праекту: ён даказаў, што зь ініцыятывы аднаго прадпрымальнага чалавека бедны і занядбаны край можа расквітнець за дзесятак гадоў. Так , у Зьліне зьявіліся новыя цэхі з мадэрным абсталяваньнем; прыйшла новая рабочая сіла; для патрэбаў рабочых пачалі будавацца дамы; для патрэб будаўніцтва ўзьвялі цагельню, электрастанцыю; для хутчэйшага збыту тавару былі праведзеныя водныя каналы; для патрэбаў рэклямы была створаная ўласная кінастудыя… Урэшце, Зьлін пачаў вырабляць і ўласныя самалёты. Летам 1932-га году Тамаш Баця на борце свайго Юнкерсу накіраваўся у Швайцарыю, дзе будавалася новая фабрыка. Але з-за густога туману самалёт неўзабаве пасьля ўзьлёту упаў. Тамаш Баця загінуў, калі яму было 56 гадоў.

Да дня гібелі Баці ягоная фірма ператварылася ў сапраўды сусьветную імпэрыю абутку. У даваеннай, ці, як казалі, буржуазнай Чэхаславаччыне ды і ўсёй Эўропе фірма "Баця" праз свой эканамічны цуд узьняла на новую прыступку, ці, лепш сказаць, на новы абцас, жыцьцё бальшыні насельніцтва.

Цяпер васьмідзесяцігадовы жыхар мястэчка Славічын Ян Півечка – вэтэран фірмы "Баця". Ён згадвае, што на папулярных у свой час першамайскіх дэманстрацыях ў Зьліне яго не раз узьнімаў на сваіх руках легендарны заснавальнік фірмы…

(Півечка: ) "Тое , што вылучала фірму "Баця" ў гады Першай рэспублікі, была стымуляцыя людзей да працы. Пра Тамаша Бацю-старэйшага казалі, што ён вымагальнік, рабаўладальнік, што руйнуе малыя арцелі. Я ж мяркую, што Тамаш Баця не руйнаваў малых арцеляў, ён руйнаваў бізнэс няздатных. Ён быў кіраўнік сацыяльны, таму што даваў працу людзям і плаціў ім больш, але тым, хто хацеў таксама лепш працаваць".

Філязофіяй прадпрымальніка-Баці было сьцвярджэньне:

"Усе могуць быць багатымі. Беднасць – адгаворка, дабрабыт – абавязак." Таму на сваіх прадпрыемствах ён завёў новы спосаб аплаты, які, як ня дзіўна, ня быў зьвязаны ані з адпрацаваным часам, ні аб"ёмам вырабленай прадукцыі. Фабрыкі атрымалі самакіраваньне, і зарплата кожнага супрацоўніка пачала залежаць ад стратаў ці прыбытку цэлага прадпрыемства.

Я запытала Тамаша Бацю-малодшага, якую зарплату атрымлівалі шаўцы на прадпрыемстве яго бацькі перад вайной.

(Баця): "Калі я там працаваў, дык гэта было так - прыблізна сто карун за дзень".

Для параўнаньня трэба сказаць, што найшыкоўныя мужчынскія туфлі ў той час каштавалі 99 карун, а звычайныя каля пяцідзесяці. Такім чынам, шавец Баці мог купіць на сваю зарплату больш як сорак пар абутку за месяц. Цяпер, пры сярэдняй зарплаце ў Чэхіі каля 350 даляраў, шыкоўныя туфлі каштуюць каля ста даляраў, а звычайныя – каля 30.

У Чэскім камітэце статыстыкі мне паведамілі, што цяпер сярэдні чэх купляе за год 0,6 пары абутку, а чэская жанчына – у сярэднім адну пару.

Свой зайздросны эканамічны патэнцыял Чэхаславаччына пачала губляць пасьля вайны. Краіна, якая фактычна не ваявала, была саветызаваная пераможцамі. У 45-м сына Баці абвінавацілі ў калябарацыянізьме, маёмасьць фірмы нацыяналізавалі. Тамаш Баця-малодшы ад"ехаў за мяжу, дзе працягвалі існаваць філіялы яго спадчыннай фірмы. Падрабязнасьці згадвае Ян Півечка:

(Півечка: ) "Фірма "Баця" перастала быць фірмай "Баця" у 1945 годзе, калі была нацыяналізаваная. Тады была перайменаваная на фірму "Сьвіт", акцыянэрнае таварыства стала народным прадпрыемствам. Фірма "Баця", якая зараз існуе у сьвеце – гэта холдынг, які працуе паспяхова і глябальна, у многіх краінах. І са "Світам", на жаль, ня мае нічога агульнага. Фірма "Баця", калі вярнулася сюды, правяла аналіз, як бы абутковая вытворчасьць у Чэскай рэспубліцы зноў магла б разьвівацца. Аднак засталіся толькі праекты, бо дамова паміж Тамашом Бацям і ўрадам не была магчымая. Таму фірма "Баця" купіла 42 крамы і малую фабрыку ў Дольнім Немчыне.

Такім чынам, сёньня фірма "Баця" існуе ў Чэскай рэспубліцы, але не мае нічога агульнага з тым, што тут засталося ад вялікай справы Тамаша Баці."

Гаварыў Ян Півечка. Да яго словаў неабходна дадаць, што вядомая ў Беларусі марка "Цэбо" зь фірмай "Баця" таксама не мае нічога агульнага. Баця заўсёды экспартаваў свой абутак толькі пад сваёй маркай. Марка "Цэбо", або "Чэскія боты" была створана ў камуністычнай Чэхаславаччыне амаль выключна для задавальненьня патрэбаў вялізнага і галоднага на добры абутак савецкага рынку.

Тыя пэрыпетыі, пра якія гаварыў Ян Півечка, могуць патлумачыць і тое, чаму, напрыклад, сёньня ў чэскіх крамах "Баці" так мала абутку гэтай маркі ўласна чэскага вырабу. Часьцей за ўсё "бацяўскія" туфлі вырабленыя ў Італіі. Калі я апошні раз купляла туфлі ад "Баці", мне прапанавалі электронную картку "Баця-клюбу". Яе я прад"яўляла пры кожнай наступнай пакупцы.

На мой адрас пачаў рэгулярна прыходзіць каталёг і часопіс "Баці", а потым я атрымала і свайго роду прэміяльны купон на ськідку – каля 10 даляраў. "Баця" ганарыцца сваёй якасьцю і таму, магчыма, кожную рэклямацыю тут прымаюць з надзвычайнай лёгкасьцю. Так, разьбітыя красоўкі сына тут прынялі амаль праз паўгоду носкі і вярнулі мне іх поўную цану.

Калі гэтай практыкай і гэтым абуткам могуць цешыцца ў Беларусі? Я спытала Тамаша Бацю-малодшага, ці мае намер і ці зацікаўленая яго фірма прабівацца на эўрапейскі Ўсход і, у прыватнасьці, на Беларусь?

(Баця): "Увогуле , усе тыя месцы, дзе людзі маюць дзьве нагі і маюць патрэбу насіць абутак, нас заўсёды цікавяць."

Так адказаў Тамаш Баця-малодшы. Яго славуты бацька, між тым, марыў экспартаваць свой абутак у Космас, незнаёмым цывілізацыям і хацеў, каб недзе там знайшлося племя чатырохногіх.

XS
SM
MD
LG